Чацвер, 07 Ліпень 2022 11:06

2022 г. — 80 гадоў з часу стварэння Пінскага партызанскага злучэння (1942) у гады Вялікай Айчыннай вайны

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны ў Пінску, напярэдадні акупацыі горада, быў створаны першы партызанскі атрад пад камандаваннем В. З. Каржа, які 28 чэрвеня правёў першы бой з акупантамі. У Пінскай вобласці ў 1941–1942 гг. былі створаны партызанскія атрады імя С. М. Кірава, імя В. І. Чапаева, імя М. А. Шчорса, імя М. Ц. Шыша, В. А. Васільева, А. І. Дамброўскага, якія вялі актыўную ўзбронную барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

 

На восень 1942 г. на Піншчыне склаліся аб’ектыўныя ўмовы для арганізацыі буйнога партазанскага аб’яднання. У верасні і да сярэдзіны кастрычніка 1942 г. упаўнаважаны ЦК КП(б)Б і Беларускага штаба партызанскага руху А. Я. Кляшчоў правёў работу па аб’яднанню атрадаў Пінскай вобласці. У лістападзе 1942 г. быў створаны штаб Пінскага партызанскага злучэння на чале з А. Я. Кляшчовым, якога ў 1943 г. абралі сакратаром Пінскага падпольнага абкама КП(б)Б.

Камандзірамі Пінскага злучэння былі В. З. Корж (лістапад 1942 г. — ліпень 1944 г.), А. Я. Кляшчоў (май – кастрычнік 1943 г.). Начальнікам штаба з лютага 1943 г. быў М. С. Фядотаў. Партызанскае злучэнне дыслацыравалася на тэрыторыі Ганцавіцкага, Ленінскага і Лунінецкага раёнаў. Да студзеня 1943 г. была наладжана сувязь з партызанскімі атрадамі (1855 партызан) і іх аб’яднанне.

Да зімы 1942–1943 гг. Пінскае партызанскае злучэнне аднавіла Савецкую ўладу ў значнай частцы Лунінецкага, Жыткавіцкага, Старобінскага, Іванаўскага, Драгічынскага, Ленінскага, Целяханскага, Ганцавіцкага раёнаў. Наладзілася сувязь з Вялікай зямлёй. На партызанскім аэрадроме садзіліся самалёты, прывозілі боепрыпасы, медыкаменты, рацыі. Партызаны надзейна кантралявалі вялікі ўчастак чыгункі Брэст — Гомель, перагон Баранавічы – Лунінец, і варожыя эшалоны скідваліся пад ухіл. Быў цалкам паралізаваны Дняпроўска-Бугскі канал, які гітлераўцы хацелі зрабіць транспартнай артэрыяй.

У студзені – красавіку 1943 г. для арганізацыі партызанскіх атрадаў у іншых раёнах Пінскай вобласці была накіравана група ўпаўнаважаных злучэння. Для кіраўніцтва партызанскім рухам ў Пінскім, Іванаўскім, Лагішынскім, Драгічынскім і Жабчыцкім раёнах у студзені 1943 г. быў створаны міжраённы штаб (у красавіку 1943 г. скасаваны), у які ўваходзілі першы сакратар Іванаўскага падпольнага райкама КП(б)Б Ф. С. Кунькоў, М. Л. Праходскі, С. Ц. Бандарэнка.

Для арганізацыі партызанскага руху і аб’яднання асобных груп і атрадаў у Столінскі і Давыд-Гарадоцкі раёны Пінскай вобласці ў пачатку мая 1943 г. была накіравана група (14 чалавек) на чале з Х. І. Севасцьянчыкам і П. П. Тамілавым.

У 1943 г. у складзе Пінскага злучэння сфарміраваны 7 брыгад: імя Будзённага, імя С. М. Кірава, імя В. У. Куйбышава, імя У. I. Леніна, імя В. М. Молатава, Пінская, «Савецкая Беларусь» (усяго каля 8,4 тыс. партызан), якія дзейнічалі на тэрыторыі Пінскай вобласці, і асобны (штабны) атрад імя І. І. Чуклая, што ахоўваў штаб злучэння. У верасні 1943 г. А. Я. Кляшчову і В. З. Каржу было прысвоена званне генерал-маёр.

Пінскае партызанскае злучэнне нанесла вялікія страты нямецка-фашысцкім акупантам. Забітымі фашысты страцілі 26.616 чалавек. Партызаны разграмілі больш за 60 буйных гарнізонаў, знішчылі 5 чыгуначных станцый і 10 эшэлонаў з баявой тэхнікай і боепрыпасамі. Падрыўнікі ўзарвалі 62 чыгуначныя масты, на розных участках чыгункі пусцілі пад ухіл 468 эшэлонаў з жывой сілай і тэхнікай ворага, абстралялі 219 варожых эшэлонаў, узарвалі 23.616 рэек.

У лютым–сакавіку і 7–14 ліпеня 1944 г. брыгады паасобку злучыліся з часцямі Чырвонай арміі, многія байцы былі мабілізаваны і працягвалі ваяваць на фронце. У студзені 1944 г. Аляксею Яўхімавічу Кляшчову і ў жніўні 1944 г. Васілю Захаравічу Каржу было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У вызваленным Пінску 21 лiпеня быў праведзены мітынг-парад партызан.

Начальнік штаба Пінскага партызанскага злучэння Мікалай Сцяпанавіч Фядотаў (1910–1974) — ураджэнец Ноўгарадскай вобласці, у Чырвонай арміі з 1932 г. Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны працаваў на будаўніцтве аэрадрома ў Беластоцкай вобласці, дзе і застала вайна. У раёне Слоніма трапіў у акружэнне, арганізаваў групу ваеннаслужачых, якая перарасла ў партызанскі атрад імя В. І. Чапаева. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І ступені, «Знак Почёта», медалямі. Пасля вайны на партыйнай і гаспадарчай рабоце ў г. Брэсце. Пакінуў успаміны аб дзейнасці Пінскага партызанскага злучэння «Шумят дубравы», якія былі надрукаваны ў абласной газеце «Заря» (1971–1973). У маі 1974 г. М. С. Фядотаву было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Пінска». Пахаваны на Гарнізонных могілках г. Брэста.

Шмат артэфактаў, дакументаў, фотаздымкаў, успамінаў удзельнікаў партызанскага руху сабраў Музей Беларускага Палесся (Пінск). У Пінску 28 чэрвеня 2002 г. адкрыты мемарыяльны комплекс «Партызанам Палесся»(скульптар В. П. Занковiч).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

 

  1. Пинское партизанское соединение // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 236.
  2. Пінскае партызанскае злучэнне ў Вялікую Айчынную вайну / Наталля Богнат // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 496.
  3. Пінскае партызанскае злучэнне // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 495.
  4. Пинское партизанское соединение в годы Великой Отечественной войны / А. Л. Манаенков // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5т. Минск, 1975. Т. 1. С. 572.
  5. Пінскае партызанскае злучэнне ў Вялікую Айчынную вайну / А. Л. Манаенкаў // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1975. Т. 8. С. 439–440.
  6. Акімачкіна, Р. В. Партызанскі фронт / Р. В. Акімачкіна // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 245–250.
  7. Партызанскі рух на Піншчыне // Памяць. Пінск : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 263–267.
  8. Парад у Пінску : [пра партызанскі мітынг-парад 21 ліпеня 1944 г.] // Памяць. Пінск : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 303–304.
  9. Казаченок, В. Е. Партизанское соединение Пинской области / В. Е. Казаченок // Высшее партизанское командование Белоруссии. 1941–1944 : справочник. Минск, 2009. С. 240–249.
  10. Пепяляева, Р. Ф. Пінскі падпольны абком КП(б)Б / Р. Ф. Пепяляева // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 496.
  11. Корж Василь Захаравич / Дзмітрый Караў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 237.
  12. Кляшчоў Аляксей Яўхімавіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 269.
  13. Федотов Николай Степанович  // Их именами названы… : энциклопедический справочник. Минск 1987. С. 629630.
  14. Смирнов, Н. И. Генерал Корж. Неизвестные страницы... / Николай Смирнов. Минск : Звязда, 2014. 686 с., [16] л. ил.
  15. Цуба, М. В. В. З. Корж : невядомыя і малавядомыя старонкі жыцця / М. В. Цуба. – Пінск : Паляшук, 2010. – 85, [2] с.
  16. Нордман, Э. Б. Не стреляйте в партизан… / Эдуард Болеславович Нордман. Минск : Беларусь, 2007. 200 с.
  17. Литвинчук, В. А. Там, за Днепро-Бугом / Василий Андриянович Литвинчук. Изд. 2-е, доп. и расшир. Брест : Брестская типография, 2005. 479 с., [10] л. ил., портр.
  18. Крынко, К. В. Партизанское движение на Пинщине в годы Великой Отечественной войны / К. В. Крынко // Исследования молодых учёных Пинщины : материалы ІІ научно-практической конференции, посвящённой 68-летию Победы в Великой Отечественной войне. Пинск, 14 мая 2005 года. Пинск, 2005. С. 13–16.
  19. Кляшчоў, А. Е. Камуністы Пінскай вобласці – арганізатары барацьбы працоўных супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў / А. Е. Кляшчоў // Партызанская барацьба беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны : [зборнік]. Мінск, 1959. С. 215–235.
  20. Нікалаеў, М. Фронт за лініяй фронту : [аб Пінскім партызанскім злучэнні] / М. Нікалаеў // Беларусь. 2015. № 5. С. 24–25.
  21. Еленевский, Н. На поверке памяти : [об открытии памятника партизанам Полесья в г. Пинске] / Николай Еленевский // Полесская правда. Пинск, 2002. 3 июля. С. 1, 3.
  22. Федотов, Н. Рожденное в огне сражений : к 30-летию образования Пинского партизанского соединения / Н. Федотов //Заря. 1972. 17 октября.
  23. Федотов, Н. Шумят дубравы : [из воспоминаний начальника штаба Пинского партизанского соединения] / Николай Степанович Федотов // Заря. 1971. 24 декабря; 25 декабря; 1972. 4 января; 6 января; 11 января; 13 января; 18 января; 22 января; 2 февраля; 5 февраля; 11 февраля; 1973. 27 января; 6 февраля; 21 февраля; 3 марта; 14 марта; 3 апреля; 7 апреля.
Чытаць 586 разоў