Серада, 07 Чэрвень 2023 12:29

13 студзеня 2023 г. — 125 гадоў з дня нараджэння Пятра Іванавіча Ратайкі (1898–1982), дзяржаўнага дзеяча БССР, удзельніка Кастрычніцкай рэвалюцыі, Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войн

Пётр Іванавіч Ратайка нарадзіўся 13 студзеня 1898 г. у в. Пескі Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям'і. У 1912 г. скончыў тры класы мясцовай школы, потым працаваў разам з бацькамі на гаспадарцы. У верасні 1915 г. з набліжэннем германскіх войск сям’я Ратайкаў эвакуіравалася ў г. Арэнбург, там Пётр працаваў на Арэнбургска-Орскай чыгунцы.

У маі 1916 г. васемнаццацігадовым юнаком трапіў на фронт Першай сусветнай вайны. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. ён з першых дзён са зброяй у руках у Чырвонай арміі. У складзе 18-га стралковага палка служыў спачатку радавым, потым палітруком. Удзельнічаў у баях супраць войск генерала А. І. Дутава і адмірала А. В. Калчака.

У ліпені 1920 г. Пётр Ратайка ўступіў у РКП(б). Пасля дэмабілізацыі жыў і працаваў у Беларусі. З 1921 г. працаваў старшынёй Заслаўскага і Самахвалавіцкага валасных выканкамаў. З 1926 г. тры гады вучыўся ў Камуністычным універсітэце Беларусі ў Мінску. Пасля яго заканчэння працаваў старшынёй Чэрыкаўскага, потым Крычаўскага райвыканкамаў, намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама. Не палічыць, колькі разоў сцерагла яго смерць. З бандыцкіх абрэзаў цалялі ў яго пад Мінскам і Заслаўем, рука бандыта кінула гранату на лясной дарозе пад Чэрыкавым.

З гістарычнымі падзеямі ў жыцці беларускага народа, з уз’яднаннем Заходняй Беларусі з БССР, звязана накіраванне П. І. Ратайкі, як вопытнага работніка, у г. Гродна. У той час Гродна з’яўляўся адным з буйнейшых прамысловых цэнтраў Заходняй Беларусі, але гаспадарка горада знаходзілася ў занядбаным стане. 15 снежня 1939 г. адбыліся выбары ў гарадскі Савет дэпутаў працоўных, 21 снежня прайшла яго першая сесія. П. І. Ратайка стаў першым старшынёй гарсавета. Шмат цяжкасцей давялося пераадольваць і шмат карысных спраў удалося зрабіць у горадзе за няпоўныя два гады савецкай улады (са снежня 1939 г. па чэрвень 1941 г.).Яшчэ большымі былі планы на наступныя гады, але перашкодзіла вайна.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Пётр Ратайка знаходзіўся ў дзеючай арміі. Ваяваў у складзе 3-й арміі на Бранскім фронце. Восенню 1943 г. з пачаткам вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў П. І. Ратайка быў адкліканы з арміі і накіраваны ў распараджэнне Савета Народных Камісараў БССР, які часова знаходзіўся ў Гомелі. Працаваў намеснікам старшыні СНК БССР (1943–1944).

У 1944 г. П. І. Ратайка прыехаў у толькі што вызвалены горад Гродна. 8 жніўня аднавіў сваю работу гарадскі Савет дэпутатаў працоўных. 20 верасня Гродна стаў цэнтрам Гродзенскай вобласці. Да 1948 г. Пётр Іванавіч займаў пасаду старшыні Гродзенскага абласнога выканкама. У гэтыя гады шмат увагі і часу аддаваў аднаўленню разбуранай гаспадаркі горада
і вобласці. Уся краіна дапамагала адбудоўваць адзін са старажытнейшых беларускіх гарадоў, сюды везлі метал, вугаль, прамысловае абсталяванне, будаўнічыя матэрыялы. Ужо ў 1947 г. прамысловасць вобласці дасягнула даваеннага ўзроўню.

У наступныя гады Пётр Іванавіч працаваў у Мінску. На працягу некалькіх гадоў узначальваў Галоўнае ўпраўленне рыбнай прамысловасці пры Савеце Міністраў БССР (1948–1953). Заўсёды працаваў ад шчырай душы, як загадвала сэрца. Ён не любіў самазадаволенасці, абыякавасці.
На першым плане ў яго была дзелавітасць, прынцыповасць і, самае галоўнае, — сумленнасць. У сталым узросце завочна закончыў Цэнтральны інстытут рыбнай прамысловасці ў Маскве (1958).

Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР I, II, III скліканняў (1938–1955). Узнагароджаны шасцю ордэнамі (Чырвонай Зоркі, Чырвонага Сцяга і інш.), медалямі. Аўтар дакументальнай аповесці «На жыццёвых кручах» (1985), якая выдадзена пасля яго смерці. Апісаў родную вёску Пескі, бедны побыт аднасяльчан, свой шлях чырвонаармейца, барацьбу з бандытызмам у 1920-я гг., студэнцкія гады ў Мінску, першыя месяцы Вялікай Айчыннай…

6 снежня 1967 г. Пётр Іванавіч Ратайка рашэннем выканаўчага камітэта Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных № 260 удастоены звання «Ганаровы грамадзянін горада Гродна». Пастановай ад 31 ліпеня 1968 г. № 149 выканкама Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных і бюро Гродзенскага гаркама КПБ першы старшыня Гродзенскагагарсавета дэпутатаў працоўных (1939–1941), старшыня Гродзенскага аблвыканкама (1944–1948) Пётр Іванавіч Ратайка занесены ў Кнігу Народнай славы г. Гродна.

П. І. Ратайка пасля цяжкай хваробы памёр у 1982 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.

Кобрынскай цэнтральнай раённай бiблiятэкай.

Курачук Святлана Дзмітрыеўна,

бібліёграф I катэгорыі аддзела абслугоўвання і інфармацыі.

  1. Ротайко Петр Иванович// Долготович, Б. Д. Почетные граждане белорусских городов : биографический справочник / Б. Д. Долготович. Минск, 2008. С. 204–205.
  2. Ратайко Пётр Иванович // Гродно : энциклопедический справочник. Минск, 1989. С. 343.
  3. Ратайка Пётр Іванавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 9. С. 132.
  4. Плешавеня, А. М. Першы старшыня : [Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў П. І. Ратайка] / А. М. Плешавеня // Памяць. Гродна : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 330–331.
  5. Ганаровыя грамадзяне горада Гродна ў пасляваенны перыяд : Ратайка Пётр Іванавіч // Памяць. Гродна : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 683.
  6. Пасля вызвалення Айчыны : [аднаўленне Гродна ў 1944–1950 гг.] // Памяць. Гродна : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 503–506.
  7. Госцеў, А. П. [Ратайко Пётр Иванович] / А. П. Госцеў, В. В. Швед // Кронан. Летапіс горада на Немане (1116–1990 гг.) / А. П. Госцеў, В. В. Швед. Гродна, 1993. С. 203.
  8. Ратайко Пётр Иванович // Книга народной славы. 1917–1967 : 50 год [Октябрьской революции]. Гродно, 1968. [С. 16.] ; Место хранения : УК Гродненский государственный историко-археологический музей.
  9. Ратайка, П. І. На жыццёвых кручах : дакументальная аповесць : [для сярэд. і ст. шк. узросту] / Пятро Ратайка ; [літ. запіс і пасляслоўе Вячаслава Дубінкі]. – Мінск : Юнацтва, 1985. – 239 с.
  10. Ганаровыя грамадзяне-землякі іншых гарадоў : Ратайка Пётр Іванавіч // Імі ганарыцца Кобрыншчына. Ганаровыя грамадзяне кобрынскага краю : біябібліяграфічны даведнік / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. 2-е выд., дап. Кобрын, 2020. С. 91–93.
  11. Курачук, С. История кобринского края в лицах : [почетные граждане белорусских городов – уроженцы Кобринщины] / страницу подготовила Светлана Курачук // Кобрин-информ. 2021. 28 октября (№ 43). С. 4 : фото.
  12. Курачук, С. Достойным – почётное звание! : [продолжением проекта Кобринской центральной районной библиотеки «Славутыя імёны маёй малой радзімы» стало издание биобиблиографического справочника «Імі ганарыцца Кобрыншчына» и создание полнотекстовой базы данных «Ганаровыя грамадзяне Кобрынскага краю»] / Светлана Курачук // Кобрин-информ. 2018. 6 декабря (№ 49). С. 4.

 

Чытаць 311 разоў