У 1915 г. за ўдзел у рэвалюцыйным руху высланы ў г. Верхаянск Іркуцкай губерні. Верхаянск лічыцца самым халодным горадам у свеце. Тут адбывалі ссылку дзекабрысты, рэвалюцыянеры, польскія паўстанцы 1863 г.
Восенню 1917 г. Аляксандр Данілевіч прыехаў у Мінск. Працаваў у першых беларускіх навучальных установах. Быў членам Мінскай беларускай школьнай рады (1919–1920). Пісаў артыкулы па пытаннях беларускай нацыянальнай асветы, арганізацыі беларускай школы. Публікаваўся ў газетах «Вольная Беларусь», «Беларускі шлях», «Звон», «Беларусь», «Беларускае жыццё», літаратурна-мастацкім часопісе «Рунь».
З 1920 г. Аляксандр Данілевіч знаходзіўся ў Заходняй Беларусі, якая ў выніку Польска-савецкай вайны апынулася пад уладай Польшчы. Выкладаў матэматыку ў Навагрудскай і Віленскай беларускіх гімназіях. Распрацоўваў беларускую матэматычную тэрміналогію. Аўтар падручніка па матэматыцы на беларускай мове. Падчас Вялікай Айчыннай вайны выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі. Пасля вайны чытаў курс вышэйшай матэматыкі ў віленскіх ВНУ.
А. А. Данілевіч памёр 10 кастрычніка 1949 г. у Вільні, пахаваны на Ліпаўскіх могілках недалёка ад царквы святой Еўфрасінні. Да вянка на магіле быў прымацаваны фотаздымак яго вучняў з 7 класа Навагрудскай беларускай гімназіі з тэкстам: «Памяць пра Вас, як працаўніка на ніве адраджэння культуры нашага народа, нашага духоўнага правадыра і чалавека, катораму нашы балячкі былі блізкімі, – будзе светлай на гэтым цярністым жыццёвым шляху».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Чачота.
Філіпава Яна Уладзіміраўна, бібліёграф
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794–1991 : энцыклапедычны даведнік : у 10 т. / укл. Л. У. Маракоў. – Смаленск, 2003. Т. 1.
- Чэмер, А. Наваградская беларуская гімназія / Андрэй Чэмер. – Вільнюс : Savarenas, 1997. – 135 с. : іл.
- Багдановіч, Я. На жыццёвым шляху : успаміны / Янка Багдановіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1992. – 144 с., [8] л. іл. – Са зместу: Настаўнік Віленскай беларускай гімназіі Данілевіч. С. 80–81; Данілевіч, Аляксандр (1877–1949). С. 140.