Малады архітэктар Мікалай Бенуа ўдзельнічаў у пабудове царквы ў Сянкт-Пецярбургу, затым працаваў пры будаўніцтве храма Хрыста Спасіцеля ў Маскве. У 1840–1846 гг. вывучаў архітэктуру ў Італіі, Германіі, Аўстрыі і Швейцарыі. Па вяртанні атрымліваў заказы ад царскай сям’і. У 1847 г. атрымаў званне акадэміка. У 1850 г. становіцца галоўным архітэктарам пры Пецяргофскім палацавым упраўленні. Кіраваў шматлікімі пераўтварэннямі і рэканструкцыямі Вялікага палаца і іншых збудаванняў палацава-паркавага ансамбля, пабудаваў чыгуначны вакзал у Пецяргофе, некалькі чыгуначных станцый ля Пецярбурга.
З 1857 г. – прафесар. У 1863–1873 гг. – галоўны архітэктар імператарскіх тэатраў. З 1872 г. узначальваў будаўнічае аддзяленне Гарадской управы Санкт-Пецярбурга. У 1880–1893 гг. – старшыня Пецярбургскага таварыства архітэктараў. З 1886 г. – ганаровы член Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Узнагароджаны ордэнамі Святога Уладзіміра ІІІ і ІV ступеняў, Святога Станіслава І і ІІ ступеняў, Святой Ганны І і ІІ ступеняў.
М. Л. Бенуа памёр 23 снежня 1898 г. у Санкт-Пецярбургу.
Яго брат палкоўнік Міхаіл Лявонцьевіч Бенуа (1799–1867) служыў паліцмейсцерам у Брэсцкім кадэцкім корпусе (адкрыты ў 1842 г.). Мікалай Бенуа некалькі разоў наведваў старэйшага брата ў Брэст-Літоўску. Нягледзячы на суровую пасаду надзірацеля за дысцыплінай, Міхаіл Бенуа быў знатаком і знаўцам мастацтваў.
Садзейнічаў таланавітаму кадэту Апалінарыю Гараўскаму (1833–1900) паступіць у Пецярбургскую акадэмію мастацтваў да заканчэння вучобы ў корпусе. Ён пазнаёміў са сваім братам Мікалаем, а той дапамог у паступленні. Апалінарый Гараўскі быў пераведзены вольнаслухачом і, што важна, з прызначэннем стыпендыі. Як узгадваў мастак, «…палкоўнік Бенуа асабіста прывёз мяне ў Пецярбург і дзякуючы яму я трапіў у Акадэмію пенсіянерам…». Дарэчы, адна з дачок палкоўніка ў далейшым стала жонкай мастака.
Дачка Міхаіла Лявонцьевіча Ганна Міхайлаўна Карманава (у дзявоцтве Бенуа) памерла ва ўзросце дваццаці трох гадоў і пахавана на Трышынскіх могілках у 1850 г. (надмагілле страчана на пачатку ХХІ ст.). Яе мужам быў капітан Пётр Аляксандравіч Карманаў, камандзір 1-й мушкецёрскай роты ў Брэсцкім кадэцкім корпусе.
На карціне рускага жывапісца Міхаіла Іванавіча Скоцці «Пяць братоў Бенуа» (1847) няма брата Міхаіла. Але адзін з фігурантаў палатна трымае у руках ліст, у тэксце якога мастацтвазнаўцы выявілі словы «VotretresSoumisfilsMichel. Brest-Litovski 18 November 1847» («Ваш сын Міхаіл. Брэст-Літоўскі 18 лістапада 1847»). Гэта значыць, што і старэйшы брат нябачна прысутнічае на карціне.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства
- Бенуа Мікалай Лявонцьевіч / Г. А. Лаўрэцкі // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 101.
- Бенуа Николай Леонтьевич // Большая советская энциклопедия : [в 30 т.]. Москва, 1970. Т. 3. С. 202.
- Александров, Н. А. Брестский кадетский корпус: педгоги и питомцы / Н. А. Александров // Брест на перекрестках уникальных судеб / Н. А. Александров // Минск : Беларусь, 2020. С. 6–15.
- Купцова. В. Р. Вёскі, якія ўвайшлі ў межы Брэста : Трышын : [узгадваецца М. Л. Бенуа ] / В. Р. Купцова // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 173.
- Бекцінееў, Ш. І. Брэсцкі кадэцкі корпус / Ш. І. Бекцінееў, Н. М. Кірылава // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 295.
- Бригадин, П. И. Мятежный корпус : из истории Александровского Брестского кадетского корпуса (1842–1863) / П. И. Бригадин, А. М. Лукашевич. – Минск : ГИУСТ БГУ, 2007. – 182 с.: ил.
- Куль-Сяльвярстава, С. Брэсцкі кадэцкі корпус / С. Куль-Сяльвярстава // Беларускі гістарычны часопіс. 1998. № 3. С. 48–53.
- Курочкин, Ю. М. Михаил Бенуа и Аполлинарий Горавский. Дружба и родство / Ю. М. Курочкин // XXII Царскосельская конференция «Россия – Франция. Alliance культур». 2016. Т. I. С. 437–450.
- Крэпак, Б. А. «Адзіным прафесарам маім быў закон прыроды...» : [пра Апалінара Гіляровіча Гараўскага (1833–1900). Вучыўся ў Брэсцкім кадэцкім корпусе] / Барыс Крэпак // Вяртанне імёнаў : нарысы пра мастакоў / Барыс Крэпак. Мінск, 2013. Кн. 1. С. 275–282.
- Селех, Л. О чем рассказывает Тришинский некрополь : [краевед Иван Чайчиц о тех, кто нашел свой последний приют на старейшем кладбище города] / Людмила Селех // Брестская газета. 2020. 13 ноября (№46). С. 8, 17.
- Потолков, Ю. В. Поклон землякам нашим : [про художника А. Г. Горавского в период когда он ещё был воспитанником кадетского корпуса в Брест-Литовске] / Юрий Потолков // Заря. 2020. 2 сентября. С. 7.
- Вовченко, В. Брест и Третьяковская галерея : [о художнике Аполлинарии Гиляриевиче Горавском, который учился в Брестском кадетском корпусе] / Василий Вовченко // Брестский вестник. 2019. 4 апреля (№ 14). С. 23.
- Александров, Н. Брестский кадетский корпус: галерея преподавателей и командиров на фоне эпохи / Николай Александров // Брестский курьер. 2017. 5 октября (№ 41). С. 18–19.