Пятніца, 28 Ліпень 2023 08:51

2023 г. — 205 гадоў з часу пабудовы Вазнясенскай царквы ў в. Ляхавічы (Іванаўскі р-н; 1818), помніка архітэктуры драўлянага дойлідства

У в. Ляхавічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў 1818 г. на сродкі мясцовага памешчыка Дабранскага была пабудавана Вазнясенская царква. Паводле апісання 1879 г. Ляхавіцкі храм знаходзіўся за 250 аршын ад сяла, меў гонтавы дах, адзін рад вокнаў, глухі купал і званіцу ў франтоннай частцы. Дашчатая столь падтрымлівалася чатырма драўлянымі слупамі.

Архітэктура помніка традыцыйная для палескага рэгіёна. Царква трохзрубная, вырашана васьмігранным аб’ёмам, да якога далучаны прамавугольны бабінец і пяцігранная апсіда, да яе з паўночнага боку прыбудавана невялікая рызніца. Агульны гонтавы дах завершаны па цэнтры васьмігранным барабанам з цыбулепадобнай галоўкай. На галоўным фасадзе трохвугольны франтон. Вертыкальна ашаляваныя сцены апяразаны прафіляваным карнізам і прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі.

 Зала перакрыта драўляным самкнутым скляпеннем, над бабінцам — хоры. Іканастас (выкананы ў 1830-я гг.) аднаярусны з пазалочанымі рамамі, карнізамі і разьбой. На ім змешчана 14 абразоў новага пісьма. На 1879 г. у царкве мелася 6 святарскіх убранняў, тры з іх непрыгодныя для карыстання, а таксама адно богаслужэбнае Евангелле ў металічным пераплёце, адзін літургічны набор з серабра. У царкоўнай званіцы было тры званы: большы важыў 3 пуды, а два меншыя — па пуду кожны.

У архіве храма захоўваліся метрычныя кнігі з 1717 г. У межах Ляхавіцкага праваслаўнага храма знаходзілася трое могілак. Ні капліц, ні могілкавых, ні прыпісных цэркваў не было. Прыход налічваў 804 душы вернікаў абодвух палоў з Ляхавіч, Агова і Гараватай. Пісьменных сярод вернікаў налічвалася не меней 9 працэнтаў.

Прычт царквы складалі настаяцель Васіль Зубковіч, які скончыў духоўную семінарыю, свяшчэнстваў з 1824 г; святар Міхаіл Стрыбульскі, які скончыў курс Мінскай духоўнай семінарыі. Псаломшчык Іосіф Шэмеціла, на пасадзе з 1856 г., навучаўся ў Пінскім духоўным вучылішчы. З 1873 г. святар — Адам Рубановіч. У 1885 г. у Ляхавічах была адкрыта школа граматыкі ў якой навучалася 10 навучэнцаў. Далей тут некаторы час служылі Рудакоўскі, Ненадкевіч, Пракаповіч.

Царкве належала каля 60 дзесяцін зямлі, у тым ліку 32 — ворыўнай і 10 сенажацяў. Акрамя таго, храм меў 2 дамы, 4 гаспадарчыя пабудовы, але ўсе яны на 1879 г. былі спарахнелымі. Адметнасцю царквы з’яўляецца тое, што пры ёй працавалі прыходскія вучылішча і папячыцельства. Гадавы даход храма складаў каля 30 рублёў. 

З набліжэннем фронту Першай сусветнай вайны ў ліпені 1915 г. па загадзе уладаў з усіх цэркваў мясцовасці былі вывезены ў Маскву ўсе каштоўныя металічныя рэчы з царкоўнага начыння: званы, металічныя харугвы, эўхарыстычныя пасудзіны і інш. З прыходам германскіх акупантаў у 1915–1919 гг. Ляхавіцкая царква не дзейнічала, у ёй зрабілі часовы шпіталь для ваеннапалонных.

У 1921 г. агульнымі намаганнямі мясцовага насельніцтва царква была адрамантавана. Былі перагледжаны межы прыходаў: в. Гаравата адышла да Бродніцкага прыходу. Ляхавіцкая царква заставацца самастойнай больш не магла і становіцца прыпіснай да царквы в. Дастоева. Набажэнствы ў Вазнясенскай царкве ўжо здзяйсняліся рэдка: на трэцюю, а то і чацвёртую нядзелю месяца. Пачынаючы з 1921 г. у Ляхавіцкім прыходзе служылі святары: Квачанюк, Златкоўскі, Краснікаў, Ян Лазіцкі.

У час Вялікай Айчыннай вайны Ляхавіцкая царква была зачынена. У 1990 г. адноўлена, асвячона 13 кастрычніка архіепіскапам Пінскім і Лунінецкім Стэфанам. У цяперашні час настаяцелем Вазнясенскай царквы Іванаўскага благачыння Пінскай епархіі з’яўляецца іерэй Міхаіл Аляксандравіч Усцімчук.

Царква ў гонар Узнясення Гасподняга в. Ляхавічы з’яўляецца помнікам архітэктуры драўлянага дойлідства. Храм унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (шыфр 113Г000268). З’яўляецца адным з важнейшых турыстычных аб’ектаў Іванаўскага раёна.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай

бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела

абслугоўвання і інфармацыі

 

1.Ляхавіцкая Вазнясенская царква // Культура Беларусі : энцыкладпеыя : [у 6 т.]. Мінск, 2014. Т. 5. С. 207–208.

2.Ляховичская Вознесенская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2010. Т. 1, кн. 2. С. 56.

3.Царква ў гонар Узнясення Гасподняга : [в. Ляхавічы] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 240.

4.Свята-Ушэсцеўская царква : [в. Ляхавічы] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 120.

5.Ляхавічы // Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 577.

6.Габрусь, Т. В. Вознесенская церковь : [д. Ляховичи] / Т. В. Габрусь // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 194.

7.Габрусь, Т. В. Ляхавіцкая царква : [Іванаўскі раён] / Т. В. Габрусь // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 330.

8.Мароз, В. В. Драўляныя і сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 512 с. : іл. – Са зместу: Ляхавічы. С. 21, 133, 201, 237, 264, 313, 315, 318.

9.Религиозные конфессии на территории Ивановщины в конце XVIII – начале XX в. // Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц, А. А. Горбацкий, Т. М. Тохиян и др.]. Брест, 2017. С. 279–290.

10.Теребей, Л. Н. Десять лет под крыльями любви и света : [о церкви в д. Ляховичи и её прихожанах] / Л. Н. Теребей // Янаўскі край. Іванава, 2023. 23 чэрвеня (№ 25). С. 16.

11.Дулеба, Г. З. гісторыі праваслаўных храмаў : [в. Ляхавічы – Узнясенская царква (1818)] / Ганна Дулеба // Чырвоная звязда. Іванава, 2007. 12 снежня. С. 4.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 309 разоў Апошняя змена Пятніца, 28 Ліпень 2023 08:55