Панядзелак, 15 Жнівень 2022 10:20

2022 г. — 110 гадоў з часу пабудовы царквы Раства Прасвятой Багародзіцы ў в. Парэчча (Пінскі р-н; 1912), помніка архітэктуры драўлянага дойлідства

Існаванне праваслаўнай царквы ўв. Парэчча вядома з дакументаў 1552 г. У ХVІІІ ст. на сродкі Агінскіх пабудавалі новую царкву. У 1866 г. у в. Парэчча Пінскага павета Мінскай губерні (цяпер Пінскага раёна Брэсцкай вобласці) была пабудавана за дзяржаўны кошт (8 тыс. руб.) царква Раства Багародзіцы. Драўляны храм з адным купалам, невялікі — плошча 40 кв. сажняў. Каля 190г.у выніку пажару храм згарэў.

 

У пачатку ХХ ст. Парэчча — сяло, 201 двор, 1097 жыхароў, паспяхова працавала суконная фабрыка. Прыхаджане сабралі грошы на будаўніцтва новага храма. Значную суму ахвяраваў пан Скірмунт, уладальнік фабрыкі. Арганізацыяй збору сродкаў і будаўніцтва храма займаўся свяшчэннік Пётр Рыгоравіч Гаховіч, які памёр вясной 1911 г. Новы храм пабудаваны ў 1911–1912 гг. Асвячоны ў гонар РастваПрасвятой Багародзіцы 8 (па новаму стылю 21) верасня 1911 г. пры вялікім сцячэнні народу. Настаяцелем назначаны айцец Мяфодзій Крышпіновіч, выпускнік Мінскай духоўнай семінарыі 1909 г.

У аснове планіроўкі царквы цэнтральны трох’ярусны квадратны зруб, да якога далучаны бакавыя прастакутныя прыдзелы і бабінец, пяцігранная апсіда з маленькімі бакавымі рызніцамі, якія надаюць будынку крыжападобны план. Над асноўным аб’ёмам ўзвышаецца барочны купал з глаўкай. Пры ўваходзе размешчана трох’ярусная шатровая званіца (васьмярык на двух чацвярыках, вышыня 30 м), якая надае храму скіраванасць уверх. Гарызантальна абабітыя фасады дэкараваны драўлянай разьбой (карнізы, ліштвы прамавугольных аконных праёмаў, вуглавыя накладкі).

Ва ўнутранай арганізацыі храма пануе прастора сяродкрыжжа, перакрытая высокім пірамідальным скляпеннем на ветразях. Паводле звестак 1879 г. адзначана наяўнасць напісанага на дрэве абраза Багародзіцы (вышыня 2 аршыны, шырыня ؅— 1 аршын), паводле падання, падараванага Дзімітрыем, мітрапалітам Растоўскім. У 1872 г. абраз абнаўляўся. Таксама захоўваўся абраз «Мікалай Цудатворац» сярэдзіны XIX ст.

У Вялікую Айчынную вайну  нямецка-фашысцкія акупанты спалілі ў Пінскім раёне не меньш за 14 храмаў. У 1944 г. царква ў Парэччы часткова была спалена фашыстамі, пасля вайны адрамантавана. У гэтым храме была хрышчона Яўгенія Янішчыц (1948–1988), ураджэнка в. Рудка, беларуская паэтэса.

У ноч на 9 студзеня 2000 г. храм у Парэччы згарэў. Прычына пажару да канца невысветлена, магчыма, няспраўнасць электраправодкі. Пажарным не ўдалося нічога выратаваць, згарэла ўсё, у тым ліку вялікі архіў метрычных кніг з канца ХІХ ст. Адразу прыхаджане пачалі збіраць сродкі на аднаўленне святыні. Храм адноўлены ў тым жа выглядзе і асвячоны ў 2004 г.

Храм у Парэччы адносіцца да Пінскага благачыння Пінскай і Лунінецкай епархіі. Настаяцель — протаіерэй Канстанцін Літвінчук. Да прыходу адносяцца 12 вёсак, некаторыя знаходзяцца за 8–10 км, людзям складана дабірацца самастойна на царкоўную службу. Пінскі аўтобусны парк у 2016 г. падарыў прыходу аўтобус на 27 месцаў, што вырашыла праблему.

Царква Раства Прасвятой Багародзіцы ў Парэччы — помнік архітэктуры драўлянага дойлідства з рысамі рэтраспектыўна-рускага (псеўдарускага) стылю. Уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Янішчыц. Вайтовіч Таццяна Мікалаеўна, гал. бiблiёграф адзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Царква ў гонар Ражджаства Прасвятой Багародзіцы // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 315–316.
  2. Свята-Раства-Багародзіцкая царква // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 156.
  3. Злобін, Э. Л. Помнікі культавай і сядзібна-паркавай архітэктуры : Царква Раства Багародзіцы / Э. Л. Злобін // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 523.
  4. Габрусь, Т. В. Церковь Рождества Богородицы : [д. Поречье] / Т. В. Габрусь // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 347.
  5. Царква Раства Багародзіцы : [в. Парэчча] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 311.
  6. Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / Валерый Мароз. – Мінск, 2018. – 512 с. : іл. – Са зместу: Парэчча. С. 117, 245.
  7. Парэчча : [Пінскі раён] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 446–448.
  8. Юшкевіч, Н. Аўтапарк падарыў аўтобус царкоўнаму прыходу : пра гэта карэспандэнту «Звязды» паведамілі ў Пінскім райвыканкаме : [аб шматгадовым супрацоўніцтве ААТ «Пінскі аўтобусны парк» і праваслаўным прыходам в. Парэчча] / Надзея Юшкевіч // Звязда. 2016. 24 чэрвеня. С. 15.
  9. Гришковец, В. Автобус для прихожан : [прихожане храма Рождества Богородицы д. Поречье Пинского района получили подарок автобус МАЗ на 27 посадочных мест]/ Валерий Гришковец // Заря. 2016. 11 июня. С. 5.
  10. Милевская, Н. Подарок от чистого сердца : [Пинский автобусный парк подарил автобус МАЗ прихожанам храма Рождества Богородицы в д. Поречье]/ Наталья Милевская ; фото автора // Полесская правда. Пинск, 2016. 8 чэрвеня. С. 1–2.
  11. Ильенков, В. Автобус для церковного прихода / Вячеслав Ильенков // Пінскі веснік. 2016. 7 чэрвеня. С. 1.
  12. Еленевский, Н. Освящение храма в селе Поречье : [в 1911 г.] / Николай Еленевский // Полесская правда. Пинск, 2007. 18 августа. С. 4.
  13. Гусеў, Д. Парэчча : [гісторыявёскі Пінскага раёна] / Д. Гусеў // Народная трыбуна. 2002. 22 чэрвеня.
  14. Удовидчик, К. Что высветил пожар? : [о сгоревшей в январе 2000 г. деревянной церкви в д. Поречье] / К. Удовидчик // Пинская неделя. 2000. 25 февраля.
  15. Ильенков, В. Темной ночью в Рождество Христово : [о сгоревшей церкви в д. Поречье Пинского района] / Вячеслав Ильенков // Пiнскi веснiк. 2000. 14 студзеня.
  16. Ильенков, В. Огонь не щадит и святыни : [о сгоревшей церкви в д. Поречье памятнике деревянной архитектуры] / Вячеслав Ильенков // Пiнскi веснiк. 2000. 11 студзеня.
  17. Листопад, Н. Огонь уничтожил церковь : [информ. о сгоревшем памятнике деревянной архитектуры – церкви 1912 г. в д. Поречье Пинского района] / Н. Листопад // Заря. 2000. 11 января.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 417 разоў