Аўторак, 12 Снежань 2023 16:50

6 кастрычніка 2023 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Якава Дзмітрыевіча Янчанкі (1923–1999), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, заслужанага настаўніка БССР (1965), Ганаровага грамадзяніна г. Косава

Якаў Дзмітрыевіч Янчанка нарадзіўся 6 кастрычніка 1923 г. у в. Клоў Клімавічскага павета Гомельскай губерні (цяпер Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці) у шматдзетнай сялянскай сям’і. Вучыўся ў пачатковай, сямігадовай і сярэдняй школах суседніх вёсак. У трагічным 1941 г. скончыў Красавіцкую сярэднюю школу. Поўны вясёлкавых надзей на працяг вучобы, ён марыў паступіць у тэатральна-мастацкае вучылішча ў Маскве.

 

З першых дзён Вялікай Айчынный вайны Якаў Янчанка ў складзе камсамольскай групы: збіралі звесткі пра варожых дэверсантаў, а затым на беразе ракі Сож капалі процітанкавыя равы. Крыху пазней палявым райваенкаматам Якаў Янчанка, як і многія яго равеснікі, быў прызваны ў Чырвоную армію, накіраваны ў кавалерыйскія войскі.

Упершыню ў баях удзельнічаў у складзе 1-га кавалерыйскага корпуса пад камандаваннем генерала П. А. Бялова. Быў паранены, трапіў у шпіталь. Са шпіталя быў накіраваны ў ваеннае кавалерыйскае вучылішча. Пасля яго заканчэння ўжо малодшым лейтэнантам Якаў Янчанка ваяваў пад Сталінградам – камандаваў узводам палкавой разведкі, кавалерыйскім эскадронам. Удзельнічаў у вызваленні гарадоў Шахты, Навашахінск, Арцёмаўск і інш. 11 чэрвеня 1943 г. у рукапашным баі страціў кісць правай рукі, быў дэмабілізаваны.

З 1943 г. па 1948 г. Якаў Янчанка вучыўся на гісторыка-філалагічным факультэце Казанскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Ульянава-Леніна. Атрымаўшы дыплом, вярнуўся ў Беларусь. Пяць гадоў працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры Шарашоўскай сярэдняй школы Пружанскага раёна, адзін год – завучам Івацэвіцкай сярэдняй школы, з 1954 г. па 1979 г. – дырэктарам Косаўскай сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна. Доўгі час па сумяшчальніцтве быў намеснікам старшыні Косаўскага гарсавета.

Косаўская школа пасля вайны размяшчалася ў некалькіх будынках па ўсяму гораду, таму востра стаяла пытанне аб будаўніцтве новага будынка школы. Пры дырэктары Я. Д. Янчанку мара настаўнікаў і вучняў дзейснілася. У 1958 г. быў пабудаваны будынак школы па тывавым праекце на 400 месцаў. У 1960 г. была праведзена рэканструкцыя старога будынка школы. У 1961 г. пабудаваны будынак школьнага інтэрната. У тым жа годзе ў школе быў створаны краязнаўчы музей. Многія вучні паспяхова заканчвалі школу, паступалі ў тэхнікумы і інстытуты. Школа стала адной з лепшых у раёне.

24 жніўня 1965 г. Я. Д. Янчанку было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны настаўнік Беларускай ССР». Узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Айчыннай вайны I і II ступеняў, медалямі «За отвагу», «За доблестный труд», шматлікімі граматамі.

Якаў Дзмітрыевіч шмат маляваў, пісаў вершы, цікавіўся гісторыяй і краязнаўствам. Беражліва збіраў розныя матэрыялы, архіўныя дакументы, фатаграфіі па гісторыі Косава. Стварыў летапіс горада Косава, у які ўвайшлі ўнікальныя звесткі, фатаграфіі па гісторыі населенага пункта. Сустракаўся і вёў перапіску з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны з розных куткоў Беларусі і Савецкага Саюза. Удзельнічаў у падрыхтоўцы гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Івацэвіцкі раён» (1997). Знаходзячыся на пенсіі, стварыў музей баявой і працоўнай славы на Косаўскім мэблевым вытворчам аб’яднанні.

Я. Д. Янчанка памёр 2 студзеня 1999 г. У снежні 1999 г. на будынку Косаўскай сярэдняй школы адкрыта мемарыяльная дошка настаўніку.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Івацэвіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака. Маслоўскі Сяргей Віктаравіч, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу

 

  1. Янченко Яков Дмитриевич // Долготович, Б. Д. Почётные граждане белорусских городов : биографический справочник / Б. Д. Долготович. Минск : Беларусь, 2008. С. 36.
  2. Янчанка Якаў Дзмітрыевіч // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мiнск, 1997. С. 444.
  3. Заслужаны настаўнік Беларускай ССР : 1965 : Я. Дз. Янчанка // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 515.
  4. Янчанка, Я. Мэбля на ўсе густы : [пра гісторыю Косаўскага мэблевага вытворчага аб’яднання] / Я. Янчанка // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мiнск, 1997. С. 435–437. 
  5. Екель, Л. Учитель : [о Я. Д. Янченко] / Леонид Екель // Публицисты : [очерки] / Белорусский союз журналистов ; сост.: Л. С. Екель [и др.]. Минск, 2000. С. 454–462.
  1. Екель, Л. Большая перемена : [спустя 20 лет после окончания Коссовской средней школы Ивацевичского района] / Леонид Екель // Советская Белоруссия. 2015. 15 июля. С. 10.
  2. Радзюк, Р. На юбілеі Косаўскай СШ адкрыта мемарыяльная дошка Я. Д. Янчанку / Р. Радзюк // Івацэвіцкі веснік. 1999. 15 снежня.
  1. Памяти Янченки Якова Дмитриевича : [некролог] // Івацэвіцкі веснік. 1999. 6–9 студзеня. С. 5.
  2. Екель, Л. Учитель : [о Я Д. Янченко] / Леонид Екель // Івацэвіцкі веснік. 1994. 16 снежня.
  3. Екель, Л. И вечный бой… : [о Я. Д. Янченко] / Леонид Екель // Знамя юности. 1987. 10 мая.
  4. Бельский, В. Журавлиный плач : [о Я. Д. Янченко] / В. Бельский // Советская Белоруссия. 1987. 18 января.
  5. Янчанка, Я. Замак у Мерачоўшчыне / Я. Янчанка // Кастрычнік. Івацэвічы, 1986. 5 ліпеня.
  6. Пабока, П. Ветэран застаецца ў страі : [пра Я. Д. Янчанку] / П. Пабока // Зара камунізма. Пружаны, 1984. 3 мая.
  7. Климентенко, С. Его призвание – учитель : [о Я. Д. Янченко] / С. Климентенко // Сельская газета. 1978. 4 мая.
  8. Янчанка, Я. Навучаючы – выхоўваць, выхоўваючы – навучаць / Я. Янчанка // Кастрычнік. Івацэвічы, 1976. 15 студзеня.
  9. Лапец, П. Кіраўнік, партарганізацыя, калектыў : [пра дырэктара Косаўскай СШ Я. Д. Янчанку] / П. Лапец // Настаўніцкая газета. 1972. 25 сакавіка.
  10. Алексеевич, С. Перед именем твоим… : [об учителе Коссовской СШ Я. Д. Янченко] / С. Алексеевич // Сельская газета. 1971. 14 ноября.
Чытаць 321 разоў