Чацвер, 14 Сакавік 2013 12:09

2013 г. – 725 гадоў з часу пабудовы Камянецкай вежы, помніка абарончага дойлідства (паводле Іпацьеўскага летапісу пабудавана паміж 1276–1288 гг.)

Камянецкая вежа, «Столп камен» (летапісная назва) – унікальны старажытны помнік абароннага дойлідства, узор ваенна-інжынернага мастацтва другой паловы XIII ст.

{gcontent}Камянецкая вежа была пабудавана на левым беразе ракі Лясной, ў перыяд паміж 1276–1288 гадамi дойлідам Алексам па загаду Валынскага князя Уладзіміра Васількавіча, як парубежны ахоўны пункт.

Круглае ў плане мураванае збудаванне вышынёй каля 30 м, вонкавы дыяметр якога 13,5 м, а таўшчыня сцен – 2,5 м. Стаіць вежа на магутным фундаменце з бутавага каменя, перасыпанага чыстым, дробным пяском (вышыня фундамента – каля 2,3 м, а яго знешні дыяметр – каля 16 м). Вежа складзена з цёмна-чырвонай і жоўтай брушчатай цэглы з канаўкамі на адной з пласкасцей. Велічная, манументальная вежа ўверсе некалькі вузейшая і не мае ні вертыкальных, ні гарызантальных чляненняў. Ствол яе складзены з лёгкім нахілам да вертыкальнай восі. Сцены вежы прарэзаны байніцамі. У першым ярусе іх дзве, у другім і трэцім – па тры, у чацвёртым – дзве і адзін стрэльчаты праём для дзвярэй. Унутры вежа падзялялася драўлянымі памостамі на 5 ярусаў. Над верхнім зводам вежы першапачаткова існаваў і дах у выглядзе шатра.

Мастацкая выразнасць пабудовы дасягаецца маналітнасцю аб’ёму, лаканічнасцю архітэктурнага вырашэння, удалым размяшчэннем вежы на ўзгорку, які быў абнесены валам з драўлянымі сценамі наверсе (не зберагліся). Як пабудова, асноўнае назначэнне якой было ваенным, Камянецкая вежа характарызуецца простымі і строгімі формамі. Архітэктурныя асаблівасці Камянецкай вежы настолькі своеасаблівыя, што з цяжкасцю могуць быць супастаўлены са стылямі іншых вядомых помнікаў старажытнага дойлідства ў перыяд паступовага пераходу ад рамантычнага стылю да готыкі.

Вежа апраўдала сябе як абарончае збудаванне. Ворагi ні ў XIII ст., ні крыжакі ў XIV ст. не змаглі яе захапіць. 3 цягам часу Камянецкая вежа страціла сваё абарончае значэнне і прыйшла ў запусценне. У сярэдзіне XIX ст. яна стала відавочна руйнавацца.

У 1897 годзе вежу як старажытны помнік праваслаўя ў краі вырашана было рэстаўрыраваць. I ў 1899 годзе па заданні Археалагічнай экспедыцыі вежа была даследавана і абмерана. Акадэмікам У. В. Суславым складзены праект рэстаўрацыі, якая, хоць і не поўнасцю, была праведзена ў 1903–1905 гадах. Сцены вежы былі вызвалены ад трохметровага пласта зямлі, ўмацаваны каменнем узгорак вакол вежы, зроблены драўляныя міжпавярховыя бэлькі і закладзены новай цэглай разбураныя часткі сцен і зубцоў. На жаль, падчас земляных работ бясследна зніклі старажытныя вал і роў.

У пасляваенныя гады па рашэнні ўрада БССР Камянецкая вежа была ўзята пад ахову дзяржавы як помнік гісторыі і культуры. Нярэдка ў літаратуры сустракаецца і назва «Белая вежа», але яна гістарычна памылковая, узнікла ў XIX ст., недарэчнай была і пабелка вежы ў 1950-я гады.

1 мая 1960 года на базе вежы быў адчынены філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, створана гістарычная экспазіцыя.

У 1985 годзе ўпраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама выдала загад аб закрыцці музея ў Камянецкай вежы ў сувязі з хуткай рэканструкцыяй. Рэстаўрацыйныя работы ў вежы пачаліся толькі 15 ліпеня 1996 года і працягваліся па 2004 год. У выніку сцены вежы былі канчаткова ачышчаны ад вапны, цэгла пакрыта спецыяльным растворам, які засцерагае ад разбурэння, заменяны між’ярусныя перакрыцці, сталярка, зроблены лесвіцы, якія злучылі ўсе пяць ярусаў вежы. 4 верасня 2005 года ў вежы была размешчана новая экспазіцыя на пяці ярусах ў пяці экспазіцыйных залах, якая налічвае 339 экспанатаў.

У 2012 годзе падчас падрыхтоўкi абласнога фестывалю-кiрмаша “Дажынкі” была зроблена рэканструкцыя ўваходнай групы і адміністрацыйнага будынка музея.

За час работы музея ў вежы пабывалі турысты з дзесяткаў краін свету. Многiх паэтаў Белая вежа натхнiла на вершы, мастакоў – на карцiны. Пад яе сценамi былi паказаны спектаклi Мiжнароднага тэатральнага фестывалю “Белая вежа”. З 2009 года тут праводзiцца абласное свята сярэднявяковай культуры i традцый “Камянецкая вежа”.

Камянецкая вежа стаіць маўклівым і велічным сведкам усіх падзей нашай шматвекавой гісторыі. Помнік рэдкі, унікальны, са шчаслівым лёсам, бо яго захаваў для будучых пакаленняў бязлітасны час. Гэты помнік – велічная справа рук чалавечых, помнік з глыбіні вякоў і на вякі.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Лось Ірына Уладзіміраўна, гал. бiблiёграф; Андрайчук Ніна Сцяпанаўна, бiблiёграф І кат.

У рэдагаванні тэксту прыняла ўдзел Казулька Таццяна Мікалаеўна, заг. філіялам “Камянецкая вежа”

{/gcontent}

  1. Каменецкая башня: научно-популярное издание / автор концепции и текста А. М. Суворов. Брест : Полиграфика, 2009. 35 с.: ил.
  2. Камянецкая вежа= Каменецкая башня = Kamenets tower : навукова-папулярнае выданне / рэд. Ю. А. Паўлюкевіч ; тэкст А. А. Ярашэвіча ; фота А. П. Дрыбаса, Дз. М. Раманюка. Мiнск : Беларусь, 2005. 65 с.
  3. Камянецкая вежа // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. 2 выд. Мінск, 2006. Т. 2. С. 28.
  4. Каменецкая башня // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. [Т. 1]. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 1. С. 437.
  5. Каменецкая башня // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 3. С. 853.
  6. Каменецкая башня // Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. Минск : БелЭн, 2007. С. 233.
  7. Каменецкая башня // Туристические маршруты Каменетчины / Каменец. район. исполком. Брест : Брестская типография, 2007. С. 5.
  8. Камянецкая вежа // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 7. С. 555.
  9. Камянецкая вежа // Памяць: Камянецкі раён: гіст. дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі / рэд.-склад.: Г. П. Парафянюк, Р. Я. Смірнова. Мiнск : Ураджай, 1997. С. 22–27.
  10. Камянец i ваколiцы: фотаальбом : [звесткі пра вежу]. Брест : ООО "РИА Вечерний Брест", 2010. С. 4.
  11. Iоў, А. Пад ценем Камянецкай вежы : [аб археалагiчных раскопках у Камянцы] / А. Iоў // Мастацтва. 2008. № 7. С. 25.
  12. Бутэвіч, А. Камянецкая вежа : [гiсторыя з 1276 г.] / Анатоль Бутэвіч // Народная газета. 2008. 16 лют. С. 9.
  13. Мусевіч, Г. Пра мінулае Камянецкага стаўпа / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 2007. 21 ліп.
  14. Яскевіч, С. Слёзы вежы : Рэстаўрацыя гiстарычных аб’ектаў вядзецца на Брэстчыне з будаўнiчымi агрэхамi : [у т. л. пра недахопы рэстаўрацыi Камянецкай вежы] / Святлана Яскевіч // Звязда. 2012. 25 верас. С. 3.
  15. Дзюрыч, Г. Пяць ярусаў музея : [знаёмства з музеем Камянецкай вежы] / Г. Дзюрыч // Навіны Камянеччыны. 2005. 3 верас. С. 3.
  16. Дорофеева, В. История в зубцах : [о музее “Каменецкая башня”] / В. Дорофеева // Вечерний Брест. 2007. 10 авг. С. 3.
  17. Мусевич, Г. Мой город. Каменцу 720 лет : материалы к путеводителю в прошлое : [сведения о Белой веже] / Георгий Мусевич, Левицкий, Домо де. Каменец, 1996. С. 12.
  18. Несцярчук, Л. М. Камянецкая вежа // Несцярчук, Л. М. Замкi, палацы, паркi Берасцейшчыны Х–ХХ стагоддзяў : (гiсторыя, стан, перспектывы) / Л. М. Несцярчук. Мiнск : БЕЛТА, 2002. С. 18–19.
  19. Свинтилова, Н. Пять ярусов истории готовится предложить посетителям новая экспозиция Каменецкой вежи / Наталья Свинтилова // Вечерний Брест. 2005. 13 апр. С. 11.
  20. Старый Каменец: фотоальбом. Каменец, 2010. 1 электрон. диск (CD-ROM).
  21. Татаринов, Ю. А. Каменецкий столп / // Татаринов, Ю. А. Города Беларуси. Брестчина: в некоторых интересных исторических сведениях / Ю. А. Татаринов. Минск : Смэлток, 2010. С. 83–84.
  22. Тиборовская, Т. Щит земли Каменецкой : [история Каменецкой вежи] / Тамара Тиборовская // Беларускi час. 2006. 14–21 апр. С. 18; 21–28 апр. С. 17.
  23. Ткачев, М. А. Каменецкая башня // Ткачев, М. А. Замки Беларуси / М. А. Ткачев. Минск : Беларусь, 2002. С. 6–10.
  24. Трибулева, Е. Из лука в яблочко : [о новой услуге музея "Каменецкая башня" – стрельбе из лука] / Елена Трибулева // Вечерний Брест. 2012. 16 мая. С. 13.
  25. Чантурия, В. А. Каменец : [сведения о Белой веже] / В. А. Чантурия, Ю. В. Чантурия // Чантурия, В. А. Памятники и памятные места Беларуси : путеводитель по культурно-историческим памятникам / В. А. Чантурия, Ю. В. Чантурия. Смоленск : Русич, 2007. С. 67–71.
  26. Спрынчан, Б. Белая вежа : [верш] / Браніслаў Спрынчан // Полымя. 2006. № 12. С. 84.
  27. Гарагляд, Н. Камянецкі вальс : [верш] / Ніна Гарагляд // Навіны Камянеччыны. 2005. 6 верас. С. 1.
  28. Гарадзей, В. Белая вежа : [верш] / Віктар Гарадзей // ЛіМ. 2005. 2 верас. С. 1.
  29. Шніп, В. Балада Белай вежы : [верш] / Віктар Шніп // ЛіМ. 2005. 2 верас. С. 8.
  30. Рудкоўскі, М. Камянецкая вежа : [верш] / Міхась Рудкоўскі // Навіны Камянеччыны. 2005. 3 верас. С. 3.
  31. Пракаповіч, М. Белая вежа : [верш] / Мікола Пракаповіч // ЛіМ. 2005. 2 верас. С. 8.
  32. Камейша, К. Белая вежа : [верш] / Казімір Камейша // ЛіМ. 2005. 2 верас. С. 8.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 3087 разоў Апошняя змена Панядзелак, 06 Красавік 2020 12:33