Панядзелак, 29 Май 2023 09:27

2023 г. — 25 гадоў з часу будаўніцтва храма святой Вялікапакутніцы Параскевы Пятніцы ў аг. Арэхава (Маларыцкі р-н; 1998)

Царква Вялікапакутніцы Параскевы Пятніцы ў в. Арэхава Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці належала да Маларыцкай школы драўлянага дойлідства. Драўляныя цэрквы гэтай школы ўяўляюць сабой збудаванні з вельмі вытанчанымі формамі шатроў і пластычнымі арыгінальнымі абрысамі купалоў. Аб Арэхаўскай царкве згадваецца ў дакументах 1668, 1679, 1724, 1742 гг.

 У 1792 г. у Арэхава была пабудавана драўляная на каменным падмурку царква, плошчай 252 кв. м. Царкве належала 217 дзесяцін зямлі. У 1873 г. да храма прыбудавана званіца, у 1882 г. будынак звонку быў абшыты дошкамі і афарбаваны алейнымі фарбамі.У 1860 г. святар Варфаламей Сіткевіч адкрыў царкоўна-прыходскую школу. З 1915 па 1919 гг. (час германскай акупацыі) у Арэхаўскай царкве службы не праводзіліся, бо не было штатнага святара, а ў 1919 г. прыход быў зусім зачынены.

У верасні 1926 г. жыхары Арэхаўскага прыходу звярнуліся да Пінскага епіскапа Аляксандра з просьбай даслаць святара. Адначасова яны паслалі прашэнне Палескаму ваяводзе дазволіць служыць свайму святару. На працягу двух гадоў ішла перапіска з Мітрапалітам Варшаўскім Дыянісіем і Міністэрствам вызнанняў. У 1927 г. вырашылі арганізаваць у Арэхава самастойны прыход са святаром і псаломшчыкам. У выніку быў адкрыты штатны філіяльны прыход.

У гады Вялікай Айчыннай вайны настаяцель Свята-Параскева-Пятніцкай царквы айцец Андрэй Флячынскі таемна аказваў дапамогу партызанам. У верасні 1943 г. нямецка-фашысцкія спалілі вёску (110 двароў) і царкву, загубілі 46 жыхароў. Пасля гэтага айцец Андрэй знаходзіўся ў партызанскім атрадзе. У Маларыцкім раёне, які быў партызанскай зонай, немцы спалілі 6 цэркваў. Пасля вайны каменны падмурак Арэхаўскай царквы разабралі, камні выкарысталі на будаўніцтве Маларыцкага агароднінасушыльнага завода.

У 1990 г. па ініцыятыве прыхаджан вёсак Арэхава, Дрочава, Перавое, Зеляніца ў Маларыцкі райвыканкам было накіравана хадайніцтва аб дазволе пачаць будаўніцтва царквы ў Арэхава.18 студзеня 1991 г. была створана раённая камісія для вывучэння грамадскай думкі. 10 ліпеня 1993 г. благачынным Маларыцкай царкоўнай акругі протаіерэем Мікалаем Кудласевічам у саслужэнні духавенства благачыннябылі асвечаны месца будаўніцтва і камень, якi закладзены ў падмурак будучай царквы.

14 кастрычніка 1994 г. настаяцелем Арэхаўскага прыхода быў прызначаны протаіерэй Анатоль Еўстаф’евіч Дударчук, які 25 кастрычніка пачаў праводзіць набажэнствы ў будынку былой школы, абсталяванай часова пад царкву. Жыхары вёскі актыўна збіралі сродкі на новы храм. Генеральным спонсарам будаўніцтва новага храма выступіў СВК «Арэхава» (былы калгас «Зара»).

У 1995 г. царква Параскевы Пятніцы была пабудавана і ў дзень храмавага свята адбылося Саборнае набажэнства. У 1996 г., напярэдадні Раства Хрыстова, у храме ўсталявалі 4-ярусны іканастас. Летам 1998 г.у храме быў распісаны купал. 12 лістапада 1998 г. храм асвяціў мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Будынак храма Параскевы Пятніцы ўзведзены з цэглы, атынкаваны, афарбаваны. Храм у плане мае традыцыйную форму з прыбудаванай трох’яруснай званіцай. Будынак з трыма ўваходамі, накрыты вальмавым дахам, над званіцай – шацёр, увенчаны залатой глаўкай. Над малітоўнай залай узнесены 5 цыбулепадобных залатых глаў на невысокіх барабанах, над апсідай – невялікая глаўка.

У 2000 г. пабудавана царкоўная школа.У гонар 10-годдзя прыходу былы старшыня калгаса «Зара» Іван Васільевіч Ківачук быў узнагароджаны ордэнам Рускай Праваслаўнай Царквы прападобнага Сергія Раданежскага III ступені. У 2006 г.пры храме ўтварылася сястрыцтва, заступніцай якога была абраная блажэнная Валянціна Мінская.

У апошнія гады з’явілася прыгожая традыцыя хрэснага ходу з Маларыты да Арэхава. Штогод 10 лістапада вернікі праходзяць 25 км, асвячаючы сябе і родны край сумеснай малітвай. Паломнікі прыходзяць да храма Параскевы Пятніцы перад вячэрняй. У 12 гадзін ночы ў прастольнае свята ў храме здзяйсняецца Бажэственная літургія.

Правячы архірэй наведаў прыход 10 лістапада 2008 г. (з нагоды 10-годдзя асвячэння храма), 11 лістапада 2012 г., 9 лістапада 2013 г. (з нагоды 15-годдзя асвячэння храма). З нагоды 20-годдзя асвячэння 11 лістапада 2018 г. архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан здзейсніў у храме Бажэственную літургію.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Маларыцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Кучына Галіна Уладзіміраўна, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу

  1. Церковь Параскевы Пятницы : агрогородок Орехово. Малоритский район. – Малорита : Малоритская РЦБС, 2021. – 20 с.
  2. Православные храмы Малоритчины: история православных приходов Малоритчины / Малорита : Малоритская РЦБС, 2021. С. 131–140.
  3. Малоритчина православная: история православных приходов Малоритчины. Малорита : Малоритская РЦБС, 2006.С.28–32.
  4. Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 511 с., [40] л. іл. – Са зместу: Каля 1668, 1792, Арэхава. С. 181.
  5. Лісейчыкаў, Дз.Святар у беларускім соцыуме : прасапаграфія ўніяцкага духавенста 1596–1839 гг. / Дз. Лісейчыкаў. – Мінск, 2015. – 719 с.
  6. Духовно-культурная жизнь Малоритского района в составе Российской империи (1795–1917 гг.) // Города и районы Брестчины : история и современность. / А.А. Горбацкий, О.Н. Иванчина, Р.Ю. Чуль и др. Брест : ОАО «Брестская типография», 2020. С. 204–267.
  7. Нивьер, А. Православные священнослужители, богословы и церковные деятели русской эмиграции в Западной и Центральной Европе (1920–1995): биографический справочник / Антуан Нивьер. Москва ; Париж, 2007. 614 с.
  8. Орехово // Малорита и её окрестности : фотоальбом / авт.-сост.: В. Зенько, Э. Злобин. Пинск : Паляшук, 2008. С. 20.
  9. Арэхава // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 328–329.
  10. Балицевич, Н. В. Униатское и православное духовенство Малоритчины (XYII век – 2017 год) / Николай Васильевич Балицевич : 2-е изд. доп. – Малорита : Малоритская РЦБС, 2021. – 74 с.
  11. Архiтэктура Беларусi : нарысы эвалюцыi ва ўсходнеславянскім i еўрапейскуім кантэксце : у 4 т. /  НАН Беларусi, Iн-т мастацтвазнаўства, этнаграфiii фальклору. – Мiнск : Беларуская навука. – 2006. – Т. 2. – 622 с.
  12. Сакральная живопись Беларуси XV – XVIII веков / авт. текста и сост. Н.Ф.Высоцкая. – Минск : Беларусь, 2007. – 219 с.
  13. Ходор, Г. Н. Летопись деревни Орехово: история и современность / Геннадий Николаевич Ходор ; Малоритская РЦБС, отдел библиотечного маркетинга. –Малорита, 2012.176 с.
  14. Бегеза, Н. Расти, наш яблоневый сад! / Наталья Бегеза // Голас часу. Маларыта, 2022. 2 красавіка. С. 10.
  15. Бегеза, Н. Поддерживая традиции / Наталья Бегеза // Голас часу. Маларыта, 2022. 22 студзеня. С. 12.
  16. Навумчык, М. Храму вёскі Арэхава 20 гадоў / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2018. 14 лістапада. С. 3.
  17. Яцушкевич, Е. На ореховской земле / Екатерина Яцушкевич // Голас часу. Маларыта, 2017. 6 снежня. С. 1, 4.
  18. Навумчык, М. Фестываль «Славія» / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2017. 15 сакавіка. С. 6.
  19. Навумчык, М. І. Царкоўныя ўзнагароды – светарам / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2013. 8 чэрвеня. C. 7.
  20. Касцевіч, І. Варта пачаць, а гасподзь дапаможа / Ірына Касцевіч // Голас часу. Маларыта, 2012. 13 чэрвеня. С. 8.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 331 разоў Апошняя змена Панядзелак, 17 Ліпень 2023 09:31