Панядзелак, 28 Жнівень 2023 15:13

21 мая 2023 г. – 60 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Васільевіча Сухапара (1963), бібліятэчнага работніка, бібліёграфа, краязнаўца

Уладзімір Васільевіч Сухапар нарадзіўся 21 мая 1963 г. у г. Давыд-Гарадку Столінскага раёна Брэсцкай вобласці у рабочай сям’і. Першая настаўніца – Вольга Сцяпанаўна Плаўчанка, якая навучыла чытаць і пісаць. Вельмі любіў чытаць, добра пісаў сачыненні, якія хваліла настаўніца рускай мовы і літаратуры Тамара Іванаўна Турсіна. Пасылаў казкі, апавяданні ў піянерскую газету «Зорька», але публікацый не было. Класным кіраўніком быў франтавік, настаўнік гісторыі Міхаіл Анісімавіч Лукоўскі.

Пасля заканчэння СШ № 1 (1980) Уладзімір Сухапар працаваў паштальёнам, мастаком-афарміцелем у кінатэатры. Служыў у Савецкай арміі (1981–1983), быў сакратаром камсамола роты, закончыў школу камсамольскага актыву. Служыў у Падмаскоўі, удалося пабываць у славутых месцах Масквы: Крамлі, маўзалеі У. І. Леніна, на ВДНГ, Ваганькаўскіх могілках; пабачыць оперу ў Вялікім тэатры оперы і балета, канцэрт А. Б. Пугачовай у спарткомплексе «Алімпійскі».

У 1988 г. Уладзімір Сухапар закончыў факультэт бібліятэказнаўства і бібліяграфіі Мінскага інстытута культуры. У час вучобы ўдзельнічаў у студэнцкіх навукова-практычных канферэнцыях, выбіраўся ў камітэт камсамола факультэта, стаў лектарам таварыства «Веды».

Па размеркаванні і дзякуючы дырэктару Аляксандры Васільеўне Яцэвіч прыехаў у Брэсцкую абласную бібліятэку імя М. Горкага. Пачаў працаваць у аддзеле навуковай інфармацыі па культуры і мастацтве. Уключыўся ў стварэнне штомесячнай «Хронікі культурнага жыцця Брэсцкай вобласці», з якой не растаецца і цяпер. Гэта адзін з важнейшых інфармацыйных рэсурсаў, які дазваляе прасачыць развіццё культуры, прафесійнага і самадзейнага мастацтва ў вобласці.

Давялося вывучаць стан культуры вобласці, дзейнасць устаноў і творчых калектываў. Вёў інфармацыйную работу для кіраўнікоў і калектываў абласных устаноў культуры і мастацтва. Рэгулярна прысутнічаў на пасяджэннях калегіі ўпраўлення культуры аблвыканкама, на абласных семінарах дырэктараў і метадыстаў бібліятэчных сістэм і інш. Устанавіў кантакты з грамадскімі арганізацыямі: аддзяленнямі Беларускага фонду культуры, Саюза пісьменнікаў Беларусі і інш. Аб’ехаў усе райцэнтры вобласці, дзе пазнаёміўся з дзейнасцю ўстаноў культуры і славутасцямі. У снежні 1990 г. прыняў удзел ва Усесаюзнай нарадзе работнікаў інфармацыйных служб у Дзяржаўнай бібліятэцы СССР імя У. І. Леніна.

З першых месяцаў работы ў абласной бібліятэцы Уладзімір Сухапар заняўся грамадскай дзейнасцю, быў абраны членам прафсаюзнага камітэта. Выпускаў насценгазеты, якіх выйшла каля 60. Спрабаваў чытаць лекцыі па лініі таварыства «Веды» на прадпрыемствах горада. Запісаўся ва Універсітэт марксізму-ленінізму, наведваў лекцыі ў абласным Доме палітасветы.

Пераймаў вопыт старэйшых калег: Зінаіды Мікалаеўны Потлавай, Майі Фёдараўны Сімаковай, Святланы Іванаўны Ляпешкі, Ніны Аляксееўны Гурскай, Ларысы Іванаўны Рачкоўскай, Людмілы Мікалаеўны Саханчук і інш. Удзельнічаў у супрацоўніцтве з калегамі з Бяла-Падляскай публічнай бібліятэкі (Польшча), перапісваўся з загадчыкам аддзела рэгіяналій Гжэгажам Міхалоўскім.

Часта пісаў артыкулы, заметкі на тэмы культурнага жыцця ў газеты «Заря», «Брестский курьер», «Народная трыбуна», «Літаратура і мастацтва» і інш. З аповядамі пра новыя кнігі аўтараў Брэстчыны выступаў на абласным радыё ў перадачы «Кніжная палата». У 2003 г. за актыўную папулярызацыю кнігі і гісторыі края ўзнагароджаны Дыпломам упраўлення культуры аблвыканкама.

З сярэдзіны 1990-х захапіўся краязнаўчымі вандроўкамі па розных раёнах вобласці. Прыдумваў пешаходныя экскурсіі на 20–30 км праз некалькі вёсак, дзе аглядаў і фатаграфаваў помнікі гісторыі і архітэктуры. Так праехаў і прайшоў з рукзаком Брэсцкі, Маларыцкі, Камянецкі, Жабінкаўскі, Кобрынскі, Драгічынскі, Пружанскі, Бярозаўскі раёны.

З 1998 г. У. В. Сухапар пачаў працаваць з электронным каталогам, напаўняць базу «Культура і мастацтва» (у 2019 г. уключана ў базу «Краязнаўчая літаратура»). Цяпер распісвае для ЭК усе асноўныя рэспубліканскія газеты (16 назваў). З 2010 г. штомесяц складае «Аналіз перыёдыкі на тэмы культуры і мастацтва вобласці» для інфармавання спецыялістаў ўпраўлення культуры аблвыканкама. З 2002 г. у сувязі са скасаваннем сектара інфармацыі па культуры і мастацтве назначаны галоўным бібліёграфам аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі. У 2022 г. назначаны галоўным бібліёграфам сектара рэгіянальнай бібліяграфіі і інфармацыі па культуры і мастацтве аддзела краязнаўства.

Браў удзел у падрыхтоўцы міжнародных навукова-практычных канферэнцый «Берасцейскія кнігазборы: праблемы і перспектывы даследавання» і выданні матэрыялаў канферэнцый. Для электроннага выдання «Юзаф Ігнацый Крашэўскі (1812–1887)» (2013) пераклаў з польскай на беларускую мову біяграфію пісьменніка. Удзельнічаў у падрыхтоўцы другой кнігі гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Брэст» (2001), біябібліяграфічнага паказальніка «Алесь Мікалаевіч Карлюкевіч» (2015), у складанні бібліяграфічнага паказальніка «Брэсцкая унія 1596 года» (2018), дзе падрыхтаваў бібліяграфію публікацый на тэрыторыі Беларусі, электроннага выдання «1000-годдзе Брэста: праз прызму старадаўніх дакументаў» (2019). У 2022 г. склаў бібліяграфію літаратуразнаўца, прафесара У. А. Калесніка, у 2023 г. – паэтэсы, перакладчыцы Н. І. Мацяш.

Пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па навуковай рабоце Алы Міхайлаўны Мяснянкінай у 2012 г. У. В. Сухапар пачаў працаваць над стварэннем краязнаўчай базы дадзеных «Спадчына», якая размяшчаецца на субдамене «Краязнаўства Берасцейшчыны». Аўтар, а таксама рэдактар матэрыялаў, што рыхтуюцца цэнтральнымі бібліятэкамі. За 11 гадоў у базу змешчаны каля 1700 матэрыялаў (з іх прыблізна 600 пад яго прозвішчам) пра выбітных дзеячаў Брэстчыны, падзеі Вялікай Айчыннай вайны і іншыя перыяды гісторыі, помнікі архітэктуры, прадпрыемствы і арганізацыі.

У. В. Сухапар адзначаны падзякай міністра культуры Рэспублікі Беларусь (2016), узнагароджаны граматай Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму (2020), Ганаровымі граматамі і граматамі абласнога ўзроўню, падзячнымі лістамі абласной бібліятэкі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя

М. Горкага

 

Працы У. В. Сухапара

1.1000-годдзе Брэста: праз прызму старадаўніх дакументаў / Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ; [складальнікі: І. У. Градоўкіна, А. В. Ганчарова, К. С. Быстрова, І. І. Жэлянгоўская, У. В. Сухапар, В. А. Гарбачэўская]. – Мінск : НББ, 2019. – 1 электронны аптычны дыск (DVD).

2.Брэсцкая унія 1596 года : бібіяграфічны паказальнік / Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага ; [складальнікі: В. А. Гарбачэўская, Т. А. Налобіна, У. В. Сухапар]. – Брэст : Альтернатива, 2018. – 400 с.

3.Алесь Мікалаевіч Карлюкевіч : біябібліяграфічны паказальнік / УК «Абласная бібліятэка імя М. Горкага» ; [рэдакцыйная калегія: А. М. Мяснянкіна, В. А. Гарбачэўская, Т. С. Кавенька, Т. А. Налобіна, У. В. Сухапар]. – Мінск, 2015. – 396 с.

4.Берасцейскія кнігазборы : Брэсцкая Біблія – унікальны помнік культуры ХVI стагоддзя / [складальнікі: А. М. Мяснянкіна, Т. С. Кавенька ; карэктар: У. В. Сухапар]. – Брэст, 2014. – 247 с., [8] л. іл.

5.Юзаф Ігнацый Крашэўскі (1812–1887) = Józef Ignacy Kraszewski = Юзеф Игнаций Крашевский = Юзеф Ігнацій Крашевський : інфармацыйнае электроннае выданне на 2 DVD-дысках / Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага [і інш.] ; складальнікі: Л. В. Гарбачова, А. М. Мяснянкіна. – Мінск : НББ, 2013. – 2 электронныя аптычныя дыскі (DVD-ROM).

6.Крыху пра Брэсцкую Бiблiю / У. В. Сухапар // II-я Республиканская молодежная филателистическая выставка, посвященная 450-летию со дня выхода в свет Брестской библии : каталог : Юнифил-2013, 15 марта – 25 марта 2013 г. Брест, 2013. С. 25–26.

7.Конференция в лагере «Зорька» : к 65-летию со дня рождения В. И. Харламова (1948–1996), историка книги / В. В. Сухопар // Библиопанорама. Брест, 2013. Вып. 17. С. 25–26.

8.Панятоўскi, С. А. Мемуары (урывак) / Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ; пераклад Уладзiмiра Сухапара // Песнi Белавежы : Камянеччына лiтаратурная / укладальнiк З. Дудзюк. Мiнск, 2005. С. 19–22.

9.Хоменчук, Н. Н. Разорённые гнёзда… : вспоминают дети «раскулаченных» крестьян Западной Беларуси / Нина Николаевна Хоменчук ; [воспоминания записал В. Сухопар ; публикация Л. Павловой] // Брестский курьер. 2005. 17 ноября (№ 47). С. 9.

10. «Лесные Долы» полесского края : [о польской писательнице Веронике Тропачинской-Огарек и её жизни в Ивацевичском районе] / Владимир Сухопар // Заря. 2004. 13 ноября. С. 5.

11.«Брэст – другая мая малая Радзiма» : [пра брэсцкага краязнаўца Валянціна Паўлавіча Рассiхiна] / Уладзімір Сухапар // Краязнаўчая газета. 2004. № 10. С. 2.

12.З бiблiятэкай на «Вы» : [пра бiблiятэкара Брэсцкай абласной бібліятэкі iмя М. Горкага Ніну Аляксееўну Гурскую] / Уладзiмiр Сухапар // Краязнаўчая газета. 2004. № 1–2. С. 7.

13.«Всю жизнь я пишу о войне…» : [про поэта Романа Александровича Левина] / Владимир Сухопар // Заря. 2003. 30 октября. С. 3.

14.Утерянная «Улица над Мухавцем», или Театр и публика в Брест-Литовске : [о гастролях польского театра Павла Ратаевича в 1858–1859 гг.] / Владимир Сухопар // Вечерний Брест. 2003. 10 сентября. С. 3.

15.«Глубынь-Городок»? Это же наш Давид-Городок! : [о книге Лидии Обуховой «Глубынь-Городок»] / Владимир Сухопар // Заря. 2003. 13 мая. С. 3.

16.Iх аб'яднаў Купала : [пра спектакль «Адплата кахання» маладзёжнай студыi Iвацэвiцкага народнага тэатра] / Уладзімір Сухапар // Заря. 2002. 23 ноября. С. 3.

17.Из машинистов – в экскурсоводы : [о сотруднике Брестского музея железнодорожной техники Леониде Иосифовиче Пищике] / Владимир Сухопар // Железнодорожник Белоруссии. 2002. 29 августа. С. 4.

18.«Мы – из восставшей Лахвы» : [о книге Бен-Циона Дагара «Мы из восставшей Лахвы»] / Владимир Сухопар // Заря. 2002. 25 июня. С. 3.

19.Scieźkami Polesia : Kobryń i okolice / Władimir Suchopar // Podlaski kwartalnik kulturalny. 2000. № 1. S. 60–65.

20.Забытыя iмёны : [пра пiсьменнiка Сергiюша Пясецкага (1901–1964)] / Уладзiмiр Сухапар // Intex-press. Барановичи, 1999. 4 ноября. С. 6.

21.Падрыхтоўка «Хронiкi культурнага жыцця вобласцi» / Уладзімір Сухапар // Бiблiятэчны свет. 1998. № 2. С. 15.

22.«Усход на рацэ Гарынь» i iншыя падзеi : [пра мастака Аляксандра Харашуна з Давыд-Гарадка]  / Уладзімір Сухапар // Заря. 1997. 27 февраля. С. 3.

23.На левым беразе Буга : [пра ўдзел у V Семiнары рэгiянальных таварыстваў культуры ў Бала-Падлясцы, 14–16 верасня 1995 г.] / Уладзімір Сухапар // Народная трыбуна. 1995. 7 кастрычніка. С. 4.

24.Пiнскае гета: сведчане вязнiцы : [пра кнiгу: Fanny Sołomian-Łoc. Getto i gwiazdy. Warszawa, 1993. 219 s.] / Уладзімір Сухапар // Полесская правда. Пинск, 1995. 12 июля. С. 2.

25.Давыд-Гарадоцкiя «цiкеткi» : [пра народнае мастацтва роспiсу] / Уладзімір Сухапар // Звязда. 1994. 2 снежня. С. 6.

26.Тут мае Мэльнiкi… : [схема мiкратапонiмаў Давыд-Гарадка] / Уладзімір Сухапар // Народная трыбуна. 1994. 20 жніўня. С. 4.

 

Аб жыцці і дзейнасці У. В. Сухапара

1.Сухопар Владимир Васильевич // Кто есть кто в Брестской областной библиотеке. Молодечно : Победа, 2016. С. 169–170.

2.Хокимова, А. Джеральду Дарреллу и не снилось : [об увлечении библиографа областной библиотеки им. М. Горького Владимира Сухопара пешими экскурсиями по родному краю] / Антонина Хокимова // Вечерний Брест. 2003. 5 сентября. С. 8.

3.Бунеева, Л. Библиотека застопила автостопщика : [Владимир Сухопар получил книги от Антона Кротова из Москвы для областной библиотеки] / Людмила Будеева // Вечерний Брест. 2023. 14 марта. С. 3.

 

 

Чытаць 317 разоў Апошняя змена Чацвер, 31 Жнівень 2023 09:40