Аўторак, 15 Жнівень 2023 10:35

2023 г. — 305 гадоў з часу першага ўспаміну Іаана-Прадцечанскай царквы ў в. Мацеевічы (Жабінкаўскі р-н; 1718), помніка драўлянага дойлідства

Храм Раства Іаана Прадцечы размяшчаецца ў аг. Мацеевічы (Маціевічы) Крыўлянскага сельсавета Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці, з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства Беларускага Палесся і ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь (112Г000242).

Першая згадка аб царкве ў Мацеевічах адносіцца да 1718 г. З дакумента вядома, што першапачаткова яна называлася ў імя Святога Іаана Хрысціцеля, Сімяона Стоўпніка і Вялікапакутніцы Варвары.

Фундатарам святыні з’яўляўся войскі чырвонагародскі Ян Касцюшка-Сяхновіцкі, чый род належаў да роду Касцюшкаў-Іванавічаў. Яго сын Антоній Юзаф Янавіч Касцюшка-Сяхновіцкі 31 ліпеня 1718 г. выдзеліў сродкі на храм і вылучыў для яго зямельныя надзелы. Паводле дароўнага ліста святар і яго пераемнікі павінны былі клапаціцца аб парадку ў царкоўных справах, адпраўляць набажэнствы за душы высакародных бацькоў — Яна і Барбары Касцюшкаў, а ўласнік абяцаў ад сябе і сваіх нашчадкаў садзейнічаць абнаўленню і адраджэнню храма. На працягу вялікага перыяду ахвяраванні сямейства Касцюшкаў былі асноўнымі сродкамі, якія паступалі для падтрымання жыццяздольнасці царквы. Увесь іх род быў каталіцкага вызнання, таму царква будавалася па каталіцкіх канонах.

Старажытная мацеевіцкая бажніца адрознівалася цэласнасцю аб’ёму і дакладнымі прапорцыямі, характэрнымі помнікам XVII ст. Пабудова складалася з прастакутнага асноўнага драўлянага зруба і невялікага квадратнага ў плане бабінца аднолькавай з ім вышыні. Над бабінцам — чацвярык званіцы, аддзеленай ад яго шырокім гонтавым сцёкам і завершаны шатром з галоўкамі. Асноўны зруб накрыты двухсхільным дахам. Царква адрознівалася невялікімі памерамі, кампактнасцю. Сцены вертыкальна абабіты дошкамі з нашчыльнікамі і ўмацаваныя сцяжкамі. Аконныя праёмы з арачным завяршэннем размешчаны высока. З боку паўночнага і паўднёвага фасадаў па тры аконныя праёмы.

Першапачатковае афармленне інтэр’еру было вырашана як адзінае зальнае памяшканне, у заходняй частцы падзеленае чатырма слупамі, з плоскай бэлечнай столлю, невысокім іканастасам і хорамі з супрацьлеглага боку. Перад царквой знаходзілася асобная драўляная двух’ярусная каркасная званіца (чацвярык на чацверыку), першы ярус якой вертыкальна абабіты дошкамі з нашчыльнікамі, другі — адкрыты.

У 1852 г. царкоўны пляц і могілкі на ім атачылі бутавай агароджай. У пачатку 1860-х гг. царква знаходзілася ў дрэнным стане, святара не мелася. Неўзабаве яе прыпісалі да храма свяціцеля Мікалая Цудатворца ў в. Вялікія Сяхновічы, дзе ў той момант служыў Іаан Лявіцкі (1806–1894), які ўзнагароджаны бронзавым крыжом на Уладзімірскай і медалём на Андрэеўскай стужках у памяць аб Крымскай вайне, медалём «За усмирение польского мятежа 1863–1864», набедранікам, скуф’ем і наперсным крыжом.

У 1863 г. намаганнямі святара Іаана Лявіцкага і прыхаджан праведзены рамонт Мацеевіцкай царквы. Фактычна яна была пабудавана нанова па праваслаўных канонах. Да яе далучылі двух’ярусную званіцу-вежу замест званіцы, якая стаяла асобна. Падчас рамонту пабудавалі каменную агароджу царквы, унізе да ўзроўню вокнаў зрабілі новыя сцены, замянілі вокны, падлогі і столь, драўляны дах афарбавалі ў чырвоны колер. Усталявалі новы іканастас, у якім з ранейшых ікон застаўся мясцовашанаваны спіс цудатворнай іконы Багародзіцы «Ляснінскай», які знаходзіўся ў алтарнай часцы храма. Да гэтага яго адвезлі ў Гродна і адрэстаўравалі. Да абраза Прасвятой Багародзіцы ў найважнейшыя святы заўсёды прыходзіла шмат вернікаў. У знак ацалення хвароб людзі вакол яго вешалі воты (ватыўныя дары) ці прыважванні.

Асвячэнне зноў перабудаванага храма прайшло ў свята Узвіжання Крыжа Гасподняга 27 верасня 1863 г. і сабрала вялікую колькасць прыхаджан. Асвячэнне здзейснена звычайным парадкам пяццю святарамі. Боская Літургія скончылася малебнам да Прасвятой Багародзіцы з хрэсным ходам вакол царквы, у якім бралі ўдзел да сямі тысяч вернікаў.

З 14 лістапада 1871 па 1887 гг. настаяцелем з’яўляўся святар Васіль Лявонцьевіч Любінскі. З 8 лістапада 1887 па 1914 гг. служыў протаіерэй Павел Пятроўскі, узнагароджаны ордэнам Святой Ганны, медалём «За усмирение польского мятежа 1863–1864». Наступным святаром стаў Канстанцін Ігнатавіч Канчэўскі. Ён нарадзіўся ў маі 1858 г. у в. Івашкевічы (цяпер Зэльвенскі раён Гродзенскай вобласці). Пасля заканчэння Холмскай духоўнай семінарыі з восені 1883 г. настаўнічаў, 20 ліпеня 1914 г. атрымаў прызначэнне на прыход у Вялікія Сяхновічы.

У час Першай сусветнай вайны (1914–1918) большую частку жыхароў епархіі эвакуіравалі ўглыб Расіі і яна часова не існавала. Па загаду ваенных уладаў ажыццяўлялася масавая эвакуацыя маёмасці цэркваў Гродзенскай губерні ў Цэнтральную Расію. Не функцыянавала ў гэты перыяд і царква ў Мацеевічах. Як мяркуецца, эвакуацыяй маёмасці Мацеевіцкай царквы, як і Сяхновіцкай, кіраваў настаяцель Канстанцін Канчэўскі. Падчас баёў 1915 г. Мацеевіцкая царква не пацярпела.

У 1921–1939 гг. восем благачынняў Брэстчыны, у тым ліку і Кобрынскае, у складзе якого знаходзіўся Мацеевіцкі храм, уваходзілі ў Палескую епархію ў складзе Польскай Праваслаўнай аўтакефальнай Царквы. Будынак царкоўна-прыходскай школы, які належаў Мацеевіцкай царкве, польскімі ўладамі быў аддадзены пад паўшэхную (усеагульную) школу.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны акупацыйнымі ўладамі Брэстчына далучана да рэйхскамісарыята «Украіна». У гады ваеннага ліхалецця царква ў Мацеевічах функцыянавала. Пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі Брэсцкае вікарыяцтва сваё існаванне спыніла і вярнулася ў кананічнае падпарадкаванне Маскоўскай Патрыярхіі. Звесткі аб святарах царквы ў ваенны і пасляваенны час мізэрныя. Вядома, што ў пасляваенныя гады святаром у Сяхновіцкую царкву пераведзены з Пінскага раёна рана аўдавелы протаіерэй Міхаіл Іванавіч Лісіцкі, бацька шасцярых дзяцей, які адначасова нёс службу і ў Мацеевіцкай царкве.

Будынак царквы некалькі разоў рамантавалі, мянялася гонтавае пакрыццё даху (апошні раз — у 1958 г.). У 1957 г. праведзена электрычнае асвятленне царквы. Нягледзячы на тое, што храм знаходзіўся ў добрым стане, і ў ім рэгулярна праходзілі набажэнствы, у 1967 г. улады рашылі яго закрыць.

26 гадоў вернікі наведвалі царкву ў Вялікіх Сяхновічах, а царква ў Мацеевічах знаходзілася ў запусценні. За гэты час яна разбурылася: дах прыйшоў у непрыдатнасць, абвалілася столь і паддахавае перакрыцце.

У канцы 1980-х гг. пачалося масавае аднаўленне і адраджэнне храмаў на ахвяраванні вернікаў. Святар Сяхновіцкай царквы айцец Аляксей Петрусевіч і жыхары Мацеевіч таксама вырашылі даць другое жыццё сваёй царкве. Сродкаў на значныя работы не хапала, на дапамогу прыйшоў старшыня калгаса імя Куйбышава (сучаснае ААТ «Мацеевічы») В. У. Парафянюк. За сваю руплівую працу па адраджэнню царквы Валерый Уласавіч адмечаны ўзнагародамі: ордэнам Рускай Праваслаўнай Царквы ў імя Святога роўнаапостальнага вялікага князя Уладзіміра ІІІ ступені (1993), Падзячным лістом ад рэктара Мінскай Духоўнай Акадэміі і Семінарыі архімандрыта Леаніда (2000), граматай «За руплівую працу ў Славу Святой Царквы» (2008).

Увесну 1991 г. прыступілі да рамонтных работ. Праз два гады будаўніцтва было завершана, і 8 чэрвеня 1993 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё храма і асвячэнне прастола ў гонар святога Іаана Прадцечы епіскапам Брэсцкім і Кобрынскім Канстанцінам. Службы з гэтага часу стаў весці настаяцель храма свяціцеля Мікалая Цудатворца ў в. Вялікія Сяхновічы Аляксей Петрусевіч.

Пасля рамонту пачалі аднаўляць убранне царквы. Абразы з Мацеевіцкай царквы, якія захоўваліся ў Вялікіх Сяхновічах, вернуты ў Іаана-Прадцечанскі храм. Ікону Божай Маці «Пачаеўскай» урачыстым шэсцем прыхаджане неслі ў руках усю дарогу з Вялікіх Сяхновічаў да Мацеевіч. Але не вернуты ў храм старадаўнія разныя райскія вароты, след якіх не знойдзены.

З 2010 г. пры Мацеевіцкай царкве выдзелілі памяшканне для заняткаў нядзельнай школы, арганізоўваецца летні лагер для выхаванцаў нядзельнай школы, у рамках якога да прастольнага свята ўладкоўваецца дабрачынны кірмаш. У 2011 г. пры Мацеевіцкай сельскай бібліятэцы створана праваслаўнае аматарскае аб’яднанне «Дабравест».

Пры абнаўленні 1991–1993 гг. царква страціла сваё першапачатковае аблічча. Храм прыняў форму выцягнутага ў плане прастакутніка з невялікай прыбудовай-тамбурам. У плане вылучаюцца дзве часткі: асноўны аб'ём храма, накрыты двухсхільным дахам з купалам, і бабінец з вежай-званіцай. Дахавае пакрыццё бляшанае, паддашкавае – драўлянае. Сцены з бруса, умацаваныя сцяжкамі, гарызантальна абабітыя шалёўкай, пафарбаваныя. Унутраныя перагародкі таксама зробленыя з бруса. Падлогі і дзверы драўляныя. Падмурак бетонны. На барабане купала плоскія грані чаргуюцца з гранямі, прарэзанымі круглымі аконнымі праёмамі. З усходняга боку будынка, над алтаром, замацавана невялікая васьмігранная вежка з галоўкай-цыбулькай і крыжом.

Галоўны фасад з заходняга боку храма вылучае прастакутная ў плане трохярусная званіца. Першы яе ярус, які займае аб’ём на ўсю вышыню храма, уяўляе сабой бабінец. У верхняй частцы першага яруса з трох бакоў невялікія арачныя праёмы. Другі ярус таксама прастакутны ў плане, на яго гранях — невялікія круглыя аконныя праёмы. Трэці ярус — сама званіца, завершаная васьміграннай вежкай з галоўкай-цыбулькай і крыжом. Пасля аднаўлення зменены канструкцыя і знешні выгляд званіцы. У зімовы час ацяпленне храма ажыццяўляецца прыродным газам.

Храм упрыгожвае самы старажытны звон у краіне (адносіцца да ХV ст.). У вышыню ён крыху больш за паўметра, уверсе вузкі і значна пашыраецца дадолу, дыяметр амаль роўны вышыні, ёсць тэкст на лацінскай мове гатычным шрыфтам: «О цар Хрыстос славы, прыдзі з мірам». Да рамонту храма звон захоўваўся ў капліцы, размешчанай на вясковых могілках. У час аднаўлення звон узнялі на званіцу, дзе ён сваім меладычным голасам працягвае склікаць прыхаджан.

У храме знаходзяцца абразы з 30 упаянымі часцінамі мошчаў святых і Крыж з часцінай Дрэва Жыватворнага Крыжа Гасподняга. А таксама захоўваюцца старажытныя выявы, напісаныя на палатне: прападобнай Марыі Егіпецкай, святога благавернага князя Аляксандра Неўскага, Збавіцеля, Благавешчання Прасвятой Багародзіцы, Успення Прасвятой Багародзіцы і іншыя. Аднак знік старажытны спіс абраза Божай Маці «Ляснінскай», вядома, што ў 1900 г. ён яшчэ знаходзіўся ў царкве. У 2023 г. гэты абраз узноўлены па ініцыятыве архімандрыта Аляксея Петрусевіча брэсцкім іканапісцам Сяргеем Каркатадзе.

У цяперашні час храм Раства Іаана Прадцечы ўваходзіць у склад Жабінкаўскага благачыння Брэсцкай епархіі. Храм сваім выглядам цешыць вока і сэрца жыхарам вёскі, служыць архітэктурным і духоўным упрыгожваннем акругі. Асноўныя святы храма – дзень асвячэння царквы; прастольнае свята — 7 ліпеня, Раство Хрысціцеля Гасподняга Іаана; Саборнае богаслужэнне — 7 чэрвеня, трэцяе набыццё галавы Хрысціцеля Гасподняга Іаана.

У прастольнае свята 7 ліпеня 2018 г. прыход наведаў архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан, які ўзначаліў святочнае богаслужэнне ў гонар 300-годдзя з часу першага ўспаміну ў дакументах царквы ў Мацеевічах.

7 ліпеня 2023 г. архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан здзейсніў Боскую літургію ў храме Раства Іаана Хрысціцеля з нагоды прастольнага свята і 305-годдзя з часу першага згадвання гэтай царквы, асвяціў адноўленую ікону Божай Маці «Ляснінскай», якая вельмі шануецца ў Мацеевіцкім прыходзе. Яго Высокапраасвяшчэнству саслужылі: протаіерэй Сергій Петрусевіч, сакратар Брэсцкага епархіяльнага ўпраўлення, благачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі, настаяцель храма Покрыва Прасвятой Багародзіцы ў г. Жабінцы; архімандрыт Аляксей (Петрусевіч), настаяцель храма Раства Іаана Хрысціцеля ў аг. Мацеевічы; іерэй Міхаіл Дзяркач, клірык храма іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» у г. Брэсце; іерэй Андрэй Петрусевіч, настаяцель храма Ціхвінскай іконы Божай Маці ў г. Брэсце. Пасля заканчэння Боскай літургіі быў здзейснены Хрэсны ход вакол храма, асвечаны лекавыя зёлкі, прынесеныя вернікамі.

Настаяцелямі храма служылі: іерэй Самуіл Нарукевіч (1718), іерей Антоній Грегоровіч (1762), іерэй Іаан Рыгоравіч Лявіцкі (да 1871 г.), іерэй Васіль Лявонцьевіч Любінскі (1871–1887), протаіерэй Павел Пятроўскі (1887–1914), іерэй Канстанцін Ігнатавіч Канчэўскі (1914–1915), іерэй Іаан Іаанавіч Самойлавіч (1921–1923), іерэй Іаан Стасюк (1925–1935), іерэй Максім Сакрэцюк (красавік–кастрычнік 1935 г.), іерэй Іаан Міцішук (лістапад–снежань 1935 г.), іерэй Іаан Якаўлевіч Жыцінец (1936–1937), іерэй Ігар Дзмітрыевіч Зелязняк (1937–1943), протаіерэй Уладзімір Аляксандравіч Рункевіч (1943–1954), протаіерэй Міхаіл Іаанавіч Лісіцкі (1954–1960), протаіерэй Фёдар Міхайлавіч Пашкевіч (1962–1967). 8 чэрвеня 1993 г. прызначаны протаіерэй Аляксей Іаанавіч Петрусевіч (з 26 чэрвеня 2022 г. — іераманах, з 16 красавіка 2023 г. — архімандрыт).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Жабінкаўскай цэнтральнай

раённай бібліятэкай. Карпішчук Марына Віктараўна, бібліёграф

 

1.Матеевичская церковь Иоанна Крестителя // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 81.

2.Маціевіцкая царква / Т. І. Чарняўская // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1993. С. 303.

3.Церковь : [д. Матеевичи, Кривлянский сельсовет] / 

Т. И. Чернявская // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область  Минск, 1990. С. 182.

4.Царква : [в. Маціевічы, Крыўлянскі сельсавет] / 

Т. І. Чарняўская // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 162. 

5.Свята-Іаанаўская царква (в. Маціевічы) / 

Т. І. Чарняўская // Памяць. Жабінкаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 450.

6.Царква са званіцай в. Маціевічы // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ; [склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. Мінск : Белта, 2009. С. 38.

7.Мароз, В. В. Царква Іаана Хрысціцеля, Сімяона Стоўпніка і Святой Варвары (ХVІІ) у Маціевічах / В. В. Мароз // Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. Мінск, 2018. С. 199.

8.Царква ў гонар Ражджаства Іаана Прадцечы : [в. Маціевічы] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 258.

9.Шатько, Е. Г. География экспедиционного обследования колоколов западных регионов Беларуси в 2003–2011 гг. : Жабинка – храм Покрова Пресвятой Богородицы (1885); д. Матиевичи – храм св. Иоанна Предтечи (1800); д. Озяты – храм св. Николая Чудотворца (1867); д. Степанки – храм Архангела Михаила (до 1780); д. Хмелево – Спасо-Преображенский мужской монастырь, храм Преображения Господня (1725) / Е. Г. Шатько // Колокола и колокольные звоны православных храмов западных регионов Беларуси: история и современность / [Е. Г. Шатько. Белосток : Orthdruk], 2014. С. 14.

10.Маціевічы // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3. С. 334.

11.Гісторыя беларускага мастацтва : у 6 т. : Т. 2 : Другая палова ХVІ – канец ХVІІІ ст. – Мінск : Навука і тэхніка, 1988. – 384 с. : іл. – Са зместу: [Царква ў Маціевічах Жабінкаўскага раёна]. С. 120.

12.Иосиф (Соколов, Никодим Андреевич ; епископ ; 1835–1902). Гродненский православно-церковный календарь, или Православие в Брестско-Гродненской земле в конце XIX века. В 2 т. Т. 1 / епископ Иосиф ; [цензор иеромонах Иннокентий]. – 2-е изд., знач. доп. историческими ст. о местных святынях, новыми стат. данными, библиографическими указаниями и личными наблюдениями. – Воронеж : тип. В. И. Исаева, 1899. – 456 с., [10] л. ил. – Из содерж.: [О церкви в Матеевичах]. С. 90.

13.Бензярук, А. Юбілейны дзень Мацеевіцкай царквы / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2023. 12 ліпеня. С. 1, 3.

14.Бензерук, А. Икона Леснинской Божией Матери / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2023. 5 красавіка. С. 5.

15.Ростаў, А. «Дрэмле памятка дзён…» : [пра помнікі Жабінкаўшчыны, якія ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь] / Анатоль Ростаў // Сельская праўда. Жабінка, 2021. 17 красавіка. С. 3.

16.Петрусевич, Ю. Храму в Матеевичах – 300 лет // Юлия Петрусевич // Сельская праўда. Жабінка, 2018. 14 ліпеня. С. 3.

17.Ролич, О. Храм Иоанна Крестителя / Ольга Ролич // Заря. 2018. 11 июля. С. 17.

18.Бензярук, А. Царква ў імя Хрысціцеля / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2018. 27 чэрвеня. С. 5.

19.Петрусевич, А. В преддверии юбилейных торжеств : [беседа с настоятелем храма Рождества Иоанна Предтечи в аг. Матеевичи] / Алексей Петрусевич ; беседовал Анатолий Бензерук // Сельская праўда. Жабінка, 2018. 27 чэрвеня. С. 5.

20.300-летие освящения храма : [о храме Рождества Иоанна Предтечи в аг. Матеевичи] // Брестские епархиальные ведомости. 2018. № 3. С. 71.

21.Корбут, В. Чем звонит колокол : [о колоколе в Матеевичской церкви] / Виктор Корбут // СБ. Беларусь сегодня. 2015. 23 июня. С. 13.

22.Бяляк, С. Тры юбилеі ў адным храме / Святлана Бяляк // Сельская праўда. Жабінка, 2014. 2 ліпеня. С. 4.

23.Петрусевич, С. Юбилей храма / Сергий Петрусевич // Сельская праўда. Жабінка, 2008. 19 ліпеня.

24.Чарняўская, Т. Нашчадкі часу / Т. Чарняўская // Сельская праўда. Жабінка, 1992. 5 верасня. С. 2.

25.Возрождение храма : [о восстановлении храма в д. Матеевичи] // Брестский курьер. 1992. 14–21 августа.

26.Каско, А. Сведкі духоўнасці, сведкі культуры : [пра цэркві Жабінкаўскага раёна] / А. Каско // Сельская праўда. Жабінка, 1990. 12 мая.

27.Котович, И. Мысли по поводу освящения Матиевицкой церкви / Иван Котович // Литовские епархиальные ведомости. 1864. 15 мая (№ 9). С. 317–327.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 312 разоў