Аўторак, 18 Ліпень 2023 15:02

29 мая 2023 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Пятра Пятровіча Барысюка (1938–2001), стаматолага, хірурга-анестэзіёлага, паэта, публіцыста

Пётр Пятровіч Барысюк нарадзіўся 29 мая 1938 г. у в. Каты Палескага ваяводства (цяпер Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Скончыў Дзеткавіцкую сярэднюю школу Драгічынскага раёна (1955), Брэсцкае медыцынскае вучылішча (1958). Служыў у Савецкай арміі. Пасля дэмабілізацыі працаваў фельчарам у Бездзежскай участковай бальніцы Драгічынскага раёна.

Па заканчэнні стаматалагічнага факультэта Мінскага медыцынскага інстытута (1965) Пётр Барысюк прайшоў спецыялізацыю па анестэзіялогіі ў Беларускім інстытуце ўдасканалення ўрачоў. Як адзін з лепшых вучняў трапіў у артыкул «Наши отличники», які надрукаваны ў газеце «Советский медик». Працаваў урачом-анестэзіёлагам у Пінскай цэнтральнай раённай бальніцы да лістапада 1967 г. і да жніўня 1976 г. — у 6-й стаматалагічнай паліклініцы г. Мінска на адміністратыўных пасадах, урачом-стаматолагам-анестэзіёлагам і стаматолагам-хірургам. З верасня 1976 г. і да канца 1996 г. — хірургам-анестэзіёлагам у 7-й стаматалагічнай паліклініцы г. Мінска.

Пётр Пятровіч прымяняў перадавыя метады лячэння, укараняў новыя формы наркозу, быў аўтарам 4-х рацыяналізатарскіх прапаноў у сферы стаматалагічнай анестэзіялогіі, пацверджаных у 1974 г. Ён захаваў да самай смерці ўсе свае зубы, навучыў дзяцей лячыць зубы без анестэзіі.

Пётр Пятровічбыў і публіцыстам. У 1990-х гг. пісаў артыкулы пра стаматалагічныя праблемы, аб пчалярстве, вырошчванні тапінамбура на лёцішчах і статусе мовы тытульнай нацыі ў Беларусі. Быў заўзятым пчаляром, вынайшаў арыгінальную мадэль вадзяной васкатопкі. Цікавіўся надзвычанымі здольнасцямі чалавека, магчымасцю яго замбіравання ў наш час: хадзіў на выступление Вольфа Месінга, на лекцыю Тодара Дзічава, шмат чытаў кніг, часопісаў, газет. Выразаў артыкулы пра доўгае жыццё і неўміручасць. Імкненне да праўды ва ўсёй яе светапогляднай глыбіні было яго сэнсам жыцця.

Пісаў вершы па-руску, паводле яго прызнання, каб больш людзей з тэрыторыі былога Савецкага Саюза змаглі яго прачытаць. Пры тым што беларускую мову ведаў добра. Пісьменнікі-ўрачы — гэта асаблівыя творцы. Яго вершы друкаваліся ў газетах «Народная воля», «Здравый смысл», «Белорусская лесная газета», у медыцынскіх выданнях. Падрыхтаваў і выдаў дзве кнігі вершаў: «Поиск истины» (1995) і «Поиск истины продолжается» (2000).

Лірычны герой паэта максімальна аўтабіяграфічны. Аўтарскі стыль просты, ясны, лаканічны. Ён рабіў стаўку не на навізну вобразаў і стылю, а на дакладнасць выказвання сваіх думак і пачуццяў, на іх глыбіню, на веданне жьщця. Ён меў схільнасць да філасофіі: імкнуўся дакапацца да сутнасці з’яў і падзей. У яго творчасці выявіліся ўсе жанрава-тэматычныя пласты: інтымная, грамадзянская, філасофская, пейзажная лірыка.

П. П. Барысюк памёр 20 красавіка 2001 г., пахаваны на Паўночных могілках г. Мінска. На помніку зроблены надпіс «Всю жизнь я истину искал!». 13 ліпеня 2023 г. у 7-й стаматалагічнай паліклініцы г. Мінска прайшоў вечар памяці Пятра Барысюка з удзелам яго дачкі, паэтэсы Таццяны Барысюк.

Таццяна Пятроўна Барысюк (1971) — беларуская паэтэса, крытык, літаратуразнаўца, перакладчыца і празаік. Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1995). Навуковы супрацоўнік аддзела ўзаемасувязей літаратур у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.

Кобак Ніна Паўлавна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Творы П. П. Барсыюка

  1. Поиск истины : стихи / Петр Борисюк. – Минск : ПИП «Маладзічок», 1995. – 255 с. : порт.

  2. Поиск истины продолжается: стихи / Петр Борисюк. – Минск : Бел. изд. тов-во «Хата», 2000. – 288 с.

  3. «Стихи сродни вину...» ; «Важней у женщин что: душа иль тело?» ; «Когда мы, взрослые, теряем матерей...» : [стихи] / Пётр Борисюк // Поэзия русского слова : антология современной русскоязычной поэзии Беларуси : в 2 т. Минск : Беларуская навука, 2019. Т. 1. С. 303–305.

  4. Барысюк, Т. П. Аўтабіяграфія ; Пераклады з рускай (Глеб Пудаў), беларускай рускамоўнай (Пётр Барысюк, Аляксандр Паўлоўскі) і ўкраінскай рускамоўнай паэзіі (Віталь Шчарбакоў) / Таццяна Барысюк // Літаратурны экватар : альманах. Мінск : Ковчег, 2018. С. 9–23.

  5. «Феномен той адчуты мной не раз…» ; «Краса – як цуд, як радасць уваччу…» ; «Сучаснікаў няверны суд…» ; «Любім мы пры выпадку спрачацца…» ; «Для ўнучкі Дзiны я – яе «сынок»…» : [вершы] / Пётр Барысюк ; пераклад Таццяны Барысюк // Літаратура і мастацтва. 2013. 25 кастрычніка (№ 42). С. 6.

  6. Экспромты : «Ні людская воля, ні гасподня…» ; «Памылкі спіша бос на спробы…» ; «Тыя дрэвы, што плады даюць…» ; «Скажу, закрануўшы хворую тэму…» ; «Бацькі каб не блукалі, быццам дзеці…» ; «Вучэнні розныя высокародны…» ; «Якую толькі не прымаюць моду…» ; «Я сам сабе сябар, вораг і брат...» : [вершы] / Пётр Барысюк // Літаратура і мастацтва. 1998. 29 мая (№ 22). С. 16.

  7. Земляная груша – моя любовь… / Пётр Борисюк // Народная газета. 1994. 27 мая. С. 3.

  8. Земляная груша – лучшая из всех сельскохозяйственных культур / Пётр Борисюк // Новая земля. 1994. 22 красавіка (№ 12).С. 6.

  9. Каков же язык твой, Белая Русь? / П.П. Борисюк // Советская Белоруссия. 1993. 25 мая. С. 2.

  10. Применение наркоза смесью фторотана, закиси азота и кислорода в хирургическом кабинете стоматологической поликлиники / П.П. Борисюк, Э.М. Мельниченко // Здравоохранение Белоруссии. 1970. № 11. С. 81–84.

  11. Мельниченко, Э.М. Общее обезболивание в условиях стоматологической поликлиники / Э. М. Мельниченко, П.П. Борисюк  // Вопросы теории и практики медицины : материалы I науч. конф. молодых ученых-медиков Белоруссии. Минск : Вышэйшая школа, 1971. С. 42–43.

 

Аб жыцці і творчасці П. П. Барысюка

  1. Барысюк, Т. П. Авіцэна, Аль-Газалі, Халіль Джэбран, Цік Нат Хан, Юсуф Хас Хаджыб – паэзія Пятра Барысюка: тыпалагічныя сыходжанні / Т. П. Барысюк // Авиценна: мыслитель, учёный, гуманист : материалы Междунар. науч. конф., Минск, Ин-т философии НАНБ, 18 декабря 2013 г. Минск : Ковчег, 2014. С. 199–203.

  2. Барысюк, Т. П. Уплывы на паэзію Пятра Барысюка расійскіх пісьменнікаў ХIХ–ХХ стст. / Т. П. Барысюк // Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай : матэрыялы IХ Міжнар. навук. канф., прысвеч. 70-годдзю філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта : [у 2 ч.]. Мінск, 2010. Ч. 1. С. 128–130.

  3. Барысюк, Т. П. Хірург-анестэзіёлаг, паэт і публіцыст Пётр Барысюк. Успаміны дачкі / Таццяна Барысюк // Медицинский вестник. 2023. 29 июня (№ 26). С. 16–17.

  4. Красовский, С. Наши отличники : [в т. ч. об отличнике учёбы Петре Борисюке] / С. Красовский // Советский медик. 1965. 16 января (№ 3). С. 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 244 разоў