Пятніца, 06 Кастрычнік 2023 16:00

24 кастрычніка 2023 г. – 70 гадоў з дня нараджэння Віктара Іванавіча Прымачука (1953), акадэміка Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій, заслужанага будаўніка Расійскай Федэрацыі

Віктар Іванавіч Прымачукнарадзіўся 24 кастрычніка 1953 г. у в. Мацы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў чатыры класы пачатковай школы ў в. Мацы, потым вучыўся ў Дзівінскай школе-інтэрнаце. Пасля заканчэння школы праходзіў тэрміновую службу ў Савецкай арміі.У 1974 г. паступіў у Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут.

Пасля двух гадоў вучобы Віктар Прымачук паехаў на БАМ – Усесаюзную ўдарную камсамольскую будоўлю. Працоўную загартоўку атрымаў менавіта на будаўніцтве Байкала-Амурскай магістралі, дзе з 1978 г. па 1984 г. прайшоў шлях ад майстра да начальніка вытворча-тэхнічнага аддзела будаўнічага падраздзялення. У 1980 г. скончыў Брацкі індустрыяльны інстытут па спецыяльнасці «інжынер-будаўнік прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва». Узнагароджаны медалём «За строительство Байкало-Амурскай магистрали» (1984).

З 8 жніўня 1984 г. па 18 снежня 1990 г. В. І. Прымачук працаваў у Міністэрстве агульнага машынабудавання СССР намеснікам, начальнікам аддзела капітальнага будаўніцтва. Пасля ліквідацыі міністэрства працаваў выключна ў будаўнічай галіне, займаўся будаўніцтвам шэрагу буйных і ўнікальных аб’ектаў, у тым ліку Адзінага цэнтра дыспетчарскага кіравання ААТ «РЖД» у Хабараўску і вычышчальных збудаванняў поўнай біялагічнай ачысткі для ААТ «Воронеж-синтезкаучук».

З 2006 г. – генеральны дырэктар ТАА «Строительно-монтажный поезд № 93» («СМП-93»),якое з 1990 г. займалася будаўніцтвам аб'ектаў прамысловага і грамадзянскага прызначэнняна будаўнічым рынку Масквы, Маскоўскай вобласці і іншых рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі.З 1 чэрвеня 2009 г. – генеральны дырэктар Далёкаўсходняй дырэкцыі «Росстроя», асноўнымі функцыямі якой з'яўлялася распрацоўка і ўзгадненне праектнай дакументацыі па забудове вострава Рускага, арганізацыі будаўнічых работ на аб'ектах саміту АТЭС.

Асноўныя навуковыя дасягненні: узвядзенне будынкаў і збудаванняў з маналітнага жалезабетону. У рамках дадзенага навуковага кірунку распрацавана канцэпцыя адаптыўнай тэхналогіі правядзення будаўнічых работ на аснове бетонных модуляў-канструкцый, стварэння інструмента тэхнічнай дыягностыкі па кантролі нагрузачных характарыстык і параметраў, прапанаваны аналітычныя метады мадэліравання модульных збудаванняў. Распрацаваў тэорыю кладкі бетону ў аб'ёмна-перастаўной апалубцы пры ўзвядзенні вышынных будынкаў. Аўтар больш 30 навуковых прац, трох вынаходстваў.

У 2000 г. В. І. Прымачуку прысвоены вучоныя ступені доктара філасофіі ў галіне інфармацыйных тэхналогій (эканоміка) і доктара навук у галіне інфармацыйных тэхналогій (эканоміка). З 2002 г. Віктар Іванавіч з’яўляецца сапраўдным членам (акадэмікам) Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій (МАІТ).

Віктар Іванавіч – спецыяліст высокага класа, прафесіянал, умелы арганізатар. У 2006 г. прысвоена званне «Почетный строитель России».За заслугі ў галіне будаўніцтва і шматгадовую добрасумленную працу ўказам Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі ад 2 красавіка 2012 г. № 372 прысвоена ганаровае званне «Заслуженный строитель Российской Федерации». У 2012 г. за асабісты творчы ўклад у рэалізацыю касмічных праграм і праектаў В. І. Прымачук узнагароджаны знакам «За обеспечение космических стартов», медалём «За вклад в строительство космодрома ”Восточный”». Мае ордэн «За верность традициям», медаль «Строителю объектов саммита АТЭС», знак «За преданность Владивостоку». Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў.

Сёння Віктар Іванавіч Прымачук жыве ў Маскве, працягвае працоўную дзейнасць. У Кобрыне жыве яго старэйшы брат Васілій Іванавіч,майстар спорту СССР, суддзя рэспубліканскай катэгорыі па вольнай барацьбе, маёр ВС. У госці да брата і на сваю малую радзіму Мацы Віктар Іванавіч Прымачук вяртаецца заўсёды з радасцю.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бiблiятэкай.

Курачук Святлана Дзмітрыеўна, бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Прымачук Віктар Іванавіч // Малая радзіма вялікіх людзей : інфармацыйна-бібліяграфічны паказальнік да 460-годдзя з часу першага згадвання ў гістарычных крыніцах в. Мацы Кобрынскага раёна / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. Кобрын, 2023. С. 23–24.
  2. Прымачук Віктар Іванавіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. 2-е выд., дапрац. і дап. Кобрын, 2020. С. 121.
  3. Заслужаныя работнікі-землякі іншых дзяржаў : Заслужаны будаўнік Расійскай Федэрацыі : Прымачук Віктар Іванавіч // Па працы – пашана : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 141.
  4. 70 гадоў з дня нараджэння В. І. Прымачука (1953) // Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021-2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 9192.
  5. Новый директор : [в Дальневосточной дирекции Росстроя новый генеральный директор Виктор Иванович Примачук] // Владивосток. 2009. 2 июня.
  6. Примачук, В. [Поздравление с профессиональным праздником - Днем строителя] / Виктор Примачук // АТЭСстрой-2012 : информационный бюллетень ФГУ «Дальневосточная дирекция Росстроя». – 2009, август. С. 5.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 271 разоў Апошняя змена Пятніца, 06 Кастрычнік 2023 16:14