Аўторак, 07 Сакавік 2023 09:11

26 жніўня 2023 г. – 140 гадоў з дня нараджэння Майсея Цярэнцьевіча Лазнухі (1883–1919), удзельніка рэвалюцыйнага руху і ўсталявання савецкай улады

Майсей Цярэнцьевіч Лазнуха нарадзіўся 26 жніўня 1883 г. у в. Беражное Пінскага павета Мінскай губерні (цяпер Столінскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. У 1904 г. быў прызваны на ваенную службу. Служыў матросам на Балтыйскім флоце. Захапіўся ідэямі класавай барацьбы, уступіў у партыю бальшавікоў.

 У 1906 г. матрос 7-га Кранштацкага экіпажа Майсей Лазнуха за ўдзел ў Кранштацкім паўстанні (26–27 кастрычніка 1995 г.) быў асуджаны на 4 гады. Змешчаны ў турму г. Вятка. Пасля вызвалення па амністыі ў 1910 г. вярнуўся ў родную вёску, дзе вёў бальшавіцкую агітацыю сярод сялян. Ратуючыся ад паліцэйскага ўціску ў 1912 г. выехаў у ЗША, працаваў у Чыкага, дзе за рэвалюцыйную дзейнасць сярод рабочых у 1916 г. арыштаваны і высланы ў Расію. Заключаны ў турму ў Мінску, затым пераведзены ў Екацерынаслаў.

Вызвалены ў час Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. Па заданні бальшавіцкай партыі накіраваны ў г. Сумы, а ў кастрычніку 1917 г. – у Петраград. Удзельнічаў у штурме Зімовага палаца, у Смольным сустракаўся з У. І. Леніным.

У канцы 1917 г. Майсей Лазнуха накіраваны на радзіму для дапамогі ва ўстанаўленні савецкай улады. Пры яго ўдзеле быў абраны першы Савет Столінскай воласці. Маісей Лазнуха тады быў выбраны старшынёй Столінскага валаснога выканкама. Па яго прапанове было вырашана стварыць ваенныя камісарыяты пры валасных саветах для ўліку ваеннаабавязаных. Абавязкі ваенкама ў Століне ён узяў на сябе.

У час акупацыі Беларусі войскамі кайзераўскай Германіі, затым Польшчы М. Ц. Лазнуха ўзначаліў на радзіме партызанскую барацьбу супраць захопнікаў. Член Палескага рэўкама, адзін з найбольш актыўных удзельнікаў Палескага паўстання 1918–1919 гг., якое разгарнулася на Століншчыне і Піншчыне супраць украінскага панавання. У выніку Палескага паўстання планы ўкраінскіх нацыяналістаў захаваць сваю ўладу на Беларускім Палессі праваліліся, яго анексія не ўдалася.

У час Польска-савецкай вайны (1919–1920), 14 жніўня 1919 г. Майсей Лазнуха быў схоплены польскімі інтэрвентамі і пасля жорсткіх катаванняў расстраляны разам з яго памочнікам бальшавіком С. П. Тарадайчыкам. Пахаваны на могілках в. Беражное. У 1966 г. на магіле ўстаноўлены абеліск. Імем М. Ц. Лазнухі названа вуліца ў Беражным. У Столінскім раённым краязнаўчым музеі яму прысвечаны раздзел экспазіцыі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

  1. Лознухо Моисей Терентьевич // Корнилович, Э. А. Беларусь: созвездие политических имен : ист.-биогр. справочник / Э. А. Корнилович. Минск, 2010. С. 113.
  2. Майсей Цярэнцьевіч Лазнуха // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 97.
  3. Лознухо Моисей Терентьевич // Их именами названы... : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 371.
  4. Борисовец, А. С. Могила Лознухо Моисея Терентьевича : [д. Бережное] / А. С. Борисовец // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 383.
  5. Барысавец, А. С. Магіла Лазнухі Майсея Цярэнцьевіча : [в. Беражное] / А. С. Барысавец // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 345.
  6. Юркевіч, Ю. С. Палескае паўстанне / Ю. С. Юркевіч, І. Я. Краўцоў // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 101–118.
  7. Шэлехаў, М. У. Давыд-Гарадок. Час і людзі : [гіст. нарыс] / Міхаіл Уладзіміравіч Шэлехаў. – Брэст : Брэсцкае ўпраўленне па друку, 2000. – 304 с., [8] л. іл. – Са зместу: [М. Ц. Лазнуха]. С. 279, 280, 285.
  8. Шэлехаў, М. 1917-ы год на Століншчыне / М. Шэлехаў // Навіны Палесся. Столін, 1987. 7 лістапада.
  9. Краўцоў, І. У грозным 1919 годзе : [устанаўленне савецкай ўлады на Століншчыне] / І. Краўцоў // Навіны Палесся. Столін, 1980. 3 красавіка; 19 жніўня; 1981. 17 студзеня; 20 студзеня.
  10. Кучук, М. За рабочее дело... : [о жизни и деятельности М. Т. Лознухо] / М. Кучук // Заря. 1977. 7 июля.
  11. Бяліцкі, М. Бясстрашны змагар : [М. Ц. Лазнуха] / М. Бяліцкі // Навіны Палесся. Столін, 1977. 3 лютага.
  12. Андреев, Ю. В то давнее, давнее утро... : [М. Т. Лознухо] / Ю. Андреев // Сельская газета. 1971. 29 октября.
  13. Памяти героя-революционера : [М. Т. Лознухо] // Заря. 1966. 21 октября.
Чытаць 408 разоў Апошняя змена Аўторак, 07 Сакавік 2023 09:14