Панядзелак, 18 Снежань 2023 11:17

2 снежня 2023 г. — 135 гадоў з дня нараджэння Андрэя Раманавіча Васілюка (1888–1956), педагога, загадчыка рускай пачатковай школай у г. Брэсце (1921–1939)

Андрэй Раманавіч Васілюк нарадзіўся 2 снежня 1888 г. у в. Здзітава Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер у межах г. Жабінка Брэсцкай вобласці). З дзяцінства хлопчык адрозніваўся дапытлівасцю, імкненнем да ведаў і кніг. Услед за Здізтаўскай пачатковай школай скончыў пачатковую школу павышанага тыпу ў мястэчку Супрасль Беластоцкага павета і Свіслацкую настаўніцкую семінарыю.

 

Яго дзядзькі, браты бацькі, былі педагогамі і залучылі ў сваю прафесію. З 1908 г. Андрэй Васілюк працаваў настаўнікам у в. Блудзень Пружанскага павета. З будучай жонкай, Аляксандрай Іванаўнай Пользікавай, разам настаўнічалі ў Бярозаўскім павеце. Адначасова малады выкладчык працягваў вучобу ў Віцебскім настаўніцкім інстытуце, які закончыў у 1914 г., пасля чаго яго накіроўваюць у Ружанскае вышэйшае пачатковае вучылішча, а праз год – у чыгуначнае вучылішча ў г. Брэст-Літоўску.

Падчас Першай сусветнай вайны, у жніўні 1915 г., Брэсцкае вучылішча разам з настаўнікамі эвакуіруюць у Маскву. Перад ад’ездам Андрэй Васілюк з Аляксандрай распісаліся. Неўзабаве Андрэя Васілюка прызываюць у армію і адпраўляюць на фронт.

Пасля дэмабілізацыі з войска ў 1917 г. Андрэй Васілюк настаўнічаў у Маскве, паступіў на вячэрняе аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута, скончыў яго ў 1920 г. і быў накіраваны ў Разань. Выкладаў у чыгуначнай школе і адначасова быў губернскім інспектарам па народнай адукацыі.

Калі паводле Рыжскай дамовы (1921) эвакуяваным жыхарам тэрыторый, якія адышлі да Польшчы, дазволілі вярнуцца, Васілюкі з’ехалі ў Брэст. У 1921 г. пры падтрымцы старшыні Рускага дабрачыннага таварыства, урача шырокай практыкі Паўла Іосіфавіча Караля Андрэй Раманавіч арганізаваў пры рускай гімназіі работу рускай пачатковай трохкласнай школы, якая з 1934 г. рэарганізавана ў шасцікласную, і з’яўляўся нязменным загадчыкам усе 18 гадоў да яе закрыцця ў 1939 г.

Усе прыдатныя ўцалелыя пасля вайны будынкі польская ўлада нацыяналізавала пад свае ўстановы. У гэтых умовах прыход Свята-Мікалаеўскай брацкай царквы прадаставіў у бязвыплатнае карыстанне на сваім участку двухпавярховы каменны будынак і дзве падсобных пабудовы, у якіх першапачаткова і размясціліся рускія гімназія і пачатковая школа, выкладчыцкія і адміністрацыйныя кабінеты, бібліятэка, дзіцячы сад.

Рускія навучальныя ўстановы неаднаразова падвяргаліся ўціскам з боку ўлад. Апошнім іх патрабаваннем было размяшчэнне класаў да пачатку новага навучальнага года ў памяшканне з калідорнай сістэмай з пагрозай закрыцця гімназіі. За ліпень і жнівень да існаваўшай пабудовы, дзе размяшчалася зала, якая служыла для ўладкавання баляў і гімнастычных практыкаванняў, прыбудавалі двухпавярховы драўляны дом літарай «Г», а ў даўжыню ўсяго будынка – калідор. У 1931 г. гімназія і школа пераехалі ў новы корпус. Абедзве навучальныя ўстановы былі для сумеснага навучання хлопчыкаў і дзяўчынак, фінансаваліся за кошт платы за навучанне і сродкаў Рускага дабрачыннага таварыства. Па заканчэнні пачатковай школы вучань трымаў экзамен у першы клас гімназіі.

Андрэй Рамановіч быў дзейным і адданым сваёй справе чалавекам, які прысвячаў увесь свой час школе. На ўроках нават самую сумную тэму ён падносіў ярка і цікава. Большасць вуліц горада не мелі асвятлення, і настаўнік пасля ўрокаў разводзіў дзяцей па хатах: Кіеўка, Граёўка, Валынка. Акрамя таго, што патрабавала стандартная праграма, стараўся даць дзецям эстэтыку, далучыць да мастацтва, арганізоўваў самадзейныя спектаклі, сам выходзіў на сцэну. Аматарскія пастаноўкі карысталіся немалым поспехам. На школьных вечарах і калядных ёлках Андрэй Рамановіч задзейнічаў усіх вучняў без выключэнняў, даючы выказаць сябе ўсім. Калядныя падарункі для дзяцей набывалася на ахвяраванне Рускага дабрачыннага таварыства.

З прычыны агульнай накіраванасці польскай школьнай палітыкі на поўную ліквідацыю рускай школы да 1938 г. на тэрыторыі Польшчы засталося толькі 4 рускія гімназіі, у тым ліку ў Брэсце, астатнія былі зачыненыя. Педагагічны персанал аплачваўся нізка і не рэгулярна, нягледзячы на гэта не толькі захоўваў вернасць рускай школе, але і працаваў з вялікім энтузіязмам.

У Парыжы ў лютым 1935 г. быў створаны цэнтральны на ўсё замежжа Пушкінскі камітэт, задачай якога з’яўлялася адукацыя ва ўсіх краінах, дзе ёсць рускае насельніцтва. 29 лістапада 1935 г. быў створаны Пушкінскі камітэт у Брэсце, у склад якога ўключаны і А. Р. Васілюк.

Андрэя Раманавіч пастаянна клапаціўся пра адукацыю насельніцтва. Сабраўшы больш за паўсотні кніг, дзе пераважала руская класіка, у 1936 г. у мястэчку Жабінка на грамадскіх пачатках яго намаганнямі была адкрыта народная бібліятэка, якая ўтрымлівалася на сродкі асобных прыхільнікаў-энтузіястаў. Актыўным памочнікам у яе стварэнні стала яго вучаніца Ульяна Ульянаўна Камянюк.

У 1939 г., пасля аб’яднання заходніх земляў з БССР, А. Р. Васілюк уваходзіць у склад Часовага кіраўніцтва Брэстам і Брэсцкім паветам, з’яўляецца дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі ў Беластоку. У тым жа годзе адбылася рэарганізацыя ўсіх навучальных устаноў на савецкі лад.

Пачатак Вялікай Айчыннай вайны застаў Андрэя Раманавіча ў Маскве, куды ён быў камандзіраваны для вывучэння вопыту работы школ. Наркам асветы РСФСР накіроўвае яго ў распараджэнне Арлоўскага аблана. А. Р. Васілюк пачынае працаваць інспектарам, а з пачаткам навучальнага года настаўнічае ў сяле Нікольскае на Арлоўшчыне. З прыходам туды немцаў вырашыў вярнуцца на радзіму, у Здзітава, дзе і жыў з сям’ёй падчас акупацыі. Іх дом у Брэсце і драўляныя будынкі гімназічнага комплексу згарэлі пры вызваленні горада ў 1944 г.

У першыя дні пасля вызвалення А. Р. Васілюк прызначаны загадчыкам педагагічнага кабінета Жабінкаўскага РАНА, дзе працаваў да 1951 г., затым настаўнічаў у Брэсце, але пасля інфаркту дактары забаранілі займацца выкладчыцкай дзейнасцю. Без любімай справы педагог доўга заставацца не мог. У двары пяціпавярховага дома па вул. К. Маркса, дзе Васілюкі жылі ў пачатку 1950-х гг., збіралася вялікая колькасць дзяцей дашкольнага ўзросту. Андрэй Рамановіч праводзіў з імі шмат часу: прыдумваў гульні, вучыў азбуцы, знаёміў з горадам. Потым уладкаваўся бібліятэкарам у школу рабочай моладзі № 1.

Сэрца настаўніка і цудоўнага чалавека Андрэя Рамановіча Васілюка перастала біцца 18 студзеня 1956 г. Пахаваны на Здзітаўскіх могілках у Жабінцы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Карпішчук Марына Віктараўна, бібліёграф

 

  1. Василюк Андрей Романович // Брест в 1919–1939 гг. : документы и материалы / Научно-методическое учреждение «Государственный архив Брестской области». Брест : Альтернатива, 2009. С. 271.
  2. Сарычев, В. Андрей Василюк / Василий Сарычев // В поисках утраченного времени : Кн. 1 : Между Западом и Востоком / Василий Сарычев. 3-е изд., стереотип. Брест, 2013. С. 128–130.
  3. Сарычев, В. Первый учитель / Василий Сарычев // В поисках утраченного времени : Кн. 1 : Между Западом и Востоком / Василий Сарычев. 3-е изд., стереотип. Брест, 2013. С. 126–127.
  4. Бензярук, Р. Педагог прызваннем: Васілюк Андрэй Раманавіч // Сорак дарог / Расціслаў Бензярук, Анатоль Бензярук. Брэст : Альтернатива, 2007. С. 130–133.
  5. Сарычев, В. Рождественские подарки / Василий Сарычев // В поисках утраченного времени : Кн. 1 : Между Западом и Востоком / Василий Сарычев. 3-е изд., стереотип. Брест, 2013. С. 151–153.
  6. Бензярук, А. Р. Адукацыя насельніцтва : [у т. л. пра А. Р. Васілюка] / А. Р. Бензярук // Памяць. Жабінкаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 160–162.
  7. Іванцова, В. Т. Брэсцкая руская гімназія : [у т. л. пра А. Р. Васілюка і рускую пачатковую школу] / В. Т. Іванцова // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 238–240.
  8. Монтвилов, М. В. Русская гимназия в бресте на Буге 1919–1939 / М. В. Монтвилов. – Ним : Брест : Минск : [б. и.], 1996. – 118, [1] с., [8] л. ил. – Из содерж.: [Русская начальная школа в Бресте в 1919–1939 гг.]. С. 64–74.
  9. Губенко, В. Н. Брест моей памяти. 30–60-е годы XX века : авторские воспоминания и рисунки / В. Н. Губенко. – Брест : Полиграфика, 2019. – 299 с. : ил. – Из содерж.: [Исчезнувший гимназический городок].
  10. Статья школьного інспектора А. Василюка «Урокі першых дзён праверачных іспытаў у школах» в газете «Зара» : [1940 г.] // Брест в 1939–1941 гг. : документы и материалы / Учреждение «Государственный архив Брестской области». Брест : Альтернатива, 2012. С. 179–180.
  11. Протокол заседания инициативной группы по созданию Пушкинского комитета в г. Бресте // Брест в 1919–1939 гг. : документы и материалы / Научно-методическое учреждение «Государственный архив Брестской области». Брест : Альтернатива, 2009. С. 203–204.
  12. Статья С. Нальянча из газеты «Наше время» о жизни русского населения в г. Бресте : [1933 г.] // Брест в 1919–1939 гг. : документы и материалы / Научно-методическое учреждение «Государственный архив Брестской области». Брест : Альтернатива, 2009. С. 122–123.
  13. Швайко В. Руская гімназія як цэнтр культурна-асветніцкай дзейнасці рускага насельніцтва г. Брэста ў 1921–1939 гг. / В. Швайко // Польска-беларускія моўныя літаратурныя, гістарычныя і культурныя сувязі : матэрыялы ХІ Міжнар. навук. канф. «Шлях да ўзаемнасці». Беласток, 18–20.VII.2003. Беласток : Выдавецтва Універсітэту ў Беластоку, 2004. [Кн.] 6. С. 517–531.
  14. Глазов, В. Михаил Монтвилов : Гражданин мира, считавший себя брестчанином : [биография автора книги «Русская гимназия в Бресте на Буге 1919–1939»] / Владимир Глазов // Брестский курьер. 2015. 19 февраля. С. 20.
  15. Крейдич, М. Букет цветов из скучной темы : [об А. Василюке] / Мария Крейдич // Вечерний Брест. 1994. 13 мая. С. 2.
  16. Васілюк, А. Урокі першых дзён праверачных іспытаў у школах / А. Васілюк // Зара. 1940. 1 чэрвеня. С. 4.
  17. Нальянч, С. Польша под снегом : [о жизни русского населения в Бресте, в т. ч. о начальной школе и её заведующем] / С. Нальянч // Наше время. 1933. 8 февраля.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 373 разоў Апошняя змена Панядзелак, 18 Снежань 2023 17:07