Панядзелак, 27 Лістапад 2023 13:53

24 снежня 2023 г. — 435 гадоў з дня нараджэння Канстанцыі Аўстрыйскай (1588–1631), каралевы Польшчы, вялікай княгіні Літоўскай, якая валодала Кобрынскай эканоміяй з 1605 г. па 1631 г.

На працягу шматвяковай гісторыі многія жанчыны сваімі дзеяннямі пакінулі значны след на кобрынскай зямлі. Пачынаючы з 1532 г. кобрынскія землі (эканомія) традыцыйна дараваліся польскім каралевам: Боне Сфорцы, Ганне Ягелонцы і Канстанцыі Аўстрыйскай.

Пасля Ганны Ягелонкі, якая памерла ў 1596 г., амаль 26 гадоў Канстанцыя валодала Кобрынскай эканоміяй. Але гісторыя Кобрыншчыны чамусьці не зафіксавала якога-небудзь канкрэтнага факта, які выклікаў бы асацыяцыю з імем гэтай жанчыны. Тым не менш асоба Канстанцыі, уладальніцы Кобрынскай эканоміі, заслугоўвае ўвагі.

Нарадзілася Канстанцыя 24 снежня 1588 г. у г. Грацэ (Аўстрыя).Яна была адной з пятнаццаці братоў і сясцёр у шматдзетнай сям’і эрцгерцага Аўстрыі Карла II і Марыі Ганны Баварскай. Выхоўвалі яе набожнай каталічкай, што прадугледжвала чытанне царкоўнай літаратуры і штодзённы ўдзел у богаслужэнні. Канстанцыя атрымала добрую адукацыю. Апроч нямецкай мовы, ведала іспанскую, італьянскую і лацінскую, пасля каранацыі авалодала і польскай.

11 снежня 1605 г. Канстанцыя ў Варшаве выходзіць замуж за аўдавелага польскага караля Жыгімонта III Вазу, жанатага раней на яе сястры Ганне Аўстрыйскай. Нягледзячы на вялікую розніцу ва ўзросце (22 гады), шлюб для абодвух мужа і жонкі быў шчаслівым. У каралеўскай пары нарадзіліся сямёра дзяцей, з якіх выжылі толькі пяцёра.

Стаўшы каралевай і вялікай княгіняй, Канстанцыя адразу вывучыла польскую мову, але карысталася ёй рэдка, аддаючы перавагу роднай нямецкай, што выклікала незадаволенасцьпольскіхпадданых.

З самага пачатку шлюбнага жыцця Канстанцыя ўплывала на караля і, як следства, на справы дзяржавы.Каралева была амбіцыйным палітыкам. Яна ні ва ўпартай энергіі, ні ў розуме не саступала сваёй знакамітай маці Ганне Баварскай. Канстанцыя ўдзельнічала ў размеркаванні прыдворных, сенатарскіх і царкоўных пасад. Садзейнічала прызначэнню на важныя свецкія і духоўныя пасты выключна католікаў, такім чынам фарміруючы пры двары партыю, якая дзейнічала ў інтарэсах кіруючай дынастыі.Канстанцыя стварыла моцную фракцыю паслядоўнікаў, заключаючы шлюбы паміж сваімі служанкамі (фрэйлін-немкамі) і прадстаўнікамі магутнай польскай шляхты.

Каралева імкнулася гарантаваць атрыманне ў спадчыну прастола свайму сыну Яну Казіміру і абысці роднага пляменніка Уладзіслава, сына Жыгімонта Вазы ад першага шлюбу. Аднак пры жыцці яна не ўбачыла свайго сына каралём.

Канстанцыя ўзяла на сябе кіраванне каралеўскім дваром і строга сачыла за выкананнем прыдворнага этыкету. Пры сваім двары ўвяла нямецкія і іспанскія звычаі са строгім этыкетам, размаўляла па-нямецку, у тым ліку і з мужам. Сама Канстанцыя была адораным музыкантам і кампазітарам, напісала некалькі музычных п'ес. Разам з мужам каралева ажыццяўляла мецэнацкую дзейнасць - падтрымлівала мастакоў і паэтаў, займалася дабрачыннасцю.

Па характары Канстанцыя была набожная і сціплая. Падчас эпідэміі чумы, якая адбылася ў Варшаве, яна на працягу трох месяцаў на свае сродкі забяспечвала гарадскую беднату харчаваннем і адзеннем.Калі ў 1609 г. польска-літоўскія войскі аблажылі Смаленск (адзін з ключавых момантаў руска-польскай вайны), каралева два гады правяла ў Вільні, і каб утрымліваць двор пры вялікіх ваенныхвыдатках, нават заклала свае каштоўнасці.

Канстанцыя Габсбург была выдатным адміністратарам даручаных ёй уладанняў. У Вялікім Княстве Літоўскім яна валодала Кобрынскай і Алітускай (Літва) эканоміямі з лясамі. Гэтыя часы характэрны нарастаннем каталіцкай рэакцыі, увасабленнем якой былі езуіты. Менавіта пры Канстанцыі пачаліся пакаранні смерцю тых, хто адкрыта выказваў сумненні ў дагматах каталіцкага веравызнання. У адказ на рэлігійную палітыку па ўсім Вялікім Княстве Літоўскім сталі ўзнікаць брацтвы, якія супрацьпаставілі сябе каталіцкаму цемрашальству. Узмацненне феадальнага прыгнёту, нацыянальны і рэлігійны ўціск – усё гэта прывяло да грандыёзнай вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў.

10 ліпеня 1631 г. Канстанцыя памерла ад інсульту ў Варшаве. Смерць каралевы глыбока ўзрушыла ўжо немаладога Жыгімонта. Ён памёр услед за ёй менш, чым праз год. Жыгімонта і Канстанцыю пахавалі ва магільным склепе Вавельскага сабора ў Кракаве.

Такая гісторыя жыцця той, пра якую ў кнігах па гісторыі Кобрына напісана: «...Яна валодала горадам і эканоміяй з 1605 па 1631 год. Гэтыя часы характэрны нарастаннем каталіцкай рэакцыі, увасабленнем якой былі езуіты...».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бiблiятэкай.

Курачук Святлана Дзмітрыеўна, бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Канстанцыя Аўстрыйская (1588–1630) // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 47.
  2. Казлоў, Л. Р. Кобрынская эканомія / Л. Р. Казлоў // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 8. С. 369.
  3. Казлоў, Л. Кобрынская эканомія / Леў Казлоў // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2007. Т. 2. С. 117.
  4. Казлоў, Л. Кобрынская эканомія / Леў Казлоў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 219.
  5. Казлоў, Л. Р. Кобрынская эканомія / Л. Р. Казлоў // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 44–45.
  6. Марціновіч, М. В. Вялікія княгіні Вялікага Княства Літоўскага : біяграфічныя даследаванні / М. В. Марціновіч. – Мінск : Цымбераў, 2021. – 352 с., [8] л. іл.
  7. Плиско, Н. М. Вольный город Кобрин /Н. М. Плиско, Л. Р. Козлов // Кобрин : историко-экономический очерк / Н. М. Плиско, Л. Р. Козлов. Минск, 1987. С. 10–20.
  8. 435 гадоў з дня нараджэння Канстанцыі Аўстрыйскай (1588–1631)// Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 87.
  9. Кирилюк, Л. Н. Констанция, но не Бонасье : [Констанция Габсбург (Австрийская), жена Короля Сигизмунда ІІІ Вазы, владела Кобрином с 1605 по 1631 год] / Л. Н. Кирилюк // Кобрин-информ. 2015. 21 мая. С. 7.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 317 разоў