Аўторак, 19 Красавік 2022 11:40

3 мая 2022 г. — 155 гадоў з часу закладкі царквы свяціцеля Мікалая Цудатворца ў аг. Азяты Жабінкаўскага раёна (1867), помніка драўлянай архітэктуры неарускага стылю

Вытокі праваслаўнага храма ў аг. Азяты Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці звязаныя з берасцейскім родам Гайкаў, якія з’яўляліся ўладарамі маёнтка Азяты. Датай узвядзення царквыў паселішчы лічыцца канец ХV ст., а яе заснавальнікам — Мікалай Фёдаравіч Гайка, які дараваў першы фундуш на храм і назваў царкву ў гонар свайго нябеснага заступніка — свяціцеля Мікалая Цудатворца.

 

Першае пісьмовае згадванне аб Азяцкай царкве на старонках Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага адносіцца да ХVI ст. Паводле каралеўскага прывілея ад 16 чэрвеня 1555 г. за добрыя паслугі дзяржаве пасол Ян Мікалаевіч Гайка (1510–1579; берасцейскі кашталян з 1566 г.), які заключыў перамір’е ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай, ад караля Жыгімонта Аўгуста атрымаў права на Мікалаеўскую царкву ў Азятах. Асобна ў дакуменце адзначалася, што нададзеная каралём на вечныя часы зямля мае заўсёды заставацца за царквой.У 1556 г. царкоўныя валокі зямлі былі вызвалены ад падаткаў. Пасля абвяшчэння Брэсцкай уніі (1596) храм у Азятах стаў уніяцкім.

Старажытная бажніца стаялана ўсходняй ускраіне сяла Азяты ва ўрочышчы Раманаўка. Цэнтральны зруб будынка меў форму квадрата, да якога далучалася выцягнутая алтарная частка. У 1722 г. пры размежаванні Каралеўскіх Азятаў і Мікольскай царквы ад земляў прыватнага маёнтка, званага Азятамі Малымі, царкоўныя надзелы атрымалі назву Засаднікі.

Каля 1760 г. царква моцна пацярпела ад пажару, таму чарговыя ўладальнікі маёнтка Верашчакі адвялі частку сваёй зямліпад будаўніцтва новага храма, які быў узведзены ў 1764 г. Святыня была драўлянай, з гонтавым дахам, пасярэдзіне якога стаяў адзін купал. У 1799 г. у час руху праз сяло драгунскага палка, былі страчаныя старадаўнія царкоўныя дакументы, што захоўваліся ў хаце святара.

Пасля ліквідацыі на Полацкім саборы (1939) Брэсцкай уніі цэрквы станавіліся праваслаўнымі. 12 ліпеня 1851 г. нараджэнец Сяхновічаў (Жабінкаўскі раён), епіскап Брэсцкі Ігнацій,які мэтанакіравана адстойваў канчатковае ўсталяванне праваслаўя, наведаў Азяты, дзе правёў урачыстую літургію, на якой прысутнічала вялікая колькасць людзей.

Прыход у Азятах у другой палове ХІХ ст. дасягаў больш за 2 тыс. вернікаў. У 1864 г. прыхаджане сабраліся на сход, каб прасіць губернскае кіраўніцтва аб дапамозе ў будаўніцтве новай царквы. У 1865 г. быў створаны царкоўны савет з найбольш паважаных прыхаджан на чале з мясцовым святаром Адамам Лехачэўскім.

Закладка новай святыні адбылася 3 мая (па старому стылю 20 красавiка) 1867 г. побач са старым храмам. Урачыстае служэнне правёў чаравачыцкі святар Антоній Катовіч у саслужэнні шасцярых свяшчэннікаў. Новазбудаваны храм у імя свяціцеля Мікалая Цудатворца быў асвечаны 18 кастрычніка (па старому стылю) 1870 г. Старую царкву разабралі, перанеслі на могілкі ў в. Старое Сяло (Жабінкаўскі раён) і асвяцілі ў імя Архістраціга Міхаіла.

Азяцкі храм мае чатырохчасткавую прадольна-восевую кампазіцыю. Зрублены з драўляных брусоў, пастаўлены на мураваны фундамент. Да асноўнага квадратнага ў плане аб’ёму прымыкаюць чатырохгранная апсіда, трапезная і трох’ярусная званіца, якая і вылучае галоўны фасад храма, да якога вядзе шырокая трохсхільная лесвіца. Уваход адзначаны 6-слупавым ганкам пад 2-схільным пакрыццём.

Званіцанакрыта высокім 8-гранным шатром з макаўкай. Аб’ём трапезнай накрыты 2-схільным дахам, асноўны аб’ём — 4-схільным, у цэнтры яго ўзвышаецца паўсферычны купал на высокім барабане. Купал завершаны цыбульнай галоўкай на высокай шыйцы. Усе 8 граней барабана купала прарэзаны высокімі прамавугольнымі вокнамі. Дэкаратыўнае ўбранне дапаўняе вертыкальная шалёўка з нашчэльнікамі. Барабан купала і верхні ярус званіцы маюць гарызантальную шалёўку. Кожны храмавы аб’ём завершаны асобным карнізам.Своеасаблівы дэкаратыўны эфект надаюць вертыкальныя пілястры, якія ўмацоўваюць усе вуглы храмавых аб’ёмаў, а таксама барабана купала, афарбаваныя ў белы колер.У такі ж колер афарбаваны аконныя рамыі ўсе карнізныя паяскі, якія кантрасна вылучаюцца на фоне сцен храма.

У інтэр’еры вылучаецца падкупальная прастора «на ветразях». Чатыры трохвугольныя паверхні (так званыя ветразі) падтрымліваюць барабан купала і абапіраюцца з аднаго боку на дзве крыжовыя ў плане калонкі, а з другога —  на сцяну рызніцы. Трох’ярусны іканастас выкананы з цёмнага палірованага дрэва з накладнымі пазалочанымі рознымі дэталямі раслінных форм, з’яўляецца творам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і жывапісу другой паловы ХІХ ст. У інтэр’еры знаходзяцца абразы XVIXVII стст. і драўляная скульптура трэцяй чвэрці XVIII ст. «Гэта чалавек».

У царкве доўгі час захоўваўся абраз Міколы Цудатворца, на якім былі адлюстрованы данатары Гайка з жонкай. У сярэдзіне 1890-х гг. гэты старажытны твор быў апісаны: «…Вельмі стары абраз Мікалая Цудатворца, з выразанай на ім шатай. У ніжніх вуглах месцяцца адлюстраванні мужчыны і жанчыны: верагодна, гэта будаўнікі храма, па прозвішчы Гайка…». Да 2004 г. у храме знаходзіўся ўніяцкі антымінс — асвячоны архірэем шаўковы плат, з выявай пакладзення Ісуса Хрыста ў труну пасля зняцця з Крыжа, з зашытай часціцай святых мошчаў, на якім здзяйсняецца літургія.

19 кастрычніка 1930 г. у Азяцкай царкве адбыліся ўрачыстасці з нагоды перанясення з в. Целякі Азяцкага прыхода 2-й Благачынніцкай акругі Кобрынскага павета Палескай епархіі абраза святых Алены і Канстанціна, які пачаў абнаўляцца.

Нашчадкі з удзячнасцю памятаюць імёны настаяцеляў Свята-Мікалаеўскай царквы. У 1629 г. у старажытных актавых кнігах згадваецца настаяцель Васіль Ждановіч. Хутка ў Азятах узнікла свая дынастыя святароў Будзіловічаў, якія правілі тут службы ў ХVII–ХVIII стст.: Міхаіл (паміж 1676–1690 гг.), Антоній (1780-я гг.), Адам (з 1790 г.).

Святаром пры царкве ў 1851 г. з’яўляўся Віктар Грыгаровіч, які памёр некалькімі гадамі пазней. На яго месца ў 1857 г. переведзены з Шэрашэўскай царквы а. Адам Лехачэўскі, які пакінуў адметны след у мясцовай гісторыі: заснаваў першую школу для сялянскіх дзяцей,складаў гісторыю гэтых мясцінаў, пад яго кіраўніцтвам узведзены новы Мікалаеўскі храм, стварыў «Церковную летопись Озятской Свято-Николаевской церкви». Заснавальнік царквы пайшоў з жыцця 8 жніўня 1878 г.,яго магіла захавалася ля храма.

Азяцкая кафедраперайшла святару Васілю Антонавічу Катовічу (1849–1937). Пасля выхаду на пенсію, на яго месца пераведзены з в. Рагозна святар Міхаіл Тэадаровіч. Перад Першай сусветнай вайной азяцкім пастырам стаў Мікалай Іванавіч Каранец, які суцяшаў, падтрымліваў і ўсяляў надзею ў душы нешматлікіх астатніх прыхаджан, каго вайна не выгнала са сваіх дамоў у бежанцы.

Аднаўляць разбуранае за ваенны час выпала на долю новага святара Рыгора Фёдаравіча Богуша, які служыў у нялёгкія для царквы гады (1919–1947), калі тэрыторыя Заходняй Беларусі ўвайшла ў склад Польскай дзяржавы, акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У гады Вялікай Айчыннай вайны Свята-Мікалаеўскую царкву немцы ператварылі ў казарму, з храма зніклі царкоўныя рэчы. Уся дакументацыя засталася цэлай, бо знаходзілася ў доме святара. Немцы «кватаравалі» ў царкве да студзеня 1943 г., у лютым а. Рыгор вярнуўся да службы.

З ліпеня 1947 г. прыход узначальваў святар Іаан (Іван Захаравіч) Петручук (1915–2007).У 1961 г. узнікла пагроза закрыцця Свята-Мікалаеўскага храма, пайшлі чуткі, што яго збіраюцца спаліць. Настаяцель з прыхаджанамі па чарзе вартавалі царкву па начах.

У 1997 г. архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Канстанцін уручыў а. Іаану, які паўстагоддзя служыў у Азятах, ордэн прападобнага Сергія Раданежскага III ступені. У 2003 г., ва ўзросце 88 гадоў, паважаны старац пайшоў на заслужаны адпачынак. У 2005 г. уладыка Іаан, епіскап Брэсцкі і Кобрынскі, уручыў Юбілейныя граматы Рускай Праваслаўнай Царквы ў памяць 60-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ветэранам Брэстчыны, жыццё якіх неразрыўна звязана з Царквой, у т. л. і протаіерэю ІаануПетручуку.

З лістапада 2003 г. набажэнствы здзяйсняе святар Вадзім Аляксандравіч Літвінюк. Прастольнае свята ў гонар Мікалая Цудатворца праходзіць 22 мая і 19 снежня. З 2004 г. пры царкве дзейнічае Нядзельная школа, будаўніцтва новага памяшкання для якой завершана ў 2007 г. і асвечана архірэем Іаанам, епіскапам Брэсцкім і Кобрынскім, які наведаўСвята-Мікалаеўскую царкву ў сувязі з 140-годдзем з часу яе закладкі.

У снежні 2015 г. прайшлі ўрачыстасці з нагоды 145-годдзя асвячэння Свята-Мікалаеўскай царквы. Азяцкая царква з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства неарускага стылю, уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцеў Рэспублікі Беларусь.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Карпішчук Марына Віктараўна, бібліёграф

 

  1. Азяцкая Мікалаеўская царква // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2010. Т. 1. С. 81.
  2. Озятская Николаевская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 157 : ил.
  3. Мароз, В. В. Канец ХV ст., 1766–1767, 1867–1870, Азяты, манастыр / Валерый Мароз // Драўляныя сакральныя помнікі Берасцешчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / Валерый Мароз. Мінск, 2018. С. 65–67.
  4. Мікалаеўская царква в. Азяты // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь; [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю.А. Барысюк]. Мінск : Белта, 2009. С. 36.
  5. Кулагін, А. М. Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца : [в. Азяты] / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагiн. Мінск, 2007. С. 10–11.
  6. Чарняўская, Т. І. Свята-Мікалаеўская царква (в. Азяты) / Т. І. Чарняўская // Памяць. Жабінкаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск : Ураджай, 1999. С.453–454.
  7. Николаевская церковь : [д. Озяты] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 183.
  8. Мікалаеўская царква : [в. Азяты] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 160.
  9. Привилегия короля Сигизмунда Августа о передаче Озятской церкви в обеспечение конюшему Гайке // Акты, издаваемые Археографической комиссией высочайше учрежденною в Вильне. Т. 2 : Акты Брестского земского суда. Вильна : Типография Губернского правления, 1867. С. 5–6.
  10. Шатько, Е. Г. География экспедиционного обследования колоколов западных регионов Беларуси в 2003–2011 гг.: Жабинковский район, д. Озяты – храм свт. Николая Чудотворца (1867) / Е. Г. Шатько // Колокола и колокольные звоны православных храмов западных регионов Беларуси: история и современность / Е. Г. Шатько. Белосток : [Orthdruk], 2014. С. 14.
  11. Озяты : [в т. ч. о церкви Св. Николая] // От Беловежской пущи до полесских болот : путеводитель по Брестской области / [текст: Татьяна Хвагина, Анатолий Варавва]. Минск : Рифтур, 2013. С. 84.
  12. Гайка Ян Мікалаевіч // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : [у 3 т.]. Мінск, 2010. Т. 3. С. 149.
  13. Іканапіс Заходняга Палесся ХVI–ХIХ стст. / НАН Беларусі, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы. – 2-е выд. – Мінск : Беларуская навука, 2005. – 348 с. : іл. – Са зместу: [Пра абраз Св. Міколы ХV ст. з Азяцкай Мікольскай царквы]. С. 87.
  14. Бензярук, А. Мікалаеўская царква / Анатоль Бензярук // Памяць нашае зямлі : гісторыка-культурныя мясціны Жабінкаўскага раёна / Анатоль Бензярук. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2002. С. 27.
  15. Несцярчук, Л. М. Азяты. Oziaty. Озяты / Л. М. Несцярчук // Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны X–XX стст. (гісторыя, стан, перспектывы) / Л. М. Несцярчук. Мінск : Белта, 2002. С. 117–118.
  16. Чаус, С. Спісы абраза Маці Божай Барунскай як сведчанне папулярнасці яго культу : [у т. л. у царкве Св. Мікалая Цудатворца аг. Азяты] / Станіслаў Чавус // Беларускі гістарычны часопіс. 2020. № 12. С. 15–23.
  17. Бензярук, А. Дарога да храма, пракладзеная вякамі : [да 150-годдзя з дня асвячэнняСвята-Мікалаеўскай царквы аг. Азяты] / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2020. 28 кастрычніка. С. 6.
  18. Бензярук, А. Сэрца, прысвечанае людзям : [пра настаяцеля Свята-Мікалаеўскай царквы аг. Азяты Іаана (Івана Захаравіча) Петручука] / Анатоль Бензярук // Сельская праўда.Жабінка, 2020. 3 чэрвеня. С. 6.
  19. Бензярук, А. ...Когда звучат молитвы и льется звон колоколов : [беседа с отцом Вадимом, настоятелем Свято-Николаевского храма аг. Озяты] / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2016. 20 ліпеня. С. 3.
  20. Бензярук, А. «Тут я стаяў і разважаў...», альбо Надпісы на званіцы : [пра званіцу Азяцкай Свята-Мікалаеўскай царквы] / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2016. 17 лютага. С. 3.
  21. Бензярук, А. Святло веры не згасае ў Азятах : [пра царкоўныя урачыстасці з нагоды 145-годдзя асвячэння Свята-Мікалаеўскай царквы аг. Азяты] / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2015. 23 снежня. С. 4.
  22. Не зарастае шлях да Храма : Свята-Мікалаеўскай царкве ў аграгарадку Азяты – 145 гадоў // Сельская праўда. Жабінка, 2015. 19 снежня. С. 3.
  23. Межприходской вечер : рождественских песнопений «Звезда Вифлеема» в аг. Озяты // Брестские епархиальные ведомости. 2015. № 1. С. 72.
  24. Ростаў, А. У дзень Апостала Любові : [урачыстасці з нагоды асвячэння Свята-Мікалаеўскай царквы ў Азятах] / Анатоль Ростаў // Сельская праўда. Жабінка, 2013. 13 лістапада. С. 4.
  25. Ролич, О. Королевские Озяты : [об истории православного храма] / Ольга Ролич // Заря. 2007. 15 декабря. С. 11.
  26. Ролич, О. Человек с большим сердцем : [о священнике Иоанне Петручуке] / Ольга Ролич // Заря. Брест, 2007. 21 апреля.
  27. Бензярук, А. Сустрэча семнаццатая: Храм, надвор’е і не толькі : [пра айца Адама Ліхачэўскага] / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2005. 23 сакавіка.
  28. Ролич, О. Девяносто первая весна : [о священнике Иоанне Петручуке] / Ольга Ролич // Брестские епархиальные ведомости. 2005. № 2. С.41–42.
  29. Лисичик, Т. Батюшкин шлях : [о священнике Иоанне Петручуке] // Тамара Лисичик // Брестский курьер. 2004. 6 января.
  30. Чарняўская, Т. Нашчадкі часу. Царква Мікалая Цудатворца (в. Азяты) : храмы Жабінкаўшчыны / Т. Чарняўская // Сельская праўда. Жабінка, 1992. 23 верасня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 606 разоў