Панядзелак, 11 Сакавік 2013 16:09

7 сакавіка 2013 г. – 60 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Уладзіміравіча Кожуха (1953), жывапісца, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, лаўрэата прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі

Уладзімір Уладзіміравіч Кожух нарадзіўся 7 сакавіка 1953 года ў горадзе Драгічыне Брэсцкай вобласці.

{gcontent}Вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя А. К. Глебава, на аддзяленні станковага жывапісу Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, праходзіў стажыроўку ў творчых майстэрнях у г. Мінску. З 1985 года – член Беларускага саюза мастакоў.

Уладзімір Кожух – прадстаўнік тэндэнцый, якія ўзніклі ў творчасці мастакоў у 1960–1970-я гады, калі многія з іх імкнуліся прарвацца за рамкі сацыялiстычнага рэалізму, заявіць пра сябе непадобнасцю светаадчування і своеасаблівасцю характару. Кожны хацеў выпрацаваць сваю мастацкую мову, якая ў нярэдкіх выпадках апынялася малазразумелай для гледачоў. Сваю творчасць У. Кожух адносіць да рэалістычнай традыцыі з сімволіка-рамантычным падтэкстам. Гэта вызначэнне становіцца зразумелым пры першым жа дотыку з мастацтвам жывапісца. Рэалізм карцін У. Кожуха – гэта рэалізм чалавечых пачуццяў сапраўдных і непадобных, гэта свет дабра і душэўнага спакою. А ў сімволіцы выяўляецца яго паэтычнае ўспрыманне свету.

Увасабленне сіл прыроды – асноўны змястоўны матыў жывапісных работ Уладзіміра Кожуха. У яго карцінах зварот да архаічных пластоў этнічнай культуры беларусаў носіць рамантычны характар. Мастак у работах “Пачастунак”, “Агарод”, “Гарбуз”, “Малочка” як бы заклікае нас, абцяжараных выдаткамі сучаснай цывілізацыі, да бескарыслівасці, паказвае душэўную напоўненасць чалавека пакорлівай лагоднасцю і любоўю, чалавека шчодрага на дары. Так выразна і недвухсэнсоўна можа выяўляць сябе толькі чалавек ад зямлі, які адчувае яе непазбыўную шчодрасць. А Уладзімір Кожух з’яўляецца такім. Ён родам з беларускай глыбінкі, з сялян, з пароды людзей з хрысціянскім, стагоддзямі ўзгадаваным, стаўленнем да жыцця.

Сіла мастацтва Кожуха ў тым, што яго творы напаўняюць гледача душэўным спакоем, які сёння асабліва для жыхароў вялікіх гарадоў, з’яўляецца вялікім дэфіцытам.

Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь. Мастаку за серыю работ “Чарнобыля чорная быль” прысуджана прэмія прафсаюзаў Рэспублікі Беларусь.

Уладзімір Кожух – удзельнік шматлікіх міжнародных выстаў, яго працы з поспехам прайшлі ў Італіі, Швейцарыі і Аўстрыі. Работы знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея Беларусi, Дырэкцыі выстаў Міністэрства культуры РБ, Мастацкага фонду Саюза мастакоў Беларусi, абласных мастацкіх музеях, прыватных зборах і мастацкіх галерэях Беларусі, Расіі, ЗША, Ізраіля, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Германіі, Італіі, Францыі, Галандыі, Японіі.

Зараз мастак жыве і працуе ў г. Мінску.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Трыфанава Наталля Іванаўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

{/gcontent}

 

  1. Кожух Владимир Владимирович // Регионы Беларуси : энциклопедыя : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 1. С. 486–487.
  2. Кожух Владимир Владимирович // Республика Беларусь : энциклопедыя : [в 7 т.]. Мінск, 2007. Т. 4. С. 121.
  3. Кожух Уладзімір Уладзіміравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 8. С. 376.
  4. Кожух Уладзімір Уладзіміравіч // Беларускі саюз мастакоў : энцыклапедычны даведнiк. Мінск, 1998. С. 266.
  5. Кожух, У. Уладзімір Кожух: “У мастацтве важна наблізіцца да знакавасці” / гутарыла Вольга Архіпава ; падрыхтавала Алеся Белявец // Мастацтва. 2005. № 9. С. 46–49.
  6. Салавей, Л. А людскасць несмяротная, як і краса : [паслячарнобыльская мастацкая творчасць У. Кожуха] / Л. Салавей // Мастацтва. 2005. № 4. С. 31.
  7. Баразна, М. Чацвёра з аднаго пакаленя : [творчасць Уладзіміра Кожуха] / М. Баразна // Мастацтва. 2004. № 3. С. 44.
  8. Вытанчанае сола на лесвіце без гіпербал: Уладзімір Кожух падарыў гледачам персанальную выставу на свой 50-гадовы юбілей // Культура. 2003. 29 сак. – 4 крас. С. 16.
  9. Сіпакоў, Я. Уладзімір Кожух / Янка Сіпакоў // Беларусь. 2001. № 11.
    С. 32.
  10. Прага пошуку : [пра ўраджэнца г. Драгічына У. У. Кожуха] // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Драгічынскага раёна. Мiнск : БЕЛТА. 1997.
    С. 445–446.
  11. Фатыхава, Г. Запросіны ў сьвет радасьці : [мастацкая творчасць Уладзіміра Кожуха] / Г. Фатыхава // Мастацтва. 1995. № 7. С. 61–66.
  12. Сабіна, П. Жывое святло душы / Пятро Сабіна // Беларуская думка. 1992. № 7. С. 77–80.
  13. Сачанка, Г. Пасля хвіліны маўчаня... : [пяць сюжетаў з мастацкай выстаўкі Уладзіміра Кожуха “Чарнобыля чорная быль”] / Г. Сачанка // ЛіМ. 1988. 29 янв. С. 5.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2094 разоў Апошняя змена Панядзелак, 19 Красавік 2021 12:17