Пятніца, 29 Красавік 2022 13:47

13 красавіка 2022 г. — 125 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Іванавіча Бацкалевіча (1897–1969), ваеннага дзеяча, удзельніка Першай сусветнай, Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў

Аляксандр Іванавіч Бацкалевіч нарадзіўся 13 красавіка 1897 г. у мястэчку Ліпск Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у беднай сялянскай сям’і. З трынаццаці гадоў служыў у пана Патоцкага ў Рэпіхаве, дзе парабкаваў і яго бацька. Голад, нястача, знявагі, прыгнёт багацееў і чыноўнікаў, жорсткасць казарменных парадкаў ў царскай арміі — усё гэта давялося паспрабаваць хлопцу ў поўнай меры.

 

У 1914 г. Аляксандра Бацкалевіча прызвалі на службу ў армію. Першая сусветная вайна, як гіганцкі ветравей, размяла людзей па свеце, загнала ў сырыя акопы. Там ён захапіўся ідэямі бальшавікоў.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, якую горача прыняў, звязаў сваё жыццё з Чырвонай арміяй. Баец партызанскага атрада, камандзір аддзялення кавалерыйскага атрада, камандзір эскадрона — такі слаўны шлях смелага салдата ў гады Грамадзянскай вайны. Удзельнічаў у баях на Заходнім фронце ў раёнах Гомеля, Магілёва, Оршы, Барысава і на Паўднёвым фронце. Выдатна валодаў шашкай і пікай, трапна страляў з вінтоўкі, умеў разабрацца ў абстаноўцы і сплаціць вакол сябе падначаленых. За баявыя заслугі ўзнагароджэаны ордэнам Чырвонага Сцяга (1923).

Калі закончыліся баявыя дзеянні, Аляксандр Бацкалевіч прыняў рашэнне далей удасканальвацца ў прафесіі ваеннага. У 1931 г. паспяхова закончыў кавалерыйскія курсы і працягваў службу ў дзеючай арміі. Камандаваў адным з палкоў у складзе 8-й асобнай Туркестанскай кавалерыйскай брыгады, якая змагалася з басмачамі ў Каракумах. Побач была сям’я: жонка, сын і дзве дачкі.

Маршал Савецкага Саюза С. М. Будзёны блізка ведаў, любіў, дружыў і вельмі цаніў Аляксандра Бацкалевіча. Іх шляхі-дарогі ў гады Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў не разыходзіліся. Аб гэтым Сямён Міхайлавіч расказвае ў сваёй кнізе «Пройденный путь».

З 10 кастрычніка 1940 г. А. І. Бацкалевіч — камандзір 32-й кавалерыйскай дывізіі, якая з ліпеня 1940 г. дыслацыравалася ў г. Ізяслаў Камянец-Падольскай вобласці (Украінская ССР), з мая 1941 г. — у Сімферопалі (Адэская ваенная акруга).

З пачатку Вялікай Айчыннай вайны палкоўнік А. І. Бацкалевіч знаходзіўся на фронце ў дзеючай арміі. З чэрвеня 1941 г. 32-я кавалерыйская дывізія ваявала на Заходнім фронце. У канцы ліпеня 1941 г. тры кавалерыйскія дывізіі — 32-я, 43-я і 47-я, правялі шэраг паспяховых рэйдаў у тыл Магілёва-Смаленскай групоўкі сіл ворага. Кавалерысты пад камандаваннем А. І. Бацкалевіча знішчылі матарызаваны полк гітлераўцаў у Глуску.

Далей шлях брыгады ляжаў на чыгуначную магістраль Асіповічы-Бабруйск. У адным з цяжкіх баёў пад Оржыцай (Палтаўская вобласць) А. І. Бацкалевіч быў цяжка паранены. Пад прозвішчам Пятроў застаўся на лячэнне ў тыле ворага, з ім былі пакінуты інструктар палітаддзела і медыцынская сястра. Стаўшы на ногі, у красавіку 1942 г. адправіўся да лініі фронту, якую перайшоў у студзені 1943 г. у раёне Кіславодства. Шматлікія раненні напаміналі аб сабе, таму ўдзельнічаць у баявых дзеяннях яму было забаронена, адпраўлены на лячэнне ў Маскву.

Пасля лячэння знаходзіўся ў распараджэнні камандуючага кавалерыяй Чырвонай арміі С. М. Будзённага. Быў намеснікам начальніка ўпраўлення конных заводаў, начальнікам ваенна-коннага завода імя К. Варашылава. 2 лістапада 1944 г. А. І. Бацкалевічу было прысвоена званне генерал-маёра.

У 1948 г. яго звольнілі ў запас па стану здароўя Праз чатыры гады адноўлены ў кадрах і назначаны начальнікам ваенна-коннага завода імя Першай коннай арміі. У 1953 г. звольнены ў адстаўку, жыў у Растове-на-Доне.

За баявыя і працоўныя заслугі генерал-маёр А. І. Бацкалевіч узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна (1944, 1945, 1957), чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга (1923, 1933, 1944, 1953), ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай зоркі (1967) і многімі медалямі.

А. І. Бацкалевіч памёр 11 ліпеня 1969 г., пахаваны на Паўночных могілках Растова-на-Доне. У аг. Ліпск Ляхавіцкага раёна ў гонар А. І. Бацкалевіча названа адна з вуліц, у гісторыка-краязнаўчым музеі Крывошынскай сярэдняй школы ёсць экспазіцыя, прысвечаная герою.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы. Зелянко Таццяна Уладзіміраўна, загадчык сектара аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў

 

  1. Бацкалевич Александр Иванович // Великая Отечественная война. Комдивы : военный биографический словарь : в 5 т. Москва : Кучково поле, 2011. Т. 1. С. 86–88.
  2. Бацкалевич Александр Иванович // Долготович, Б. Д. Военачальники земли белорусской : энциклопедический справочник / Б. Д. Долготович. Минск, 2005. С. 215–216.
  3. Аляксандр Іванавіч Бацкалевіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. Мінск, 1989. С. 154–155.
  4. Советская кавалерия : военно-исторический очерк / А. Я. Сошников [и др.]. – Москва : Воениздат, 1984. – 319 с.
  5. Тюленев, И. В. Советская кавалерия в боях за Родину / И. В. Тюленев. – Москва : Воениздат, 1957. – 303 с.
  6. Литвин, А. Шашки наголо, кавалерия! : [о рейде кавалеристов в тыл гитлетровцев в 1941 г., в т. ч. 32-я кавалерийская дивизия] / Алексей Литвин // Советская Белоруссия. 2004. 20 ноября.
  7. Канько, Г. Кавалерыст Бацкалевіч : [генерал-маёр А. І. Бацкалевіч, ураджэнец в. Ліпск] / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. 2011. 7 мая. С. 2.
  8. Шавель, А. Рэвалюцыяй прызваны : да 90-годдзя з дня нараджэння генерал-маёра А. І. Бацкалевіча / А. Шавель // Будаўнік камунізму. Ляхавічы, 1987. 12 лютага. С. 4.
Чытаць 591 разоў