Серада, 30 Жнівень 2023 12:17

14 кастрычніка 2023 г. – 120 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Аляксандравіча Барысава (1903–1993), генерал-маёра, Героя Савецкага Саюза, Ганаровага грамадзяніна г. Баранавічы

Уладзімір Аляксандравіч Барысаў нарадзіўся 14 кастрычніка 1903 г. у в. Такавая Яраслаўскай губерні (цяпер Барысаглебскага раёна Яраслаўскай вобласці) у сялянскай сям’і. Скончыў царкоўна-прыходскую школу. У 13 гадоў бацькі адправілі хлопчыка ў Петраград на прыслужванне ў гастранамічную краму. У 1918 г. ён вярнуўся ў роднае сяло.

З 1925 г. Уладзімір Барысаў служыў у Чырвонай арміі. У 1929 г. скончыў палкавую школу малодшых камандзіраў, затым ваеннае вучылішча імя Усесаюзнага Цэнтральнага выканаўчага камітэта.

У 1939 г. закончыў Ваенную акадэмію імя М. В. Фрунзэ. Перад Вялікай Айчыннай вайной, у 1941 г., У. А. Барысаў атрымлівае прызначэнне ў 5-ю паветраную дэсантную брыгаду 3-га дэсантнага паветранага корпуса на пасаду начальніка брыгады. З ліпеня 1941 г. змагаўся на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Ужо ў першай баявой аперацыі па абароне Кіева ў ліпені-жніўні 1941 г. умела кіраваў вайсковымі часцямі.

У верасні 1942 г. 5-я брыгада ў складзе 65-й арміі гераічна абараняла Сталінград. З 25 сакавіка па 29 лістапада 1943 г. і з 19 студзеня па 10 чэрвеня 1944 г. Уладзімір Барысаў камандаваў сфарміраванай у канцы 1942 г. на Урале з вайскоўцаў НКУС 175-й дывізіяй, якая вызначылася ў баях на Курскай дузе. За ўмелае кіраўніцтва дывізіяй Уладзімір Аляксандравіч быў узнагароджаны ордэнам Кутузава 2-й ступені. 25 верасня 1943 г. яму было прысвоена званне «генерал-маёр».

Ваеннае майстэрства генерал-маёра У. А. Барысава праявілася і ў ходзе Беларускай вызваленчай аперацыі «Баграціён». Перад пачаткам аперацыі ён быў назначаны камандзірам 44-й стралковай дывізіі, якая ўдзельнічала ў баях за вызваленне г. Баранавічы і Баранавіцкага раёна. Горад быў вызвалены 8 ліпеня 1944 г. у ходзе наступлення войск 1-га Беларускага фронту. Вызвалялі горад войскі 65-й і 28-й армій, 16-й паветранай арміі. 28-мі вайсковым злучэнням і часцям прысвоены ганаровыя найменні «Баранавіцкіх».

Пасля вызвалення нашага краю 44-я стралковая дывізія паспяхова рухалася наперад. 5 верасня 1944 г. яна зноў вызначылася, забяспечваючы пераправу нашых войскаў праз раку Нараў за 10 км ад г. Сяроцк (Польшча). 6 красавіка 1945 г. генерал-маёру У. А. Барысаву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка». 24 чэрвеня 1945 г. ён быў удзельнікам Парада Перамогі ў Маскве.

У ліку злучэнняў і часцей, якія праславіліся ў баях за вызваленне нашага краю і атрымалі ганаровае найменне «Баранавіцкіх», – праслаўленая 44-я стралковая дывізія. Яна была сфарміравана ў верасні 1918 г. як 2-я Пензенская пяхотная дывізія, з кастрычніка 1918 г. – 5-я стралковая дывізія. За паспяховыя дзеянні ў Грамадзянскай вайне ўзнагароджана Ганаровым рэвалюцыйным Чырвоным Сцягам (1929). У верасні 1939 г. дывізія ўдзельнічала ў вызваленні Заходняй Беларусі. У ходзе Вялікай Айчыннай вайны дывізія ўваходзіла ў склад 11-й, 27-й, 1-й Гвардзейскай і 65-й армій. Удзельнічала ў абарончых баях на Паўночна-Заходнім фронце, у Маскоўскай і Сталінградскай бітвах, у баях за Данбас, вызваленне Украіны і Беларусі, у Берлінскай наступальнай аперацыі. Дывізія ўзнагароджана ордэнамі Леніна і Суворава 2 ступені. Каля 12 тысяч яе воінаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі. 22 воіны атрымалі званне Героя Савецкага Саюза.

Пасля вайны У. А. Барысаў заставаўся на ваеннай службе. У 1949 г. скончыў Ваенную акадэмію Генеральнага штаба, застаўся там працаваць старшым выкладчыкам. У наступныя гады служыў у адным з упраўленняў Генеральнага штаба Савецкай арміі. З мая 1961 г. – у запасе. Пражываў у Маскве, вёў актыўную грамадскую работу.

У. А. Барысаў узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна (1945, 1945, 1951), чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга (1942, 1942, 1945, 1956), ордэнамі Кутузава 2 ступені (1943), Суворава 2 ступені (1944), Айчыннай вайны 1 ступені (1985), Чырвонай Зоркі (1944), медалямі, а таксама польскімі: ордэнам «Крыж Грунвальда» 3 ступені і двума медалямі.

Рашэннем Баранавіцкага гарадскога Савета дэпутатаў № 54 ад 30 сакавіка 1984 г. Герою Савецкага Саюза генерал-маёру Уладзіміру Аляксандравічу Барысаву прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Баранавічы».

У. А. Барысаў памёр 19 сакавіка 1993 г., пахаваны на Кунцаўскіх могілках г. Масквы (участак 9-2).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Баранавіцкай цэнтральнай гарадской

бібліятэкай імя В. П. Таўлая

 

1.Борисов Владимир Александрович // Долготович, Б. Д. Почетные граждане белорусских городов : биографический справочник / Б. Д. Долготович. Минск, 2008. С. 15.

2.Борисов Владимир Александрович // Герои Советского Союза : краткий биографический словарь : у 2 т. Москва, 1987. Т. 1. С. 190.

3.Почётные граждане города Барановичи : [справочное издание / авт.-сост. А. Д. Пустовитовский]. – Барановичи : Красная звезда, 2012. – 52 с. – (Лучшие из лучших).

4.Камінскі, М. І. Баранавічы / М. І. Камінскі // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 60–61.

5.Камінскі, М. І. Баранавіцкая стралковая дывізія / М. І. Камінскі // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 59.

6.Камінскі, М. І. Баранавіцкія вайсковыя злучэнні і часці / М. І. Камінскі // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 60.

7.Воінскія часці і злучэнні, якім проысвоена найменне «Баранавіцкія» // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 374–375.

8.Пустовитовский, А. Комдив 44-й СД : [В. А. Борисов – почётный гражданин города Барановичи] / Алексей Пустовитовский // Наш край. Барановичи, 2011. 20 сентября. С. 2.

9.Долготович, Б. Он участвовал в параде на Красной площади : [В. А. Борисов – почётный гражданин города] / Б. Долготович // Заря. 1994. 7 мая. С. 2.

 

Чытаць 250 разоў Апошняя змена Серада, 30 Жнівень 2023 12:32