Панядзелак, 07 Жнівень 2023 10:22

6 верасня 2023 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Мікалаевіча Васільева (1923–2005), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, грамадскага дзеяча, работніка культуры

Уладзімір Мікалаевіч Васільеў нарадзіўся 6 верасня 1923 г. у Латошынскай воласці Валакаламскага павета Маскоўскай губерні (цяпер Латошынскі раён Маскоўскай вобласці). У 1940 г. закончыў дзесяцігодку, паступіў на педагагічныя курсы пры Загорскім педагагічным інстытуце, працаваў выкладчыкам фізкультуры ў школе.

У канцы 1941 г. Уладзімір Васільеў стаў працаваць пісарам у ваенкамаце. У сакавіку 1942 г. прызваны ў Чырвоную армію. Удзельнічаў у баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, двойчы паранены. Быў камсоргам батальёна, палка, памочнікам начальніка палітаддзела брыгады. З награднога ліста: «У баях за в. Грэдзякіна [Зубцоўскі раён Цвярской вобласці] 29–30 лістапада 1942 г. сяржант Васільеў быў на перадавой лініі. …Калі са строю выбыў камандны састаў падраздзялення, прыняў камандаванне ротай на сябе. Прывёў роту ў парадак, выслаў разведку, падрыхтаваў да трэцяга дня бою». Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (1943), трыма медалямі.

Дэмабілізаваны ў маі 1947 г. Працаваў рэдактарам раённага радыё пры Брэсцкім абласным радыёкамітэце. У верасні 1948 г. накіраваны ў партыйную школу пры ЦК КПБ. У 1950–1953 гг. працаваў рэдактарам газеты палітаддзела Чарнаўчыцкай МТС Брэсцкага раёна, інструктарам аддзела прапаганды і агітацыі, загадчыкам сектара інфармацыі Брэсцкага абкама КПБ. З красавіка 1953 г. — адказны рэдактар аддзела «Политвещание» абласнога камітэта радыёінфармацыі.

У 1954 г. У. М. Васільеў назначаны начальнікам аддзела культасветустаноў упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама. У 1955 г. пераведзены на пасаду намесніка начальніка ўпраўлення культуры. У 1957 г. закончыў завочнае аддзяленне Вышэйшай партыйнай школы пры ЦК КПСС. У 1958 г. паступіў у аспірантуру пры Інстытуце эканомікі Акадэміі навук БССР.

У лютым 1959 г. У. М. Васільеў назначаны на пасаду дырэктара Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага. У 1960-я гг. у бібліятэцы шырока вялася масавая і індывідуальная работа з чытачамі. У 1962 г. на базе абласной бібліятэкі працавалі 12 хатніх, 45 перасоўных бібліятэк, 2 пункты выдачы. Былі абанемент, чытальная зала на 70 месцаў. Важнай падзеяй стала стварэнне ў 1961 г. на базе дзіцячага аддзела абласной дзіцячай бібліятэкі, яе дырэктарам стала Лізавета Карпаўна Кухарава (1916–2009).

У 1960-я гг. паступленні ў фонды абласной бібліятэкі складалі каля 25 тысяч кніг штогод. У 1961 г. фонд складаў 219 тысяч, у 1967 г. — 328 тысяч, у 1969 г. – 337 тысяч экземпляраў. Чытачоў у 1961 г. было 12.447, у 1967 г. — 16.909. Рос калектыў установы, у 1969 г. працавалі 50 бібліятэчных супрацоўнікаў. Намеснікам дырэктара па навуковай частцы ў 1956–1969 гг. была Зінаіда Мікалаеўна Потлава (1929–2010).

Актыўна працаваў метадычны аддзел — распрацоўваў дапаможнікі, абагульняў вопыт работы бібліятэк вобласці. У 1964 г. на базе піянерскага лагера «Зорька» праведзены семінар, на які прыехалі кіраўнікі раённых, гарадскіх і дзіцячых бібліятэк, інспектары раённых аддзелаў культуры вобласці. Такія абласныя сустрэчы спецыялістаў сталі рэгулярнымі.

Важнейшым звяном ў дзейнасці бібліятэкі была даведачна-бібліяграфічная работа, якая была запатрабавана ў 1960-я, калі фарміравалася індустрыяльнае ядро горада. Складаліся і рассылаліся спісы новай тэхнічнай літаратуры для вядучых спецыялістаў 15 прадпрыемстваў г. Брэста.

Прыярытэтным накірункам была вызначана краязнаўчая дзейнасць. Падымаліся пытанні аб стварэнні краязнаўчых куткоў у раённых і гарадскіх бібліятэках вобласці. У 1966 г. быў выдазены бібліяграфічны паказальнік «Крепость-герой» (складальнікі: Лідзія Андрэеўна Жыгалава і бібліёграф з Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У. І. Леніна Аляксандра Паўлаўна Дземчанкова) — першае сур’ёзнае бібліяграфічнае выданне бібліятэкі. З 1967 г. пачаў выходзіць «Календарь знаменательных и памятных дат по Брестской области».

У 1965 г. бібліятэка правяла агульнагарадскую чытацкую канферэнцыю па кнізе С. С. Смірнова «Брестская крепость» з удзелам аўтара і абаронцаў крэпасці ў 1941 г. На канферэнцыі ў абласным Доме палітасветы прысутнічалі 800 чалавек. У 1967 г. бібліятэка была ўзнагароджана Дыпломам I ступені Міністэрства культуры БССР «За дасягнутыя поспехі па абслугоўванні насельніцтва кнігай у ходзе Усесаюзнага грамадскага агляду бібліятэк, прысвечанага 50-годдзю Савецкай улады».

Паступова паляпшалася матэрыяльная база бібліятэкі, якая даўно перарасла магчымасці старога будынка па вуліцы Пушкінскай. Не было актавай залы, не ставала месца для аддзела кнігазахавання. У сярэдзіне 1960-х гг. на бульвары Шаўчэнкі (з 1979 г. — Касманаўтаў) пачалося ўзвядзенне па тыпавым праекце трохпавярховага будынка бібліятэкі, якое было закончана вясной 1969 г., а 1 жніўня адбылося яго ўрачыстае адкрыццё. Новы будынак, разлічаны на 500 тысяч тамоў, здаваўся чытачам і супрацоўнікам сапраўдным палацам. Пачалі працаваць новыя аддзелы, павялічыўся штат, у актавай зале на 200 месцаў чыталіся лекцыі, дэманстраваліся кінафільмы.

Па ініцыятыве ўпраўлення культуры ў верасні 1969 г. У. М. Васільеў пакінуў абласную бібліятэку, быў назначаны намеснікам старшыні абласной арганізацыі Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, пазней — старшынёй. Бібліятэкарам Уладзімір Мікалаевіч запомніўся як справядлівы, спагадлівы чалавек, аматар пчалярства, які любіў камунікабельных, не скандальных людзей.

У. М. Васільеў памёр 21 чэрвеня 2005 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя

М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела

краязнаўства

 

1.Васильев Владимир Николаевич // Кто есть кто в Брестской областной библиотеке / [сост.: А. С. Кузьмина, Ю. М. Майкевич]. Молодечно : Правда, 2016. С. 69–70.

2.Зеркало времени : 75 лет Брестской областной библиотеке им. М. Горького // Кто есть кто в Брестской областной библиотеке / [сост.: А. С. Кузьмина, Ю. М. Майкевич]. Молодечно : Правда, 2016. С. 7–55. Из содерж.: В. Н. Васильев. С. 19.

3.Книги, годы, перемены… : [очерк истории областной библиотеки] // Листая памяти страницы… : Брестской областной библиотеке имени М. Горького 70 лет. Брест, 2009. С. 7–14.

4.Листая памяти страницы… : Брестской областной библиотеке имени М. Горького 70 лет. – Брест, 2009. – 112 с. : ил. – Из содерж.: В. Н. Васильев. С. 18, 22, 30, 31, 70.

 

 

Чытаць 325 разоў