Чацвер, 13 Кастрычнік 2022 09:18

29 кастрычніка 2022 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Кацярыны Дзям’янаўны Семянюк (1922–2013), ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і педагагічнай працы, заслужанага настаўніка БССР

Кацярына Дзям’янаўна Семянюк (у дзявоцтве Рабчынская) нарадзілася 29 кастрычніка 1922 г. у в. Кочышчы Ельскага раёна Палескай (цяпер Гомельскай) вобласціў шматдзетнай сялянскай сям'і.Сваёй маці Кацярына амаль не памятала — яна памерла ў маладым узросце.Усе клопаты па гаспадарцы дзеці дзялілі з бацькам.

 

Бацька, Дзям'ян Андрэевіч Рабчынскі, быў удзельнікам Грамадзянскай вайны, арганізатарам першых калгасаў на Ельшчыне. Быў старшынёй калгаса, за атрыманы высокі ўраджай бульбы быў накіраваны на Усесаюзную сельскагаспадарчую выставу ў Маскву. Дзед Кацярыны Андрэй у свой час быў адзіным адукаваным чалавекам на ўсю вёску, пісаў па просьбе аднавяскоўцаў лісты, прашэнні, карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод сялян. 

Нялёгкі час выпаў на іх долю, але жаданне вучыцца было вельмі моцным.У 1940 г. пасля заканчэння школы і трохмесячных курсаў Кацярына Рабчынская пачала працаваць настаўнікам пачатковай школы ў в. Вязок Брагінскага раёна (1940–1941).

Вялікая Айчынная вайна прынесла Рабчынскім новыя беды і няшчасці. Кацярына разам з дзвюма сваімі сёстрамі (Ганнай і Марыяй) пайшла ў партызанскі атрад «Бальшавік». «З 22 жніўня 1941 г. па 18 студзеня 1944 г. — радавая брыгады № 37», — запісана ў яе пасведчанні партызана. Кацярыне даводзілася хадзіць у разведку і ў засады, быць сувязной, удзельнічаць у рэйкавай вайне.

Бацька быў арганізатарам падполля, партызанскім сувязным, расстраляны 30 мая 1942 г. Тры яго сыны — Міхаіл, Васіль і Пятро — ваявалі на франтах. Старэйшая дачка Алена расстраляна ў 1942 г. Дачка Ганна была партызанкай, у лютым 1943 г. абрана першым сакратаром Ельскага падпольнага райкама ЛКСМБ. Самая малодшая дачка Марыя, якая вайну сустрэла ў пятнаццаць гадоў, таксама партызаніла, узнагароджана двума ордэнамі, медалямі. «Гераічная сям’я» — так называецца прысвечаны сям’і Рабчынскіх артыкул у кнізе «Памяць. Ельскі раён» (2001).

За баявыя заслугі, мужнасць і адвагу Кацярына Рабчынская ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі «Партизану Отечественной войны» II ступені, «За отвагу», «За боевые заслуги», «За победу над Германией», 11 юбілейнымі медалямі.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Кацярына Рабчынская — сакратар Ельскага райкама камсамола. Паступіла ў Мазырскі педагагічны інстытут, які скончыла на выдатна ў 1946 г. Пасля заканчэння інстытута па размеркаванні была накіравана ў Заходнюю Беларусь.

Кобрыншчына стала для яе другой радзімай. Тут яна выйшла замуж, узяўшы прозвішча мужа Семянюк, тут нарадзіліся яе дзеці: двайняты Ларыса і Анатоль. Яна вучыла пасляваенных школьнікаў, аддавала ім свае веды і цяпло сэрца. З 1946 г. па 1962 г. працавала настаўнікам, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Залескай сярэдняй школы Кобрынскага раёна. У 1962–1985 гг. працавала настаўнікам матэматыкі ў СШ № 1 (1962–1963), СШ № 5 (1963–1967), СШ № 2 (1967–1985) г. Кобрына.

За шматгадовую добрасумленную працу, дасягнутыя поспехі ў педагагічнай дзейнасці Кацярына Дзям’янаўна ўзнагароджана шматлікімі граматамі, медалямі. У 1948 г. была адзначана знакам «Выдатнік народнай адукацыі». Узнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства асветы СССР і ЦК прафсаюзаў (1968), Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, медалём«За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения В. И. Ленина». 2 кастрычніка 1970 г. К. Д. Семянюк было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны настаўнікБеларускай ССР».Імя К. Д. Семянюк занесена ў даведнік «Кто есть Кто в Республике Беларусь» (2005).

Жанчына была добра вядома многім кабрынчанам сваёй педагагічнай працай, актыўнай жыццёвай пазіцыяй, успамінамі пра гады ваеннага ліхалецця. Строгая і патрабавальная, сумленная і прынцыповая, валявая і энергічная, яна больш за 40 гадоў вучыла дзяцей матэматыцы.Працяглы час Кацярына Дзям’янаўна актыўна ўдзельнічала ў хоры ветэранаў вайны і працы пры Доме культуры.

22 сакавіка 2013 г. Кацярына Дзям’янаўна Семянюк памерла. Светлая памяць аб настаўніцы, патрыёце назаўжды застанецца ў гісторыі сістэмы адукацыі Кобрынскага раёна.

 

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

 

  1. Заслужаныя настаўнікі : Семянюк Кацярына Дзям’янаўна // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 430.
  2. Яны прайшлі дарогамі вайны : Семянюк Кацярына Дзям’янаўна // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 292.
  3. Семенюк Екатерина Демьяновна // Кто есть Кто в Республике Беларусь. 2005 : к 60-летию Победы в Великой Отечественной войне : [в 2 т.]. Минск, 2005. Т. 2. С. 311.
  4. Капач, М. А. Гераічная сям’я : [пра Рабчынскіх] / М. А. Капач // Памяць. Ельскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2001. С. 417–418.
  5. Сіманава, І. Э. Школьная адукацыя Кобрыншчыны ў даваенныя і першыя пасляваенныя гады / Ірына Сіманава // Карані і кроны : гісторыя Кобрыншчыны: першая палова XX стагоддзя / [уклад.: Ю. А. Барысюк, А. А. Мезенцэва]. Брэст, 2017. С. 108–134.
  6. Заслужаны настаўнік Беларускай ССР. Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь : Семянюк Кацярына Дзям’янаўна // Па працы – пашана : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Дзяржаўная ўстанова культуры «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 112–113.
  7. 100 гадоў з дня нараджэння К. Д. Семянюк (1922) // Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 57.
  8. Семенюк Екатерина Демьяновна : [некролог] // Кобрынскі веснік. 2013. 3 красавіка. С. 2.
  9. Дворецкий, М. Отважная партизанка: [за мужество и отвагу Е. Д. Семенюк награждена орденом Отечественной войны II степени, медалями «Партизану Отечественной войны», «За победу над Германией»] / Моисей Дворецкий // Заря. 2012. 30 июня. С. 4.
  10. Шевченко, А. Юность, опаленная войной… : [оЕ. Д. Семенюк]/ Алла Шевченко // Кобрин-информ. 2007. 10 мая. С. 3.
  11. У вайны не жаночы твар : [аб ветэранах вайны А. І. Беразнёвай, сувязной партызанскага атрада імя Чапаева, і К. Д. Семянюк, партызанке атрада «Бальшавік»] // Кобрынскі веснік. 2003. 8 мая. С. 1.
  12. Гурда, В. Когда Родина в опасности : [имена кобринчанок Е. Д. Рабчинской (Семенюк) и Т. И. Самцовой, ветеранов войны, партизанок (у каждой орден Отечественной войны и по 11 медалей) занесены в энциклопедию «Кто есть кто в Республике Беларусь»] / Владимир Гурда // Заря. 2002. 30 июля.

 

Чытаць 436 разоў Апошняя змена Чацвер, 13 Кастрычнік 2022 09:26