Серада, 01 Чэрвень 2022 16:32

20 мая 2022 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Надзеі Іванаўны Кавалец (1927–2020), педагога, Героя Сацыялістычнай Працы (1978)

Надзея Іванаўна Кавалец (Белка) нарадзілася 20 мая 1927 г. у в. Хільчыцы Тураўскага раёна Мазырскай акругі (цяпер Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці) у беднай сялянскай сям’і. Рана засталася без бацькі, Івана Аляксеевіча Белкі, які быў старшынёй калгаса. У студзені 1938 г. яго арыштавалі, абвінавацілі ў шпіянажы і расстралялі ў чэрвені таго ж года (пра гэта даведаліся толькі ў 1965 г. пасля рэабілітацыі). Маці была зусім непісьменнай, а Надзея ў 1941 г. закончыла мясцовую семігодку.

 

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны сям’я засталася на акупіраванай тэрыторыі, працавалі на ўласнай гаспадарцы. У ходзе дзвюх карных аперацый у маі 1943 г. і сакавіку 1944 г. вёска Хільчыцы была разрабавана і спалена.

Пасля вызвалення раёна Надзея прамала ўдзел у адраджэнні калгаса. Выжыўшыя людзі туліліся ў зямлянках, усе работы ў калгасе выконвалі ўручную, пахалі на сабе. Надзея імкнулася атрымаць адукацыю, працягвала вучобу ў Тураўскай дзесяцігадовай школе, якую скончыла ў 1947 г. і паступіла ў Пінскі настаўніцкі інстытут.

Пасля заканчэння інстытута ў 1949 г. была накіравана ў г. Давыд-Гарадок Пінскай (цяпер Брэсцкай) вобласці. У 1950 г. пераведзена настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў школу в. Вялікае Малешава Давыд-Гарадоцкага (цяпер Столінскага) раёна. З мэтай павышэння сваёй адукацыі, у 1961 г. паступіла на завочнае аддзяленне Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна.

За заслугі ў выхаваўча-педагагічнай дзейнасці была ўдастоена звання «Заслужаны настаўнік Беларускай ССР» (1973), узнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1976). Указам Порэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 27 чэрвеня 1978 г. за вялікія заслугі ў справе навучання і камуністычнага выхавання навучэнцаў Н. І. Кавалец было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Серп і Молат».

Надзея Іванаўна была дэлегатам Усесаюзнага з’езда настаўнікаў у Маскве (1978). Таксама ўдзельнічала ў настаўніцкіх канферэнцыях, сваім настаўніцкім вопытам дзялілася з калегамі ў Беларусі, Маскве, Калінінградзе, Ташкенце, выступала перад касманаўтамі ў Звёздным гарадку.

Надзея Іванаўна ўкладвала ў работу ўсю душу і была педагогам па прызванні. Веданне дзіцячай псіхалогіі і ўменне бачыць у кожным дзіцяці зерне дабра зрабілі яе любімай настаўніцай вучняў. Яна толькі вучыла школьнаму прадмету, але і жыццю ў цэлым. Дабро, гуманізм і ўзаемадапамога – гэта тыя якасці, якія Надзея Іванаўна прывівала ўсім. Была вельмі працавітай, таленавітай і мудрай. Таксама надавала вялікае значэнне патрыятычнаму выхаванню.

У далейшым Н. І. Кавалец працавала намеснікам дырэктара школы па вучэбна-выхаваўчай рабоце. Займалася грамадскай дзейнасцю, быда дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета дэпуатаў працоўных. У 1987 г. выйшла на пенсію, перадаўшы ўсе напрацаваныя методыкі і матэрыялы наступнаму пакаленню педагогаў. Цяпер усе гэтыя напрацоўкі захоўваюцца ў кабінеце рускай мовы і літаратуры.

У снежні 2009 г. рашэннем Столінскага раённага Савета дэпутатаў Н. І. Кавалец прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Столінскага раёна».

Н. І. Кавалец памерла 1 лютага 2020 г., пахавана на могілках у в. Вялікае Малешава. Вялікамалешаўскай школе ў 2020 г. па ініцыятыве калектыву школы і ветэранаў працы нададзена імя Н. І. Кавалец. У школе праводзіцца штогадовы турнір па баскетболе памяці Героя Сацыялістычнай Працы Н. І. Кавалец.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

 

  1. Ковалец Надежда Ивановна // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биографический справочник. Минск, 2014. С. 120.
  2. Кавалец Надзея Іванаўна // Памяць. Столински раён : гист.-дакум. хроника. Минск, 2003. С. 466.
  3. Ковалец Надежда Ивановна // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 300.
  4. Кавалец Надзея Іванаўна // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 260–261.
  5. Кавалец, Н. І. Што ні сям’я ў нашай вёсцы – амаль паўкласа вучняў / Надзея Іванаўна Кавалец ; [інтэрв’ю ўзяў] Уладзімір Субат // Вытокі. Нашчадкам у спадчыну / Уладзімір Субат. Мінск, 2016. С. 244–251.
  6. Чарканава, Н. Зорачка Палесся : [пра Героя Сацыялістычнай Працы Н. І. Кавалец, імя якой надалі сярэдняй школе в. Вялікае Малешава Столінскага раёна] / Настасся Чарканава // Настаўніцкая газета. 2022. 31 мая. С. 12.
  7. Субат, У. Залітыя чарнілам сшыткі : [аб былой настаўніцы Вялікамалешаўскай сярэдняй школы Столінскага раёна Героі Сацыялістычнай Працы Н. I. Кавалец] / Уладзімір Субат // Сельская газета. 2020. 15 февраля. С. 24.
  8. Ковалец Надежда Ивановна (1927—2020) : [некролог] // Заря. 2020. 5 февраля. С. 7.
  9. Пакінуць яркі след на сваёй зямлі : [памяці настаўніцы, Героя Сацыялістычнай Працы Н. І. Кавалец з в. Вялікае Малешава Столінскага раёна // Настаўніцкая газета. 2020. 4 лютага. С. 3.
  10. Ковалец, Н. И. Женщина с большой буквы / Н. И. Ковалец ; беседовала Анна Мельник // Навіны Палесся. Столін, 2017. 19 мая. С. 3.
  11. Да 75-годдзя ўтварэння Столінскага раёна : [биография Н. И. Ковалец, Героя Социалистического Труда, Почетного гражданина Столинского района] // Навіны Палесся. Столін, 2015. 16 студзеня. С. 3.
  12. Тиборовская, Т. «Жизнь – это горение...» : [о педагоге, Герое Социалистического Труда Н. И. Ковалец из Столинского района] / Тамара Тиборовская // Беларускi час. 2007. 22–29 июня. С. 9.
  13. Тиборовская, Т. Огонь учительского сердца : в конце мая исполнилось 80 лет единственному в Беларуси педагогу – Герою Социалистического Труда Надежде Ивановне Ковалец / Тамара Тиборовская// Вечерний Брест. 2007. 1 июня. С. 8.
  14. Екель, Л. Дочь председателя : [о педагоге Н. И. Ковалец из Столинского района] / Л. Екель // Советская Белоруссия. 2013. 9 января. С. 13.
  15. Сеген, Т. «І зноў у сне ўрок вяду...» : [пра былую настаўніцу Велікамалешаўскай сярэдняй школы Н. І. Кавалец] / Таццяна Сеген // Навіны Палесся. Столін, 2012. 18 мая. С. 2.
  16. Сеген, Т. Кветкі ў слядах Надзеі : [пра былую настаўніцу Н. І. Кавалец з в. Вялікае Малешава Столінскага раёна] / Таццяна Сеген // Народная трыбуна. 2010. 2 кастрычніка (№ 40). С. 9.
  17. Раманенка, Л. Настаўнік ад Бога : [пра Н. І. Кавалец] / Леанід Раманенка // Народная трыбуна. 1996. 14 верасня.
  18. Раманенка, Л. Чалавек вялікага сэрца : [пра настаўніцу Н. І. Кавалец] / Леанід Раманенка // Навіны Палесся. Столін, 1995. 13 верасня.
  19. Ковалец, Н. С будущим наедине : [размышления педагога] / Н. Ковалец // Заря. 1987. 1 сентября.
  20. Ковалец, Н. Без триумфа и рукоплесканий : размышления педагога / Н. Ковалец // Заря. 1986. 10 апреля.
  21. Папкоўскі, К. За Прыпяццю, у вёсцы... : [пра настаўніцу Н. І. Кавалец з в. Вялікае Малешава Столінскага раёна] / К. Папкоўскі // Народная асвета. 1979. № 6. С. 30–34.
  22. Ерамінок, У. Агонь душы : [пра настаўніцу Н. І. Кавалец з в. Вялікае Малешава Столінскага раёна] / У. Ерамінок // Работніца і сялянка. 1979. № 4. С. 1–2.
  23. Щербаков, А. Только набело жизнь пиши : [об учительнице Н. И. Ковалец из Столинского района] / А. Щербаков // Огонёк. 1978. № 40. С. 14–15.
Чытаць 572 разоў