Панядзелак, 01 Жнівень 2022 12:21

12 жніўня 2022 г. — 105 гадоў з дня нараджэння Ціхана Якаўлевіча Кісялёва (1917–1983), дзяржаўнага і партыйнага дзеяча, Героя Сацыялістычнай Працы (1977)

Ціхан Якаўлевіч Кісялёў нарадзіўся 12 жніўня 1917 г. у в. Агародня Дабрушанскай воласці Гомельскага павета Магілёўскай губерні (цяпер у Добрушскім раёне Гомельскай вобласці) у сялянскай сям’і. У 1936 г. скончыў Рэчыцкае педагагічнае вучылішча, у 1941 г. — Гомельскі педагагічны інстытут. З 1936 г. настаўнічаў у школах Ельскага раёна Гомельскай вобласці, выкладаў беларускую мову і літаратуру.

 

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Ціхан Кісялёў не быў прызваны па стане здароўя, эвакуіраваны. У 1941–1944 гг. — настаўнік, дырэктар школы ў Сталінградскай вобласці. Пасля вызвалення Беларусі вярнуўся на радзіму, з 1944 г. на партыйнай рабоце — інструктар Гомельскага абкама КП(б)Б. У 1946 г. скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК ВКП(б). У 1946–1948 гг. — кіраўнік лектарскай групы Брэсцкага абкама КП(б)Б. У 1948–1952 гг. працаваў у апараце ЦК КП(б)Б.

На V Брэсцкай абласной партыйнай канферэнцыі 4 верасня 1952 г. Ц. Я. Кісялёў быў абраны першым сакратаром Брэсцкага абкама КП(б)Б. Умела кіраваў развіццём народнай гаспадаркі Брэсцкай вобласці, і неўзабаве вобласць па многіх паказчыках выйшла ў лік перадавых у рэспубліцы. У 1952 г. у Брэсце пражывала 56,2 тыс. чалавек. Пачынаючы з 1954 г. ў Брэсце значна ўзраслі аб’ёмы жыллёвага будаўніцтва. Калі ў 1953 г. было ўведзена ў экспулатацыю 284 кв. м жылля, то ў 1954 г. — каля 2500 кв. м. У студзені 1954 г. Брэсцкая вобласць была ўзбуйнена, да яе далучылі ўсе раёны скасаваных Пінскай і чатыры раёны Баранавіцкай абласцей.

Ціхан Якаўлевіч заваяваў папулярнасць у народзе як абаронца беларускай мовы. На чэрвеньскім 1953 г. пленуме ЦК КП(б)Б у сваім выступленні казаў: «Калі б міністр асветы перад настаўнікамі выступаў на роднай мове, то тады і настаўнікі выступалі б перад насельніцтвам на беларускай мове». Добра ведаў беларускую літаратуру, на памяць чытаў творы М. Багдановіча, Я. Купалы, Я. Коласа. І сёння не страцілі актуальнасці яго артыкулы «Останется образцом» (да 100-годдзя з дня нараджэння Я. Купалы) i «Щедрое сердце поэта» (да 100-годдзя з дня нараджэння Я. Коласа), якія былі надрукаваны ў газеце «Правда» (1982).

У 1955–1956 гг. — сакратар ЦК КПБ, у 1956–1959 гг. — другі сакратар ЦК КПБ, адначасова ў 1958–1962 гг. — намеснік Старшыні Савета Нацыянальнасцей Вярхоўнага Савета СССР. З 9 красавіка 1959 г. па 11 снежня 1978 г. — Старшыня Савета Міністраў БССР. Амаль дваццацігадоы перыяд яго працы на чале Саўміна стаў часам бурнага развіцця рэспублікі: былі пабудаваны вялізныя заводы і камбінаты, узніклі новыя галіны народнай гаспадаркі, з’явіліся новыя гарады. У чэрвені 1967 г. ўзначальваў дэлегацыю БССР на V Надзвычайнай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

З 5 снежня 1978 г. па 23 кастрычніка 1980 г. — намеснік Старшыні Савета Міністраў СССР А. М. Касыгіна. З 16 кастрычніка 1980 г. — першы сакратар ЦК КПБ — абраны пасля трагічнай гібелі П. М. Машэрава.

У працы Ц. Я. Кісялёў быў строгі, бязлітасны да разгільдзяяў. Але да добрых людзей уважлівы, абсалютна пазбаўлены чыноўніцкай пыхі. Большасць беларускіх пісьменнікаў ставілася да яго з пачуццём вялікай сімпатыі. З ім сябравалі І. Шамякін, П. Броўка, І. Мележ і інш.

Член ЦК КПСС (1961–1983). Кандыдат у члены Палітбюро ЦК КПСС (1980–1983). Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР (1954–1983). Член Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР (1980–1983).

Узнагароджаны пяццю ордэнамі Леніна (1955, 1966, 1971, 1973, 1977), ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1982), «Знак Почёта» (1948), медалямі. За выдатныя поспехі ў вобласці кіраўніцтва галінамі прамысловасці Беларускай ССР 11 жніўня 1977 г. удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы.

Ц. Я. Кісялёў заўчасна памёр ад цяжкой хваробы 11 студзеня 1983 г., пахаваны на Усходніх могілках г. Мінска (участак 18). Яго імем названы вуліцы ў Добрушы, Гомелі і Мінску; на доме, дзе ён жыў (завулак Бранявы, 4), устаноўлена мемарыяльная дошка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

 

  1. Кісялёў Ціхан Якаўлевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 8. С. 296.
  2. Киселёв Тихон Яковлевич // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биографический справочник. Минск, 2014. С. 114.
  3. Киселёв Тихон Яковлевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2012. Т. 3, кн. 1. С. 322–323.
  4. Киселёв Тихон Яковлевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1, С. 454–455.
  5. Кісялеў Ціхан Якаўлевіч // Памяць. Добрушскі раён : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 369–370.
  6. Кісялёў Ціхан Якаўлевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 4. С. 186.
  7. Киселёв Тихон Яковлевич // Их именами названы... : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 271.
  8. Киселёв Тихон Яковлевич // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 287–288.
  9. Кісялёў Ціхан Якаўлевіч // Беларуская ССР : энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 308.
  10. Кiсялеў Цiхан Якаўлевiч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 5. С. 600–601.
  11. Киселев, Т. Я. Избранные статьи и выступления / Т. Я. Киселев ; редкол.: Р. П. Платонов (пред.) [и др.]. Минск : Беларусь, 1984. 334 с.
  12. Киселев, Т. Я. Советская Белоруссия / Т. Я. Киселев. – Москва, Политиздат, 1982. – 128 с. : ил. – (В единой братской семье).
  13. Кісялёў, Ц. Я. У братняй сям’і народаў СССР / Ціхан Кісялёў. – Мінск : Беларусь, 1968. – 147 с., [32] л. іл.
  14. Иоффе, Э. Г. От Мясникова до Малофеева : кто руководил БССР / Э. Г. Иоффе. – Минск, 2008. С. 144–151.
  15. Антонович, С. Тихон Киселев / Славомир Антонович // Судьба до востребования : докуметальные повести, очерки и рассказы / Славомир Антонович. Минск : Літаратура і Мастацтва, 2011. С. 7–28.
  16. Симуров, А. Т. Вожди, вожаки, вожачки : тайными коридорами власти : [воспоминания журналиста] / Александр Симуров. – Минск : Парадокс, 1999. – 245 с.
  17. Пинхасик, Д. Народу преданный сын / Д. Пинхасик // Трудовая гвардия Гомельщины. Минск : Беларусь, 1986. С. 110–120.
  18. Іофе, Э. Р. Ціхан Кісялёў – дзяржаўны дзеяч і прыхільнік роднай мовы / Эмануіл Іофе // Роднае слова. 2017. № 12. С. 79–80.
  19. Сланеўскі, А. Ціхан Кісялёў: моцны арэшак «зборачнага цэха» СССР, або Вышыні школьнага настаўніка / Анатоль Сланеўскі // Звязда. 2016. 13 лютага. С. 10–11.
  20. Величко, В. П. Испытание властью : [о советском государственном и партийном деятеле Т. Я. Киселёве] / Владимир Величко // Белая Вежа. 2016. № 3. С. 44–56.
  21. Иоффе, Э. Г. Роль Киселевых в истории Беларуси / Эмануил Иофе // Беларуская думка. 2008. № 10. С. 110–119.
  22. Ануфриев, Г. Он хотел улучшить жизнь людей / Г. Ануфриев // 7 дней. 2007. 16 августа. С. 18.
  23. Лещенко, В. Время Киселёва / Виктор Лещенко // Народная газета. 2007. 14 жніўня. С. 3.
  24. Руднікава, С. Згадкі пра земляка : да 90-годдзя з дня нараджзння Ц. Я. Кісялёва / Святлана Руднікава // Гомельская праўда. 2007. 11 жніўня. С. 3.
  25. Дементей, Н. И. Народу преданный сын : [беседа о бывшем первом секретаре ЦК КПБ Т. Я. Киселёве / Н. И. Дементей ; записал В. Александров] // Белорусская нива. 2007. 10 августа. С. 6.
  26. Сарычев, В. В поисках утраченного времени : прения по докладу тов. Киселева в авторском проекте Василия Сарычева / Василий Сарычев // Вечерний Брест. 2007. 9 марта. С. 12.
  27. Градюшко, Н. Тихон, которого знают все / Н. Градюшко // Рэспубліка. 2003. 13 чэрвеня.
  28. Шамякин, И. Слово о хорошем человеке : [к 80-летию со дня рождения Т. Я. Киселева] / Иван Шамякин // Беларусь. 1997. № 8. С. 68.
  29. Киселев, Т. Щедрое сердце поэта : [к 100-летию со дня рождения Якуба Коласа] / Тихон Киселев // Правда. 1982. 31 октября.
  30. Киселев, Т. Останется образцом : [к 100-летию со дня рождения Янки Купалы] / Тихон Киселев // Правда. 1982. 4 июля.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 418 разоў