Чацвер, 06 Кастрычнік 2022 09:26

3 верасня 2022 г. – 85 гадоў з дня нараджэння Мікалая Паўлавіча Бразоўскага (1937), гаспадарчага дзеяча, краязнаўца, Ганаровага грамадзяніна г. Давыд-Гарадка

Мікалай Паўлавіч Бразоўскі нарадзіўся 3 верасня 1937 г. у г. Давыд-Гарадок Столiнскага павета Палескага ваяводства (цяпер Столінскага раёна Брэсцкай вобласці). Пасля Вялікай Айчыннай вайны да 1954 г. вучыўся ў сярэдняй школе № 1, затым працаваў рабочым і працягваў вучобу ў вячэрняй школе, якую скончыў у 1957 г. Паступіў у Рыжскае мараходнае вучылішўча. Закончыў двухгадовую школу каманднага саставу рачнога флоту ў г. Пінску. Працаваў на суднах марскога і рачнога флоту СССР.

 

У 1968–1974 гг. – інструктар Столінскага райкама КПБ. Закончыў Вышэйшую партыйную школу ЦК КПСС (1974). У 1974–1979 гг. – дырэктар Столінскага раённага камбіната бытавога абслугоўвання.

У 1979–1987 гг. М. П. Бразоўскі кіраваў маладым прадпрыемствам у Давыд-Гарадку. З 1979 г. – начальнік механазборачнага цэха № 11 Брэсцкага электрамеханічнага завода, з красавіка  1980 г. – Давыд-Гарадоцкага філіяла Брэсцкага электрамеханічнага завода, з 1985 г. – дырэктар Давыд-Гарадоцкага электрамеханічнага завода.

Новае і перспектыўнае прадпрыемства было створана 28 снежня 1976 г., яму былі перададзены тэрыторыя і будынкі зачыненага масласырзавода. Разгарнулася будаўніцтва сучаснага завода, які павінен быў стаць самым буйным у Столінскім раёне, дзе маглі працаваць да 5 тысяч чалавек. На канец 1980-х тут працавалі больш за 1300 чалавек. Але новыя эканамічныя ўмовы пасля распаду СССР перакрэслілі планы.

М. П. Бразоўскі цікавіўся гісторыяй краю, збіраў этнаграфічную калекцыю. Ініцыятар стварэння і першы загадчык, навуковы супрацоўнік музея гісторыі г. Давыд-Гарадка. Размясціўся музей ў мураваным будынку на пл. Давыда, які быў узведзены ў 1908 г. для народнага вучылішча, у апошнія гады тут месціўся Цэнтр дзіцячай творчасці. Адкрыўся музей гісторыі горада 23 лютага 2001 г. У стварэнні грамадскага музея шмат дапамагаў краязнаўца, былы настаўнік гісторыі і дырэктар СШ № 2, ганаровы грамадзянін г. Давыд-Гарадка (2001) Міхаіл Уладзіміравіч Шэлехаў (1926–2015).

Па ініцыятыве Мікалая Паўлавіча каля музея быў устаноўлены памятны знак «В память о судостроителях и работниках речного флота г. Давид-Городка». У пасляваенны час Давыд-Гарадоцкая суднаверф, створаная ў сярэдзіне ХIХ ст., была даволi буйным прадпрыемствам – каля 400 работнікаў. Горад меў прыстань і водны шлях па Гарыні і Прыпяці ў Пінск, Жыткавічы, Мазыр.

Грамадскаму музею гісторыі Давыд-Гарадка 5 кастрычніка 2004 г. было прысвоена ганаровае званне «народны». У музей прыходзілі вучні школ горада і навакольных вёсак. Мікалай Паўлавіч праводзіў экскурсіі не толькі па залах экспазіцыі, але прыводзіў групы на Замкавую гару да памятнага знака «Отсюда есть пошел городок Давыда. ХII век», да помніка загінуўшым воінам і партызанам ля СШ № 1.

4 красавіка 2018 г. была ўрачыста адкрыта другая экспазіцыя музея, але ўжо не грамадскага, а філіяла Столінскага раённага краязнаўчага музея. Размясціўся абноўлены музей у былым будынку гарсавета (вул. Яраслаўская, 2). Першай загадчыцай філіяла стала Кацярына Вальдэмараўна Казлоўская.

Краязнавец працягвае пошукавую і збіральніцкую дзейнасць, праводзіць экскурсіі, расказвае школьнікам аб мінулым горада. Па ініцыятыве Мікалая Паўлавіча на Давыд-Гарадоцкім электрамеханічным заводзе 6 ліпеня 2019 г. адкрыты музей гісторыі прадпрыемства.

Мікалай Паўлавіч заўсёды актыўна займаўся грамадскай работай, неаднаразова выбіраўся дэпутатам Давыд-Гарадоцкага гарадскога Савета народных дэпутатаў, Столінскага раённага Савета народных дэпутатаў.

За працоўную і актыўную грамадскую дзейнасць М. П. Бразоўскі ўзнагароджаны медалямі «За трудовую доблесть», «Ветеран труда», ганаровымі граматамі. 6 кастрычнiка 2002 г. Давыд-Гарадоцкім гарадскім Саветам дэпутатаў яму было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Давыд-Гарадка».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

 

  1. Бразоўскі Мікалай Паўлавіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск : БЕЛТА, 2003. С. 499.
  2. Мельник, А. Музей на электромеханическом : [об открытии музеия истории Давид-Городокского электромеханического завода] / Анна Мельник // Навіны Палесся. Столін, 2019. 12 ліпеня. С. 8.
  3. Кобец, М. О чем расскажет история... : [открылся музей истории города Давид-Городка – филиал Столинского районного краеведческого музея] / Мария Кобец // Заря. 2018. 12 апреля. С. 14.
  4. Суббот, В. Здесь служил Александр Блок : репортеры «СОЮЗа» прошлись по улицам Давид-Городка : [об истории города по материалам беседы с краеведом Н. П. Брезовским] / Владимир Суббот : фото автора // СБ. Беларусь сегодня. 2015. 5 марта. С. I, IV : фот. (Союз. Беларусь – Россия ; № 8).
  5. Раманенка, Л. Руплiвец духоўнай культуры горада Давыда : [пра малодшага навуковага супрацоўнiка народнага музея гiсторыi гДавыд-Гарадка М. П. Бразоўскага] / Леанiд Раманенка // Навiны Палесся. Столiн, 2005. 9 верасня. С. 3.
  6. Раманенка, Л. Музей у пагарынскай Венецыi... : [пра музей гісторыі г. Давыд-Гарадка] / Леанiд Раманенка // Культура. 2005. 5–11 лiстапада (№ 45). С. 12.
  7. Бразоўскі, М. Давыд-Гарадоцкая суднаверф / Мікалай Бразоўскі // Навіны Палесся. 2003. 4 лістапада. С. 4.
  8. Брезовский, Н. Секретный завод : [история Давид-Городокского электромеханического завода] / Николай Брезовский // Вечерний Столин. 2000. 8 июля. С. 5.
  9. Бразоўскі, Н. Пазыўныя суботніка : [суботнік у Давыд-Гарадоцкім механічным цэху] / Н. Бразоўскі // Навіны Палесся. 1981. 11 красавіка.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 379 разоў