Панядзелак, 28 Жнівень 2023 14:50

18 верасня 2023 г. – 110 гадоў з дня нараджэння Леаніда Паўлавіча Валчэцкага (1913–1991), акцёра, тэатральнага дзеяча, заслужанага дзеяча культуры БССР (1963)

Леанід Паўлавіч Валчэцкі нарадзіўся 18 верасня 1913 г. у в. Даўгінава Вілейскага павета Мінскай губерні (цяпер Вілейскага раёна Мінскай вобласці). Скончыў Мінскі педагагічны тэхнікум (1931), паступіў на работу ў Другі Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-2) у Віцебску. Скончыў тэатральную студыю пры гэтым тэатры (1933).

Сярод ранніх роляў Леаніда Валчэцкага самай яркай была роля Керубіна ў «Жаніцьбе Фігара» паводле Бамаршэ – спектакль рэжысёраў П. Антакольскага і М. Міцкевіча 1933 г. Удзельніўчаў у пастаноўках «Недарэчнасць» (К. Фіна), «Гібель эскадры» (А. Карнейчука) і інш. Малады акцёр упарта займаўся самаадукацыяй, цікавіўся арганізацыяй тэатральнай справы. Яму мроілася ў тэатры пэўная свабода для праўдзівага паказу жывога чалавека, з яго памылкамі і забабонамі, з яго адданасцю высокім ідэалам і маральнай чысцінёй.

У канцы 1930-х Леаніда Валчэцкага прызвалі ў Чырвоную армію. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны камандаваў запасной вайсковай часцю, якая рыхтавала кавалерыстаў. Дэмабілізаваны ў 1946 г. камандзірам батальёна, вярнуўся ў тэатр. Артыст, інспектар сцэны, загадчык трупы, загадчык пастановачнай часткі, намеснік дырэктара тэатра. Закончыў аддзяленне ўдасканалення кіруючых работнікаў мастацтва Ленінградскага дзяржаўнага тэатральнага інстытута імя А. Астроўскага.

У 1951–1974 гг. – дырэктар Брэсцкага абласнога драматычнага тэатра імя Ленінскага камсамола Беларусі. Пасада дырэктара была надзвычай палітызаванай. Ён быў старшынёй мастацкага савета тэатра, адказваў за рэпертуарную палітыку. Яшчэ клопат пра фінансавую дысцыпліну, пра гастрольныя маршруты, пра маральную атмасферу ва ўсім вялікім арганізме тэатра – ад акцёраў вышэйшай катэгорыі да рабочых сцэны і расклейшчыкаў афіш. Поспех дырэктарскай дзейнасці залежыць ад сталага і шчырага кантакту з людзьмі.

Л. П. Валчэцкі запрашаў, прывозіў, уладкоўваў у Брэсце рэжысёраў з арыгінальным сысленнем і адметным творчым імпэтам – Іосіфа Папова і Юрыя Арынянскага, Паўла Вінаградава і Аляксандра Міронскага. Натхняў на рэжысёрскія пошукі і пастановачную работу артыстаў Георгія Волкава і Пятра Маркіна, Мікалая Жыліна і Сяргея Еўдашэнку. Дамагаўся ўключэння ў рэпертуар п’ес сучасных беларускіх драматургаў: К. Губарэвіча, А. Макаёнка, А. Маўзона, А. Дзелендзіка, П. Васілеўскага, Я. Рамановіча.

Заступіўшы на дырэктарскую пасаду Леанід Валчэцкі адразу абвясціў пра намер ажывіць вобразы самаахвярных абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Запрасіў драматурга Кастуся Губарэвіча, каб пераасэнсаваць яго п’есу «Цытадэль славы». Прыцягнуў да супрацоўніцтва з тэатрам вайсковых кансультантаў, літаратараў, гісторыкаў, удзельнікаў абароны крэпасці. Вакол спектакля была створана атмасфера агульнай зацікаўленасці ў поспеху. Калектыў разам з рэжысёрам Аляксандрам Васільевічам Міронскім натхнёна працаваў над варыянтамі сцэн, эпізодаў, персанажаў. Так нарадзіўся знакаміты спектакль «Брэсцкая крэпасць» (1953).

У 1963 г. пры драматычным тэатры была арганізавана лялечная трупа, на базе якой у 1968 г. створаны абласны тэатр лялек. Леанід Валчэцкі пісаў артыкулы аб праблемах беларускага тэатра, аб творчай дзейнасці Брэсцкага драматычнага тэатра, аб яго акцёрах. Пры ім у тэатры з’явіліся 11 заслужаных артыстаў БССР, 3 народныя артысты БССР. Напісаў кнігу аб творчай дзейнасці тэатра імя ЛКСМБ «Годы, спектакли, роли…» (1974). Пасля сыходу з тэатра працяглы час працаваў упаўнаважаным па аўтарскіх правах.

Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1963). Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў, Працоўнага Чырвонага Сцяга (1973), «Знак Пашаны» (1955), медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР (8.04.1967; 10.09.1973).

Жонка, Таццяна Піліпаўна Заранок (1917–2007), заслужаная артыстка БССР (1955), народная артыстка БССР (1967). Закончыла тэатральную студыю ў Віцебску (1933), служыла ў тэатры. У час Вялікай Айчыннай вайны працавала ў тылу, разам з канцэртнымі брыгадамі выязджала на фронт. У 1952–1974 гг. служыла ў Брэсцкім абласным драматычным тэатры імя ЛКСМБ.

Пасля цяжкой і працяглай хваробы Л. П. Валчэцкі памёр 30 кастрычніка 1991 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя

М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела

краязнаўства

 

Працы Л. П. Валчэцкага

1.Годы, спектакли, роли… : очерк о творческой деятельности Брестского областного драматического театра имени Ленинского комсомола Белоруссии / Леонид Волчецкий. – Минск : Мастацкая лiтаратура, 1974. – 172 с.; [6] л. ил.

2.З дарог вандроўных, з жыцця : [народнаму артысту БССР А. Логінаву – 60] / Л. Валчэцкі // Літаратура і мастацтва. 1980. 2 мая. С. 12.

3.Як на караблі : [аб садружнасці ўсіх служб Брэсцкага драмтэатра] / Л. Валчэцкі // Літаратура і мастацтва. 1975. 27 чэрвеня. С. 11.

4.Щедрость таланта : [о заслуженном артисте БССР Ю. И. Власове] / Л. Волчецкий // Заря. 1974. 15 января.

5.Дыялектыка яснай душы : [пра заслужанага артыста БССР Ю. І. Уласава] / Л. Валчэцкі // Літаратура і мастацтва. 1974. 4 студзеня.

6.Грани современной темы / Л. Волчецкий, Г. Волков // Заря. 1973. 2 октября.

7.Идет декада театра / Л. Волчецкий // Заря. 1973. 29 марта.

8.Перед открытием занавеса / Л. Волчецкий, Г. Волков // Заря. 1972. 7 октября.

9.Театр зажигает огни / Л. Волчецкий // Заря. 1971. 15 октября.

10.В дружбе со зрителем / Л. Волчецкий // Заря. 1969. 22 ноября.

11.Героіка подзвігу : [аб рэпертуары Брэсцкага драматычнага тэатра імя ЛКСМБ] / Л. Валчэцкі // Чырвоная змена. 1968. 9 красавіка.

12.Герои, шагнувшие за рампу : [о спектакле «Брестская крепость»] / Л. Волчецкий // Комсомольская правда. 1967. 26 октября.

13.Брэсцкія прэм’еры / Л. Валчэцкі // Літаратура і мастацтва. 1967. 3 лютага.

14.Справы арганізацыйныя – справы творчыя / Л. Валчэцкі // Літаратура і мастацтва. 1965. 29 чэрвеня.

15.Гасціннасць і дружба : [да гастролей Брэсцкага драмтэатра імя ЛКСМБ у Люблінскім ваяводстве (Польшча)] / Л. Валчэцкі // Літаратура і мастацтва. 1965. 4 чэрвеня.

16.Пошукі і знаходкі / Л. Валчэцкі // Заря. 1962. 30 красавіка.

17.Старонкі творчай біяграфіі : [да 20-годдзя Брэсцкага драмтэатра імя ЛКСМБ] / Л. Валчэцкі // Літаратура і мастацтва. 1965. 2 сакавіка.

18.Пятьсот встреч : [о спектакле «Брестская крепость»] / Л. Волчецкий // Неман. 1961. № 3. С. 131–139.

19.Укреплять связи искусства с народном : [о показах спектаклей областного драмтеатра для колхозников области] / Л. Волчецкий // Заря. 1961. 4 октября.

20.Пятьсот встреч : [о спектакле «Брестская крепость»] / Л. Волчецкий // Заря. 1961. 30 января.

21.Шлях маладога калектыву : [да 10-годдзя Брэсцкага драмтэатра імя ЛКСМБ] / Л. Валчэцкі, С. Рэйнгольд // Літаратура і мастацтва. 1955. 28 мая.

22.Творческий путь театра : [к 10-летию Брэсцкого драматического театра им. ЛКСМБ] / Л. Волчецкий // Заря. 1955. 27 мая.

23.Перед новым театральным сезоном / Л. Волчецкий // Заря. 1953. 7 октября.

24.Гоголевские дни в Бресте / Л. Волчецкий // Заря. 1952. 2 марта.

25.Создадим высокоидейные спектакли / Л. Волчецкий // Заря. 1952. 6 января.

 

Аб жыцці і дзейнасці Л. П. Валчэцкага

1.Валчэцкі Леанід Паўлавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 487.

2.Волчецкий Леонид Павлович // Регионы Беларуси : энциклопедия. Минск, 2016. Т. 5, кн. 1. С. 210.

3.Валчэцкі Леанід Паўлавіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2011. Т. 2. С. 204.

4.Волчецкий Леонид Павлович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 2. С. 795.

5.Валчэцкі Леанід Паўлавіч // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : [у 2 т.]. Мінск, 2003. Т. 2. С. 462.

6.Валчэцкі Леанід Паўлавіч // Памяць. Вілейскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 579.

7.Валчэцкі Леанід Паўлавіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 567.

8.Заслужаныя дзеячы культуры Беларускай ССР : 1963 : Л. П. Валчэцкі // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 510.

9.Брэсцкі тэатр драмы і музыкі / Р. М. Бакіевіч // Тэатральная энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2002. С. 169–179.

10.Брэсцкi драматычны тэатр : 50 гадоў. 1944–1994 / [укл. З. I. Дудзюк]. – Гродна, 1995. – 64 с. : іл.

11.Заранок Таццяна Піліпаўна // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2003. Т. 2. С. 424–425.

12.Перепелица, К. И. Галера святых и грешных : [воспоминания] / К. И. Перепелица. Минск, 2012. – 263 с., [5] с. ил. – Из содерж.: [Л. П. Волчецкий]. С. 129–130.

13.Перепелица, К. И. Галера святых и грешных... : [воспоминания] / К. И. Перепелица. – Брест : С. Б. Лавров, 2002. – 321 с. – Из содерж.: [Л. П. Волчецкий]. С. 153.

14.Потолков, Ю. Премьера 1953 года : [об истории спектакля «Брестская крепость»] / Юрий Потолков // Брестский вестник. 2017. 20 июля (№ 29). С. 23.

15.Памяти товарища : [некролог Л. П. Волчецкому] // Заря. 1991. 2 ноября.

16.Бур’ян, Б. Дырэктар тэатра : памяці Леаніда Валчэцкага / Барыс Бур’ян, Георгій Колас // Літаратура і мастацтва. 1992. 17 студзеня (№ 3). С. 15.

17.Бур’ян, Б. Неспакойная пасада… : [да 60-годдзя дырэктара Брэсцкага драматычнага тэатра Л. П. Валчэцкага] / Барыс Бур’ян // Літаратура і мастацтва. 1973. 7 верасня (№ 36). С. 9.

 

 

Чытаць 241 разоў