Аўторак, 17 Студзень 2023 09:05

1 студзеня 2023 г. – 100 гадоў з дня нараджэння Рамана Цімафеевіча Кротава (1923–1999), поўнага кавалера ордэна Славы, Ганаровага грамадзяніна г. Пружаны

Раман Цімафеевіч Кротаў нарадзіўся 1 студзеня 1923 г. у в. Рэкта Быхаўскага павета Гомельскай губерні (цяпер Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці) у сялянскай сям’і. З дзяцінства выхоўваўся ў працы і сумленным стаўленні да жыцця. Пасля атрымання няпоўнай сярэдняй адукацыі працаваў тэхнікам-метэаролагам метэаралагічнай станцыі ў г. п. Клічаў.

 З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Раман Кротаў вярнуўся да бацькоў, быў малатабойцам у вясковай кузні. У верасні 1942 г. далучыўся да партызан, з вясны 1943 г. ваяваў у складзе 256-га атрада імя Сталіна 10-й Журавіцкай партызанскай брыгады і праявіў сябе адважным байцом.

Да моманту злучэння з рэгулярнымі часцямі Чырвонай арміі атрад меў на сваім рахунку ўжо 48 падарваных і спушчаных пад адхон нямецкіх воінскіх эшалонаў з ваеннымі грузамі і жывой сілай. Народныя мсціўцы ўзарвалі 101 чыгуначны і аўтамабільны маст, знішчылі 12 км тэлефонна-тэлеграфнай сувязі, падарвалі 18 танкаў і бронемашын і 214 аўтамашын, знішчылі 370 т бензіну, забілі каля 2,4 тысячы нямецкіх салдат і афіцэраў.

Пасля злучэння брыгады з перадавымі часткамі Чырвонай арміі ў кастрычніку 1943 г. Раман Кротаў стаў чырвонаармейцам. Ваяваў на 1-м Беларускім, 1-м і 3-м Украінскім франтах, удзельнічаў у вызваленні Беларусі, Украіны, Польшчы і Венгрыі.

У маі 1944 г. Р. Ц. Кротаў вызначыўся ў барацьбе за вышыню ля вёскі Сухоўля Львоўскай вобласці. Ён першым узняўся ў атаку, уварваўся ў нямецкую траншэю і знішчыў каля 10 гітлераўцаў. Быў паранены, але не пакінуў захопленую пазіцыю да падыходу стралковых падраздзяленняў. За ўзорнае выкананне заданняў камандавання і праяўленыя пры гэтым доблесць і мужнасць у маі 1944 г. Раман Цімафеевіч Кротаў быў узнагароджаны ордэнам Славы ІІІ ступені.

15 ліпеня 1944 г. у ходзе Львоўска-Сандамірскай наступальнай аперацыі Раман Кротаў знішчыў у баі 12 нямецкіх салдат і аднаго ўзяў у палон. Быў паранены, але не пакінуў поле бою. За ўзорнае выкананне заданняў камандавання і праяўленыя доблесць і мужнасць у жніўні 1944 г. Р. Ц. Кротаў быў узнагароджаны ордэнам Славы ІІ ступені. Але з прычыны цяжкага ранення быў тэрмінова эвакуіраваны ў шпіталь і заслужаную ўзнагароду не атрымаў.

Пасля выпіскі са шпіталя Раман Кротаў атрымаў прызначэнне ў 11-ю гвардзейскую Данскую кавалерыйскую дывізію, якая дзейнічала ў складзе 3-га Украінскага фронту. Дывізія прымала ўдзел у страшных баях у Румыніі, Венгрыі і Аўстрыі.

У лютым 1945 г. каля Будапешта з групай разведчыкаў знішчыў мінамётную батарэю. Гвардыі казак Раман Кротаў асабліва вызначыўся 14 сакавіка 1945 г., калі выконваў баявую задачу па вядзенні назірання і разведкі пярэдняга краю праціўніка. Паўднёва-заходней Будапешта ў тыле ворага з групай разведчыкаў выявіў сканцэнтраванне пяхоты і танкаў праціўніка. За праяўлены гераізм і мужнасць быў другі раз узнагароджаны ордэнам Славы III ступені.

5 красавіка 1945 г., у баі пры захопе разведчыкамі стратэгічна важнага моста, Р. Ц. Кротаў быў паранены ў трэці раз. Вестку пра Вялікую Перамогу салдат сустрэў у шпіталі. Узнагароджаны медалём «За взятие Будапешта».

Пасля дэмабілізацыі Раман Кротаў вярнуўся ў родную Беларусь. Паступіў у Мінскі фінансавы тэхнікум, пасля заканчэння якога ў 1956 г. працаваў фінансавым інспектарам, начальнікам фінансавага аддзела.

З 1963 г. Раман Цімафеевіч пражываў у г. Пружанах Брэсцкай вобласці, працаваў загадчыкам фінансавага аддзела райвыканкама. Знакавых падзей у яго мірным жыцці было не менш, чым на фронце. Дзякуючы мясцовым актывістам, у прыватнасці краязнаўцу Міхаілу Шульману, пры падтрымцы партыйнага кіраўніцтва раёна і ваеннага камісарыята, быў ініцыяваны афіцыйны запыт у Міністэрства абароны СССР, у выніку якога ў 1968 г. Р. Ц. Кротаву быў нарэшце ўручаны ордэн Славы ІІ ступені.

Праз два гады Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР адбылося пераўзнагароджанне Р. Ц. Кротава: замест ордэна Славы ІІІ ступені, якім ён быў узнагароджаны за сакавіцкі подзвіг 1945-га, герой атрымаў ордэн Славы І ступені. Так Раман Цімафеевіч праз чвэрць стагоддзя стаў поўным кавалерам вышэйшай салдацкай узнагароды.

Улічваючы яго франтавыя подзвігі, добрасумленную мірную працу і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці горада, Р. Ц. Кротаў у 1978 г. быў удастоены звання «Ганаровы грамадзянін горада Пружаны».

Знакавым стаў для Рамана Цімафеевіча і 1985 г. У азнаменаванне 40-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, ён быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені і стаў удзельнікам Парада Перамогі ў Маскве. 15 красавіка 1999 г. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Раман Кротаў быў удастоены ордэна «За службу Радзіме» 3-й ступені.

Жыццё Рамана Цімафеевіча Кротава абарвалася 22 чэрвеня 1999 г. Ён пахаваны на гарадскіх могілках, побач з брацкай магілай загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. На доме, дзе жыў герой Вялікай Айчыннай вайны, поўны кавалер ордэна Славы, Ганаровы грамадзянін г. Пружаны Р. Ц. Кротаў (вул. Піянерская, 8а), размешчана мемарыяльная дошка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф ДБС

 

 

  1. Кротаў Раман Цімафеевіч// Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 8. С. 478.
  2. Кротов Роман Тимофеевич // Долготович, Б. Д. Твои сыновья, Беларусь. Кавалеры ордена Славы : биографический справочник / Б. Д. Долготович. Минск, 2014. С. 119.
  3. Кротаў Раман Цімафеевіч // Ваеннаяэнцыклапедыя Беларусі= Военная энциклопедия Беларуси. Мінск, 2010. С. 538.
  4. Кротов Роман Тимофеевич // Энциклопедия Победы: Беларусь – Москва / сост. А. И. Докучаев, Б. Д. Долготович, Л. В. Языкович. Минск ; Москва, 2009. С. 633.
  5. Кротов Роман Тимофеевич // Долготович, Б. Д. Почётные граждане белорусских городов : биографический справочник / Б. Д. Долготович. Минск, 2008. С. 48.
  6. Кротов Роман Тимофеевич // Долготович, Б. Д. Кавалеры ордена Славы : биографический справочник / Б. Д. Долготович. Минск, 2006. С. 97.
  7. Кротов Роман Тимофеевич // Гордость и слава Могилевщины : [в 2 ч.]. Могилев, 2005. Ч. 1. С. 48.
  8. Кротаў Раман Цімафеевіч //Памяць. Слаўгарадскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 244.
  9. Кротаў Раман Цімафеевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 26.
  10. Кротаў Раман Цімафеевіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 19411945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 275.
  11. Кротов Роман Тимофеевич // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 334–335.
  12. Кротаў Раман Цімафеевіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 328.
  13. Кротов Роман Тимофеевич // Навечно в сердце народном : изд. 2-е, доп. и перераб. Минск, 1977. С. 240.
  14. Кротаў Раман Цімафеевіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 6. С. 116.
  15. Назарава, Л. Тры подзвігі Рамана Кротава / Л. Назарава // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Пружанскага раёна. Мінск, 1992. С. 208–209.
  16. Касьянаў, У. Тры знакі салдацкага подзвігу : [пра поўнага кавалера ордэна Славы, Ганаровага грамадзяніна г. Пружаны Р. Ц. Кротава] / Уладзімір Касьянаў // Раённыя будні. Пружаны, 2022. 11 мая. С. 5.
  17. Шкленнік, В. Важней за ўзнагароды : [пра ваенны шлях кавалераў ордэнаў славы, у т. л. Р. Ц.Кротава] / Валер'ян Шклённік ; фота Анатоля Клешчука // Звязда. 2020. 17 чэрвеня. С. 1, 6.
  18. Каляда, Г. Навука Рамана Цімафеевіча / Галіна Каляда // Раённыя будні. Пружаны, 2008. 2 жніўня. C. 7.
  19. Афанасьева, С. Для будучых пакаленняў : [прапанавана назваць вулiцу ў Пружанах імем Р. Ц. Кротава] / С. Афанасьева // Народная трыбуна. 1999. 23 кастрычніка.
  20. Лабуда, У. Памяць павінна жыць : [аб увекавечанні памяці Р. Ц. Кротава] / У. Лабуда // Раённыя будні. Пружаны, 1999. 11 верасня. С. 2.
  21. Кротаў Раман Цімафеевіч : [некралог] // Раённыя будні. Пружаны, 1999. 26 чэрвеня. С. 3.
  22. Награда приходит с нарочным : [о награждении Р. Т. Кротова орденом «За службу Родине»] // Вечерний Брест. 1999. 23 апреля. С. 1.
  23. Почетные граждане белорусских городов : Р. Т. Кротов, полный кавалер ордена Славы // Советская Белоруссия. 1992. 3 июля.
  24. Макарчык, У.Ішоў па вайне разведчык: [Р.Ц Кротаў] / У. Макарчык // Зара камунізма. Пружаны, 1987. 16 ліпеня.
  25. «Не дзеля ўласнай славы...» : [пра Р. Ц. Кротава] // Зара камунізма. Пружаны, 1985. 9 мая.
  26. Зяньковіч, М. Трэці ордэн : [Р. Ц. Кротаў – поўны кавалер ордэна Славы] / М. Зяньковіч // Чырвоная змена. 1972. 9 мая. С. 3.

 

 

Чытаць 384 разоў