Першая уніяцкая царква ў вёсцы была названая ў гонар Іаана Багаслова і размяшчалася за будынкам цяперашняга сельскага Савета. Царква належала да Камянецкага дэканата, па стане на 1837 г. налічвалася 1990 вернікаў. Апошнім уніяцкім святаром тут быў Іосіф Асташэўскі, які даў згоду на далучэнне да праваслаўя. Яшчэ ў 1939 г. пры ёй стаяла пашкоджаная скульптурная выява аднаго з заснавальнікаў Берасцейскай царкоўнай уніі Іпація Пацея, ураджэнца Камянеччыны, продкі якога валодалі мясцовымі землямі. У 1950-х гг. яна была зачынена, у памяшканні размяшчаўся малаказборны пункт, гараж. Драўляная уніяцкая святыня не захавалася.
Па-рознаму падаецца ў гісторыі год будаўніцтва новага мураванага праваслаўнага храма. У адных крыніцах прыводзіцца 1873 г., у іншых – 1872 ці 1875. Існуе легенда пра будаўніцтва гэтай царквы, якую расказалі старажылы: «Жыў у Рэчыцы пан, доўга не было ў яго дзяцей. І, нарэшце, пані зацяжарыла. У тую ноч, калі яна павінна была нараджаць, пачалася моцная навальніца. Пан сабраў самых багамольных сялян і загадаў ім маліцца, каб роды ў жонкі былі добрымі. Ён паабяцаў, што, калі ўсё будзе добра, ён пабудуе ў Рэчыцы храм. Пасля нараджэння нашчадка пан стрымаў слова, і ў Рэчыцы з'явілася другая царква».
Будынак храма складаецца з чатырох частак: бабінец (прытвор) са званіцай, трапезная, асноўны аб'ём, апсіда. З успамінаў мясцовых жыхароў, перад храмам было тры брамы ў выглядзе арак. Пасля 1939 г. яны былі разбураны.
Прамавугольны ў плане прытвор, дзе размешчаны галоўны ўваход, які вырашаны вялікім і глыбокім арачным парталам, завяршаецца двух’яруснай званіцай (2 васьмерыкі на чацвярыку). Грані ніжняга яруса праз адну прарэзаны маленькімі круглымі праёмамі. Грані другога яруса, больш высокага, завяршаюцца трохвугольнымі шчытамі і маюць, праз адну грань, арачныя аконныя праёмы. Завяршаецца званіца шатром з глаўкай.
Трапезная – прамежкавы аб'ём, накрыты двухсхільным дахам, мае арачныя аконныя праёмы. Асноўны храмавы аб'ём, квадратны ў плане, накрыты чатырохсхільным дахам, у цэнтры якога ўзвышаецца цыбулепадобная глаўка на высокім цыліндрычным барабане. Вуглы кожнага аб'ёму храма аздоблены пілястрамі, паміж якімі над карнізам праходзіць дэкаратыўны пояс з арнаментам. Паўкруглая апсіда ў інтэр’еры вылучана драўляным іканастасам.
У канцы ХIХ ст. прыход валодаў 79 дзесяцінамі зямлі, ахопліваў 352 двары, 2792 прыхаджаніна. Паводле перапісу 1897 г. у Рэчыцы налічвалася 24 двары і 22 жыхары. Пасля вайны прыход у гонар Успення Прасвятой Багародзіцы быў зарэгістраваны 20 ліпеня 1945 г. Паводле архіўных звестак, храм у гэты час наведвалі 80 чалавек.
Гісторыя Свята-Успенскай царквы звязана з імёнамі многіх святароў. З 1941 па 2006 гг. служыла 13 святароў. Нялёгкай для іх была служба ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У ваенныя часы ў Рэчыцы былі забітыя святары: у 1942 г. – святар Міхаіл Вікенцьевіч Амельянюк і дыякан Уладзімір Касцюкевіч, у 1943 г. растраляны святар Барыс Мацкевіч. Аб іх гібелі распавялі мясцовыя жыхары: Вольга Іванаўна Сідарук (1927–2014), Вера Карнілаўна Гук (1935 г. н.) з в. Крыўляны.
У 1944–1947 гг. дыяканам і псаломшчыкам Рэчыцкай царквы служыў Мікалай Антонавіч Гарбачук (1926–2006). Пазней ён служыў у Спаса-Праабражэнскай царкве в. Трасцяніца, у Крыжа-Узвіжанскай царкве в. Амелянец, Спаса-Праабражэнскай царкве в. Дзмітровічы Камянецкага раёна.
У 2006–2007 гг. у царкве служыў іерэй Георгій Кушнер. З 2007 па 2011 гг. – протаіерэй Павел Платніцкі. З 2011 г. – протаіерэй Мікалай Карынчук. З 2012 г. настаяцелем царквы з'яўляецца іерэй Аляксій Уладзіміравіч Барзоў.
У храме ніколі не спынялася духоўнае жыццё, нават у самыя цяжкія часы тут праходзілі набажэнствы. Людзі прыходзяць сюды, каб пакланіцца абразам, святым, папрасіць блаславення, ды і проста адпачыць душой у святым месцы. Асабліва шануюць у царкве іконы святых Мікалая Цудатворца, святога вялікамучаніка і лекара Панцеляймона, Божай Маці Віленскай-Вострабрамскай. Са словамі малітвы звяртаюцца прыхаджане і да старадаўніх абразоў, якія знаходзяцца ў царкве: Уваскрашэння Хрыстова, Ікона Божай Маці (ХІХ ст.), святога Іаана Багаслова, Архангела Міхаіла.
У склад прыхода ўваходзяць вёскі: Рэчыца, Антоны, Баяры, Воля, Ганцы, Гурыны, Кукальчыцы, Лескі, Мельнікі, Навікі, Нароўшчына, Асінкі, Седруж, Смольнікі, Бурдзілы, Глыбокае. У апошнія гады Свята-Успенская царква пастаянна аднаўляецца. Зроблены рамонт унутраных памяшканняў і афарбоўка вонкавых сцен, пазалочаны купалы, устаноўлена новая агароджа, акультурваеццца тэрыторыя.
28 жніўня ў свята Успення Прасвятой Багародзіцы ўрачыста адзначаецца прастольнае свята храма. Значнай падзеяй для царквы і вернікаў было святкаванне 140-гадовага юбілею Свята-Успенскай царквы.
Свята-Успенская царква ў Рэчыцы – адна з васьмі каменных цэркваў, якія існуюць у Камянецкім раёне. Храм з'яўляецца помнікам рэтраспектыўна-рускага стылю. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 578 ад 14 мая 2007 г. Успенская царква в. Рэчыца ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,
бібліёграф 1 кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі
1. Свята-Успенская царква, в. Рэчыца // Праваслаўныя храмы Камянеччыны. Брест : РИА «Вечерний Брест», 2013. С. 78–81.
2. Царква ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы : [в. Рэчыца] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 357.
3. Свята-Успенская царква : [в. Рэчыца] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 177.
4. Рэчыца // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 81–82.
5. Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 511 с., [40] л. іл. – Са зместу: [Рэчыца]. С. 240.
6. Успенская царква (в. Рэчыца) // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 85.
7. Рекуц, Н. Религиозная ситуация в годы Великой Отечественной войны на примере Речицкого сельского Совета : [реферат] / Николай Рекуц ; рук. В. Н. Философ. – Речица, 2015. – 6 с.
8. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарнчяўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск : БЕЛТА, 2009. – 684 с.