Панядзелак, 01 Красавік 2013 16:25

16 жнiўня 2013 г. – 100 гадоў з дня нараджэння Менахема Бегiна (1913, Брэст – 1992), палiтычнага дзеяча Iзраiля, лаўрэата Нобелеўскай прэмii мiру (1978)

Менахем Бегін нарадзіўся 16 жніўня 1913 года ў г. Брэст-Літоўску.

{gcontent}Бацька, Доў-Зееў Бегiн, быў сакратаром яўрэйскай абшчыны горада; мацi, Хася (Косаўская), вяла хатнюю гаспадарку. У сям’і былі дачка і два сыны, жылі бедна, але ў доме панавалі любоў і цеплыня. Менахем Бегін закончыў яўрэйскую рэлігійную школу (хедэр i “Тахкэмонэ”), затым у 1931 годзе – дзяржаўную польскую гімназію iмя Траўгута. 16-гадовым гімназістам уступіў у маладзёжную сіанісцкую арганізацыю “Бейтар” (“Саюз яўрэйскай моладзі імя Іосіфа Трумпельдора”), стаў камандзірам мясцовай групы.

Паступiў на юрыдычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта. У 1935 годзе атрымаў ступень магiстра права, праз год стаў доктарам юрыспрудэнцыі. У тойжа год назначаны кіраўніком “Бейтара” ў Чэхаславакіі. Праз два гады Менахем Бегiн вяртаецца ў Польшчу, узначальвае аддзяленне “Бейтара”, якое тады налічвала 70 тысяч членаў. Тады ж у Польшчы ажаніўся на Алісе (Эле) Арнольд, у іх сям’i з’явiлiся сын і дзве дачкі.

У маi 1939 года М. Бегiн кіраваў масавымі маніфестацыямі каля англійскага пасольства ў Варшаве – у знак пратэсту супраць абмежавання яўрэйскай эміграцыі ў Палесціну. Быў арыштаваны і некалькі месяцаў правёў у турме. Вызвалены ў сувязi з пачаткам акупацыі Польшчы германскімі войскамі.

З сям’ёй перабраўся ў Вільню, каб выехаць у Палясціну, але ў вераснi 1940 года быў арыштаваны савецкімі ўладамі па палітычных матывах і прыгавораны да 8 гадоў папраўча-працоўных лагераў, адпраўлены на будаўнiцтва чыгункi Пячора – Варкута. У канцы 1941 года як грамадзянін Польшчы ўступіў у польскую армію генерала Андэрса, якая стваралася на тэрыторыі СССР. У складзе яе трапіў у Трансіарданію (Іарданію), потым у маі 1942 года – у Палясціну. Служыў перакладчыкам у брытанскай арміі, у снежні 1943 года атрымаў водпуск і актыўна заняўся палітычнай дзейнасцю. Быў абраны камандзірам паўваеннай арганізацыі “Эцел” (“Нацыянальная баявая арганізацыя”). Пад камандаваннем М. Бегіна былі здзейснены дыверсійныя акты супраць англійскіх устаноў і аб’ектаў.

Пасля ўтварэння Ізраіля ў 1948 годзе вёў актыўную палітычную дзейнасць. Заснаваў і узначаліў палітычную партыю “Херут” (1948–1983). Быў лідэрам блока правых партый “Лікуд” (1973–1983), прэм’ер-міністрам (1977–1983).

Падпісаў у ЗША Кэмп-Дэвідскія пагадненні (1978) аб урэгуляванні араба-ізраільскага канфлікту і мірны дагавор з Егіптам (1979). Кіраўнікам Ізраіля і Егіпта Менахему Бегіну і Анвару Садату, якія ігралі ключавыя ролі ў справе прымірэння краін, была прысуджана Нобелеўская прэмія міру за 1978 год.

Пасля смерці жонкі ў 1982 годзе Менахем Бегін адышоў ад спраў, а 28 жніўня 1983 года аб’явіў аб сваёй адстаўцы па асабiстых матывах. Меў адчуванне віны за вайну ў Ліване, пачатую 6 чэрвеня 1982 года. Дасюль вайна ў Ліване застаеца ў гісторыі Ізраіля самым спрэчным ваенным канфліктам.

Памёр Менахем Бегін 9 сакавіка 1992 года. Пахаваны на Маслiчнай гары без урадавых урачыстасцей, як прасiў у завяшчанні, але з глыбокім сумам народа.

Па словах сяброў і знаёмых Менахем Бегін быў сціплы еўрапейскі чалавек, добра выхаваны, стрыманы. Быў асабліва элегантным, нават ў спякоту насіў касцюм і гальштук. Лічыўся цудоўным аратарам і палемістам. Валодаў дзевяццю мовамі (у т. л. польскай, рускай, нямецкай, французскай, англійскай), наогул валодаў лінгвістычнымі здольнасцямі. Вельмi працаздольны, меў фатаграфiчную памяць. Чалавек перамог, памылак, мудрых рашэнняў і расчараванняў, ён цвёрда верыў у сваю мэту і быў здольны ўзяць на сябе адказнасць за зробленыя ўчынкі. Адзін з самых значных палітыкаў ХХ ст., бясспрэчна, застанецца ў гісторыі як дзеяч сусветнага маштаба.

23 верасня 2005 года ў Брэсце адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар Менахема Бегiна на доме, дзе была гiмназiя, у якой ён вучыўся (вул. Куйбышава, 49).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

{/gcontent}

  1. Бегин, М. В белые ночи : [мемуары] / Менахем Бегин ; пер. с иврита Л. Злотник. Иерусалим ; Москва : Имидж, 1991. 331 с.: ил.
  2. Зайчик, М. Жизнь Бегина / Марк Зайчик. Москва : Олимп, 2003. 352 с.
  3. Бегiн Менахем // 250 асоб з Беларусi ў дыялогах культур. Мiнск, 2008. С. 60–61.
  4. Иоффе, Э. Г. Менахем Бегин // Иоффе, Э. Г. Нобелевские лауреаты с белорусскими корнями / Э. Г. Иоффе, Ж. Э. Мазец. Минск : Беларусь, 2008. С. 66–85.
  5. Сарычев, В. Менахем Бегин // Сарычев, В. В поисках утраченного времени : Книга первая / Василий Сарычев. Брест : Брестская типография, 2006. С. 273–276.
  6. Нобелеўскі лаўрэат : [Менахем Бегін] // Памяць : гiсторыка-дакументальная хроніка Брэста : у 2 кн. Мінск : БЕЛТА, 2001. Кн. 2. С. 657.
  7. Сидорук, Ж. Менахема Бегина увековечат в скульптуре на одной из площадей Бреста : [о встрече губернатора Брестской области К. А. Сумара с израильской делегацией во главе с советником президента Израиля Йорамом Дори] / Жанна Сидорук // Брестская газета. 2013. 11–17 янв. (№ 2). С. 2.
  8. Андреев, В. Памятник израильскому премьеру на Брестской земле : [о приёме председателем Брестского облиспокома К. А. Сумаром делегации Государства Израиль] / Владимир Андреев // Брестский вестник. 2013. 17 янв. (№ 3). С. 3.
  9. Ковалева, А. Бегин объединяет : [представители брестской еврейской общины побывали в Варшаве на презентации книги М. Бегина “Время белых ночей”] / А. Ковалева // Вечерний Брест. 2010. 14 июля. С. 3.
  10. Протоколы допросов Бегина попали на стол Сталину : любопытные факты из жизни премьер-минитсра Израиля брестчанина Менахема Бегина // Карлин (Пинск). 2007. 6 июля. С. 5.
  11. Рубашевский, Ю. На поклон к Менахему Бегину : [об открытии мемориальной доски в честь уроженца Бреста, лауреата Нобелевской премии мира М. Бегина] / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2005. 23 сент. С. 2.
  12. Орлова, И. Бегин “вернулся” в Брест : [об открытии в Бресте мемориальной доски в честь М. Бегина, уроженца города] // Народная газета. 2005. 26 верас.
  13. Патолятов, Д. Бороться, чтобы жить… : Брестские университеты Менахема Бегина : [1913–1939 гг.] / Дмитрий Патолятов // Брестский курьер. 2003. 4–10 сант. С. 8.
  14. Некрасов, А. Парень из нашего города : [о предложении израильтян установить в Бресте памятный знак в честь Менахема Бегина] / А. Некрасов // Советская Белоруссия. 2002. 25 окт. С. 3.
  15. Дзюрич, Э. “…Тот, кто думает о будущем, воспитывает детей” : [о посещении Бреста директором института, изучающего наследие М. Бегина Г. Маковым] / Амма Дзюрич // Заря. 2002. 29 окт.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1976 разоў Апошняя змена Чацвер, 22 Красавік 2021 09:41