Вялікая Айчынная вайна застала Н. С. Бабкову ў Брэсце. Са жніўня 1941 г. па май 1943 г. з’яўлялася сувязной партызанскага атрада імя М. М. Чарнака. З першых дзён акупацыі займалася зборам зброі і разведкай, дапамагала раненым у чыгуначнай бальніцы. У жніўні 1941 г. вывела з чыгуначнай бальніцы ў Старасельскі лес раненых Барыса Маркавіча Сінягава (дырэктар Брэсцкай абласной бібліятэкі ў 1940–1941 гг.), Георгія Шыраева, Івана Заводскага і работніка міліцыі Васілія. Ёй дапамагала Цыля Эпштэйн. У пачатку верасня перавезла на падводзе ў Старасельскі лес партызанам 4 скрынкі гранат, 3 — патронаў, 1 пісталет.
У сакавіку 1942 г. Надзея Бабкова вярнулася ў горад, пасялілася ў падпольшчыцы Аляксандры Аляксандраўны Горнай. Наладзіла сувязь падполля і партызан праз падпольшчыка Аляксея Мікалаевіча Ахрымука з хутара Стрыганец. Была адной з першых сувязных між горадам і патрыётамі вёсак Рачкі, Буякі, Сакалова, Задзерць, Стрыганы Жабінкаўскага раёна.
Са снежня 1942 г. працавала рабочай у сталярных майстэрнях пры лагеры ваеннапалонных. 5 мая 1943 г. вывела пяць палонных ў партызанскі атрад. Іх пабег прывёў фашыстаў у вар’яцтва. Дом, дзе жыла Н. С. Бабкова трое сутак быў ачэплены паліцыяй, арыштаваны Ліза Ерашэнкава і Марыя (прозвішча не ўстаноўлена), абедзьве расстраляны.
У чэрвені Н. С. Бабкова пераведзена ў штаб Брэсцкага партызанскага злучэння (базіраваўся ва ўрочышчы Хаваншчына Івацэвіцкага раёна), дзе знаходзілася да пачатку аб’яднання з часткамі Савецкай арміі ў красавіку 1944 г. Служыла разведчыцай, выконвала рызыкоўныя заданні. Па заданні камандзіра злучэння С. І. Сікорскага вывела з Брэста некалькі сямей партыйных і савецкіх работнікаў. Вяла асветніцкую работу, збірала кнігі і прапагандавала чытанне сярод партызан.
З красавіка па чэрвень 1944 г. Н. С. Бабкова ўваходзіла ў склад спецгрупы Брэсцкага аблвыканкама. З чэрвеня працавала загадчыцай Дзівінскага раённага аддзела народнай адукацыі. У жніўні адазвана ў Брэст і назначана дырэктарам абласной бібліятэкі.
Першыя пасляваенныя гады прайшлі ў намаганнях па аднаўленні будынка бібліятэкі і фарміраванні кніжнага фонду. Бібліятэка вярнулася ў свой даваенны будынак плошчай 171 кв. м, які патрабаваў капітальнага рамонту. Да сярэдзіны 1945 г. было адноўлена цэнтральнае ацяпленне, электраправодка, засцеклены вокны, набыта бібліятэчная мэбля: стэлажы, сталы, крэслы, у 1949 г. — рататар для размнажэння метадычных матэрыялаў.
Штат супрацоўнікаў у 1945 г. складаў 15 чалавек, з іх 12 бібліятэчных работнікаў. Фонд пачаў аднаўляцца 8 верасня 1944 г., калі быў зроблены першы запіс у інвентарнай кнізе: «Горький М. Детство. М., 1936». З таго часу бібліятэка атрымала імя пралетарскага пісьменніка Максіма Горкага. Абслугоўванне чытачоў пачалося з 1 лістапада 1944 г. на абанеменце. У 1945 г. адкрылі чытальную залу, аддзел апрацоўкі літаратуры, міжбібліятэчны абанемент, метадычны кабінет, а на базе абанемента стварылі два аддзелы: для дарослага і дзіцячага чытача. На 1 студзеня 1946 г. фонд складаў 21.862 экземпляра, на 1 студзеня 1951 г. дасягнуў 89 тысяч. З 1947 г. пачаў працаваць даведачна-бібліяграфічны аддзел, быў складзены сістэматычны каталог, пачалі складаць алфавітны каталог.
Па выніках сацыялістычнага спаборніцтва ў 1947 г. Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага стала пераможцам сярод культасветустаноў рэспублікі, узнагароджана граматай і занесена ў рэспубліканскую Кнігу Пашаны.
У 1950–1952 гг. Н. С. Бабкова з’яўлялася намеснікам дырэктара па навуковай частцы, са жніўня 1952 г. па чэрвень 1956 г. — загадчыцай метадычным кабінетам. У снежні 1954 г. на яе ўсклалі яшчэ і кіраўніцтва даведачна-бібліяграфічным аддзелам. У 1956 г. назначана на пасаду загадчыцы аддзелам абслугоўвання (абанемент і чытальная зала). З 1963 г. па 1974 г. загадвала абанементам. У пенсійным узросце працавала бібліятэкарам. Канчаткова развіталася з бібліятэкай у 1982 г.
Надзея Сямёнаўна была высокім прафесіяналам, адукаваная, начытаная, з выдатнай памяццю, вельмі цікавая расказчыца. Мела цвёрды характар, катэгарыстычна не дапускала плётак. З ёю можна было шчыра гаварыць аб асабістым жыцці — яна была вельмі прыстойнай жанчынай. Такога лідэра ў бібліятэцы больш не было.
Узнагароджана медалямі «За отвагу» (1965), «Двадцать лет победы в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.» (1965), «Тридцать лет победы в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.» (1975), «За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения В. И. Ленина» (1970), «Ветеран труда» (1976).
Н. С. Бабкова памерла ў 1998 г.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя
М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела
краязнаўства
1.Бобкова Надежда Семёновна // Кто есть кто в Брестской областной библиотеке / [сост.: А. С. Кузьмина, Ю. М. Майкевич]. Молодечно : Правда, 2016. С. 66–67.
2.Зеркало времени : 75 лет Брестской областной библиотеке им. М. Горького // Кто есть кто в Брестской областной библиотеке / [сост.: А. С. Кузьмина, Ю. М. Майкевич]. Молодечно : Правда, 2016. С. 7–55. Из содерж.: Н. С. Бобкова. С. 9.
3.Книги, годы, перемены… : [очерк истории областной библиотеки] // Листая памяти страницы… : Брестской областной библиотеке имени М. Горького 70 лет. Брест, 2009. С. 7–14.
4.Листая памяти страницы… : Брестской областной библиотеке имени М. Горького 70 лет. – Брест, 2009. – 112 с. : ил. – Из содерж.: Н. С. Бобкова. С. 6, 9, 20, 26, 30, 55, 62, 68, 70, 89.
5.Гребенкина, А. А. Брест непокоренный : антифашистское подполье г. Бреста и Брестского района в годы Великой Отечественной войны (1941–1944) : исторический очерк / А. А. Гребенкина. – Минск, 2005. – 328 с. : ил. – Из содерж.: Н. С. Бобкова. С. 166–168, 186, 190–191.
6.Смирнова, Т. Н. Подполье непокоренного города : [о подпольной борьбе в окупированном г. Бресте] / Т. Н. Смирнова, З. П. Смирнова. – Урень, 2004. – 252 с. : ил. – Из содерж.: Н. С. Бобкова. С. 76–77, 100, 268.
7.Як мы ратавалі савецкіх ваеннапалонных : з успамінаў Надзеі Сямёнаўны Бабковай // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 109–110.
8.Гребёнкина, А. А. Барацьба патрыётаў Брэста супраць акупантаў / А. А. Гребёнкина // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 73–90. – Из содерж.: Н. С. Бобкова. С. 83.
9.Морозов, А. С. книгой и автоматом : [о бывшей партизанке, сотруднице Брестской областной библиотеки им. М. Горького Н. С. Бобковой] / А. Морозов // Библиотекарь. 1965. № 4. С. 26–27.