Панядзелак, 28 Жнівень 2023 15:17

24 ліпеня 2022 г. – 100 гадоў з дня нараджэння Барыса Васілевіча Уксусава (1922–1998), акцёра, заслужанага артыста БССР (1955)

Барыс Васілевіч Уксусаў нарадзіўся 24 ліпеня 1922 г. у г. Варонежы ў сям’і служачых. Вучыўся ў Варонежскім тэатральным вучылішчы (1939–1941). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1944 г. яго запрасілі ў адзін з франтавых ансамбляў, дзе выступаў да канца вайны. З 1945 г. працаваў у тэатрах Адэсы, Крывога Рога, Днепрадзяржынска, Кастрамы, Арджанікідзе (1964–1965), Краснаярска (1972–1976).

Амаль дваццаць гадоў сваёй творчай дзейнасці Барыс Уксусаў прысвяціў Брэсцкаму абласному драматычнаму тэатру імя Ленінскага камсамола Беларусі, дзе служыў у 1951–1963, 1965–1970 гг. Адразу выдзеліўся сваім тэмпераментам, пластычнасцю, розумам і працаздольнасцю. Акцёр добра адчуваў своеасаблівасці характараў сваіх роляў і ярка паказваў іх на сцэне.

Выканаўца драматычных, характарных роляў. Героі Барыса Уксусава – натуры арганічныя, эмацыянальныя, з адкрытымі характарамі, моцнымі пачуццямі. Пошукі драматычнага ў чалавечым характары вызначальныя ў ролях Рабініна («Юнацтва бацькоў» Б. Гарбатава), Сяргея («Іркуцкая гісторыя» А. Арбузава), Марэсьева («Сапраўдны чалавек» паводле Б. Палявога), Касагорава («Уцёкі з ночы» братоў Тур), Алекі Дундзіча («Алека Дундзіч» М. Каца і А. Ржашэўскага).

У ролях класічнага рэпертуару арганічна спалучаў задуму аўтара з пачуццём псіхалагічнай праўды. Акцёр смела карыстаецца нязвыклымі галасавымі мадуляцыямі, рэзкай пластыкай, камедыйнымі і драматычнымі фарбамі ў ролях Фігаро («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П. Бамаршэ), Гарадуліна («На ўсякага мудраца хапае прастаты» А. Астроўскага), Штапнова («Сокалы і крумкачы» А. Сумбатава-южына).

Яркасць знешняга і дакладнасць ўнутранага малюнка, імправізацыйнасць вызначаюць ролі: Кукушкіна («Брэсцкая крэпасць К. Губарэвіча) і Мульціка («Вечар» А. Дударава, Пензенскі тэатр). З іншых роляў: Аляксей («У добры час!» В. Розава), Трэплеў («Чайка» А. Чэхава), Троцкі («Брэсцкі мір» К. Губарэвіча).

З 1976 г. Б. В. Уксусаў служыў у Пензенскім абласным драматычным тэатры імя А. В. Луначарскага, дзе выканаў больш за 40 роляў.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі (1943), Айчыннай вайны (1985), «Знак Почёта» (1981), медалямі «За отвагу», «За боевые заслуги». Заслужаны артыст Беларускай ССР (1955).

Б. В. Уксусаў памёр 31 жніўня 1998 г. у Пензе.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя

М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела

краязнаўства

 

1.Уксусаў Барыс Васілевіч / Т. Дз. Арлова // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 16. С. 209.

2.Уксусов Борис Васильевич // Регионы Беларуси : энциклопедия. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 122.

3.Уксусов Борис Васильевич // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2008. Т. 7. С. 317.

4.Уксусаў Барыс Васілевіч / Т. Дз. Арлова // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : [у 2 т.]. Мінск, 2003. Т. 2. С. 462.

5.Уксусаў Барыс Васілевіч / Т. Дз. Арлова // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 357.

6.Заслужаны артыст Беларускай ССР : 1955 : Б. В. Уксусаў // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 508.

7.Перепелица, К. И. Галера святых и грешных : [воспоминания] / К. И. Перепелица. Минск, 2012. – 263 с., [5] с. ил. – Из содерж.: Уксусов Б. С. 169–177.

8.Перепелица, К. И. Галера святых и грешных... : [воспоминания] / К. И. Перепелица. – Брест : С. Б. Лавров, 2002. – 321 с. – Из содерж.: Уксусов Б. С. 201–210.

9.Волчецкий, Л. П. Годы, спектакли, роли… : очерк о творческой деятельности Брестского областного драматического театра имени Ленинского комсомола Белоруссии / Леонид Волчецкий. – Минск : Мастацкая лiтаратура, 1974. – 172 с.; [6] л. ил. – Из содерж.: [Б. Уксусов]. С. 21, 29, 65, 90, 91, 134.

10.Заслужаныя артысты : Уксусаў Барыс Васільевіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 622.

11.Рыбакоў, М. І сёння іграе Уксусаў : [пра акцёра Брэсцкага драматычнага тэатра Барыса Уксусава] / Мікалай Рыбакоў // Літаратура і мастацтва. 1967. 12 верасня.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 247 разоў