Чацвер, 01 Верасень 2022 08:39

1 верасня 2022 г. — 140 гадоў з дня нараджэння Сямёна Юльянавіча Сідарчука (1882–1932), інжынера, архітэктара, аўтара праектаў будынкаў на сучаснай тэрыторыі Беларусі, Расіі, Украіны

Сямён Юльянавіч Сідарчук нарадзіўся 1 верасня 1882 г. у г. Кобрыне Гродзенскай губерні (цяпер Брэсцкай вобласці). Яго бацькам быў кобрынскі мешчанін Юльян Герасімовіч Сідарчук, а маці – сялянка Марыя Качанка. Немаўля было хрышчонае ў Бяроза-Картузскай Свята-Петрапаўлаўскай царкве.

 

Першыя азы навукі Сямён асвоіў дома, а затым быў адпраўлены бацькамі на вучобу ў рэальнае вучылішча ў Беласток.Сярэднюю адукацыю юнак атрымаў у Віленскім рэальным вучылішчы, скончыўшы якое, паступае ў 1900 г. у Пецярбургскі інстытут грамадзянскіх інжынераў. Сямён старанна вучыўся, спасцігаючы акадэмічныя азы архітэктурнай творчасці яшчэ студэнтам. 28 мая 1907 г. ён атрымлівае дыплом № 1714 грамадзянскага інжынера ў чыне Х класа. 2 чэрвеня 1907 г. за поспехі па прымяненні будаўнічай механікі ў будаўнічай практыцы ў час знаходжання ў інстытуце Сямён Сідарчук саветам інстытута ўзнагароджаны залатым медалём.

У студзені 1909 г. малады архітэктар паступіў на службу ў Царскасельскае Палацавае ўпраўленне. Начальніку ўпраўлення генерал-маёру Ф. М. Пешкаву ён быў рэкамендаваныпрафесарам інстытута В. Н. Сакалоўскім як «надзвычай працаздольны і таленавіты».

Гэта быў яркі і ўдалы пачатак архітэктурнай кар’еры С. Ю. Сідарчука пры двары імператара Мікалая II, у яго летняй рэзідэнцыі, які стаў выдатнай прафесійнай школай для маладога архітэктара. Спіс яго праектаў і выкананых па іх прац уражвае. Гэта і некалькі прыватных віл, і стрэльбішча для лейб-гвардыі гусарскага палка, дарогі і масты ў Царскасельскім павеце, праекты пашырэння палацавага (гарадскога) шпіталя і санаторыя для туберкулёзных дзяцей у Царскім Сяле, эксплуатацыйнае кіраванне і развіццё каналізацыі сеткі Царскага Сяла і станцыі біялагічнай ачысткі сцёкаў. Але галоўнымі яго праектамі варта прызнаць Гасудараву ратную палатудля музея гісторыі рускіх войн (пасля пачатку Першай сусветнай вайны – музея Вялікай вайны) і драўляную царкву на Брацкіх могілках загінуўшых у гады Першай сусветнай вайны ў гонар іконы Божай Маці «Утоли моя печали», збудаваную ў 1915 г. па жаданні імператрыцы Аляксандры Фёдараўны (разабрана ў 1938 г.). Кажуць, што імператар Мікалай II называў яго «мой Сямён» і нават даручыў узвядзенне капліцы на магіле Грыгорыя Распуціна.

Незадоўга да рэвалюцыі Сямёна Сідарчука адправілі ў Варонеж праектаваць і будаваць завод выбуховых рэчываў. У 1918 г. з прыходам да ўлады бальшавікоў С. Ю. Сідарчук з’ехаў у Кіеў, а ў 1919 г. вярнуўся ў родны Кобрын. У выніку Польска-савецкай вайны Заходняя Беларусь апынулася пад Польшчай, але таленавіты архітэктар не застаўся без працы.

Другі («польскі») перыяд творчасці С. Ю. Сідарчука, які доўжыўся на працягу 1920–1932 гг., быў не менш плённым. У 1920 г. ён стаў намеснікам павятовага інжынера Кобрынскага павета. Служыў у дарожна-маставым аддзеле 4-й польскай арміі. Па яго праектах былі рэканструяваны гандлёвыя рады ў Кобрыне. Дзякуючы рэканструкцыі пачатку ХХ ст., гандлёвыя рады на вул. Інтэрнацыянальнай і ў раёне плошчы горада захавалі сваё гістарычнае аблічча. З’яўляўся аўтарам праектаў электрастанцыі, жылога квартала для дзяржаўных служачых у Кобрыне. З 1923 г. да лістапада 1925 г. працаваў старшым рэферэнтам Палескай акруговай Дырэкцыі грамадскіх работ.

З 1925 г. па 1928 г. — галоўны архітэктар г. Брэста-над-Бугам (Брэста).На гэтай пасадзе Сямён Юльянавіч праявіў актыўную дзейнасць. Па яго праектах у горадзе былі рэканструяваны гандлёвыя рады, будынак казармы пад школу,трохпавярховы будынак яўрэйскай школы Талмуд-Тора, адбудаваны спаленыя масты ў Брэсцкай крэпасці і інш.У мястэчку Дамачава (Брэсцкі раён) пры Польшчы адна з вуліц насіла імя Сідарчука, паколькі ён рэгуляваў тут планіроўку вуліц. Аднак у гады савецкай улады назву змянілі, не ацаніўшы па заслугах справу і ўклад архітэктара ў культуру краіны.

У 1928 г. С. Ю. Сідарчук пераехаў у г. Роўна Валынскага ваяводства. Да 1930 г. працаваў галоўным архітэктарам горада, а таксама займаўся прыватнай практыкай. Аўтар праекта «Валынскіх таргоў» (1930), дома ўкраінскай гімназіі імя М. Дубецкага, гарадской электрастанцыі, каналізацыі. Па яго праектах рэканструявана школа імя Сянкевіча, перабудаваны дом гарадскога ўпраўлення. У сярэдзіне 1930 г. Сямён Юльянавіч становіцца галоўным архітэктарам Ковеля. Склаў праекты забудоў некалькіх кварталаў у Ковелі. У 1932 г. прымаў удзел у конкурсе на галоўнага архітэктара Луцка.

Праекты Сямёна Юльянавіча на тэрыторыі Берасцейшчыны і Ровеншчыны сведчаць аб яго высокай прафесійнай дасведчанасці як у ландшафтнай архітэктуры і горадабудаўніцтве, так і ў тэндэнцыях сусветнай архітэктуры. Узнагароджаны ордэнам Св. Станіслава III ступені (1911), ордэнам Св. Ганны III ступені (1915),ордэнам Св. Станіслава II ступені (1915).

Сямён Юльянавіч Сідарчук раптоўна памёр вясной 1932 г., пакінуўшы пасля сябе багатую архітэктурную спадчыну, якая стала цяпер здабыткам трох дзяржаў: Расіі, Беларусі і Украіны.

На жаль, асоба кобрынскага архітэктара С. Ю. Сідарчука была абыдзена ўвагай гісторыкаў і краязнаўцаў. Але яго імя паступова вяртаецца ў гісторыю расійскай, украінскай і беларускай архітэктуры. Чым больш знаходзіцца інфармацыі пра асобу, тым мацней усведамленне, наколькі пладавітым быў наш таленавіты зямляк і наколькі шырокі геаграфічны дыяпазон яго творчасці.

На аснове даследчай працы «Імператарскі архітэктар Сідарчук С. Ю. Лёс і творчасць майстра» навучэнцаў сярэдняй школы № 9 г. Кобрына (кіраўнік: В. А. Казарына, настаўнік гісторыі) распрацаваны віртуальны маршрут «Дарогамі маіх землякоў», які размешчаны на сайце Кобрынскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Яны нарадзіліся ў Кобрыне : [Сямён Юльянавіч Сідарчук] // Кобрын: мінулае і сучаснае. Брэст, 2020. С. 20.
  2. Михайлишин, О. Л. Архітектор Семен Сидорчук: спроба творчого портрета забутого майстра / О. Л.Михайлишин // Вісник Національного університету водного господарства та природокористування. Рівне, 2009. Вип. 3 (47). Ч. 3.
  3. Бензярук, А. Месца жалобы і памяці: [упамінаецца колішняя Жабінкаўская школа, узведзеная па праекце брэсцкага архітэктара Сямёна Юльянавіча Сідарчука] / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2022. 12 лютага.
  4. Бензярук, А. Палескі дойлід Сідарчук : [пра архітэктара Сямёна Сідарчука] / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2017. 11 студзеня. С. 3.
  5. Глазов, В. Архитектор Семен Сидорчук творил в Царском селе и Бресте-над-Бугом : [биография С. Ю. Сидорчука, уроженца г. Кобрина; в 1925–1928 гг. главного архитектора Бреста] / Владимир Глазов // Брестский курьер. 2013. 14 марта (№ 11). С. 20.
  6. Ильин, А. Царский архитектор Семён Сидорчук / Александр Ильин // Гістарычная брама : гісторыка-краязнаўчы часопіс. 2011. № 1 (25).
  7. Введенский, Г. Возродится ли Ратная палата? / Г. Введенский // Санкт-Петербургские ведомости. 2008. 16 июня.
  8. Мартынов, А. Что в имени твоем, улица? / Алексей Мартынов // Кобрынскі веснік. 2002. 27 ліпеня.
  9. Имена и времена [Изоматериал] : часть вторая / автор идеи: Николай Александров ; дизайн: Дмитрий Гронский. – Брест, 2015.
  10. Государственный архив Брестской области (ГАБО). Ф.5. Оп.2. Д.609; Ф.1. Оп.11. Д.1851.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 367 разоў