Чацвер, 01 Верасень 2022 08:49

1 верасня 2022 г. — 60 гадоў з дня нараджэння Марата Казіміравіча Грыгорчыка (1962–2011), артыста оперы, заслужанага артыста Беларусі (2001)

Марат Казіміравіч Грыгорчык нарадзіўся 1 верасня 1962 г. у в. Палонка Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У дзяцінстве скончыў Мінскую дзіцячую музычную школу імя М. Аладава па класе трамбона, другім інструментам быў акардэон. Скончыў Беларускі тэхналагічны інстытут (1985), Беларускую акадэмію музыкі (1993, клас народнага артыста БССР А. М. Генералава).

 

Працаваў галоўным інжынерам лясгаса ў Краснаполлі Магілёўскай вобласці, інжынерам-конструктарам, майстрам на Мінскім станкабудаўнічым заводзе імя С. Кірава. Быў чалавекам працавітым, старанным, займаўся спортам, у будаўнічых студатрадах з’яўляўся завадатарам. Выступаў у мастацкай самадзейнасці, яго «заўважылі», прапанавалі вучыцца музыцы далей. Вучыцца вакалу пачаў даволі позна, але ўжо студэнтам акадэміі музыкі выступаў на сцэне Вялікага тэатра оперы і балета.

У 1990–2002 гг. — саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Рэдкая прыгажосць голасу (лірыка-драматычны тэнар), тонкая музыкальнасць, цеплыня, шчырасць, лірычная напоўненасць выканання прынеслі спеваку вялікі поспех у партыях: Таміна («Чарадзейная флейта» В. А. Моцарта), Герцага, Рычарда, Альфрэда («Рыгалета», «Баль-маскарад», «Травіята» Дж. Вердзі), Пінкертона, Каварадосі («Чыо-Чыо-сан», «Тоска» Дж. Пучыні), Каніо («Паяцы» Р. Леанкавала), Хазэ («Кармэн» Ж. Бізэ), Ленскага («Яўген Анегін» П. Чайкоўскага), Юродзівага («Барыс Гадуноў» М. Мусаргскага).

Марат Грыгорчык стварыў выразныя вобразы Майстра і Іешуа ў оперы Я. Глебава «Майстар і Маргарыта», Свеціловіча ў «Дзікім паляванні караля Стаха» У. Солтана. Творчым дасягненнем стала партыя тэнара ў Рэквіеме Дж. Вердзі. Таксама спяваў на канцэртах пад раяль ці з аркестрам, у тым ліку з Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам імя І. Жыновіча.

Выступаў на сцэнах Вялікага тэатра ў Маскве, Марыінскага тэатра (Санкт-Пецярбург), Сафійскай народная оперы. Канцэртаваў у Буэнас-Айрэсе (Аргенціна), спяваў на адкрыцці мемарыяльнай дошкі Францыску Скарыне ў Падуі (1992, Італія). Яго называлі беларускім Павароцці.

Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М. Глінкі (1991, Масква, 2-я прэмія), дыпламант міжнароднага конкурсу «Новыя галасы» (1992, Германія). Удастоены ганаровага звання «Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь» (Указ Прэзідэнта РБ № 591 ад 17 кастрычніка 2001 г.).

Тэатр Марат Грыгорчык пакінуў па стане здароўя, але з музыкай не развітваўся. Пісаў песні і словы. Марыў скласці квартэт тэнараў і гастраляваць з ім па свеце, выпусціць дыск. Шукаў спонсараў.

М. К. Грыгорчык заўчасна памёр у 2011 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Яна Чачота. Філіпава Яна Уладзіміраўна, бібліёграф

 

  1. Грыгорчык Марат Казіміравіч / Н. Я. Бунцэвіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 5. С. 477.
  2. Грыгорчык Марат Казіміравіч / А. А. Саламаха // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2012. Т. 3. С. 280–281.
  3. Григорчик Марат Казимирович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 3. С. 211.
  4. Грыгорчык Марат Казіміравіч / А. А. Саламаха // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : [у 2 т.]. Мінск, 2002. Т. 1. С. 316.
  5. Бунцэвіч, Н. Мары Марата : [пра опернага спевака М. К. Грыгорчыка па матэрыялах гутаркі з яго маці Марыяй Адамаўнай] / Надзея Бунцэвіч // Культура. 2013. 7 верасня (№ 36). С. 9.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 432 разоў