У канцы 1916 г. Захар Кавальчук далучыўся да Рускай федэрацыі Амерыканскай сацыялістычнай партыі. Палітыка стала для яго сэнсам жыцця. Таму адразу пасля стварэння кампартыі ЗША, у верасні 1919 г., уступіў у яе рады, яго выбралі сакратаром партячэйкі аўтазавода.
Праследаванні ўлад вымусілі перайсці на нелегальнае становішча, але паліцыя ўсё-такі арыштавала Захара Кавальчука за палітычную дзейнасць. Пяць месяцаў прасядзеў у турме, у 1920 г. яго выпусцілі і адразу выслалі з ЗША на радзіму. На параходзе даплыў да Кітая, а адтуль цягніком дабраўся да Масквы.
Працаваў ліцейшчыкам на першым аўтамабілебудаўнічым прадпрыемстве – заводзе Аўтамабільнага Маскоўскага таварыства (АМТ, пазней АМТ ЗІЛ), дзе толькі пачыналі выпускаць першыя савецкія «палутаркі». На заводзе фармавалася новая прамысловая культура з больш высокімі патрабаваннямі да арганізацыі працы і вытворчасці, кваліфікацыйнага і адукацыйнага ўзроўню работнікаў, стану працоўнай дысцыпліны.
У Амерыцы Захар Кавальчук атрымаў палітычную загартоўку, праявіў свае арганізатарскія здольнасці. На радзіме гэта вельмі спатрэбілася. Ён адразу ўступіў у ВКП(б) (1920) і быў накіраваны ў Маскоўскую савецка-партыйную школу, якую скончыў у 1925 г. Пасля працаваў у Маскоўскім павятовым камітэце РКП(б): член Маскоўскай павятовай кантрольнай камісіі і загадчык агітпрапа (аддзела прапаганды і агітацыі). Аднак імкнуўся вярнуцца на радзіму, якая знаходзілася пад польскай уладай.
Пераехаў у БССР, у 1930 г. прызначаны сакратаром Аршанскага акругкама КП(б)Б. Была ў разгары калектывізацыя, ствараліся машынна-трактарныя станцыі, не хапала арганізатараў вытворчасці, так што работы сакратар акруговага выканаўчага камітэта меў непачаты край. З лістапада 1930 г. займаў пасаду загадчыка аддзела кадраў ЦК Кампартыі Беларусі, потым – сакратара Мінскага гаркама партыі.
У 1931–1932 гг. З. З. Кавальчук – кандыдат у члены Сакратарыята ЦК КП(б)Б. З 26 студзеня 1931 г. па 1 сакавіка 1934 г. – член Бюро ЦК КП(б)Б. На XIV з’ездзе КП(б)Б, які праходзіў у канцы студзеня 1932 г. у Мінску, увайшоў у склад прэзідыума з’езда разам з Р. П. Грысевічам, П. М. Рачыцкім, Е. П. Убарэвічам, А. Р. Чарвяковым. Дэлегат XVI з'езда ВКП(б), XVII Усесаюзнай партыйнай канферэнцыі ў Маскве.
У ліпені 1932 г. З. З. Кавальчук выбраны старшынёй Цэнтральнага Савета прафсаюзаў БССР (ЦСПСБ). Пасля таго, як у верасні 1933 г. ЦСПСБ злучылі з Наркаматам працы БССР, стаў фактычна трэцяй асобай у рэспубліцы пасля Мікалая Гікалы (першы сакратар ЦК КП(б)Б, 1932–1937) і Мікалая Галадзеда (старшыня Савета Народных Камісараў БССР, 1927–1937). У яго абавязкі цяпер уваходзіла безліч надзённых пытанняў: патрэбна было займацца і сацыяльным страхаваннем, і кантраляваць становішча тэхнікі бяспекі і аховы працы.
З 1 сакавіка 1934 г. па 26 верасня 1936 г. Захар Кавальчук з’яўляўся кандыдатам у члены Бюро ЦК КП(б)Б. У лютым 1935 г. быў дэлегатам VII з’езда Саветаў СССР, абраны членам Цэнтральнай выбарчай камісіі СССР. Работа зноў захапіла Захара Кавальчука.
Пастановай Бюро ЦК КП(б) БССР у 1936 г. ён вызвалены ад сваіх абавязкаў за прыналежнасць да трацкісцкай апазіцыі ў 1923 г. Выведзены са складу кандыдатаў у члены Бюро ЦК КП(б)Б, членаў Прэзідыума ЦВК БССР. З. З. Кавальчук быў выкліканы ў Маскву, і 17 мая яго выключылі са складу ЦВК СССР.
29 ліпеня 1937 г. З. З. Кавальчук арыштаваны органамі НКУС. Падчас арышту пражываў у Мінску па вул. Ленінская з жонкай Таццянай і шасцігадовай дачкой Галяй, займаў пасаду дырэктара рыбакансервавага завода. Асуджаны 29 кастрычніка 1937 г. як «актыўны член контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай шпіёнскай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны 30 кастрычніка 1937 г. Рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР з-за адсутнасці складу злачынства 15 верасня 1956 г.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Карпішчук Марына Віктараўна, бібліёграф
- Кавальчук Захар Захаравіч / Эдуард Карніловіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 520.
- Ковальчук Захар Захарович // Корнилович, Э. А. Беларусь : созвездие политических имен : историко-биографический справочник / Э. А. Корнилович. Минск : ФУАинформ, 2009. С. 111–112.
- Карніловіч, Э. А. «Амерыканец» з Пружаншчыны / Э. А. Карніловіч // Імёны з небыцця. Мінск : Беларусь, 2003. С. 129–134.
- Карніловіч. Э. А. «Амерыканец» з Крыўлян / Э. А. Карніловіч // Памяць. Жабінкаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск : Ураджай, 1999. С. 208–209.
- Бензярук, А. 30 зорак, народжаных на жабінкаўскай зямлі / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2022. 24 жніўня. С. 5.
- Бензярук, А. Рэабілітаваны пасмяротна / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2017. 1 лістапада. С. 4.