Панядзелак, 27 Лістапад 2023 13:40

2023 г. – 25 гадоў з часу стварэння ўзорнага ансамбля эстраднага танца «Капрыз» Камянецкага раённага Дома культуры (1998)

Узорны ансамбль эстраднага танца «Капрыз» быў створаны ў 1998 г. пры Камянецкім гарадскім Доме культуры Брэсцкай вобласці. Асноўная мэта дзейнасці калектыву – папулярызацыя танцавальнага мастацтва, выхаванне музычнага густу. Заснавальнік і мастацкі кіраўнік ансамбля Валянціна Валянцінаўна Крывец прыйшла працаваць харэографам ў Дом культуры ў студзені 1997 г., набрала дзяцей малодшых класаў у танцавальную групу.

 

29 жніўня 1998 г. ансамбль танца прыняў удзел у творчым конкурсе «Авацыя запальвае зоркі», які праходзіў у Высокаўскім парку Камянецкага раёна. Удзельнічалі больш за 60 мастацкіх калектываў. Ансамбль пад кіраўніцтвам Валянціны Крывец атрымаў Гран-пры. Гэты дзень лічыцца днём нараджэння ансамбля. Спачатку ансамбль не меў сваёй назвы, назву «Капрыз» прыдумала кіраўніца, назіраючы за гарэзлівымі выхаванцамі. У снежні 2000 г. ансамблю было прысвоена званне «ўзорны аматарскі калектыў», якое своечасова пацвярждаецца новымі творчымі праграмамі.

У складзе ансамбля займаюцца розныя ўзроставыя групы ад 5 да 17 гадоў, усяго 70 чалавек, у асноўным складзе – 40. Танец дысцыплінуе, што дапамагае ў школьнай вучобе. дае закалку на ўсё жыццё. Напружаныя рэпетыцыі па фізічнай нагрузцы не саступаюць спартыўным трэніроўкам, дзеці знаходзяцца ў добрым фізічным стане.

Некалькі выхаванцаў абралі прафесію харэографа – паступілі ў адпаведныя навучальныя ўстановы (Аляксандра Ралевіч, Марыя Паляшчук і інш.). Балетмайстрам ансамбля «Капрыз» працавала Марта Уласюк, якая скончыла Пінскі каледж мастацтваў і вярнулася ў родны калектыў. Каля года балетмайстрам працаваў Валянцін Ігаравіч Верас, які выхаваны ў ансамблі, скончыў Беларускі ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Падрыхтоўчай групай некаторы час кіравала Ксенія Тыхнюк, якая займалася ў ансамблі з першага класа і атрымала дыплом Пінскага каледжа мастацтваў. Для стварэння мастацкага вобраза на сцэне вельмі важна мець канцэртныя касцюмы. Іх шылі майстрыхі Ірына Ганчарэня, Надзея Лысковіч, Наталля Гожук, Вольга Кавашэвіч.

За гады існавання харэаграфічнага ансамбля зроблена звыш 60 пастановак. У рэпертуары танцы: «Белы дзень», «Востраў скарбаў», «Беларускія замалёўкі», «Сонца нам дапаможа», «Раніца ў вёсцы», «Вясёлы перапляс», «Свет кветак», «Капрыз», «Матросы», «Фантазія», «Дожджык», «Гарэзлівыя казляняты», «Гусіны двор» і іншыя. Танцавальныя нумары захапляюць высокім прафесійным майстэрствам, нясуць асалоду для душы.

Пад кіраўніцтвам свайго нязменнага кіраўніка юныя танцоры маюць насычаны графік гастроляў. Яркія сучасныя танцавальныя нумары «Капрыза» ўражваюць гледачоў не толькі Беларусі, але і за яе межамі: Расіі, Польшчы, Украіны, Балгарыі. Узорны ансамбль «Капрыз» удзельнічаў у шматлікіх раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах. Неаднаразова станавіўся дыпламантам і лаўрэатам абласных, рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў.

Сярод значных дасягненняў калектыву апошніх гадоў: лаўрэат І ступені абласнога фестывалю сучаснага мастацтва «Эстрадны MIX» (Брэст, 2019), І ступені ІІ Міжнароднага фестывалю-конкурсу «MILLENIUM» (Брэст, 2020), І ступені VІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «BYFEST» (2021), І ступені VІІІ Міжнароднага фестывалю-конкурсу «Новыя вяршыні» (Мінск, 2022), І ступені Міжнароднага фестывалю-конкурсу «Хваля ідэй. Пінск» (2022), І і II ступеняў XXXІ Міжнароднага конкурсу-фестывалю «Славянскія сустрэчы» (Мінск, 2023), ІІ ступені ІХ Рэспубліканскага адкрытага конкурсу маладых выканаўцаў «Беларускія таленты» (Мінск, 2023), ІІ ступені Міжнароднага тэлепраекта «Кубак дружбы» (Мінск, 2023).

Самыя лепшыя словы падзякі мастацкаму кіраўніку «Капрыза» Валянціне Крывец. Узнагароджана Ганаровымі граматамі ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама і Камянецкага аддзела культуры (2001, 2003, 2006, 2008, 2016), граматай абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры (2008). Падзяка Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за шматгадовую добрасумленную працу і ўзорнае выкананне працоўных абавязкаў (2018). У 2007 г. устаноўлена персанальная надбаўка Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за высокія дасягненні ў галіне культуры.

В. В. Крывец – дэлегат IV Усебеларускага народнага сходу (2010). Прызнана «Жанчынай года» у намінацыі «За вклад в духовно-нравственное возрождение нации» ў абласным конкурсе (2012). Неаднаразова прадстаўлена на раённую Дошку пашаны (2001, 2011, 2018).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. 

Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна, бібліёграф 1 кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Камянецкі ўзорны ансамбль эстраднага танца «Капрыз» // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2013. Т. 4. С. 328.
  2. Янкина, А. Наш «Каприз» выступил на I Международном православном фестивале / Анастасия Янкина // Навіны Камянеччыны. 2018. 9 чэрвеня (№ 23). С. 21.
  3. Нарэйка, Н. «Капрыз»: 20 гадоў у рытме танца / Настасся Нарэйка // Навіны Камянеччыны. 2018. 1 снежня (№ 48). С. 20.
  4. Кривец, В. «Либо хорошо, либо никак» / [Валентина Кривец ; беседовал] Денис Троцюк // Навіны Камянеччыны. 2016. 8 кастрычніка (№ 41). С. 7.
  5. Наш «Капрыз» – лепшы // Навіны Камянеччыны. 2015. 2 мая. С. 1.
  6. Нарейко, А. Летние гастроли «Каприза» / Анастасия Нарейко // Навіны Камянеччыны. 2015. 12 верасня. С. 7.
  7. Кавалёў, С. Свята творчасці і танца : [пра дзіцячы ўзорны ансамбль эстраднага танца «Капрыз» Камянецкага ГДК] / Сяргей Кавалёў // Навіны Камянеччыны. 2013. 14 верасня. С. 3.
  8. Грыцук, Н. Навагоднi «капрыз» Валянцiны Крывец : [пра кiраўнiка ўзорнага калектыву эстраднага танца «Капрыз»] / Наталля Грыцук // Навiны Камянеччыны. 2011. 1 студзеня. С. 9.
  9. Мiхалюк, С. «Капрыз» – у Крыме : [пра ўдзел ансамбля танца «Капрыз» у Мiжнародным конкурсе-фестывалi «Крымскiя хвалi» ў г. Феадосiя / Сяргей Мiхалюк // Навiны Камянеччыны. 2010. 14 лiпеня. С. 2.
  10. Бачай, В. «Капрыз» – лаўрэат трох дыпломаў : [пра ўдзел узорнага ансамбля танца «Капрыз» у рэспублiканскiм конкурсе «Вiкторыя» (Мiнск)] / Валянцiна Бачай // Навiны Камянеччыны. 2008. 17 снежня.
  11. Лаўрэаты «Вікторыі – 2007» : [узорны ансамбль эстраднага танца «Капрыз» атрымаў прэмію на І Адкрытым рэспубліканскім конкурсе мастацтваў (Мінск)] // Навіны Камянеччыны. 2007. 29 снежня. С. 8.
  12. У Польшчу, на фестывалі : [узорны ансамбль эстраднага танца «Капрыз» прыняў удзел у міжнародным фестывалі «Ператочча-2007» у г. Белавежа] // Навіны Камянеччыны. 2007. 8 жніўня. С. 1.
  13. Васiльева, Н. «Капрыз» пакарыў Украiну : [пра ўдзел узорнага калектыву эстраднага танца «Капрыз» у Мiжнародным харэаграфiчным фестывалi «Жамчужына Чарамошы»] / Нiна Васiльева // Навiны Камянеччыны. 2005. 25 мая.
  14. Печур, Ю. Беларусы «КАПРЫЗiлi» ў Сямяцiчах : [пра ўдзел ансамбля «Капрыз» у Усяпольскай прэзентацыi культуры нацыянальных меншасцяў у мястэчку Мельнiк Сямяцiцкага павета] / Ю. Печур, А. Гурын // Вечерний Брест. 2001. 5 сентября. С. 3.
  15. Іванюковіч, В. «Капрыз» яшчэ не гэтак станцуе! / Вера Іванюковіч // Навіны Камянеччыны. 2001. 22 жніўня. С. 3.
  16. Кухарчук, М. «Капрыз» на фэсце ў Польшчы, або Дружба не ведае межаў : [пра ўдзел у фестывалi «Музычныя дыялогi над Бугам» (м. Мельнiкi)] / Міхаіл Кухарчук // Навіны Камянеччыны. 2000. 30 жніўня. С. 3.
  17. Крывец, В. «Танцы пад зоркамі – гэта цуд…» : [пра ўдзел у фестывалях у Польшчы] / Валянціна Крывец ; гутарыла Ніна Гарагляд // Навіны Камянеччыны. 2000. 30 жніўня. С. 3.
Чытаць 752 разоў Апошняя змена Серада, 29 Лістапад 2023 14:54