Аўторак, 20 Снежань 2022 16:39

2022 г. – 525 гадоў з часу першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах в. Моладава (Іванаўскі р-н; 1497)

Вёска Моладава Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў пісьмовых крыніцах упершыню ўзгадваецца ў 1497 г., калі належала Войнам, старажытнага беларускага роду герба Трубы (Тромбы). У 1497 г. Мацвей (адзіны з Войнаў) атрымаў ад пінскага князя Фёдара Яраславіча дварышча ў Моладаве. Потым упамінаецца ў рэвізіі пушч у 1518 г. ужо як маёмасць Войнаў.

 У 1539 г. перайшло ва ўладанне сына Мацвея Барыса. У той час у Моладаве меліся палац, млын, царква. Пасля смерці Барыса Моладава становіцца маёнткам, што зафіксавана ў метрыцы ВКЛ за 1567 г. Ім валодалі яго сын Сімяон Войнаў, вядомы абаронца праваслаўя, кашталян мсціслаўскі. Пасля 1599 г. маёнтак атрымлівалі ў спадчыну пяць пакаленняў Войнаў. У канцы XVI ст. Моладава адносілася да Пінскага павета Трокскага ваяводства ВКЛ. У 1692 г. дачка пінскага маршалка Элеанора, апошняя з роду Войнаў, пайшла замуж за Казіміра Дамініка Агінскага, ваяводу віленскага, і ўладальнікам маёнтка стаў род Агінскіх.

У 1792–1839 гг. маёнткамі Моладава і Парэчча валодаў род Скірмунтаў. У сярэдзіне ХVIII ст. ў Моладаве на месцы, дзе раней стаяла царква XVI ст., пабудавана царква Ушэсця (перабудавана ў XIX ст.). У 1775 г. быў узведзены аднапавярховы панскі дом (згарэў у 1840 г.), а ў 1798 г. пад кіраўніцтвам архітэктара Ван Гроса – палац.

Паводле рэвізіі 1816 г. маёнтак Моладаў з вёскамі належаў памешчыку С. Скірмунту, разам з 385 душ мужчынскага полу. Пры жыцці Сымон Скірмунт перадаў маёнтак сыну Аляксандру, які арганізаваў тут цукрова-рафінадны завод, адзін з першых на Беларусі, атрымаў дзяржаўны патэнт на ўласнае вынаходніцтва апарата з выкарыстаннем пары для паскоранага выпарэння цукровага сіропу. У 1840 г. выраблялася 300 пудоў цукру-рафінаду ў год, працавалі 30 рабочых. Завод закрыты ў 1848 г. У 1836 г. дала першую прадукцыю суконная фабрыка ў Парэччы. На ёй працавалі ад 200 да 440 рабочых. Пры фабрыцы былі пабудаваны 4 дамы з 90 кватэрамі для сямейных і 4 інтэрнаты для несямейных, бальніца на 12 ложкаў, дзейнічала вучылішча. У 1915 г. немцы абсталяванне суконнай фабрыкі вывезлі ў Германію. У дарэформенны перыяд у маёнтку заснаваны таксама вінакурны завод.

У 1846 г. сядзіба Моладава складала 3 валокі, 3 моргі і 15 прутаў зямлі, меліся палац, драўляны флігель, людская, дом для працаўнікоў, рафінадны завод, піваварня, дом для майстроў, вінакурня. У гаспадарчы двор уваходзілі хлеў для кароў, 3 хлявы для авечак, скляпок, 3 свірны, канюшня, ляднік, сырнік, кухня і птушнік.

З 1860 г. Моладава належала Генрыху Скірмунту, сыну Аляксандра Скірмунта. Ён арганізаваў школу хатняй гаспадаркі (існавала да пачатку Першай сусветнай вайны). Пасля адмены прыгону ў 1861 г. тут адбыліся сялянскія хваляванні: сяляне адмовіліся выконваць шарваркі і несці начную варту. Над імі ўчынена расправа. У 1862 г. Моладаўская і Замошская воласці аб’яднаны ў адзіную з валасным праўленнем у сяленні Асаўніцы. У 1864 г. заснаваны цагельны завод (па іншых звестках – у 1865 г., вытворчасць 80 тыс. штук цэглы ў год). Побач з Моладавым была в. Кучавы, якая ў 1980 г. злілася з ім. З 1875 г. існавала вучылішча (на 1882 г. – 47 вучняў, з 1888 г. – у асобным доме, на 1914 г. – 2-класнае вучылішча, 78 вучняў з 14 вёсак, было наладжана навучанне дзяўчынак рукадзеллю). Ураджэнка Моладава Марыя Саковіч, член Рускага геаграфічнага таварыства, выдала ў 1888 г. кнігу «Сяляне мястэчка Моталь і іх песні».

9 снежня 1905 г. каля 200 сялян запатрабавалі ад памешчыка Скірмунта вярнуць ім захопленыя ў час рэформы 1861 г. каля 50 дзесяцін ворнай зямлі, даць каля 169 дзесяцін пашы і 20–30 дзесяцін лесу, павялічыць заработную плату. Яны спынілі работу і напалі на маёнтак, разграмілі кватэры аканома. У сутычцы адзін сялянін быў забіты і некалькі паранены. Забастоўка была спынена пасля прыбыцця кобрынскага ўрадніка.

У 1905–1908 гг. пабудавана капліца (архітэктар Т. Раствароўскі), якая ўваходзіла ў сядзібна-палацавы ансамбль. У 1905 г. ў сяле 1925 жыхароў, у маёнтку – 135, у в. Кучавы 475 жыхароў. У 1914 г. было жыхароў – 3287 мужчын, 3192 жанчыны.

У 1915–1918 гг. акупіравана нямецкімі, потым польскімі войскамі. У 1919 і 1920 гг. на кароткі час мясцовасць была занята Чырвонай арміяй. З 1921 г. у складзе Полыпчы. На 1924 г. у Мотальскай гміне Драгічынскага павета Палескага ваяводства, у вёсцы 209 будынкаў, 991 жыхар, у фальварку 17 будынкаў, 118 жыхароў. У 1920-я гг. уваходзіла ў пералік самых «нядобранадзейных» населеных месц, тут існавалі ячэйкі КПЗБ (сакратар райкама Фадзей Каліноўскі) і КСМЗБ. Апошні ўладальнік маёнтка Генрых Скірмунт (1868–1939) быў вядомым кампазітарам і паэтам. На лесапільні Г. Скірмунта працавалі 10 рабочых. У маёнтку памешчыку ў 1928 г. належалі 5462 га зямлі. Дзейнічала школа, у якой у 1934 г. навучаліся 260 вучняў. Старэйшы брат Генрыха Канстанцін Скірмунт (1866–1949) напісаў у 1939 г. «Мае ўспаміны» (надрукаваны ў 1998 г.).

З 1939 г. – у БССР. На 1940 г. вёска ў Іванаўскім раёне Пінскай вобласці, цэнтр Моладаўскага сельсавета. У былым маёнтку нацыяналізавана 5432 га зямлі. Было 174 двары, 1412 жыхароў. Арганізаваны калгас «Ленінскі шлях» (з 25 красавіка 1940 г. калгас імя Молатава), які аб’яднаў 107 гаспадарак, працавалі няпоўная сярэдняя руская школа, кааператыўны гандлёвы пункт, у былым маёнтку дзейнічала бальніца. У сельсавеце тады было 552 двары, з іх – 65 хутарскіх, 3554 жыхары, працавалі сметанковы завод, 2 пачатковыя і няпоўная сярэдняя школы, хата-чытальня, бальніца (20 ложкаў), амбулаторыя. У в. Кучавы налічвалася 128 двароў, 748 жыхароў, у 1940 г. быў арганізаваны калгас імя Сталіна, які аб’яднаў 124 гаспадаркі. Напярэдадні вайны ў Моладаве будаваўся палявы аэрадром. У Вялікую Айчынную вайну ў 1941–1944 гт. акупіравана нямецкімі захопнікамі, уваходзіла ў рэйхскамісарыят «Украіна».

У перыяд акупацыі загінулі ў партызанах і падполлі 5 вяскоўцаў, акупанты загубілі ў вёсцы 28 мірных жыхароў, на франтах загінулі ці прапалі без вестак 76 вяскоўцаў. На ўшанаванне памяці 142 аднавяскоўцаў у 1974 г. быў пастаўлены абеліск. У 1946 г. у вёсцы 1324 жыхары. На падмурку старой школы, якая згарэла ў час вайны, пабудавана новая ў 1946–1947 гг. У 1950 г. вёска радыёфікавана, пабудаваны клуб на 400 месцаў.

Пасля вайны калгасы імя Молатава і імя Сталіна былі адноўлены. У 1950 г. яны аб’яднаны ў калгас імя Сталіна, у 1960 г. перайменаваны ў калгас «Моладава», які 10 ліпеня 2003 г. пераўтвораны ў СВК «Моладава».

У 1962–1965 гг. вёска знаходзілася ў Драгічынскім раёне. Паводле перапісу 1979 г. – 700 жыхароў, у сельсавеце 1342 жыхары. У 1975 г. ў Моладаве пабудавана школа на 640 месцаў, званне народнага атрымаў вакальны ансамбль «Беларусачка» (створаны ў 1974 г. пры Доме культуры). У 1986 г. устаноўлены помнік на магіле Мікалая Базыліка, які загінуў у Афганістане. У 1997 г. – 437 двароў, 1045 жыхароў.

11 сакавіка 2011 г. зацверджаны герб і флаг Моладава. У аграгарадку цагельны завод, сярэдняя школа, дзіцячы сад, амбулаторыя, Дом культуры, бібліятэка, музычная школа, аддзяленне сувязі, кафэ, 4 магазіны, дзейнічае царква. Радзіма беларускіх навукоўцаў П. І. Брыгадзіна, М. К. Лукашыка, самадзейнага мастака М. С. Налівайкі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава.

 

Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Моладава // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2000. Т. 10. С. 513.
  2. Моладава // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. Мінск, 2014. Т. 5. С. 614.
  3. Молодово // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 101.
  4. Моладава // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 3, кн. 1. С. 403–406.
  5. Моладава // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1973. Т. 7. С. 288.
  6. Д. Молодово, центр сельсовета // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 194–195.
  7. В. Моладава, цэнтр сельсавета // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Минск, 1984. С. 173–174.
  8. Ивановский район. Будущее создается сегодня / [А. М. Суворов, Ю. В. Мулявко, Н. В. Раевская и др.]. Брест, 2019. С. 79.
  9. Молодовский сельсовет. Молодово // Памятники Ивановщины рассказывают / [сост. И. С. Шпак, Л. А. Добродей]. – Иваново : Ивановская районная типография, 2018. С. 164 –207
  10. Мароз, В. В. Драўляныя і сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 512 с. : іл. – Са зместу: Моладава. С. 63, 121, 122, 123, 298, 301, 304, 307, 333, 335.
  11. Молодово // Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц и др.] ; Ивановский районный исполнительный комитет. Брест : Брестская типография, 2017. С. 789–791.
  12. Молодовский сельсовет // О подвигах, о доблести, о славе... : 75-летию образования Ивановского района и 70-летию Победы советского народа в Великой Отечественной войне посвящается / Ивановская районная организация Белорусского общественного объединения ветеранов ; сост. М. П. Горупа. Иваново : Ивановская районная типография, 2015. С. 93–121.
  13. Молодово // От Беловежской пущи до полесских болот : путеводитель по Брестской области. Минск, 2013. С. 93–94.
  14. Владение Молодово // Мешечко, Е. Н. Путешествие по Беларуси. В краю Немана, Западного Буга и Припяти / Е. Н. Мешечко. Брест : Брестская типография, 2012. С. 60–62.
  15. Цярлецкі, В. З мікратапаніміі вёскі Моладава Іванаўскага раёна / В. Цярлецкі // Мая Радзіма – Беларусь. Брэст, 2008. С. 165–166.
  16. Царква ў гонар Узнясення Гасподняга // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 282.
  17. Курков, И. Брестчина: легенды, события, люди / И. Курков. – Минск : Медиафакт, 2005. – 272 с.
  18. Несцярчук, Л. М. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х–ХХ ст. : гісторыя, стан, перспектывы / Л. М. Несцярчук. – Выд. 2-е, дапоўненае. – Мінск : БЕЛТА, 2005. – 336 с.
  19. Федорук, А. Т. Старинные усадьбы / А. Т. Федорук. Минск, 2004. – 576 с. : ил. – Из содерж.: Молодово. С. 35, 41, 71, 74, 98, 110, 113, 114, 122, 263, 268–277, 356, 393, 407, 414, 495, 496, 498, 503, 546.
  20. Памяць. Iванаўскi раён : гiст.-дакум. хронiка / уклад.: В. М. Туркевiч, Л. А. Павяльчук. – Мінск : БЕЛТА, 2000. – 590 с. : іл.
  21. Кузьмич, М. В духе Молодово : [деревня на фотографиях начала ХХ в.] / Марина Кузьмич, Владимир Лиходедов // СБ. Беларусь сегодня. 2021. 17 апреля. С. 16.
  22. Кривецкая, Н. Филантроп из «Грифа», чудо в полене и молодовский Тесла / Наталья Кривецкая // Заря. 2020. 17 октября. С. 1011.
  23. Цвірка, У. Моладава : [славутасці] / Уладзімір Цвірка // Літаратура і мастацтва. 2018. 19 кастрычніка (№ 41). С. 16.
  24. Іваненка, А. З хараством духоўным заручоныя : [аг. Моладава] / А. Іваненка // Полымя. 2018. № 8. С. 118–119.
  25. Михальчук, В. В Молодово и Достоево: две судьбы –одна дорога [проект «Прямой эфір представляет»] / В. Михальчук // Чырвоная звязда. Іванава, 2016. 15 лістапада. С. 3.
  26. Цвирко, В. 150 золотых маршрутов моей Беларуси: Молодово / Владимир Цвирко // 7 дней. 2016. 1 декабря (№ 48). С. 24–25.
  27. Котковец, А. Быть хозяевами на земле : [о жизни д. Молодово] / А. Котковец // Заря. 2009. 16 июля. С. 4.
  28. Житкович, Г. В нашей работе важен результат : [о д. Молодово] / Г. Житкович // Чырвоная звязда. Іванава, 2009. 24 красавіка. С. 3.
  29. Гарупа, М. Моладава святкуе, Моладава пяе! : [в. Моладава – 500 год] / Марыя Гарупа // Чырвоная звязда. Іванава, 2007. 4 верасня. С. 1.
  30. В Молодово через Достоево: из прошлого в будущее // Белорусская нива. 2002. 24 января. С. 2.
  31. Село Молодово обзавелось гербом // Вечерний Брест. 2002. 27 марта. С. 1.
  32. Жушма, В. Моладава: дзень сельскага Савета / Васіль Жушма // Чырвоная звязда. Іванава, 2001. 8 чэрвеня. С. 7.
  33. Туркевіч, В. Пачута ў Моладаве / В. Туркевіч // Полымя. 1998. № 3. С. 303–308.
  34. Кацуба, С. Моладава адсвяткавала юбілей / С. Кацуба // Чырвоная звязда. Іванава, 1997. 21 кастрычніка.
  35. Крейдич, А. Немецкие благотворители передали 50000 марок Молодову и сделали комплимент Иванову / А. Крейдич // Заря. 1997. 26 августа. С. 1.
  36. Туркевіч, В. Моладава / В. Туркевіч // Народная трыбуна. 1997. 14 сакавіка.
  37. Туркевіч, В. Моладава: ёсць такая вёсачка / В. Туркевіч // Чырвоная звязда. Іванава, 1996. 6 жніўня.
  38. Туркевіч, В. У моладаўскай школе : [фестываль пра родны край] / В. Туркевіч // Чырвоная звязда. Іванава, 1996. 24 мая.
  39. Туркевіч, В. Моладава: далёкае і блізкае / В. Туркевіч // Чырвоная звязда. Іванава, 1990. 13 лютага.
  40. Дажынкі ў Моладаве : [фотарэпартаж] // Чырвоная звязда. Іванава, 1981. 18 жніўня. С. 3.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 536 разоў