{gcontent}30 ліпеня 1503 года каралём Рэчы Паспалітай Польскай і Вялікім князем Літоўскім Аляксандрам I гораду Камянцу быў дадзены прывілей “на Магдэбургію”. Па некаторых іншых звестках Камянец атрымаў магдэбургскае права ў 1518 годзе. Па меркаванню мясцовага гiсторыка, краязнаўцы Георгiя Мусевiча, дата 1518 года – памылковая. На тэрыторыі сучаснай Беларусі гэта быў шосты горад з магдэбургскім правам, пасля Берасця (1390), Гародні, Полацка, Менска і Поразава.
Разам з “Магдэбургiяй” горад атрымаў першапачатковы герб: на шчыце – вароты крэпасцi з трыма прыступкамi да iх, справа ад варот – адзiнокае дрэва. Камянчане вызвалялiся ад мыта за правоз тавару праз каморы (таможнi) i прыкаморкi як унутры дзяржаўныя, так i знешнiя. Жыхары горада мелi права гандляваць вiном, гарэлкай i бяспошлiнна вырабляць частку гэтых напояў для асабiстых патрэб. А таксама мелi iншыя выгоды ад “Магдэбургii”.
У 1505 годзе магiстратам была пабудавана ратуша: драўляны двухпавярховы дом з вежай (у 1659 годзе ратуша была спалена). Камянец меў права выбіраць войта паводле прывілеяў вялікіх князёў. У наступныя часы гэты прывілей быў пацверджаны і пашыраны каралямі Рэчы Паспалiтай. У 1523 годзе пацверджанне на магдэбургскае права Камянца было дадзена каралём Сігізмундам I. Праз год у горада з’явіўся свой новы герб: выява сярэбранай вежы на блакітным полі. Магдэбурскае права горада пацвярджалі і ўсе наступныя ўладары краіны. У 1576 годзе гэта зрабіў кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторы, у 1602 годзе – Сігізмунд III, у 1661 годзе – Ян Казімір, у 1669 годзе – Аўгуст II.
У час вайны паміж Расійскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай (1654–1667) Камянец быў моцна разбураны і паступова пачаў страчваць сваё палітычнае і эканамічнае значэнне. Горад карыстаўся правам на самакіраванне на працягу двух с паловай стагоддзяў – да 1776 года, пакуль сойм Рэчы Паспалітай не пазбавіў горад магдэбургскага права. Праз 15 гадоў сойм перадумаў, 14 красавiка 1791 года вярнуў прывiлей, але ён не датычыўся яўрэяў. Праз чытыры гады адбыўся трэцi падзел Польшчы, горад пазбавiўся “Магдэбургii”. Камянецкiя мяшчане настойлiва хадайнiчалi перад iмператрыцай Кацярынай II наконт вяртання гораду магдэбургскiх правоў. I яны былi вернуты 2 кастрычнiка 1796 года, а праз год зноў скасаваны назаўжды.
Старажытныя дакументы “Акты Камянецкай Магдэбургii” знаходзяцца ў аддзеле рукапiсаў бiблiятэкi Акадэмii навук Лiтвы.
З канца XVIII ст. Камянец і навакольныя землі ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі. У верасні 1939 года Камянец з навакольнымі землямі ўвайшоў ў склад БССР. 15 студзеня 1940 года быў утвораны Камянецкі раён з цэнтрам у гарадскім пасёлку Камянцы.
24 чэрвеня 1983 года Камянец атрымаў статус горада.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Лось Ірына Уладзіміраўна, гал. бiблiёграф; Андрайчук Ніна Сцяпанаўна, бiблiёграф I кат.
{/gcontent}
- Магдэбургскае права // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. 2 выд. Мiнск : БелЭн, 2007. Т. 2. С. 241–243.
- Магдебургское право городов Беларуси // Беларусь : Народ. Государство. Время / НАН Беларуси, Институт истории. Минск : Беларуская навука, 2009. С. 413–416.
- Каменец // Города, местечки и замки Великого княжества Литовского : энциклопедия. Минск : БелЭн, 2009. С. 162.
- Камянец // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. 2 выд. Мiнск : БелЭн, 2007. Т. 2. С. 27.
- Мусевич, Г. Камянецкая магдэбургія / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 1998 2 верас.; 9 верас.; 16 верас.
- Мусевич, Г. 495 гадоў таму Камянец а трымаў Магдэбургскае права / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 1998. 29 ліп.
- Гурыновіч, Л. Хроніка Камянеччыны : да 725-годдзя горада / Людміла Гурыновіч // Навiны Камянеччыны. 2001. 21 ліп. С. 2. (Пачатак ў № 55, 56–57, 58, 61, 64, 65, 67, 74, 75).
- Ильин, А. Король Александр и Каменец : [город в конце ХV – начале ХVI вв.] / Александр Ильин // Брестский курьер. 2000. 3–9 жн. (№ 32). С. 12.
- Каменец :[получил магдебургское право в1503 г.]// Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. [Т. 1] : Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 1. С. 436.
- Каменецкая башня : научно-популярное издание / автор концеп. и текста А. М. Суворов. Брест : Полиграфика, 2009. Из содерж.: Магдебургское право. – С. 19.
- Каменецкий район : [Каменец получил магдебургское право в1503 г.]. Брест : Брестская типография, 2008. С. 3.
- Камянец : [атрымаў магдэбурскае права ў 1503 г., або ў 1518 г.] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. Мiнск : БелЭн, 2007. С. 10.
- Кисель, В. П. Каменец : историко-экономический очерк / Виктор Павлович Кисель. Минск : Беларусь, 1976. Из содерж.: О магдебургском праве 1518 г. – С. 11.
- Мусевич, Г. Мой город. Каменцу 720 лет : материалы к путеводителю в прошлое / Мусевич Георгий, Левицкий, Домо де. Каменец, 1996. Из содерж.: Магдебургское право. – С. 5.
- Памяць : гіст.-дакум. хроніка Камянецкага раёна / рэд.-склад.: Г. П. Парафянюк, Р. Я. Смірнова. Мiнск : Ураджай, 1997. Са зместу: Камянец атрымаў магдэбурскае права ў 1503 г., а па іншых звестках у 1518 г. – С. 3, 99.
- Старажытны Камянец // Навіны Камянеччыны. 2001. 28 крас. С. 6.
- Туристические маршруты Каменетчины / Каменецкий районный исполком. Брест : Брестская типография, 2007. Из содерж.: Каменец получил магдебургское право в 1503 г. – С. 2.