Аўторак, 07 Сакавік 2023 11:16

2023 г. — 400 гадоў з часу заснавання касцёла Божага Цела ў г. Давыд-Гарадку (Столінскі р-н; 1623)

Пачынаючы з Крэўскай уніі (1385) на беларускіх землях пачалі шырока будавацца касцёлы. У новых палітычных умовах працягвалася паланізацыя і акаталічванне беларускага народа. Спачатку націску падвергліся феадалы, якія пераходзілі з праваслаўя ў каталіцтва, баючыся страціць свае высокія пасады.

 Пасля Люблінскай (1569) і Брэсцкай (1596) уній рэлігійнае жыццё абвастрылася, адбыліся выступленні і ўзброеныя паўстанні супраць каталіцтва і уніяцтва. У Рэчы Паспалітая адбываўся працэс насільнага пераўтварэння аднаго народа ў другі – з заменай яго мовы, рэлігіі і культуры. У 1696 г. Варшаўскі сейм прыняў рашэнне аб забароне рускай (беларускай) мовы ў ВКЛ і ўвядзенні замест яе польскай.

Пінскае Палессе надоўга засталося ў асноўным праваслаўным, у Пінскім павеце ўніяцтва дасягнула найменшых вынікаў. Праваслаўнымі тут засталіся 90 цэркваў. Палескі край быў духоўным цэнтрам нацыянальнай ідэі і беларускай свядомасці, хоць законы супраць праваслаўных усё больш і больш абмяжоўвалі іх правы.

У 1551 г. Гарадок Давыдаў стаў прыватнаўласніцкім горадам князёў Радзівілаў з магдэбургскім правам. Па рэвізіі 1559 г. у Гарадку значыліся чатыры праваслаўныя царквы: Дзімітраўская (сабор), Васкрасенская, Нікольская і Казьмадзям’янская, якія адносіліся да Пінскай епархіі. З ХVІ ст. у Гарадку іконапісанне стала адным з развітых рамёстваў, выраблялася рознае начынне для цэркваў і вернікаў. Горад стаў духоўным цэнтрам праваслаўя, які аздабляў храмы і народнае жыццё творамі мудрасці і прыгажосці.

У 1605 г. у горадзе налічвалася 222 дымы (гаспадаркі), колькасць насельніцтва складала звыш 1500 чалавек. У 1631 г. колькасць двароў дасягнула 365, а насельніцтва – каля 3 тысяч чалавек.

У час панавання Жыгімонта III Вазы, які спрыяў езуітам, было пастаноўлена пабудаваць у Давыд-Гарадку рымска-каталіцкі храм. У 1623 г. на сродкі князя Яна Альбрэхта Радзівіла перад замкам быў пабудаваны парафіяльны касцёл пад назвай найсвяцейшага Божага Цела (так сама, як у Нясвіжы, рэзідэнцыі Радзівілаў). Свята Божага Цела каталікамі адзначаецца на дзевяты дзень пасля Святой Троіцы.

У 1648 г. па Піншчыне прайшло казацкае паўстанне, жорстка падаўленае польным гетманам Янушам Радзівілам. Пінск, Тураў, Давыд-Гарадок былі ў цэнтры паўстання, моцна пацярпелі ад карацеляў. У 1649 г. касцёл быў адбудаваны. У перыяд руска-польскай вайны ў 1655 г. Гарадок зноў разбураны і спалены.

У канцы XVIII ст. пробашчам давыд-гарадоцкай каталіцкай парафіі быў ксёндз Юзаф Міхалоўскі – былы езуіт. У 1811 г. касцёл згарэў, але неўзабаве быў адноўлены тагачасным уладальнікам давыд-гарадоцкай ардынацыі Іосіфам Радзівілам.

Храм зноў згарэў у 1839 г. Ксёндз Якуб Гарбацэвіч пачаў адбудоўваць святыню і атрымаў дазвол на завяршэнне адбудовы. Пра гэта чытаем у «Журнале Присутствия Минского Губернского Правления» (19 мая 1848 г.): «... на основании… разрешения г. Министра Внутренних Дел дозволить… окончить постройку начатой в м. Давид-Городке новой римско-католической церкви вместо сгоревшей…».

Праз сорак гадоў, 19 красавіка 1890 г. давыд-гарадоцкі касцёл трэці раз загінуў у пажары. У красавіку 1901 г. у Варшаве архітэктары Я. Вайцэхоўскі і Ю. Дзержаноўскі склалі праект храма на 500 чалавек. Гэта меўся быць высокі з дзвюма вежамі прыгожы чырвоны будынак у неагатычным стылі, з рызніцай і капліцай у сярэдзіне, з двума дадатковымі бакавымі ўваходамі. 30 лістапада таго ж года Міністэрства ўнутраных спраў дазволіла за грошы парафіян збудаваць гэты храм. Неўзабаве ўзнік і камітэт пабудовы. Магілёўскі архібіскуп дазволіў ксяндзу Генрыху Гумніцкаму зрабіць у прыватным цагляным доме часовую капліцу, пра што і паведаміў губернатару 9 жніўня 1902 г.

У студзені 1904 г. Магілёўская рымска-каталіцкая духоўная кансісторыя накіравала ў Мінскае губернскае праўленне план, каштарыс і табліцу вылічэнняў. 29 лютага будаўнічае аддзяленне губернскага праўлення ўхваліла праект і падало яго ў канцылярыю губернатара на подпіс. Аднак збор сродкаў праходзіў марудна, справа будаўніцтва зацягнулася да пачатку Першай сусветнай вайны.

Пасля ўсталявання ў Заходняй Беларусі польскай ўлады (1921), у Давыд-Гарадку размясціліся розныя ўстановы са служачымі-католікамі, вайсковыя падраздзяленні. Уладальнікам давыд-гарадоцкага ардыната ў 1920–1939 гг. быў польскі арыстакрат Караль Мікалай Радзівіл, які меў 155 тысяч га зямлі, пражываў у Манькавічах пад Столінам. Зноў паўстала пытанне пабудовы рымска-каталіцкага храма. У 1936 г. быў пабудаваны парафіяльны касцёл Божага Цела, які 20 верасня асвечаны біскупам Пінскім Казімірам Букрабай.

Храм з чырвонай цэглы пад 2-схільным дахам вырашаны ў плане аб’ёмам, да якога далучаны паўкруглая апсіда з бакавой сакрысціяй і прамавугольны прытвор да фасада. Плоскія бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высокімі арачнымі аконнымі праёмамі з клінчатымі броўкамі. Цокальная частка сцен шыта гарызантальным рустам. Над галоўным фасадам узвышалася вежа-званіца, накрытая 4-схільным невысокім дахам, завершаным крыжам.

У першай палове ХХ ст. у Давыд-Гарадку служылі ксяндзы Леапольд Аўліх, Ісідор Борыс, Юзаф Чайка, Баляслаў Руткоўскі, Павел Геніюш, Ян Яжджэўскі, Пётр Вашчынскі і інш. На 1939 г. налічвалася 1234 парафіян. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР касцёл у Давыд-Гарадку быў зачынены, плябанія занята пад савецкія ўстановы. У час нямецка-фашысцкай акупацыі ў касцёле захоўваліся хімічныя рэчывы. У маі 1956 г. згарэў будынак раённага Дома культуры, таму 15 мая пад Дом культуры перадалі пустуючы касцёл. Была разабрана званіца касцёла.

У 2017 г., калі Давыд-Гарадок рыхтаваўся да абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі», Дом культуры пераведзены ў рэканструяваны будынак былога кінатэатра «Зара». Тады ж будынак касцёла Божага Цела быў перададзены Пінскай дыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі, асвечаны 21 кастрычніка біскупам Пінскім Антоніем Дзям’янка. Замест вежы над галоўным фасадам падняты шчыт з крыжам. Пробашчы – ксяндзы Андрэй Шут, Эдуард Мажаеў. Буданак касцёла – помнік архітэктуры ў стылі позняга гістарызму.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

  1. Касцёл : [Давыд-Гарадок] // Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы Беларусі : [энцыклапедычны даведнік] / А. М. Кулагін. Мінск, 2008. С. 116.
  2. Касцёл найсвяцейшага Божага Цела : [Давыд-Гарадок] // Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2000. С. 175.
  3. Шэлехаў, М. У. Давыд-Гарадок. Час і людзі / М. У. Шэлехаў. – Брэст, 2000. – 304 с., [8] л. іл. – Са зместу: Дзве уніі. С. 130–155.
  4. Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. Мароз. – Мінск, 2018. – 512 с., [40] л. іл. – Са зместу:  1623 (1624?) або 1649, Давыд-Гарадок. С. 163.
  5. Давыд-Гарадок // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 577–579.
  6. Jakimowic, R.Dawidgródek / RomanJakimowic. – Pińsk, 1939. – 45s.
  7. SpiskościołówiduchowieństwadiecezjiPińskiejwr. p. 1939. – Pińsk, 1939. – 208 s. – Из содерж.: Dawidgródek. С. 133–134.
  8. SpiskościołówiduchowieństwadiecezjiPińskiejwr. p. 1933 i 1934. – Pińsk, 1933. – 229 s. – Из содерж.: Dawidgródek. С. 127–128.
  9. Дранько-Майсюк, Л. «Мёд з Хатомля, ладан з мыта...» : давыд-гарадоцкія храмы / Леанід Дранько-Майсюк // Звязда. 2021. 27 красавіка. С. 13.
  10. Мельнік, Г. Касцёл Божага Цела ў Давыд-Гарадку : [пра асвячэнне касцёла, які нядаўна вернуты вернікам] / Ганна Мельнік // Навіны Палесся. Столін, 2017. 24 кастрычніка. С. 1, 4.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 383 разоў Апошняя змена Панядзелак, 17 Ліпень 2023 09:29