Аўторак, 16 Май 2023 09:56

15 мая 2023 г. — 130 гадоў з дня нараджэння Пятра Лукіча Рудчука (1893–1969), савецкага ваеннага дзеяча, генерал-маёра

Пётр Лукіч Рудчук нарадзіўся 15 мая 1893 г. у вёсцы Бардзёўка Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці) у беднай сялянскай сям’і. У юнацкім узросце Пётр разам з вясковымі равеснікамі парабкаваў улетку ў маёнтку графіні Патоцкай, а зімой бегаў за некалькі кіламетраў у прыходскую школу ў Высока-Літоўск.

У 1905 г. у краіне разгарнуўся шырокі сялянскі рух, які дасягнуў значнага размаху. У кастрычніку-снежні 1905 г. ім было ахоплена больш палавіны тэрыторыі Гродзенскай губерні. Найбольш моцным аграрны рух быў у Брэсцкім, Кобрынскім, Пружанскім паветах.

У Брэсцкім павеце буйныя рэвалюцыйныя падзеі адбыліся  летам 1906 г., калі сяляне-падзёншчыкі з вёскі Бардзёўка выйшлі за ваколіцу, каб патрабаваць павышэння платы за выконваемыя работы. Супраць сялян выйшла рота салдат 194-га Мсціслаўскага пяхотнага палка на чале з капітанам Гніласыравым, які аддаў загад страляць у бяззбройных людзей. Сярод сялян у натоўпе знаходзіўся 13-гадовы Пётр Рудчук разам са старэйшым братам. Кулі абмінулі Пятра, але яго брат быў паранены. Памяць аб крывавай расправе захавалася ў падлетка на ўсё жыцце. Шмат пазней жыхары сяляне вёскі неаднойчы бачылі свайго госця-земляка, ужо ў якасці генерала, за вёскай на месцы расстрэлу.

У кастрычніку 1912 г. Петр Рудчук быў прызваны на службу ў Рускую армію. Юнак вызначаўся кемлівасцю, умеў ездзіць на кані, гэта прыкмецілі і залічылі яго ў 3-ці запасны кавалерыйскі полк. Затым быў пераведзены ў палкавую каманду 6-га Валынскага палка ў г. Цеханаў (1913). Пасля 7-месячнай падрыхтоўкі ў вучэбнай камандзе палка працягнуў службу унтэр-афіцэрам.

З пачаткам Першай сусветнай вайны полк выступіў на Заходні фронт. Тры гады Петр Рудчук правёў на фронце, праявіў сябе знаходлівым і смелым камандзірам. Быў узнагароджаны трыма Георгіеўскімі крыжамі.

Пасля рэвалюцыі 1917 г. Петр Рудчук стаў на бок бальшавікоў. Былы унтэр-афіцэр уступіў у Чырвоную гвардыю. У лістападзе 1917 г. быў створаны Ровенскі чырвонагвардзейскі атрад пад камандаваннем У. І. Кіквідзэ, Пётр Рудчук у ім быў прызначаны камандзірам узвода. Атрад вёў баявыя дзеянні супраць войскаў Цэнтральнай рады генерала П. П. Скарападскага ва Украіне.

У сакавіку 1918 г. Пётр Рудчук добраахвотна ўступіў у шэрагі Чырвонай арміі. Быў накіраваны ўСпецыяльны Жалезны кавалерыйскі полк, камандаваў кавалерыйскім эскадронам. Удзельнічаў у падаўленні ўзброеных паўстанняў юнкераў у г. Белы Смаленскай губерні і ў г. Орша. У тым жа годзе полк быў перадыслакаваны на Паўднёвы фронт, дзе ваяваў з войскамі генерала А. І. Дзянікіна.

У сакавіку 1920 г., уліўшыся ў 1-ю конную армію, полк быў перайменаваны ў 35-ы кавалерыйскі полк 3-й брыгады 6-й кавалерыйскай дывізіі, а Пётр Рудчук стаў камандзірам палка. З мая па жнівень 1920 г. полк змагаўся з палякамі на Паўднёва-Заходнім фронце (Польска-савецкая вайна), а з кастрычніка — з войскамі генерала П. Н. Урангеля ў Паўночнай Таўрыі і Крыме. З 1920 г. — член Усесаюзнай Камуністычнай партыі бальшавікоў.

Пасля Грамадзянскай вайны П. Л. Рудчук працягнуў службу камандзірам. Пасля расфарміравання Першай коннай арміі, з красавіка 1922 г. Петр Лукіч камандаваў 2-й кавалерыйскай брыгадай 6-й Чангарскай кавалерыйскай дывізіі.

З кастрычніка 1924 г. па жнівень 1925 г. прайшоў перападрыхтоўку на курсах удасканалення вышэйшага камсастава пры Ваеннай акадэміі РККА імя М. Фрунзе. У розны час камандаваў пяхотнымі і кавалерыйскімі дывізіямі, удзельнічаў у Савецка-фінляндскай вайне.

З 1941 г. П. Л. Рудчук прызначаны камандзірам 185-й мотастралковай дывізіі 21-га механізаванага корпуса. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны дывізія ў складзе корпуса ўвайшла ў падпарадкаванне камандавання Паўночна-Заходняга фронту і ўдзельнічала ў памежных баях на тэрыторыі Прыбалтыкі ў раёне г. Даўгаўпілс, потым на пскоўскім і наўгародскім напрамках.

У жніўні 1941 г. генерал-маёр П. Л. Рудчук быў вызвалены ад займаемай пасады і ў верасні прызначаны камандзірам 4-га асобнага запаснога кавалерыйскага палка, з 1943 г. — камандзірам Першай запасной кавалерыйскай брыгады.

У верасні 1944 г. генерал-маёр П. Л. Рудчук убыў у распараджэнне аддзела кадраў камандуючага кавалерыяй Чырвонай арміі і ў далейшым быў прызначаны інспектарам кавалерыі 1-га Прыбалтыйскага фронту. Увогуле ўся ваенная кар'ера Пятра Лукіча была звязана з кавалерыяй. 15 студзеня 1946 г. звольнены ў адстаўку па стане здароўя. Воінскія званні: камбрыг (17.02.1936); камдзіў (02.04.1940); генерал-маёр (04.06.1940).

Узнагароды: ордэн Леніна (21.02.1945), тры ордэны Чырвонага Сцяга (16.08.1923; 22.02.1930; 03.11.1944), два ордэны Айчыннай вайны 1-й ступені (11.1943; 10.04.1945); ордэн Чырвонай Зоркі, медалі «ХХ лет РККА» (22.02.1938); «За победу над Германией» (26.05.1945); «30 лет армии и флоту» (1948); узнагародная зброя.

Апошнія гады жыцця Пётр Лукіч правёў у г. Каменск-Шахцінскі Растоўскай вобласці. Ганаровы грамадзянін горада Каменск-Шахцінскі (1968).

Пётр Лукіч згадваецца ў кнізе мемуараў двойчы Героя Савецкага Саюза, генерала Д. Д. Лелюшэнкi «Заря Победы» (1966): «Выдатнай фігурай быў і Пётр Лукіч Рудчук. Калісьці, падчас Грамадзянскай вайны, мне давялося служыць у камбрыга Рудчука ў першай Коннай арміі. Цяпер нашы ролі перамяніліся, аднак адносіны, у аснове якіх ляжалі глыбокая ўзаемная павага і баявая дружба, засталіся самыя добрыя».

П. Л. Рудчук памёр 6 мая 1969 г. у г. Каменск-Шахцінскі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага.

Табольчык Ларыса Мікалаеўна, бібліёграф 1 кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

 

  1. Рудчук Петр Лукіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 13. С. 431.
  2. Рудчук Петр Лукич // Великая Отечественная. Комдивы : военный биографический словарь : в 5 т. / Д. А. Цапаев и др. Москва, 2011. Т. 1. С. 55–56.
  3. Рудчук Петр Лукич // Долготович, Б. Д. Военачальники земли белорусской : энциклопедический справочник / Б. Д. Долготович. Минск, 2005. С. 150.
  4. Рудчук Петр Лукіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. 2001. Т. 6, кн. 1. С. 127.
  5. Рудчук Петр Лукіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Мінск, 1973. Т. 9. С. 169.
  6. Малашэўскі, У. П. Л. Рудчук // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 477–478.
  7. Лелюшенко Д. Д. Заря Победы / Д. Д. Люлюшенко. – Москва : Воениздат, 1966. – 144 с. – (Военные мемуары).
  8. Шумаў, В. Ад батрака – да генерала / В. Шумаў // Ленінец. Камянец, 1989. 28 кастрычніка. С. 4.
  9. Сачак, М. Рэвалюцыйная барацьба сялян : аб падзеях у Бардзёўцы нашага раёна / М. Сачак // Ленінец. Камянец, 1986. 25 сакавіка. С. 3.

 

 

 

 

Чытаць 345 разоў Апошняя змена Аўторак, 16 Май 2023 09:59