Чацвер, 14 Сакавік 2013 12:11

15 сакавіка 2013 г. – 75 гадоў з дня нараджэння Галіны Мікалаеўны Малажай (1938–2005), мовазнаўцы, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі адукацыі РБ

Галіна Мікалаеўна Малажай нарадзілася 15 сакавіка 1938 года ў вёсцы Кустын Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і служачых.

{gcontent}Бацька, Васілеўскі Іван Сцяпанавіч, меў салідную адукацыю. У 1917 годзе ён закончыў юрыдычны факультэт Казанскага ўніверсітэта, выкладаў матэматыку і геаграфію ў Брэсцкай гімназіі. Маці, Ігнацюк Надзея Лукінічна, вучылася ў гімназіі, але не закончыла яе, бо трэба было даць адукацыю братам. Галіна расла ў сям’і адна, больш дзяцей у бацькоў не было.

Калі закончыла сямігодку, вучылася ў Астрамечаўскай школе, а ў 1952 годзе – у сярэдняй школе № 1 г. Брэста. Пасля заканчэння школы, Галiна Малажай паступіла на філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна, якi закончыла ў 1960 годзе. Працаваць была накіравана ў Кобрынскі раён. Два гады настаўнічала ў Павіцьеўскай сярэдняй школе, праз некаторы час перавялася ў Корчыцкую сямігодку.

З 1963 года Галіна Мікалаеўна пачала працаваць выкладчыкам педінстытута, з 1965 года – старшым выкладчыкам. У 1971 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме “Перыфразы ў беларускай літаратурнай мове (структурна-семантычная і стылістычная характарыстыка)” у Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР.

У 1975 годзе Малажай атрымала вучонае званне дацэнта, у 1988 годзе – прафесара. З 1981 года Галіна Мікалаеўна займала пасаду загадчыка кафедры беларускага мовазнаўства філалагічнага факультэта, дэпутат Брэсцкага абласнога Савета народных дэпутатаў 15-га, 16-га скліканняў, член Вучонай рады ўніверсітэта. Падрыхтавала двух кандыдатаў навук.

У 1983 годзе Г. М. Малажай атрымала ганаровае званне “Выдатнік народнай асветы”, у 1984 годзе – “Ветэран працы”. У 1986 годзе ёй уручаны знак “За успехи в научно-исследовательской работе студентов”. Узнагароджана медалём “За трудовое отличие” (1986), Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1988).

Усё жыццё Г. М. Малажай даследавала праблемы беларускай фразеалогіі і дыялекталогіі, мову мастацкай літаратуры, праблемы выкладання беларускай мовы ў сітуацыі білінгвізму.

Памерла Галіна Мікалаеўна Малажай 14 мая 2005 года.

Сёння імя Г. М. Малажай шырока вядома не толькі ў сучаснай філалогіі, але і вялікай колькасці студэнтаў, школьнікаў, настаўнікаў, бацькоў. Імя прафесара Г. М. Малажай – на вокладках шматлікіх кніг: навуковых манаграфій, дапаможнікаў для студэнтаў, на падручніках па беларускай мове для 5–8 класаў школ з рускай мовай навучання для 11-гадовай і 12-гадовай школы, на вокладках праграм па беларускай мове, зборнікаў тэкстаў для дыктовак, пераказаў і водгукаў, матэрыялаў для алімпіяд, для цэнтралізаванага тэсціравання.

Г. М. Малажай – аўтар больш як 300 навуковых прац, асноўныя: “Беларуская перыфраза” (1974), “Сучасная беларуская мова: Перыфраза” (1980), “Сучасная беларуская мова: Слова. Перыфраза. Фразелагізм” (1992) i інш. 26 гадоў яна ўзначальвала кафедру беларускага мовазнаўства Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. На кафедры сфармавалася навуковая школа прафесара Г. М. Малажай, якая займаецца вывучэннем актуальных праблем беларускага мовазнаўства і выкладання роднай мовы ў ВНУ і школе.

На філалагічным факультэце ёсць аўдыторыя імя прафесара Г. М. Малажай. Той, хто прыйдзе ў аўдыторыю № 304, сустрэнецца не толькі з светлым, прыветным поглядам Галіны Мікалаеўны, убачыць плён яе працы, убачыць цэлую эпоху ў гісторыі кафедры беларускага мовазнаўства, у гісторыі ўніверсітэта, у гісторыі горада, у гісторыі Беларусі.

Як адзначыла загадчык кафедры беларускага мовазнаўства М. І. Новік, “Галіна Мікалаеўна Малажай – знакавая постаць Беларусі. Гэта знак творчай улюблёнасці ў справу, у роднае слова, знак вернасці Настаўніку і вечным ідэалам, скарбам душы – гонару і годнасці, волі і мужнасці, моцы духу. Постаць Г. М. Малажай гарманічна ўключаецца ў кола тых жанчынаў-асветніц, што, пачынаючы ад Ефрасіні Полацкай, нясуць cвятло жыватворнага Слова, святло чалавечнасці і дабрыні”. 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Брэсцкай цэнтральнай раённай бiблiятэкай. Таццяна Іванаўна Васілюк, бібліёграф

{/gcontent}

Працы Г. М. Малажай

  1. “Мова наша ёсць такая ж людская і панская…” : [аб зб. вершаў Ф. Багушэвіча “Дудка беларуская”] / Г. М. Малажай // Асоба і творчасць Францішка Багушэвіча ў прасторы і часе : зборнiк навуковых артыкулаў да 170-годдзя з дня нараджэння Ф. Багушэвіча / БрДУ. Брэст, 2010. С. 63–66.
  2. Беларуская мова : экзаменацыйныя тэсты з узорамі выканання (для падрыхт. да цэнтраліз. тэсціравання) / Г. М. Малажай, Л. І. Яўдошына. Мінск : Аверсэв, 2009.
  3. Ведаў, любіў, адмыслова карыстаўся / Г. М. Малажай // Пасланец Праметэя : кніга пра Уладзіміра Калесніка / уклад.: З. М. Калеснік і інш. Брэст : БрДУ, 2007. С. 59–61.
  4. Беларуская мова : дапаможнік для падрыхтоўкi да абавязковага цэнтралiзаванага тэсцiравання : 3 выд. / Г. М. Малажай. Мінск : Аверсэв, 2005. 368 с. (Школьнiкам, абiтурыентам, навучэнцам).
  5. Актуальныя праблемы мовазнаўства i лiнгвадыдактыкi : зборнік навуковых артыкулаў / БрДУ ; пад. рэд. Г. М. Малажай. Брэст : Академия, 2005. 139 с.
  6. Слова i фразеалагiзм у лiтаратурным i дыялектным кантэксце : манаграфiя / Г. М. Малажай, В. М. Касцючык, Л. I. Яўдошына i iнш. Брэст, 2004. 123 с.
  7. Беларуская мова ў 7 класе : вучэбна метадычны дапаможнік для наст. устаноў, якія забясп. атрым. агул. сярэд. адукацыі з рус. мовай навуч. / Г. М. Малажай, Н. М. Чалюк. Мінск : Нац. iн-т адукацыi, 2004. 191 с.
  8. Беларуская мова : падручнік для 5 кл. агульнаадукац. шк. з рус. мовай навучання / Г. М. Малажай, С. Р. Рачэўскi, Л. С. Васюковiч, З. М. Кавалевiч. Мінск : Навук.-метад. цэнтр вучэб. кн. i сродкаў навучання, 2002. 382 с.
  9. Зборнiк дыктантаў i пераказаў : дапаможнік для падрыхт. аддзялення / БрДУ; Г. М. Малажай, В. Я. Ляшук, С. Р. Рачэўскi. Брэст, 2001. 86с.
  10. Беларуская мова. 7 кл. : падруч. для 7 кл. агульнаадукац. шк. з рус. мовай навучання / Г. М. Малажай, З. М. Заiка, Н. М. Чалюк. Мінск : НМЦэнтр, 2001. 271 с.
  11. Беларуская мова : матэрыялы да экзамену : дапаможнік для школ, ліцэяў, гімназій / Г. М. Малажай. Мінск : Аверсэв, 2001. 287 с. (Экзамены).
  12. Алiмпiяды па беларускай мове : дапаможнік для навуч. агульнаадукац. школ, гiмназiй, лiцэяў / Г. М. Малажай, В. П. Красней. Мінск : Аверсэв, 2000. 237 с.
  13. Лабараторныя працы па сучаснай беларускай мове : вучэбны дапаможнік для студ. ВНУ/ Г. М. Малажай. Мінск : Вышэйшая школа, 1999. 300 с.
  14. Вывучэнне беларускай мовы ў 7 класе : вучэбна-метадычны дапаможнік для настаўнiкаў / Г. М. Малажай, Н. М. Чалюк. Мінск : НМЦэнтр, 1999. 143 с.
  15. Вывучэнне беларускай мовы ў 6 класе школ з рускай мовай навучання : вучэбна-метадычны дапаможнік для настаўнiкаў / Г. М. Малажай. Мінск : Народная асвета, 1999. 175с.
  16. Беларуская мова : дапаможнiк для школ, лiцэяў, гiмназiй / Г. М. Малажай. Мінск : Аверсэв, 1999. 287 с. (Школьнiкам, абiтурыентам, навучэнцам).
  17. Беларуская мова : падручнiк для 6 кл. школ з рус. мовай навучання / Г. М. Малажай, З. М. Кавалевiч, С. Р. Рачэўскi. Мінск : Народная асвета, 1998. 238с.
  18. Практыкум па беларускай мове : вучэбны дапаможнік для нефiлал. фак. ВНУ / пад агульн. рэд. Г. М. Малажай. Мінск : Вышэйшая школа, 1993. 329 с.
  19. Даведнік для абітурыентаў па беларускай мове / Г. М. Малажай. Брэст : Брэсцкая друкарня, 1992. Ч. 1. 89с.
  20. Даведнік для абітурыентаў па беларускай мове / Г. М. Малажай. Брэст : Брэсцкая друкарня, 1992. Ч. 2. 97с.
  21. Перифразы в белорусском литературном языке : автореферат диссертации на соиск. учен. степ. канд. филол. наук / Г. М. Малажай ; АН БССР, Ин-т языкознания им. Я. Коласа. Минск, 1971. 20 с.

 

Аб жыццi i дзейнасцi Г. М. Малажай

  1. Варонiк, С. З родным словам па жыцці (да 70-годдзя з дня нараджэння прафесара Г. М. Малажай) / С. Варонiк // Веснiк Брэсцкага унiверсiтэта. Серыя філалагічных навук. 2008. № 1 (9). С. 152.
  2. Малажай Галіна Мікалаеўна // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 9. С. 557.
  3. Кавалёва, М. Галіна Мікалаеўна Малажай / М. Кавалёва, К. Панюціч // Моўныя адзінкі ў кантэксце : зборнік навуковых артыкулаў. Мінск, 1989. С. 105–107.
  4. Малажай Галіна Мікалаеўна (1938-2005 гг.) // Прафесарска-выкладчыцкi калектыў Брэсцкага дзяржаўнага унiверсiтэта iмя А. С. Пушкiна : бiябiблiяграфічны даведнiк : 1945–2005 / аўт.-склад.: У. В. Здановiч i iнш. Брэст : БрДУ, 2005. 246 с.
  5. Малажай Галіна Мікалаеўна // Беларуская мова : энцыклапедыя / пад рэд. А. Я. Мiхневiча. Мiнск : БелЭН, 1994. С. 329–330.
  6. Мароз, В. Навуковая спадчына Галіны Малажай ў кантэксце здабыткаў лінгвістычнай школы прафесара Фёдара Янкоўскага : матэрыялы Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі, прысвечанай 70-годдзю з дня нараджэння прафесара Галіны Мікалаеўны Малажай. Брэст, 20–21 сак. 2008 г. // Актуальныя праблемы мовазнаўства і лінгвадыдактыкі / БрДУ імя А. С. Пушкіна. Брэст, 2008.
  7. Метрыка літаратурная : [70 гадоў таму ў в. Кустын Брэсцкага раёна нарадзілася Г. М. Малажай] // Полымя. 2008. № 3. С. 204–205.
  8. Новiк, М. I. Святло творчага шчыравання : штрыхi да партрэта Галіны Мікалаеўны Малажай / М. І. Новік // Веснiк Брэсцкага унiверсiтэта. 2005. № 3 (3). С. 64–71.
  9. Новік, М. І. Несла святло роднага слова / М. І. Новік // Роднае слова. 2008. № 3. С. 37–38.
  10. Рачевский, С. Все остается людям / С. Рачевский // Брестская газета. 2008. 28 марта – 3 апр. С. 3.
  11. Рубашэўскi, Ю. Святло яе ўсмешкі / Ю. Рубашэўскі // Вечерний Брест. 2006. 23 июня. С. 7.
  12. Дрык, Н. Настаўнікі не паміраюць / Н. Дрык // ЛiМ. 2006. 11 жн. С. 13.
  13. Святло сакавіцкага слова : навуковае выданне да 60-х угодкаў прафесара Галіны Мікалаеўны Малажай / навук. рэд. М. М. Аляхновіч. Брэст : БрДУ, 1998. 277 с.
  14. Чтобы помнили : профессор Галина Моложай (1938–2005) // Брестская газета. 2008. 14–20 марта. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2829 разоў Апошняя змена Пятніца, 30 Красавік 2021 10:20