Пятніца, 28 Ліпень 2023 08:55

7 студзеня 2023 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Юрыя Аляксандравіча Іванова (1943–2021), кандыдата педагагічных навук, Ганаровага грамадзяніна Брэсцкага раёна (2014)

Юрый Аляксандравіч Іваноў нарадзіўся 7 студзеня 1943 г. у в. Дубкі Іздзешкаўскага (цяпер Сафонаўскага) раёна Смаленскай вобласці. Маці памерла ў час родаў, а бацька загінуў на фронце. Выхоўвала Юрыя цёця — маміна сястра. Пасля вайны ў Брэсце служыў пагранічнікам яго дзядзя, які забраў сястру з Юрыем з вёскі, дзе яны бедавалі, туліліся ў зямлянцы. Для Юрыя Брэст стаў родным горадам.

З адзнакай закончыў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна па спецыяльнасці «геаграфія і біялогія» (1969). Працаваў старшынёй студэнцкага прафкама істытута (1969–1973). У 1973–1983 гг. — дырэктар школ у Кобрынскім і Брэсцкім раёнах. Дырэктар Знаменскай, Гершонскай і Тамашоўскай сярэдніх школ, у апошняй стаў адным са стваральнікаў музея касманаўтыкі.

 Загадчык аддзела адукацыі Брэсцкага райвыканкама (1983–2003). У гэты перыяд Ю. А. Іваноў выбіраўся дэпутатам Знаменскага сельскага Савета, раённага Савета народных дэпутатаў, членам райвыканкама. Быў членам калегіі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (1993–1995), членам калегіі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама (1996–2003).

На пасадзе загадчыка аддзела адукацыі Ю. А. Іваноў распрацаваў і ўкараніў у практыку работы школ раёна сістэму дыферэнцыраванага навучання ў сельскай школе. У 1993 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю «Организационно-педагогическое обеспечение дифференцированного обучения в сельской школе». Кандыдат педагагічных навук.

Дэлегат Усесаюзнага з’езда работнікаў народнай адукацыі (1988), неаднаразова выбіраўся дэлегатам рэспубліканскіх з’ездаў настаўнікаў. Быў адным з пераможцаў ІХ Усесаюзных педагагічных чытанняў у г. Пензе (1991). Удзельнічаў у рабоце Усесаюзнага з’езда творчых працуючых настаўнікаў у г. Адэсе (1991), І з’езда настаўнікаў Беларусі (1997).

З 2003 г. – загадчык сектарам кантролю якасці адукацыі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна. У 2005–2015 гг. — дацэнт кафедры геаграфіі Беларусі, у 2015–2016 гг. — дацэнт кафедры геаграфіі і прыродакарыстання, у 2016–2017 гг. — дацэнт кафедры тэарэтычнай і прыкладной эканомікі.

Навуковыя інтарэсы Ю. А. Іванова: сацыякультурныя і адукацыйныя тэндэнцыі сучаснасці, выхаванне творчай асобы ў школе, псіхолага-педагагічныя асновы дзейнасці класнага кіраўніка. Спецыяліст у вобласці агульнай педагогікі, тэорыі і методыкі навучання геаграфіі. Аўтар каля 70 публікацый у асобных выданнях, навукова-метадычных часопісах і зборніках матэрыялаў канферэнцый.

Член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі навук педагагічнай адукацыі (Масква). Узнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік народнай асветы» (1991), Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі БССР, Беларускага рэспубліканскага савета прафсаюзаў, Брэсцкага аблвыканкама, Брэцкага райвыканкама, абласнога ўпраўлення адукацыі, БрДУ імя А. С. Пушкіна.

У снежні 2014 г. рашэннем Брэсцкага раённага Савета дэпутатаў Ю. А. Іванову прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Брэсцкага раёна». Уручэнне пасведчання і памятнай стужкі адбылося на ўрачыстым сходзе ў гонар 75-годдзя з дня ўтварэння Брэсцкага раёна, які прайшоў 16 студзеня 2015 г. у раённым Доме культуры ў аг. Чэрні.

Ю. А. Іваноў памёр у 2021 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя

М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела

краязнаўства

 

Працы Ю. А. Іванова

1.Педагогические технологии в обучении географии : учебно-методическое пособие / Ю. А. Иванов. – Брест : БрГУ имени А.С.Пушкина, 2011. – 226 с.

2.Практикум по методике преподавания географии : учебно-методическое пособие / Ю. А. Иванов. – Брест: БрГУ имени А. С. Пушкина, 2010. – 171 с.

3.Рейтинговая система оценки уровня знаний студентов : методические рекомендации для профессорско-преподавательского состава / Ю. А. Иванов. – Брест : БрГУ имени А. С. Пушкина, 2004. – 38 с.

4.Организационно-педагогическое обеспечение дифференцированного обучения в сельской школе : автореферат диссертации ... кандидата педагогических наук : 13.00.01 / Иванов Юрий Александрович. – Минск, 1993.

5.Музей космонавтики в Томашовской средней школе как объект туристических экскурсий / Ю. А. Иванов // Туризм: проблемы и перспективы развития : сборник материалов международной научно-практической конференции, 2–3 декабря 2005 г. Брест : БрГУ, 2005. С. 46–49.

6.Содержание региональной программы «Одаренные дети» / Ю. А. Иванов // Кіраванне ў адукацыі. 1997. № 7. С. 59–72.

7.Дифференцированное обучение в общеобразовательной сельской школе / Ю. А. Иванов // Педагогічний пошук. Луцьк, 1997. № 3. С. 21–25.

8.Канцэптуальныя напрамкі рэгіянальнай праграммы «Адареныя дзеці» / Ю. А. Иванов // Адукацыя і выхаванне. 1996. № 11. С. 70–75.

9.Дифференцированное обучение / Ю. А. Иванов // Дифференциация как система. Москва : Новая школа, 1992. Ч. 1. С. 43–64.

10.Навучальны план ў сістэме дыферэнцыяцыі ў сельскай школе / Ю. А. Иванов // Народная асвета. 1991. № 9. С. 6–10.

 

Аб жыцці і дзейнасці Ю. А. Іванова

1.Грышкевіч, С. На адукацыйнай перадавой : [пра кандыдата педагагічных навук, дацента кафедры геаграфіі БрДУ імя А. С. Пушкіна, Ганаровага грамадзяніна Брэсцкага раёна Ю. А. Іванова] / Сяргей Грышкевіч // Настаўніцкая газета. 2015. 21 лютага. С. 17.

2.Яромчик, Г. «Нам по плечу сделать Прибужский край еще более богатым и процветающим!» : [о торжественном собрании к 75-летию создания Брестского района, где чествовали Почетного гражданина района Ю. А. Иванова] / Григорий Яромчик // Заря над Бугом. Брест, 2015. 22 января (№ 4). С. 1–3, 9.

3.Кузнецова, М. Душой по-прежнему молод, интересным делом увлечён... : [о кандидате педагогических наук, доценте БрГУ им. А. С. Пушкина, Почётном гражданине Брестского района Ю. А. Иванове] / Мария Кузнецова // Заря над Бугом. Брест, 2015. 15 января (№ 3). С. 3, 10.

 

Чытаць 289 разоў