Субота, 13 Май 2023 14:02

2023 г. — 415 гадоў з часу выдання паэтычнага твора Яна Пратасовiча «Inventores rerum» (Вiльня; 1608), пісьменніка, філосафа, энцыклапедыста, ураджэнца Iванаўшчыны

 Ян-Бенедыкт Пратасовічнарадзіўся ў другой палова XVI ст. ў вёсцы Магільна на Піншчыне (цяпер г. Іванава Брэсцкай вобласці) ў сям’і Бенедыкта Васілевіча Пратасовіча і Марыны з Палубінскіх, сястры наваградскага кашталяна Аляксандра Палубінскага.

Ян Пратасовіч быў чалавекам адукаваным, ведаў лацінскую, грэчаскую i заходнееўрапейскія мовы, творы свае пісаў па-польску. Найбольш верагодна, што атрымаў адукацыю ў якім-небудзь заходнееўрапейскім універсітэце дзякуючы падтрымцы багатых мецэнатаў. У 1570–1580-я гг. Ян Пратасовіч займаў пасаду віленскага гарадскога суддзі. Мяркуюць, што з канца 1580-х i да сярэдзіны 1590-х гг. ён жыў у сваёй вёсцы на Піншчыне. Ажаніўся з дачкой берасцейскага кашталяна Рыгора Войны.

 Ян Пратасовіч быў адным з самых пладавітых паэтаў Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу. Пісаў на польскай мове. У віленскай друкарні Я. Карцана пабачылі свет такія паэтычныя кнігі аўтара, як «Паранімфус» (1595), «Эпіцэдыум» (1597), «Партрэт старога чалавека» (1597), «Узор сумленнай белагаловай» (1597), «Ахвярадаўца» (1597), «Inventores rerum…» (1608).

 Ян Пратасовіч быў прадстаўніком маладзейшага пакалення паэтаў у шматмоўнай паэзіі ВКЛ другой паловы XVI ст. Яго творчасць яскрава сведчыць пра змены, якія адбыліся ў жанравай сістэме і ў тэматыцы паэзіі Вялікага Княства: на першы план выходзяць сямейна-рытуальныя і маральна-дыдактычныя віды паэзіі, што адлюстроўвала парадыгму настрояў шляхецкага грамадства Рэчы Паспалітай пасля заканчэння Інфлянцкай вайны.

 Літаратурную дзейнасць Ян Пратасовіч пачаў з невялікай кніжкі «Паранімфус» (Вільня, 1595), прысвечанай уступленню ў шлюб Я. Скуміна. 3 гэтага твора відаць, што аўтар добра ведаў Біблію i герояў Старога Запавету, «Іліяду» Гамера, творы Сафокла, Герадота, старажытнагрэчаскую міфалогію. Вобразы антычнай Грэцыі выкарыстоўваў, каб паказаць людзям узоры, на якія варта раўняцца.

 Змяшчаў у творах вершаваныя звароты. Тэксту яго «Ялмужніка» папярэднічаў верш з найменнем: «Зварот да Чытача», дзе аўтар коратка выкладаў змест твора, раскрываў сімвалічную сутнасць «ялмужны» (міласці). На яго думку, той, хто падае міласціну, сам урэшце карыстаецца яе пладамі, бо «ялмужна» ачышчае душу чалавека ад грахоў, пазбаўляе яе тагасветных пакут. Клапоцячыся пра жабракоў і ўбогіх чалавек знаходзіць шлях да Бога, у яго сэрцы нараджаецца дабро і вялікая любоў, ува ўсіх зямных справах на дапамогу яму прыходзяць Божыя слугі – нябесныя анёлы. Для мастацкага метаду Яна Пратасовіча характэрна імкненне раскрываць у вершаваным прысвячэнні сэнс усяго твора. З гэтай мэтаю ён выкарыстоўваў розныя прыёмы. Адзін з іх – самахарактарыстыка героя. Так пабудаваны твор Яна Пратасовіча «Паранімфус», дзе ў прысвячэнні герой паведамляў пра свае абавязкі шафера, якія ён павінен быў выконваць у час вяселля. Многія творы Яна Пратасовіч прысвячаў канкрэтным гістарычным асобам, пра што і паведамляў у вершаваных прадмовах. Так, у вершы, які папярэднічаў твору «Кантэрфет», гаварылася, што ён напісаны ў гонар князя Аляксандра Палубенскага. Адрасуючы творы знатным людзям, паэт разлічваў на велікадушнасць і шчодрасць мецэнатаў.

 «Inventores rerum, альбо Кароткае апісанне, хто што вынайшаў і даў людзям для ўжытку» прысвечана пісару Княства, браслаўскаму старасце Янушу Скуміну – герою першага твора паэта, «Паранімфуса». Некаторыя артыкулы ў «Inventores rerum» можна разглядаць як самастойныя вершы сатырычнага характару: «Пацалункі», «Запрагаць чатырох коней», «Рушніца», «Страляць з прашчы». На старонках «Inventores rerum» мы знаходзім шмат крытычных заўвагаў не толькі пра паводзіны шляхцянак, але і пра норавы тагачасных шляхціцаў, якія, вядома больш уплывалі на маральны клімат эпохі.

 20–27 жніўня 2018 г. у г. Іванаве праходзіў XV абласны пленэр разьбяроў манументальнай скульптуры, прысвечаны знакамітым пісьменнікам і мастакам, чый лёс меў дачыненне да іванаўскай зямлі. Па выніках пленэру 1 верасня 2018 г. падчас Дня беларускага пісьменства ў гарадскім парку была ўрачыста адкрыта «Алея знакамітых землякоў».Вобраз Яна Пратасовіча стварыў майстар з Драгічына Валерый Манцэвіч.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Ян Пратасовіч // Іванаўшчына літаратурная: ад сярэднявечча да сучаснасці : зборнік нарысаў / уклад. А. Крэйдзіч. Мінск : Мінкопрынт, 2018. С. 7–14.
  2. Ян Пратасовіч (XVIпачатакXVIIст.)// Літаратурная карта Берасцейшчыны / рэд. i ўклад. А. Крэйдзіч. Брэст : ААТ «Брэсцкая друкарня», 2008. С. 226–231.
  3. Кавалёў, С. Ян Пратасовіч / С. Кавалёў // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 80.
  4. XV абласны пленэр разьбяроў манументальнай скульптуры / складальнік Ларыса Быцко.Брэст, 2018. С. 10.
  5. Гапееў, В. Ёсць у Іванава свая літаратурная гісторыя : [Ян Пратасовіч, Напалеон Орда, кароткія звесткі пра іх] / Валерый Гапееў // Івацэвіцкі веснік. 2018. 24 жніўня. С. 5.
  6. Гісторыя «крыўскай» – «ліцьвінскай» – «беларускай» дуды// DUDAR / З. Сасноўскі. 2012. С. 7–21.
  7. Кавалёў, С. Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу : манаграфія / С. Кавалёў. Мінск : Кнiгазбор, 2010. – 375 с.
  8. Кавалёў, С. В. Станаўленне польскамоўнай паэзіі ў полілінгвістычнай літаратуры Беларусі эпохі Рэнесансу / С. В. Кавалёў. – Мінск : БДУ, 2002. – 216, [2] c.
  9. Цалюк, А. Алея знакамітых землякоў з’явілася ў грамадскім парку : [згадваецца Ян Пратасовіч] / А. Цалюк // Янаўскі край. Іванава, 2018. 7 верасня. С. 10.
  10. Гапееў, В. Ёсць у Іванава свая літаратурная гісторыя : [Ян Пратасовіч, Напалеон Орда, кароткія звесткі пра іх] / Валерый Гапееў // Івацэвіцкі веснік. 2018. 24 жніўня. С. 5.
  11. Цалюк, А. Пачаўся плэнер разьбяроў : [згадваецца Ян Пратасовіч, вобраз якога з’явіцца на алеі скульптур] / А. Цалюк // Янаўскі край. Іванава, 2018. 24 жніўня. С. 10.
  12. Кошман, Ю. Поэт из прошлого / Ю. Кошман // Чырвоная звязда. Іванава, 2008. 22 ліпеня. С. 3.
  13. Кавалёў, І. Ян Пратасовіч – паэт, філосаф, энцыклапедыст / І. Кавалёў // Спадчына 1999. № 5–6. С. 116–131.
  14. Анушкін А. І. Ян Пратасовіч з Піншчыны // Помнікі гісторыі i культуры Беларусь. 1978. № 4.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 499 разоў