Панядзелак, 27 Лістапад 2023 13:26

2023 г. — 460 гадоў з часу першых летапісных звестак пра в. Мацы (Кобрынскі р-н; 1563)

Вёска Мацы Тэвельскага сельсавета Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці раскінулася на паўноўчна-заходнім беразе ракі Шэўня (прыток Мухаўца) за 14 км ад райцэнтра. За гісторыю свайго існавання, гэты населены пункт бачыў многае: уладаранне польскіх, рускіх князёў, непасільную сялянскую працу, нашэсце чужаземных захопнікаў і размеранае жыццё вяскоўцаў у мірны час.

Наконт паходжання назвы Мацы існуе некалькі версій. Адна з іх: «Мацы» ці «Струга» – пратокі ў балоце, азначае месца побач з пратокай. Другая версія сцвярджае, што, магчыма, назва ўтворана ад літоўскай асновы, што азначае «малы».Існуе таксама версія, што Мац – вуснамоўны ўсечаны варыянт царкоўнага праваслаўнага імя Матфей, каталіцкага Мацей.Ёсць яшчэ меркаванне, што назва магла адбыцца і ад яўрэйскага слова «маца», што азначае рытуальную ежу.

У 1563 г. гэта сяло Осавая Глінянскага войтаўства Кобрынскай эканоміі Вялікага княства Літоўскага; 12 валок зямлі, 11 двароў. У 1742 г. у Вежацкім ключы Брэсцкай эканоміі; 12 валок зямлі. У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) вёска ў складзе Расійскай імперыі, у Пружанскім павеце.

З 1801 г. вёска знаходзілася ў Гродзенскай губерні. У гэты час у вёсцы налічвалася 62 дамы.У жніўні 1812 г. у гэтых мясцінах прайшоў бой паміж рускім егерскім палком і аўстра-саксонскай кавалерыяй. Жыхары вёскі Мацы ўдзельнічалі ў пабудове мураванай Успенскай царквы ў Тэўлях, якая была асвечана ў 1872 г. У 1890 г. вёска ў Мураўёўскай воласці; 342 дзесяціны зямлі; пры вёсцы ў уладальніка П. Кузьмуна мелася 14 дзесяцін зямлі. Побач з вёскай знаходзіўся аднайменны маёнтак, уладанне А. Малахоўскага, 414,5 дзесяціны зямлі (разам з фальваркам Глінянка і ўрочышчам Цямніца). У 1897 г. у вёсцы 52 двары, 339 жыхароў, 2 хлебазапасныя магазіны; у маёнтку – 12 двароў, 60 жыхароў.

У 1905 г. вёска, 420 жыхароў, і маёнтак, 8 жыхароў. У жнiўнi 1915 г. паблізу праходзілі баі Рускай арміі з нямецкімі захопнікамі, загінулі 200 рускіх воінаў, пахаваны на Тэвельскіх могілках. У ліпені 1920 г. у гэтых месцах адбыліся баі з польскімі інтэрвентамі, загінулі 50 чырвонаармейцаў. З 1921 г. вёска ў складзе Польшчы, у Мацясаўскай гміне Пружанскага павета Палескага ваяводства. 36 двароў, 181 жыхар. У 1930-я гг. працавала школа.

З восені 1939 г. Мацы сярод вызваленых раёнаў Заходняй Беларусі, якія далучыліся да БССР. З 15 студзеня 1940 г. у Кобрынскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12 кастрычніка 1940 г. у Стрыгаўскім сельсавеце. У 1940 г. вёска налічвала 67 двароў, 359 жыхароў.

У Вялікую Айчынную вайну, з чэрвеня 1941 г. да ліпеня 1944 г., Мацы акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Блізкае размяшчэнне чыгункі Брэст – Масква (за 3 км ад вёскі) у гады вайны прыцягвала сюды і партызан, і немцаў. І нягледзячы на тое, што Мацы ацалелі, без ахвяр абысціся не ўдалося, ды і жыццё ў мястэчку ў той час было цяжкае. Вызвалена вёска воінамі 55-й гвардзейскай стралковай дывізіі 28-й арміі 1-га Беларускага фронту. На франтах ваявалі многія мужчыны з вёскі, не ўсе з іх вярнуліся. Іх імёны знаходзяцца на помніку землякам у аг. Стрыгава.

У пасляваенны перыяд мірнае жыццё паступова наладжвалася. На гэты час у Мацах было каля 70 дамоў. 24 лютага 1949 г. у вёсцы быў створаны калгас імя Конева, які праіснаваў да 14 сакавіка 1950 г. З 11 жніўня 1959 г. вёска ў Тэвельскім сельсавеце. Паводле перапісу 1959 г. у вёсцы было 263 жыхары, у 1970 г. – 171 жыхар. У 1999 г. у Мацах 49 гаспадарак, 101 жыхар. Вёска ў складзе калгаса імя Дзімітрава (з 2004 г. ААТ «Стрыгава»).У 2005 г. – 44 гаспадаркі, 90 жыхароў.

Паводле перапісу 2019 г. у в. Мацы – 75 жыхароў, з іх маладзей працаздольнага ўзросту – 9, працаздольнага ўзросту – 52, старэйшых за працаздольны ўзрост – 14. На 01.01.2023 г. колькасць насельніцтва – 75 жыхароў.

Невялікая вёсачка падарыла свету шмат таленавітых людзей, прафесіяналаў у самых розных сферах дзейнасці. У пасляваенны час сярод яе карэнных жыхароў (сем’і Грышчукоў, Карпукоў, Леванюкоў, Макарукоў, Пісарукоў, Прымачукоў) існаваў няпісаны закон: дзеці павінны абавязкова атрымаць вышэйшую адукацыю. Прэстыжнасць вучобы была вялікай, бацькі накіроўвалі сваіх дзяцей на вучобу, заахвочвалі іх імкненне да ведаў. Каля 30 маладых людзей паехалі ў сталіцу грызці граніт навукі. Шасцёра з сям’і Прымачукоў закончылі фізіка-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. У шматдзетнай сям’і Арсенія Грышчука з васьмі дзяцей шасцёра атрымалі вышэйшую адукацыю. Паступаючы ў розныя ўніверсітэты Савецкага Саюза, увекавечылі імя вёскі ў гісторыі.

Сярод вядомых ураджэнцаў: Георгій Аляксандравіч Антанюк (1942) – беларускі філосаф, сацыёлаг, даследчык прадметнай логікі; Максім Антонавіч Антанюк (1895–1961) – савецкі ваенны дзеяч, генерал-лейтэнант, удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі, Першай сусветнай, Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў; Міхаіл Арсенцьевіч Макарук (1947) – вучоны ў галіне ветэрынарыі, педагог; Міхаіл Маркавіч Макарук (1945) – кандыдат ваенных навук, генерал-маёр авіяцыі, ваенны лётчык-інструктар I класа;Уладзіслаў Юльянавіч Малахоўскі (1827–1900) – адзін з кіраўнікоў польскага паўстання 1863–1864 гг., вынаходнік, інжынер, фотааматар; Фёдар Фёдаравіч Пісарук (1941–2001) – заслужаны работнік культуры БССР, палкоўнік;Васілій Іванавіч Прымачук (1950) – майстар спорту СССР, суддзя рэспубліканскай катэгорыі па вольнай барацьбе, маёр; Віктар Іванавіч Прымачук (1953) – сапраўдны член (акадэмік) МАІТ у галіне інфармацыйных тэхналогій, заслужаны будаўнік Расійскай Федэрацыі;Іван Платонавіч Прымачук (1936) –гісторык, эканаміст, прафесар; Леанід Платонавіч Прымачук (1943) – кандыдат фізіка-матэматычных навук; Алена Фамінічна Раманюк (1946–2003) – заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.

Курачук Святлана Дзмітрыеўна, бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Мацы // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4, кн. 2. C. 167.
  2. Мацы // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 594.
  3. Знаменитые земляки // Открытое акционерное общество «Стригово» / [автор текста Е. Жук]. Брест, 2021. С. 20–21.
  4. Жучкевич, В. А. Мацы / В. А. Жучкевич // Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. Минск, 1974. С. 226.
  5. Лемцюгова, В. П. Тапонімы распавядаць : навукова-папулярныя эцюды / В. П. Лемцюгова. – Мінск : Литература и Искусство, 2008. – 416 с. – Са зместу: Мацы. С. 244.
  6. Мацы // Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць : нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка [і інш.]. Мінск, 2010. С. 190.
  7. Несцярчук, Л. М. Мацы. Масу. Мацы / Л. М. Несцярчук // Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х–ХХ стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы) / Л. М. Несцярчук. Мінск, 2002. С. 200.
  8. Федорук, А. Т. Старинные усадьбы Берестейщины / А. Т. Федорук. – Минск : Беларуская энцыклапедыя, 2004. – 576 с. : ил. – Из содерж.: Мацы. С. 544.
  9. Малая радзіма вялікіх людзей : інфармацыйна-бібліяграфічны паказальнік да 460-годдзя з часу першага згадвання ў гістарычных крыніцах в. Мацы Кобрынскага раёна / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. – Кобрын : Цэнтральная раённая бібліятэка, 2023. – 45 с. : іл.
  10. Юбілейныя даты населеных пунктаў Кобрынскага раёна. Мацы – 460 гадоў з часу першага ўпамінання (1563) //Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 78.
  11. Мацы. Старадаўняя сядзіба роду Дзедічаў // Захавальнікі гісторыі роднага краю : турыстычна-бібліяграфічны даведнік / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2016. С. 187.
  12. Мацы // Сузор’е кобрынскіх вёсак : рэкамендацыйны бібліяграфічны спіс да 450-годдзя з часу першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах вёсак Кобрынскага раёна / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. Кобрын, 2013. С. 100–103.
  13. Белов, Д. Спасибо за Победу! : [накануне Дня Победы состоялось чествование ветеранов Великой Отечественной войны, в т. ч. Александра Васильевича Мойсеюка, жителя д. Мацы] / Дмитрий Белов, Елена Бакун // Кобрынскі веснік. 2023. 13 мая. С. 4.
  14. Тэвельскія навіны : тэматычная старонка // Кобрынскі веснік. 2018. 24 лютага. С. 9; 30 мая. С. 5; 28 ліпеня. С. 4; 2017. 4 студзеня. С. 5; 3 мая. С. 3; 26 жніўня. С. 4; 22 лістапада. С. 4.
  15. Марчук, Н. Кобринские корни «КОДАКА» : [биография изобретателя фотокассеты и катушечного фотоаппарата Владислава Малаховского (18281900), уроженца д. Мацы Кобринского района] / Нина Марчук // Кобрин-информ. 2015. 4 июня (№ 23). С. 7.
  16. Аляксееў, Г. Пах дзікіх яблыкаў : [аб в. Мацы і яе жыхарах] / Генадзь Аляксееў // Заря. 2010. 6 февраля. С. 8.
  17. Марчук, Н. Брэсцкія карані «Кодака» : [Уладзіслаў Малахоўскі, ураджэнец маёнтка «Мацы» (Кобрынскі раён), займаўся фотасправай у Лондане] / Ніна Марчук // Краязнаўчая газета. 2008. № 21. С. 2.
  18. Андросюк, И. Есть такая деревушка… : [история д. Мацы Кобринского района]/ Ирина Андросюк // Заря. 2008. 11 марта. С. 4.
  19. Хільчук, М. З маленькай вёскі – у вялікае жыццё : [в. Мацы багата на таленавітых людзей] / Марыя Хільчук // Кобрынскі веснік. 2005. 2 лютага. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 317 разоў