Серада, 13 Снежань 2023 16:36

9 мая 2023 г. — 120 гадоў з дня нараджэння Мікалая Васільевіча Кісялёва (1903–1982), партыйнага і дзяржаўнага дзеяча, першага сакратара Брэсцкага абкама КП(б)Б у 1939–1940 гг.

Мікалай Васільевіч Кісялёў нарадзіўся 9 мая 1903 г. у в. Барнук Гарадзішчанскага павета Пензенскай губерні (цяпер Пензенскай вобласці) у беднай сялянскай сям’і. У 1922 г. закончыў дзевяцігадовую школу ў сяле Забораўка Сімбірскай губерні. У 1922–1923 гг. вучыўся ў педагагічным тэхнікуме ў г. Сызрані Сімбірскай губерні. У 1923–1925 гг. – інструктар, загадчык аддзела павятовага камітэта РКСМ.

 

У 1925–1926 гг. Мікалай Кісялёў служыў у Чырвонай арміі ў Ленінградзе. У 1926–1928 гг. быў намеснікам загадчыка агатацына-прапагандысцкага аддзела Сызранскага павятовага камітэта ВКП(б). У 1928–1932 гг. вучыўся ў Акадэміі камуністычнага выхавання імя Н. К. Крупскай. У 1932–1933 гг. – памочнік прарэктара Камуністычнага ўніверсітэта выкладчыкаў грамадскіх навук у Маскве. У 1933–1936 гг. – рэдактар, начальнік палітычнага аддзела, намеснік дырэктара Цепла-Агароўскай машынна-трактарнай станцыі (Маскоўская вобласць). У 1936–1938 гг. – інструктар сельскагаспадарчага аддзела Маскоўскага абкама ВКП(б).

З 1938 г. М. В. Кісялёў на партыйнай рабоце ў БССР. У 1938–1939 гг. – загадчык аддзела навукі і школ ЦК КП(б)Б, затым – другі сакратар Палескага абкама КП(б)Б (г. Мазыр), з кастрычніка 1939 г. – старшыня Часовага ўпраўлення г. Навагрудка.

У лістападзе 1939 г. М. В. Кісялёва абралі першым сакратаром Брэсцкага абкама КП(б)Б. Абкам толькі пачаў сваю дзейнасць, пад яго кіраўніцтвам працаваў адзін гаркам і 18 сельскіх райкамаў, на 15 снежня было 273 камуністы. 4 снежня была створана Брэсцкая вобласць. 15 студзеня 1940 г. у вобласці былі створаны 14 раёнаў. 18–20 красавіка 1940 г. адбылася I абласная партыйная канферэнцыя. Пад кіраўніцтвам абкама ажыццяўляліся карэнныя сацыялістычныя пераўтварэнні, якія закранулі ўсе сферы жыцця.

У кастрычніку 1940 г. М. В. Кісялёва абралі першым сакратаром Беластоцкага абкама КП(б)Б. У гады Вялікай Айчыннай вайны М. В. Кісялёў выконваў адказныя паручэнні ЦК ВКП(б) і Дзяржаўнага Камітэта Абароны ў раёнах савецкага тылу і франтавой паласы. У 1941–1944 гг. – намеснік начальніка Упраўлення кадраў ЦК ВКП(б).

У 1944–1947 гг. – другі сакратар ЦК КП(б)Б. З імем М. В. Кісялёва звязаны першыя гады пасляваеннага аднаўлення народнай гаспадаркі ў Беларусі. У 1947–1949 гг. – інспектар ЦК ВКП(б). У 1949–1951 гг. – першы сакратар Омскага абкама ВКП(б). У 1952–1960 гг. – першы сакратар Растоўскага абкама ВКП(б)-КПСС. У 1960–1961 гг. – саветнік у Савеце Міністраў РСФСР.

Член ЦК КПСС (1952–1961). Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР 2-га, 3-га, 4-га і 5-га скліканняў (1940–1958). Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1940–1947). Член Бюро ЦК КП(б)Б (1945–1947). Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1953), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1953), Айчыннай вайны І ступені, медалямі.

М. В. Кісялёў памёр 21 ліпеня 1982 г., пахаваны на Новадзявочых могілках г. Масквы (участак 8).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

 

  1. Очерки истории Брестской областной парторганизации / [авт. кол.: Я. Я. Алексейчик и др. ; под ред. В. А. Бобкова]. – Минск : Беларусь, 1989. – 447, [1] с. : фот.
  2. Сарычев, В. В. В поисках утраченного времени : маленький город в водовороте глобальной истории : Кн. 2 : 1939–1941 гг. / Василий Сарычев. – Брест : Брестская типография, 2007. – 309 с. : ил. – Из содерж.: Доклад товарища Киселева. С. 271–273; Прения по докладу товарища Киселева. С. 274–280.
  3. З выступлення першага сакратара Брэсцкага абласнога камітэта партыі тав. М. В. Кісялёва на 1-й гарадской партыйнай канферэнцыі // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 296–297.
  4. Брестский областной комитет КПБ // Брест : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 134–136.
  5. Камейша, Б. І. Брэсцкая абласная партыйная арганізацыя / Б. І. Камейша // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1970. Т. 2. С. 423–425.
  6. Иоффе, Э. Роль Киселевых в истории Беларуси / Эманул Иоффе // Беларуская думка. 2008. № 10. С. 110–119.
  7. Сарычев, В. В. В поисках утраченного времени : прения по докладу тов. Киселева / Василий Сарычев // Вечерний Брест. 2007. 9 марта. С. 12.
  8. Сарычев, В. В. В поисках утраченного времени : доклад товарища Киселева / Василий Сарычев  // Вечерний Брест. 2007. 2 марта. С. 12.
Чытаць 323 разоў