Серада, 30 Жнівень 2023 14:39

12 студзеня 2023 г. – 110 гадоў з дня нараджэння Арсенія Паўлавіча Нікіціна (1913–1989), ваеннага лётчыка, Героя Савецкага Саюза, Ганаровага грамадзяніна г. Баранавічы

 Арсеній Паўлавіч Нікіцін нарадзіўся 12 студзеня 1913 г. на станцыі Каінск (зараз г. Куйбышаў Новасібірскай вобласці) у сям’і рабочага. З 1925 г. жыў у пасёлку Лысьва (зараз горад у Пермскай вобласці). Пасля заканчэння ФЗН працаваў майстрам інструментальнага цэха на металургічным заводзе, але заўсёды марыў аб небе. У 1934 г. паступіў у Арэнбургскую ваенную школу лётчыкаў, якую скончыў у 1937 г.

З жніўня 1941 г. Арсеній Нікіцін на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Прайшоў шлях ад радавога лётчыка да намесніка камандзіра 338-га Рыжскага бамбардзіровачнага авіяцыйнага палка. А. П. Нікіцін удзельнічаў у Сталінградскай бітве, баях за Каўказ. Увосень 1943 г., калі ішла бітва за Днепр, ён наносіў бомбавыя ўдары па аэрадромах і войсках саперніка ў Запарожжы, Днепрапятроўску. Выдатна выявіў сябе і падчас баёў за вызваленне Прыбалтыкі і ў разгроме ворага пад Берлінам.

Часам экіпаж Арсенія Нікіціна трапляў у вельмі складаныя ўмовы. Так, аднойчы сакавіцкай ноччу 1942 г. падчас выканання задання па бамбардзіроўцы важнага чыгуначнага вузла Джанкой самалёт сустрэў моцнае супраціўленне зенітнай артылерыі ворага. Бамбардзіроўку прышлося выконваць з абмежаванай вышыні. Пры першай спробе быў падбіты крайні левы матор. Але і на трох маторах А. П. Нікіцін здзейсніў другі заход на цэль. Як вынік – разбурана чыгуначнае палатно.

У іншы раз экіпаж атрымаў заданне разбамбіць пераправу ворага праз Дон. Палёт праходзіў у складаных метэаўмовах, пераправа прыкрывалася моцным зенітным агнём, але А. П. Нікіцін здолеў прарвацца да цэлі і з вышыні ўсяго 800 м разбамбіць пераправу. Яго самалёт атрымаў вялікае пашкоджанне, але лётчык усё ж прывёў параненую машыну на сваю базу.

Старэйшыя начальнікі характарызавалі А. П. Нікіціна як нястомнага, ініцыятыўнага, энергічнага камандзіра-кіраўніка. Нараўне з выкананнем баявой працы ён укладваў шмат сіл ў падрыхтоўку маладых лётчыкаў, камандзіраў. За ўмелую падрыхтоўку маладога лётнага саставу ў красавіку 1944 г. Ваенным Саветам прэміраваны імянным гадзіннікам.

Стаўшы намеснікам камандзіра палка па лётнай частцы, А. П. Нікіцін за кароткі тэрмін падрыхтаваў 8 камандзіраў і 12 лётчыкаў для работы ў начных умовах. Падчас блакады Ленінграда ў ліку першых удзельнікаў выканання ўрадавага задання па дастаўцы боепрыпасаў войскам Ленінградскага фронту і харчавання ленінградцам быў лётчык-бамбардзіроўшчык Арсеній Паўлавіч Нікіцін. 24 разы ён вылятаў у партызанскі край і дастаўляў народным мсціўцам зброю, боепрыпасы, харчаванне.

Усяго ў гады вайны А. П. Нікіцін здзейсніў 218 баявых вылетаў уначы, агульная працягласць якіх 2164 гадзіны. 15 мая 1946 г. удастоены звання Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка».

Пасля вайны А. П. Нікіцін працягваў службу ў Савецкай арміі. У 1953 г. скончыў вышэйшыя лётна-тактычныя курсы ўдасканалення афіцэрскага саставу. З 1957 г. Арсеній Паўлавіч у адстаўцы, жыў у г. Баранавічы. Часта сустракаўся з моладдзю ў школах, воінскіх часцях. Яго гутаркі, апавяданні аб вайне, якія ўсюды слухалі з вялікай цікавасцю, шмат у чым спрыялі ваенна-патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення.

Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені, ордэнам Чырвонай Зоркі, многімі медалямі. Рашэннем Баранавіцкага гарадскога Савета народных дэпутатаў № 65 ад 21 сакавіка 1975 г. Герою Савецкага Саюза А. П. Нікіціну прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Баранавічы».

А. П. Нікіцін памёр 24 чэрвеня 1989 г.

26 чэрвеня 2008 г. рашэннем Баранавіцкага гарадскога Савета дэпутатаў № 58 адна з вуліц новага мікрараёна Бараўкі г. Баранавічы названа імем А. П. Нікіціна.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя В. П. Таўлая

 

1.Никитин Арсений Павлович // Герои Советского Союза : краткий биографический словарь : в 2 т. Москва, 1988. Т. 2. С. 160.

2.Никитин Арсений Павлович // Долготович, Б. Д. Пачетные граждане белорусских городов : биографический справочник / Б. Д. Долготович. Минск, 2008. С. 

3.Нікіцін Арсень Паўлавіч // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гіст-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 626.

4.Почётные граждане города Барановичи : [справочное издание / авт.-сост. А. Д. Пустовитовский]. – Барановичи : Красная звезда, 2012. – 52 с. – (Лучшие из лучших).

5.Пустовитовский, А. Командир командиров : [А. П. Никитин – почётный гражданин города] / Алексей Пустовитовский // Наш край. Барановичи, 2011. 13 сентября. C. 3.

Чытаць 285 разоў Апошняя змена Серада, 30 Жнівень 2023 14:50