Чацвер, 13 Кастрычнік 2022 08:49

17 лютага 2022 г. — 75 гадоў з дня прысваення Ляхавіцкай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы (1947), народнага паэта БССР

Пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкай акупацыі (1944) пачалі стварацца і бібліятэкі. Ляхавіцкая раённая бібліятэка была створана 3 студзеня 1945 г., размясцілася ў фае Дома культуры. Першымі яе загадчыкамі былі Алена Давыдаўна Мурзіч, Вольга Антонаўна Канопкіна. У чэрвені 1946 г. бібліятэку прыняла Марыя Пракопаўна Кухарава-Пінчук.

 

Першая партыя кніг у колькасці 300 экзэмпляраў паступіла з Расіі — з Горкаўскай гарадской бібліятэкі. Нямала кніг было перададзена жыхарамі Ляхавіч. Кожны месяц кніжны фонд бібліятэкі павялічваўся.

7 лютага 1947 г. рашэннем райвыканкама бібліятэцы было прысвоена імя народнага паэта БССР Янкі Купалы. З таго часу, акрамя афіцыйнай назвы, за бібліятэкай замацавалася нефармальная – «наша купалаўка». У цяжкія пасляваенныя гады бібліятэка пашыралася, чытаць сталі больш, людзі цягнуліся да ведаў, да адукацыі. У 1946 г. у бібліятэцы чыталі 80 чалавек, у 1949 г. — 1123, у 1960 г. — 2401.

Па выніках работы за 1947 г. бібліятэка была адзначана Граматай Камітэта па справах культасветустаноў рэспублікі і грашовай прэміяй. У 1954 г. Міністэрства культуры БССР зацвердзіла раённую бібліятэку імя Янкі Купалы базай практыкі студэнтаў Мінскага бібліятэчнага тэхнікума. Прафесіяналізм супрацоўнікаў бібліятэкі быў ацэнены мноствам узнагарод і адзнак. У ходзе Усесаюзнага агляду ў гонар 50-годдзя Савецкай улады бібліятэка ўзнагароджана Міністэрствам культуры БССР дыпломам І ступені. Да 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна «купалаўка» ўдастоена дыплома Міністэрства культуры СССР.

У 1977 г. бібліятэчная сетка Ляхавіцкага раёна была цэнтралізавана. Цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы стала кіруючым, арганізацыйна-метадычным цэнтрам для бібліятэк раёна. Дырэктарам ЦБС была назначана Марыя Пракопаўна Пінчук. На гэтай пасадзе яна прабыла да 1982 г. У канцы 1970-х гг. па ініцыятыве М. П. Пінчук пачалося ўзвядзенне новага будынка раённай бібліятэкі. За праектам будынка «купалаўкі» дырэктар ЦБС ездзіла ў Маскву.

У 1982 г. дырэктарскую эстафету прыняла Ірына Іванаўна Лагун. Пад яе кіраўніцтвам «купалаўкі» стала не толькі інфармацыйным, культурным, але і дасугавым цэнтрам адпачынку жыхароў раёна. Запомніліся сустрэчы са знакамітымі землякамі: А. Бадаком, А. Пранчаком, М. Пташуком. У 1984 г. работнікі бібліятэкі і чытачы атрымалі новы будынак па вул. Гагарына, ён і сёння гасцінна запрашае на сустрэчу з кнігай.

У 1989 г. на базе ЦРБ імя Янкі Купалы адбыўся рэспубліканскі семінар бібліятэчных работнікаў. За ўсю гісторыю біюліятэкі не адно пакаленне бібліятэкараў працавала з любоўю, было правадніком у свет ведаў, прыдумвала новыя формы работы. Пры бібліятэцы арганізаваны і дзейнічае жаночы клуб «Лада», які аб’ядноўвае творчых зямлячак.

З 1 верасня 2003 г. Ляхавіцкай ЦБС кіруе Вольга Анатольеўна Пляшэвіч. Бібліятэкары ўносяць вялікі ўклад у вывучэнне гісторыі Ляхавіцкага краю і стварэнне краязнаўчых картатэк. Бібліятэка вяртае да жыцця многія невядомыя факты, падзеі, імёны з гісторыі роднага краю. На 2022 гбібліятэкай распрацаваны і пачаў сваю работу праект «Мае Ляхавічы». На сайце ўстановы ў рубрыцы «Краязнаўства» змешчаны базы дадзеных:

·                    Вытокі: гісторыя вёсак Ляхавіцкага раёна

·                    Вялікая Айчынная вайна ў гісторыі Ляхавіцкага раёна

·                    Зямля яднае і ўзбагачае : гісторыя сельскіх гаспадарак Ляхавіччыны

·                    Культурнае жыццё Ляхавіччыны

·                    Літаратурная Ляхавіччына

·                    Людзі навукі нашага краю

·                    Ляхавіцкая фартэцыя

·                    Мастакі, чый лёс з’яднаны з нашым краем

·                    Мова маёй зямлі

·                    Невядомае аб вядомым: цікавыя факты аб Ляхавіччыне

·                    Сядзібна-паркавыя ансамблі Ляхавіцкага раёна.

Пры Ляхавіцкай ЦРБ імя Янкі Купалы з 2009 г. працуе Публічны цэнтр прававой інфармацыі (ПЦПІ). Тут сабрана юрыдычная літаратура і заканадаўчыя акты па ўсіх напрамках дзейнасці сучаснай дзяржавы, арганізаваны папкі-дасье. З набыццём поўнатэкставай базы дадзеных «Эталон» стала магчыма выконваць запыты карыстальнікаў у пошуку нарматыўна-прававых актаў.

З 2017 г. бібліятэчная сістэма набыла статус юрыдычнай асобы — Дзяржаўная ўстанова культуры «Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма». У яе склад уваходзяць 18 бібліятэк: раённая, дзіцячая, 16 сельскіх бібліятэк.

З мэтай пашырэння функцыянальных магчымасцяў сучаснай бібліятэкі пачынаючы з 2009 г. выкарыстоўваецца мабільная перасоўная сістэма абслугоўвання чытачоў аддалённых вёсак — бібліёбус, які на сённяшні час абслугоўвае 23 населенныя пункты.

У бібліятэках Ляхавіцкай ЦБС актыўна ўкараняюцца ў практыку работы сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. З 2009 г. апрацоўка літаратуры вядзецца ў аўтаматызаваным рэжыме па праграме «ALIS 2000», у 2014 г. перайшлі на праграму «ALIS-WEB». Модуль ABIC «Рэгістрацыя і абслугоўванне чытачоў» устаноўлены ў аддзеле абслугоўвання і інфармацыі. Размяшчэнне электроннага каталога на сайце бібліятэкі забяспечыла магчымасць доступу да ЭК не толькі карыстальнікам нашых бібліятэк, але і ўсім карыстальнікам Інтэрнет-прасторы.

Бібліятэка праводзіць вялікую працу па прапагандзе кнігі, арганізоўвае цікавыя мерапрыемствы да юбілейных дат Янкі Купалы і іншых пісьменнікаў, актыўна ўдзельнічае ва ўсіх значымых падзеях, якія адбываюцца ў краіне.

Па выніках ХХVII Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры» ў намінацыі «За пошукавую даследчую працу» Ляхавіцкая РЦСБ узнагароджана дыпломам ІІ ступені. Для ўдзелу ў конкурсе было прадстаўлена электроннае выданне «Невядомае аб вядомым: цікавыя факты аб Ляхавіччыне».

У 2021 г. па выніках абласнога тура VIІ Рэспубліканскага конкурсу «Библиотека  центр духовного просвещения и воспитания» атрыманы дыплом І ступені за даследчую работу па вывучэнню гісторыі праваслаўных храмаў Ляхавіцкага раёна (намінацыя «История православия родного края»). У гэтым жа годзе Ляхавіцкая ЦБС была ўзнагароджана дыпломам I ступені за плённую працу па вывучэнні, сістэматызацыі і захаванні тапанамічных матэрыялаў аб раёне па выніках абласнога тура ХХIХ Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры» (намінацыя «За пошукавую і даследчую працу»).

У 2022 г. па выніках абласнога тура ХХХ Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры» Ляхавіцкая ЦБС была ўзнагароджана дыпломам II ступені за шматгранную пошукавую працу па даследванні матэрыялаў пра калгасы на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна (намінацыя «За пошукавую і даследчую працу»).

 

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы. Зелянко Таццяна Уладзіміраўна, заг. сектара аўтаматызацыі  бібліятэчных працэсаў.

 

  1. Ляхавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя Я. Купалы // Культура Беларусі : энціклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2014. Т. 5. С. 209.
  2. Ляховичская центральная районная библиотека имени Я. Купалы / И. И. Лагун // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 57.
  3. Мітрафанава, Г. В. Нарыс гісторыі Ляхавіцкай цэнтральнай бібліятэкі імя Янки Купалы Брэсцкай вобласці / Г. В. Мітрафанава // Очерки истории библиотек Брестской области. Брест, 1996. С. 45–17
  4. Канько, Г. Па старонках памяці / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. 2022. 21 верасня. С. 5.
  5. Кухта-Маслоўская, М. Пайсці і затрымацца ў бібліятэцы надоўга / Маргарыта Кухта-Маслоўская // Ляхавіцкі веснік. 2022. 14 верасня. С. 4.
  6. Перапечка, Н. Культурная адзнака / Наталля Перапечка // Ляхавіцкі веснік. 2022. 23 лютага. С. 6.
  7. Красавіцкая Р. На мове духоўнасці / Рыта Красавіцкая // Ляхавіцкі веснік. 2021. 27 лістапада. С. 3.
  8. Красавіцкая, Р. Родны партрэт на паштоўцы / Рыта Красавіцкая // Ляхавіцкі веснік. 2020. 8 жніўня. С. 8–9.
  9. Кузьміч, І. Бібліятэка на свежым паветры / Ірына Кузьміч // Ляхавіцкі веснік. 2020. 7 сакавіка. С.4.
  10. Мікуліч, А. Акцыя «Кнігаварот на вуліцы Гагарына» / Алена Мікуліч // Бібліятэка прапануе. 2019. № 7. С. 39–41.
  11. Мацулевіч, Л. Флер’яноўскія чытанні / Лізавета Мацулевіч // Бібліятэчны свет. 2019. № 3. С. 8–9.
  12. Канько, Г. Чытачу тут рады / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. 2019. № 71. С. 10.
  13. Кухта, М. З любоўю ад Купалаўкі /Маргарыта Кухта // Ляхавіцкі веснік. 2018. № 20. С. 4.
  14. Кухта, М. Наш Бадак / Маргарыта Кухта // Ляхавіцкі веснік. 2017. № 94. С. 4.
  15. Канько, Г. З кнігай па жыцці / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. 2016. № 28. С. 4.
  16. Арлоўская, Т. Мова маёй зямлі / Таццяна Арлоўская // Ляхавіцкі веснік. 2015. 18 лютага. С. 4.
  17. Арлоўская, Т. Ляхавіцкая зямля: любоў і натхненне / Таццяна Арлоўская // Ляхавіцкі веснік. 2014. 6 верасня.
  18. Прытульчык, Р. Кніга на маім стале / Рыма Прытульчык // Ляхавіцкі веснік. 2012. 31 сакавіка. С. 9.
  19. Міскевіч, Л. «Лесвіца посеху» Таццяны Арлоўскай // Ляхавіцкі веснік. 2012. 22 верасня. С. 2.
  20. Рушніцкая, І. Вяртанне Кнігі Кніг // Ляхавіцкі веснік. 2011. 29 студзеня. С. 3.
  21. Лагун, В. У бібліятэку запрошаны настаўнік / Віталія Лагун // Ляхавіцкі веснік. 2010. 2 кастрычніка. С. 5.
  22. Арлоўская, Т. Паглядзі на мяне, галубок / Таццяна Арлоўская // Ляхавіцкі веснік. 2009. 14 сакавіка. С. 3.
  23. Пляшэвіч, В. Яднае нас часінаў ніць… / Вольга Пляшэвіч // Ляхавіцкі веснік. 2008. № 10. С. 1.
  24. Пляшэвіч, В. Наш Колас / Вольга Пляшэвіч // Ляхавіцкі веснік. 2007. 3 лістапада.
  25. Лапіч, А. Непрачытаная аповесць / Аліна Лапіч // Ляхавіцкі веснік. 2006. 13 верасня.
  26. Бельмач, С. Класікі і сучаснікі ў новым іміджы / Святлана Бельмач // Ляхавіцкі веснік. 2005. 14 верасня.
  27. Садоўская, Н. Бібліятэка ў сельскім інтэр’еры / Надзея Садоўская // Ляхавіцкі веснік. 2005. 13 ліпеня.
  28. Садоўская, Н. Кнігі нашага жыцця / Надзея Садоўская // Ляхавіцкі веснік. 2004. 2 кастрычніка. С. 2.
  29. Мітрафанава, Т. Прарок нацыянальнага адраджэння /Тамара Мітрафанава // Ляхавіцкі веснік. 2002. 6 ліпеня. С. 2.
  30. Ланкуць, Т. Пясняр брацкай дружбы народаў / Таццяна Ланкуць // Ляхавіцкі веснік. 1998. 10 мая.
  31. Барадзіна, В. Наш галоўны здабытак – чытач /Вольга Барадзіна // Ляхавіцкі веснік. 1996. 7 красавіка.
  32. Лапанік, Ф. Кнігі – па абанементу / Фёдар Лапанік // Ляхавіцкі веснік. 1993. 24 снежня.
  33. Бордак, Т. Пра цябе «Беларусь» / Тамара Бордак // Ляхавіцкі веснік. 1991. 30 жніўня.
  34. Карпыза, І. А праблемы застаюцца / Іосіф Карпыза // Будаўнік камунізму. Ляхавічы, 1990. 9 жніўня.
  35. Сакалова, В. Кніга і дзеці / Вольга Сакалова // Будаўнік камунізму. Ляхавічы, 1982. 14 лістапада.
  36. Петрашкевіч, В. Клуб аматараў кнігі / В. Петрашкевіч // Будаўнік камунізму. 1981. 26 лістапада.
  37. Лойка, А. Прысвечана форуму камуністаў / Алена Лойка // Будаўнік камунізму. 1981. 21 мая.
  38. Івашкевіч, Г. Вывучаюць родны край / Галіна Івашкевіч // Будаўнік камунізму. 1979. 24 красавіка.
  39. Шпарло, В. Праздник книги //Заря. 1978. 3 июня.
  40. Федаровіч, Л. Свята кнігі // Будаўнік камунізму. Ляхавічы, 1978. 1 красавіка.
  41. Станкевіч, Ф. Кліча кніга на подзвіг / Фаіна Станкевіч // Будаўнік камунізму. 1978. 6 мая.
  42. Станкевіч, Ф. Навінкі атэістычнай літаратуры / Фаіна Станкевіч // Будаўнік камунізму. Ляхавічы, 1977. 25 верасня.
  43. Кухарава, М. Свята кнігі / Марыя Кухарава // Будаўнік камунізму. Ляхавічы, 1977. 4 чэрвеня.
  44. Гайнулін, У. Лепшыя сябры – кнігі / Уладзімір Гайнулін // Будаўнік камунізму. Ляхавічы, 1977. 2 чэрвеня. С. 3.
  45. Лук’янаў, І. У раённай бібліятэцы / Іван Лук’янаў // Савецкі патрыёт. Ляхавічы, 1949. кастрычнік. С. 2.
  46. Раённая бібліятэка // Савецкі патрыёт. Ляхавічы, 1947. 18 кастрычніка. С. 2.

 

Чытаць 303 разоў Апошняя змена Панядзелак, 17 Ліпень 2023 09:18