Панядзелак, 16 Кастрычнік 2023 16:11

30 кастрычніка 2023 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Паўлавіча Вялічкі (1943–2018), журналіста, публіцыста, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь

Уладзімір Паўлавіч Вялічка нарадзіўся 30 кастрычніка 1943 г. у в. Масявічы Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Бацька вярнуўся з вайны, быў сталяром і цесляром, дапамагаў аднавяскоўцам пераадольваць пасляваеннае разбурэнне. У роднай вёсцы ў тыя часы існавала пачатковая школа, пасля заканчэння якой Валодзя працягваў вучобу ў Магілявецкай сярэдняй школе, якую закончыў у 1961 г.

Школьнікам пісаў у газеты заметкі, таму выбраў сабе прафесію журналіста. Працаваў у ружанскай і пружанскай раённых газетах. У 1968 г. Уладзімір Вялічка закончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. У складзе студэнцкіх атрадаў асвойваў цалінныя землі Казахстана. Працаваў у брэсцкай абласной газеце «Заря», быў кіраўніком лектарскай групы Брэсцкага абкама КПБ. Вучыўся ў Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС. Кандыдат філасофскіх навук (1980).

З 1980 г. Уладзімір Паўлавіч становіцца памочнікам першага сакратара ЦК КПБ П. М. Машэрава. Іх звязвала адзінства поглядаў, агульнае разуменне пытанняў развіцця рэспублікі па ўсіх сферах, аднолькавыя адносіны да працы, якую выконвалі сумленна, не лічыліся з асабістым часам. Затым працаваў інструктарам арганізацыйнага аддзела ЦК КПСС. Партыйную дзейнасць працягнуў у 1989–1990 гг. як дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, а ў 1990–1991 гг. – як член ЦК КПСС.

З 1986 г. – галоўны рэдактар часопіса «Коммунист Белоруссии». Пасля закрыцця часопіса (1991) на яго фундаменце па ініцыятыве Уладзіміра Паўлавіча было створана новае выданне – «Беларуская думка», галоўным рэдактарам якога ён быў з 1992 г. па 2007 г. Адначасова ў 1991–2001 гг. працаваў выкладчыкам факультэта журналістыкі БДУ (распрацаваў новы курс «Тэорыя камунікацыі»), саветнікам-кансультантам, галоўным саветнікам Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Даследаваў гісторыю савецкага перыяду і навейшую гісторыю Беларусі.

У. П. Вялічка – адзін з аўтараў сцэнарыя дакументальнай кінатрылогіі пра П. М. Машэрава «Беларусь была яго лёсам» (1989), зборніка «Сын белорусского народа Пётр Машеров: к 95-летию со дня рождення: воспоминания и статьи» (2013). Аўтар сямі кніг, манаграфій, брашур на беларускай і рускай мовах. Друкаваўся ў часопісах «Белорусское сельское хозяйство», «Наш современник», «Беларуская думка», у рэспубліканскіх газетах. Член Беларускага саюза журналістаў, выбіраўся яго сакратаром, узначальваў камітэт па прафесійнай этыцы.

Ніколі не адступаць перад цяжкасцямі, добрасумленна рабіць сваю справу – такія якасці моцнай асобы ў поўнай меры выявілася падчас працы У. П. Вялічкі ў літаратурна-мастацкім, духоўна-асветніцкім і навуковым часопісе «Белая Вежа». У нейкі час выданне з’яўлялася, затым знікала, потым зноў нядоўга выходзіла ў свет. Так было да таго часу, пакуль яго не ўзначаліў Уладзімір Паўлавіч. Неймавернымі высілкамі, абапіраючыся на шматлікіх сяброў, якія ведалі, паважалі яго і давалі для друку на безганарарнай аснове актуальныя матэрыялы, галоўны рэдактар узнавіў часопіс. «Белая Вежа» пачала выходзіць штомесяц і па вартасці была ацэнена ў Саюзе пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы. У 2014 г. У. П. Вялічка быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.

У 1997 г. У. П. Вялічку было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь». Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1998), прэміі Беларускага саюза журналістаў (2002), літаратурнай прэміі «Залаты купідон» (2008). Пераможца міжнароднага фестывалю журналістыкі «Вера. Надзея. Любоў» (2002) у намінацыі «Журналіст года». Узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (31.12.2002).

Аднак не менш важным, а магчыма, і галоўным дасягненнем, надзейным тылам стала для Уладзіміра Паўлавіча сям’я: жонка Соф’я Іосіфаўна, з якой былі знаёмыя яшчэ са школы, і дзеці, якія заўсёды былі побач, верылі ў яго, суперажывалі ў складаныя моманты.

У. П. Вялічка памёр 11 жніўня 2018 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Пружанскай цэнтральнай раённай

бібліятэкай імя М. Засіма. Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф ААіІ

 

Працы У. П. Вялічкі

1.Петр Машеров. Беларусь – его песня и слава / Владимир Величко ; [предисловие О. Г. Слуки]. – Минск : Мастацкая лiтаратура, 2018. – 149, [2] c., [24] л. ил., портр., карты.

2.Жизнь, полная испытаний : [страницы биографии и трудовая деятельность Николая Никитовича Слюнькова – государственного, политического и хозяйственного деятеля БССР и СССР] / Владимир Величко // Наш современник. 2017. № 7. С. 237–246.

3.Буг в огне : [размышления автора о Великой Отечественной войне на территории Брестской области] / Владимир Величко // На прасторах любай Беларусі. Мінск, 2015. С. 131–327.

4.Валентин Распутин. Писатель. Патриот. Гражданин : [фрагменты из интервью разных лет и воспоминания ведущих русских писателей] / вступительное слово Владимира Величко // Белая вежа. 2015. № 7. С. 18–45.

5.На гребне горбачевской анархии : [перестройка как ниспровержение самобытной и уникальной советской цивилизации] / Владимир Величко // Белая вежа. 2015. № 4. С. 85–93.

6.Самоцветы расцветают в глубинке : [история школы д. Могилевцы Пружанского района] / Владимир Величко // Белая Вежа. 2015. № 2. С. 112–118.

7.Огненная молодость Петра Машерова / Владимир Величко // Белая Вежа. 2014. № 4. С. 38–46.

8.Через труд и терни... : [трудовая бография бывшего заместителя председателя Брестского областного комитета народного контроля Ивана Онуфриевича Величко, уроженца д. Мосевичи Пружанского района] / Владимир Величко // Заря. 2014. 27 февраля. С. 5.

9.Люди из легенды : [история возникновения мелиорации в Беларуси] / Владимир Величко // Белорусское сельское хозяйство. 2009. № 9. С. 50–52.

10.Эстафета мысли : [родословная журнала «Беларуская думка»] / Владимир Величко // Беларуская думка. 2007. № 4. С. 3–6.

11.Новая старая зямля : [пра сацыяльна-эканамічнае развіццё Ляхавіцкага раёна] / Уладзімір Вялічка, Алесь Марціновіч // Беларуская думка. 2007. № 2. С. 22–36.

12.Зямля любові нашай : нарысы, эссэ : у 2 т. / Уладзімір Вялічка, Алесь Марціновіч, Васіль Шырко. – Мінск, 2007. – Т. 2. – 412 [1] с. : іл.

13.Зямля любові нашай : нарысы, эссэ : у 2 т. / Уладзімір Вялічка, Алесь Марціновіч, Васіль Шырко. – Мінск, 2006. – Т. 1. – 399 с. : іл.

14.Новая Беларусь / У. П. Вялічка, В. А. Шырко, У. С. Глушакоў ; [аўтар прадмовы І. Шамякін]. – Мінск : Беларусь, 2001. – 399 с.

15.Яскевіч, А. Падвіжнікі і іх святыні : духоўная культура старажытнай Беларусі / Алена Яскевіч ; навук. рэд.: У. П. Вялічка, М. П. Касцюк. – Мінск : Полымя, 2001. – 367 с.

16.Беларусь маладая / У. П. Вялічка, В. А. Шырко, У. С. Глушакоў ; [аўтар прадмовы I. Шамякін]. – Мінск : Беларусь, 1998. – 638 с.

 

Аб жыцці і творчасці У. П. Вялічкі

1.Вялічка Уладзімір Паўлавіч / А. А. Марціновіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2004. Т. 18, кн. 1. С. 366.

2.Вялічка Уладзімір Паўлавіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2011. Т. 2. С. 455.

3.Величко Владимир Павлович // Большой белорусский энциклопедический словарь. Минск, 2011. С. 63.

4.Величко Владимир Павлович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 2. С. 617.

5.Вялічка Уладзімір Паўлавіч / Алесь Марціновіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2004. Т. 6, кн. 2. С. 360.

6.Панасюк, М. В. Дыялог на мяжы стагоддзяў, 1999–2000 / М. В. Панасюк. Мінск : Тэхнапрынт, 2000. С. 38–41.

7.Загвоздкина, Т. Служение делу и людям : [публицист, лауреат Госпремии и заслуженный деятель культуры Беларуси В. Величко] / Татьяна Загвоздкина // Беларуская думка. 2018. № 10. С. 52–53.

8.Галоўка, С. Памяці Уладзіміра Вялічкі / Сяргей Галоўка // Беларуская думка. 2018. № 8. С. 66–69.

9.Уладзімір Вялічка – «Журналіст года» // Беларуская думка. 2002. № 5. С. 79.

10.Церахава, В. Працаваў памочнікам Машэрава : [штрыхі біяграфіі вучонага-філосафа, журналіста У. П. Вялічкі, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі] / Вера Церахава // Раённыя будні. Пружаны, 2020. 2 мая. С. 4.

11.Загвоздкіна, Т. Лёгкіх шляхоў не шукаў : [словы пра Уладзіміра Вялічку] / Таццяна Загвоздкіна // Літаратура і мастацтва. 2018. 12 лістапада (№ 40). С. 6.

12.Шелехов, М. Сын Белой вежы : [последний помощник П. М. Машерова, публицист, лауреат Госпремии и заслуженный деятель культуры Беларуси Владимир Величко / Михаил Шелехов // Заря. 2018. 7 ноября. С. 17.

13.Прыклад інтэлігента : словы пра Уладзіміра Вялічку : [некралог] // Літаратура і мастацтва. 2018. 17 жніўня. С. 3.

14.Булыко, Г. Три линии судьбы : публицист, лауреат Госпремии и заслуженный деятель культуры Беларуси Владимир Величко встречает 70-летний юбилей с большими творческими планами / Галина Булыко // Рэспубліка. 2013. 29 кастрычніка. С. 8.

15.Величко, В. Светлая любовь : издана уникальная книга воспомпнаний о Петре Машерове / Владимир Величко // Рэспубліка. 2013. 26 лютага. С. 5.

16.Антонаў, М. Прыняты ў СПБ : [заслужаны дзеяч культуры РБ, вучоны-філосаф У. П. Вялічка прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі] / Мікола Антонаў // Раенныя будні. Пружаны, 2014. 29 лістапада. С. 2.

17.Вялічка, У. П. Масявічы – маё сумленне / У. П. Вялічка // Раённыя будні. Пружаны, 2008. 4 чэрвеня. С. 6.

18.Вялічка Уладзімір Паўлавіч : [біяграфічная даведка] // Раённыя будні. Пружаны, 1995. 11 мая. С. 2.

 

 

 

Чытаць 233 разоў Апошняя змена Панядзелак, 16 Кастрычнік 2023 16:18