З 1528 г. Варацэвічы — уласнасць Яна і Станіслава Юркевічаў-Ільінічаў, з 1552 г. вёска ўваходзіла ў склад Дружылавіцкага двара. У канцы XVI ст. у складзе Пінскага павета Троцкага ваяводства ВКЛ, дзяржаўная ўласнасць. З канца XVII ст. Варацэвічы ва ўласнасці роду Ордаў.
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай з 1795 г. — у складзе Расійскай імперыі, у Слонімскай, з 1797 г. у Літоўскай губерні, з 1801 г. у складзе Кобрынскага павета Гродзенскай губерні.
У радавым маёнтку Варацэвічы нарадзіўся мастак і музыкант, кампазітар і публіцыст Напалеон Орда (1807–1883). Удзельнічаў у польскім паўстанні 1830–1831 гг., за што маёнтак быў канфіскаваны ў 1835 г. на карысць дзяржавы, перададзены ў пажыццёвае карыстанне яго маці Юзэфіны (Жазэфіны) Бутрымовіч (памерла ў 1859 г.).
Згодна інвентароў 1846–1848 гг. у маёнтак Варацэвічы ўваходзіла сяло з такой жа назвай, в. Горбаха, хутара Міхалін і Горбашка; усяго зямлі ў маёнтку на 1846 г. было 2656 дзесяцін. У вёсцы Варацэвічы 48 двароў, 442 жыхары, карчма. Пасля 1859 г. Н. Орда арандаваў тры фермы, заснаваў у Варацэвічах фабрыку сельскагаспадарчых машын, правёў меліярацыю, разводзіў пародзістых жывёл. Розныя віды сядзібы і наваколля адлюстраваны ў карцінах мастака.
У 1863 г. у Варацэвічах было пабудавана асобнае памяшканне для народнага вучылішча (у 1882 г. — 65 вучняў, у 1914 г. — 78). На 1886 г. — цэнтр Варацэвіцкай воласці, 77 двароў, 824 жыхары, уласнае праўленне, 2 праваслаўныя царквы, школа, 2 ветракі, 2 піцейных дамы, 2 кірмашы на год.
У 1869–1874 гг. пабудавана Крыжаўзвіжанская царква, помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Манументальны белакаменны будынак з развітай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй, якую фарміруюць 3-ярусная шатровая званіца (дабудавана ў 1882 г.), прамавугольная ў плане трапезная, кубападобная малітоўная зала, да якой далучана паўкруглая апсіда. Розная вышыня аб’ёмаў, панаванне сярод іх шмат’яруснай шатровай званіцы з макаўкай стварае шматпланавую маляўнічую кампазіцыю.
Чатырохсхільны дах асноўнага аб’ёму і шацёр званіцы завершаны цыбулепадобнымі галоўкамі на гранёных барабанах. Галоўны ўваход аформлены арачным прафіляваным парталам. Фасады расчлянёны парнымі і адзінарнымі арачнымі аконнымі праёмамі ў руставаных ліштвах. Пластыка фасадаў насычана архітэктурным дэкорам, запазычаным са старажытнарускага царкоўнага дойлідства: аркатурныя фрызы, броўкі, гарадкі, парэбрык, кілепадобныя ліштвы і інш.
У інтэр’еры апсіда раскрываецца ў малітоўную залу шырокім арачным прасветам і вылучана 2-ярусным іканастасам. Вуглы залы скошаны, зала перакрыта плоскай столлю на падугах. Разны ківот і іканастас спраектаваў у 1870 г. брэсцкі архітэктар М. Барташэўскі. Ганаровае месца ў інтэр’еры храма займае абраз «Ісус Хрыстос» з дароўным надпісам, падараваны царкве гаспадаром маёнтка Н. Ордам.
У 1915–1918 гг. вёска была акупаваная нямецкімі, з 1919 г. польскімі войскамі. На кароткі час у ліпені 1920 г. была ўсталяваная савецкая ўлада. З 1921 г. — у складзе Польшчы. На 1924 г. — цэнтр Варацэвіцкай гміны Драгічынскага павета Палескага ваяводства, у вёсцы і фальварку разам 161 пабудова, 752 жыхары, школа (169 вучняў у 1934 г.). У 1920-я гг. існавала ячэйка КПЗБ (сакратар Мікалай Бажко, таксама ўваходзілі Мікалай Гарупіч, Рыгор Ержын).
З 1939 г. — у БССР. На 12 кастрычніка 1940 г. вёска і былы маёнтак — цэнтр Варацэвіцкага сельсавета Іванаўскага раёна Пінскай вобласці, 274 двары, 1704 жыхары, працавала пачатковая руская школа, каля вёскі былі знойдзеныя запасы торфу, наладжана тэлефонная сувязь з райцэнтрам. У сельсавеце працавалі няпоўная сярэдняя школа, 2 пачатковыя школы, пошта.
У 1941–1944 гг. акупаваная нямецка-фашысцкімі захопнікамі, уваходзіла ў рэйхскамісарыят «Украіна». Ад рук акупантаў загінулі 49 жыхароў вёскі, на франтах Другой сусветнай вайны (1939–1945) – 62 воіна-земляка. У памяць аб чырвонаармейцах і партызанах, якія загінулі ў час вайны, у 1967 г. устаноўлены помнік (рэканструяваны ў 1990 г.).
У 1946 г. у вёсцы 1325 жыхароў. У 1944–1945 гг. быў адноўлены былы торфазавод «Огдемер» пад назвай торфапрадпрыемства «Варацэвічы», пабудаваная вузкакалейка. З 8 студзеня 1954 г. вёска ў Брэсцкай вобласці. З 16 ліпеня 1954 г. Варацэвіцкі сельсавет рэарганізаваны, яго тэрыторыя далучана да Гарбахскага сельсавета. У 1962–1965 гг. у Драгічынскім раёне. 10 жніўня 1970 г. в. Варацэвічы была перададзена ў Магільноўскі сельсавет, які 16 лістапада 1970 г. перайменаваны ў Снітоўскі. Паводле перапісу 1979 г. 347 жыхароў.
З 5 верасня 1949 г. сяляне разам з жыхарамі хутароў Міхалін, Падгорбай, Дубоўка, Аліўка, Крыўча, Чырвоны двор, Падбалота працавалі ў калгасе імя Маленкова, які 26 чэрвеня 1957 г. перайменаваны ў калгас «Праўда», 13 лютага 1962 г. — у калгас імя Крупскай. З 1977 г. у складзе калгаса «Маладая гвардыя» (з цэнтрам у в. Снітава), з 2003 г. у складзе ААТ «Снітава-Агра».
У Варацэвічах працуюць сярэдняя школа, фельчарска-акушэрскі пункт, клуб, бібліятэка, аддзяленне сувязі, крамы, царква. Указам Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь ад 11 сакавіка 2011 г. в. Варацэвічы нададзены герб і флаг.
Значная падзея ў культурным жыцці в. Варацэвічы адбылася 21 чэрвеня 2005 г. — заснаванне, у жніўні 2007 г. — адкрыццё раённага музейнага комплексу імя Н. Орды. 26 лістапада 2021 г. адкрыта музейная экспазіцыя ў адноўленым сядзібным доме Н. Орды.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі
- Варацэвічы // Гарады і вёскі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3, кн. 1. С. 372–374.
- Вороцевичи // Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц, А. А. Горбацкий, Т. М. Тохиян и др.]. Брест, 2017. С. 761–762.
- Варацэвічы // Памяць. Іванаўскі раен : гіст.-дакум. хроніка / уклад.: В. М. Туркевіч, Л. А. Павяльчук. Мінск, 2000. С. 568.
- Варацэвічы // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1970. Т. 2. С. 598.
- Вороцевичи // Памятники Ивановщины рассказывают… / сост.: И. С. Шпак, Л. А. Добродей. Иваново, 2018. С. 104–116.
- Варацэвіцкая Крыжаўзвіжанская царква // Культура Беларусі : энцыкладпеыя : [у 6 т.]. Мінск, 2010. Т. 2. С. 213–214.
- Ворцевичская Крестовоздвиженская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 248.
- Кулагін, А. М. Царква ў гонар Уздвіжання Крыжа Гасподняга / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 70–71.
- Вороцевичская Свято-Крестовоздвиженская церковь // Туристическая энциклопедия Беларуси. Минск, 2007. С. 118.
- Габрусь, Т. А. Крестовоздвиженская церковь / Т. В. Габрусь. Памятник землякам. Лапцевич, Л. Г. Родина Орды Наполеона/ Л. Г. Лапцевич : [д. Вороцевичи] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 191–192.
- Мароз, В. В. Драўляныя і сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 512 с. : іл. – Са зместу: Варацэвічы, Іванаўскі р-н. С. 64, 121, 133, 201, 207, 261, 273, 274, 287, 314.
- О подвигах, о доблести, о славе... : 75-летию образования Ивановского района и 70-летию Победы советского народа в Великой Отечественной войне посвящается Ивановская районная организация Белорусского общественного объединения ветеранов ; [сост. М. П. Горупа]. – Иваново, 2015. – 349 с.
- Адамушко, В. И. Деревня Вороцевичи Ивановского района / В. И. Адамушко, М. М. Еленская // Современная геральдика Беларуси / / В. И. Адамушко, М. М. Еленская. Минск, 2014. С. 84–85.
- Гарупа, М. П. Вёска, дзе крылы ўзнімаюць буслы : 515-годдзю вёскі Варацэвічы прысвячаецца / [М. П. Гарупа, М. І. Міховіч]. – Іванава : Іванаўская раённая друкарня, 2013. – 241, [1] с., [14] л. каляр. іл.
- Мазго, У. М. Адвечныя скарбы Радзімы : падарожжа па айчыннай гісторыі / Уладзімір Мазго ; [мастак І. Гардзіёнак]. – Мінск : Звязда, 2013. – 94, [1] с.
- Вороцевичи // От Беловежской пущи до полесских болот : путеводитель по Брестской области. Минск, 2013. С. 90.
- Хвагiна, Т. А. Пiнск i яго ваколiцы / Т. А. Хвагіна. – Минск. : Вышэйшая школа, 2007. – 176с.
- Мешечко, Е. Н. Белорусское Полесье : туристские трансъевропейские водные магистрали / Е. Н. Мешечко, А. А. Горбацкий. – Минск : Четыре четверти, 2005. – 96 с.
- Несцярчук, Л. М. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х–ХХ ст. : гісторыя, стан, перспектывы / Л. М. Несцярчук. – Выд. 2-е, дапоўненае. – Мінск : БЕЛТА, 2005. – 336 с. : іл.
- Федорук, А. Т. Старинные усадьбы / А. Т. Федорук. – Минск, 2004. – 576 с. : ил. – Из содерж.: Вороцевичи, Ивановский р-н. С. 29, 53, 71, 107, 217–222, 260, 344, 391–392, 470, 546.
- Варацэвічы – спадчынны маёнтак Напалеона Орды (1807–1883), мастака, піяніста, кампазітара, педагога / склад. Т. І. Лагош // Новыя кнігі : па старонках беларускага друку. 2019. № 4. С. 14–16. (дадатак: Малая радзіма знакамітых людзей).
- Цвирко, В. 150 золотых маршрутов моей Беларуси : Дубой : [упоминается д. Вороцевичи; фото дома Н. Орды] / Владимир Цвирко // 7 дней. 2016. 29 декабря (№ 52). С. 24–25.
- Жушма, В. У Варацэвічах – наваселле : [урачыстае адкрыцце новай школы] / Васіль Жушма // Чырвоная звязда. Іванава, 1999. 3 верасня.
- Жушма, В. Варацэвічы: ёсць такая вёска / Васіль Жушма // Чырвоная звязда. Іванава, 1994. 15 сакавіка. С. 2.