Чацвер, 25 Студзень 2024 11:29

2024 г. — 80 гадоў з часу абароны Дняпроўска-Бугскага канала ў гады Вялікай Айчыннай вайны (Драгічынскі р-н; 1944)

На поўдзень ад Дняпроўска-Бугскага канала ў жніўні 1943 г. утварылася партызанская зона даўжынёй 70–80 км і ў глыб 50–60 км. Уплыў партызан распаўсюджваўся далёка за межамі гэтай «партызанскай рэспублікі». Непадалёку ад в. Сварынь Драгічынскага раёна быў створаны партызанскі аэрадром, які адыграў вялікую ролю ў матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні Пінскага і Брэсцкага партызанскіх злучэнняў. Летам і восенню 1943 г. акупанты некалькі разоў спрабавалі захапіць вёскі ўздоўж канала. Асабліва цяжкія баі ішлі ля вёсак Адрыжын, Перакрысце, Кончыцы, Махро, Кублік, Белін, Зарэчка, Ляхавічы. У лютым – сакавіку 1944 г. партызаны гераічна вытрымалі 40-дзённую абарону на працягласці 50 км уздоўж канала. Абарона Дняпроўска-Бугскага канала вялася фарміраваннямі Брэсцкага і Пінскага партызанскіх злучэнняў.

У выніку паспяховага наступлення ў студзені 1944 г. войск Беларускага і 1-га Украінскага франтоў на ковельска-брэсцкім напрамку лінія фронту наблізілася да паўднёвых раёнаў Брэсцкай вобласці, дзе да гэтага часу знаходзілася групоўка партызанскіх сіл, якая ўтрымлівала ў сваіх руках тэрыторыю паміж ракой Прыпяць і Дняпроўска-Бугскім каналам.

Нямецкае камандаванне групы армій «Цэнтр», каб прадухіліць злучэнне перадавых часцей Чырвонай арміі з партызанамі і выхад іх да Дняпроўска-Бугскага канала, чыгункі і шашы Лунінец Брэст, вырашыла ачысціць гэты раён ад партызан, аднавіць паралізаванае партызанамі суднаходства на канале, прадухіліць новыя дыверсіі на камунікацыях і арганізаваць рубяжы абароны на рэках Прыпяць і Стаход. З гэтай мэтай праціўнік пачаў сцягваць у раён Брэст Кобрын Пінск армейскія сілы. Да пачатку лютага немцы занялі ўсе населеныя пункты, якія прылягалі да канала з поўначы, у тым ліку вёскі Селішча,Ляхавічы, Кублік, Белін, Адамова Драгічынскага раёна, Журавок і іншыя Іванаўскага раёна і сталі рыхтавацца да наступлення на Дзівін каб захапіць аэрадром у в. Сварынь і разбіць партызан.

У паўднёвых раёнах Брэсцкай вобласці для барацьбы з карнікамі была арганізавана часовая групоўка партызанскіх сіл Паўднёвай зоны, якая налічвала каля 6000 партызан. У яе ўвайшлі брыгады імя І. В. Сталіна, «За Радзіму» імя А. К. Флегантава, 150-я імя Ф. М. Языковіча, асобныя партызанскія атрады імя М. А. Шчорса, імя Р. І. Катоўскага (у яе аператыўнае падпарадкаванне была перададзена брыгада імя В. М. Молатава Пінскага партызанскага злучэння). Агульнае камандаванне партызанскімі сіламі ажыццяўляў упаўнаважаны штаба Брэсцкага партызанскага злучэння маёр Пётр Мамертавіч Кавальскі (1907–1979).

Правы фланг абароны (ад вёскі Люб’язь Валынскай вобласці да Белаазёрскага канала) уздоўж паўднёвага берага Дняпроўска-Бугскага канала ўтрымлівала брыгада імя Молатава. Справа ад яе ўздоўж берага канала і ракі Піна абарону трымала Пінская партызанская брыгада, злева па канале ад в. Башня Іванаўскага раёна да в. Селішча Драгічынскага раёна абарону трымалі брыгады 150-я імя Языковіча, «За Радзіму» імя Флегантава, асобныя атрады імя Шчорса і імя Молатава. Падыходы да партызанскай абароны з боку Дзвінаўтрымлівала брыгада імя Сталіна. Лінія партызанскай абароны на адказных участках 50-кіламетровага фронту была абсталявана дзотамі, бліндажамі, хадамі зносін.

21 лютага 1944 г. гітлераўцы пры перавазе ў жывой сіле і тэхніцы з боем адцяснілі дробныя заграджальныя атрады партызан, выйшлі на рубеж Дняпроўска-Бугскага канала ў раёне вёсак Зарэчка і Белін Драгічынскага раёна і павялі наступленне на абарончыя рубяжы брыгады імя Молатава. Да сыходу дня пад прыкрыццём артылерыйскага і мінамётнага агню праціўнік фарсіраваў канал у раёне вёсак Зарэчка, Ляхавічы, Кублік і рухаўся ў напрамку в. Хідры каб расчляніць абарону брыгады імя Молатава на тры часткі і адрэзаць яе ад асноўных сіл. На працягу трох сутак партызаны брыгады адбівалі атакі праціўніка, які быў вымушаны адступіць назад і пачаць ствараць абарончыя збудаванні на паўночным беразе канала.

23 лютага пасля моцнага артылерыйскага налёту гітлераўцы перайшлі ў наступленне, спрабуючы фарсіраваць канал і раку Піна на ўчастку абароны Пінскай партызанскай брыгады. У выніку працяглых баёў у партызан канчаліся боепрыпасы. Пінская брыгада вымушана была адступіць, тым самым яна агаліла правы фланг брыгады імя Молатава, якая была вымушана здымаць свае атрады і перакідваць іх у раён в. Адрыжын Іванаўскага раёна. 26 лютага гітлераўцы занялі вёскі Дольск і Шлапань Валынскай вобласці, Махро Іванаўскага раёна. Пінская брыгада адышла за Прыпяць, дзе злучылася з часцямі Чырвонай арміі і заняла абарону ў раёне вёсак Нобель і Бучын Ровенскай вобласці.

Праціўнік фарсіраваў Прыпяць і заняў в. Люб’язь, маючы намер злучыцца з гарнізонам г. Камень-Кашырскі. Левы фланг гітлераўцаў выходзіў у тыл партызанскай брыгады імя Молатава і ствараў пагрозу акружэння. У сувязі са становішчам, якое стала больш складаным, паводле загаду маёра П. М. Кавальскага ў раён Дольск – Шлапань былі выведзены 150-я партызанская брыгада імя Языковіча і атрад імя Фрунзе брыгады імя Сталіна. У выніку прынятых мер праціўнік быў спынены на рубяжы вёсак Глінна, Адрыжын Іванаўскага раёна, Грэчышча Валынскай вобласці.

Было прынята рашэнне ўтрымліваць занятыя пазіцыі, адначасова актывізаваць дзеянні лятучых атрадаў і груп разведкі па тылах ворага. Па ўсёй лініі абароны партызаны рабілі завалы, мінныя палі, ноччу пранікалі ў тыл праціўніка, мініравалі пад’яздныя шляхі, участкі мясцовасці. 13 сакавіка 160-я стралковая, і 38-я гвардзейскія дывізіі 70-й арміі 1-га Беларускага фронту перайшлі ў наступленне на 40-кіламетровым участку Любяшоў Бароўна. Да 17 сакавіка яны прасунуліся на глыбіню да 60 км і выйшлі на рубеж канала Турскі, дзе былі затрыманы рэзервамі праціўніка, якія падаспелі.

17 сакавіка пачалося новае наступленне праціўніка па ўсёй лініі абароны. Праціўнік фарсіраваў канал у трох месцах і павёў наступленне на вёскі Хідры, Вялікі Лес Драгічынскага раёна і ўздоўж Белаазёрскага канала. Праціўнік заняў Ляхавіцкія і Хідраўскія хутары і ўклініўся ў перадавую лінію абароны партызанскага атрада імя Шчорса. Контратакамі, ударамі з флангаў партызаны аднавілі становішча. 2630 сакавіка баі праходзілі па ўсёй лініі партызанскай абароны. 26 сакавіка гітлераўцы аднавілі наступленне на ўчастку абароны брыгады імя Молатава, якая пад націскам перавышаючых сіл праціўніка адышла на другую лінію абароны.

28 сакавіка правы фланг брыгады заняў абарону на ўсходняй ускраіне вёскі Вэтлы Валынскай вобласці, дзе ўступіў ва ўзаемадзеянне з часцямі Чырвонай Арміі. Да 29 сакавіка гітлераўцам удалося перагрупаваць свае сілы, пад прыкрыццём артылерыйскага і мінамётнага агню яны фарсіравалі канал і пачалі наступленне ў глыбіню партызанскай абароны. Пад канец дня праціўнік выйшаў на лінію Мукашын – возера Луке – Радастава, прыціснуў партызан і часці Чырвонай арміі да ракі Прыпяць. Да 31 сакавіка 1944 г. асноўныя сілы партызан злучыліся з часцямі Чырвонай арміі.

Больш за за месяц партызаны вялі няроўны паядынак з вялікай групоўкай праціўніка. Яны ўмела выкарстоўвалі партызанскўю тактыку, спалучалі абарончыя баі з начнымі налетамі, дыверсіямі,выкарыстоўвалі дзеянні лятучых атрадаў і груп па тылах праціўніка, нанеслі вялікія страты ворагу і аказалі адчувальную дапамогу арміі, якая вяла тут наступленне.

У в. Зарэчка Драгічынскага раёна ў гонар подвігу партызан у 1966 г. пастаўлены помнік.Матэрыялы аб баях на Дняпроўска-Бугскам канале, героях-партызанах захоўваюцца ў Драгічынскім ваенна-гістарычным музеі імя Д. К. Удовікава.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г. Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Кобак Ніна Паўлавна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Дняпроўска-Бугскага канала абарона 1944 // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 170–171.
  2. Днепровско-Бугского канала оборона 1944 // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 330.
  3. Днепровско-Бугского канала оборона 1944 // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 3. С. 391.
  4. Днепровско-Бугского канала оборона 1944 / Аляксей Літвін // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 261–262.
  5. Дняпроўска-Бугскага канала абарона 1944 / А. М. Літвін // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 195–196.
  6. Партызанская брыгада імя В. М. Молатава : [Пінскага злучэння] // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 436.
  7. Алексеюк, М. И. Днепровско-Бугский канал / М. И. Алексеюк // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 245.
  8. Дулебо, А. И. Памятник партизанам : [д. Заречка; об обороне Днепровско-Бугского канала] / А. И. Дулебо // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 169–170.
  9. Республиканское унитарное эксплуатационно-строительное предприятие «Днепро-Бугский водный путь» : 70 лет / [над текстом работали: Г. Савенок, Т. Щербакова ; фото: Г. Савенок]. – Брест : РИА «Вечерний Брест», 2016. – 18, [1] с. : ил.
  10. Нордман, Э. Б. Не стреляйте в партизан… : [воспоминания партизана Пинского соединения] / Эдуард Болеславович Нордман. – Минск : Беларусь, 2007. – 200 с., [6] л. ил. – Из содерж.: Днепровско-Бугский канал. С. 111–117.
  11. Литвинчук, В. А. Там, за Днепро-Бугом : [о партизанском движении в Брестской области во время Великой Отечественной войны] / Василий Андриянович Литвинчук. 3-е изд., испр. и доп. – Брест : Брестская типография, 2008. – 492 с.: ил. – Из содерж.: «Вывести канал из строя…». С. 230–235.
  12. Ковальский, П. М. Годы огневые / Петр Мамертович Ковальский // Буг в огне : [сборник воспоминаний участников Великой Отечественной войны]. 3-е изд., доп. и перераб. Минск : Беларусь, 1977. С. 247–258.
  13. Ковальский, П. М. В брестских лесах : записки партизана / Пётр Ковальский ; литературная обработка А. Миронова. – Минск : Беларусь, 1970. – 158 с., [4] л. ил.
  14. Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны : в 3 т. – Минск : Беларусь, 1984. – Т. 2. – 551 с., [54] л. ил., 8 карт. – Из содерж.: Днепровско-Бугский канал. С. 250.
  15. Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 – июль 1944) : документы и материалы : в 3 т. – Минск : Беларусь, 1978. – Т. 2, кн. 2. – 814 с. – Из содерж.: Днепровско-Бугский канал. С. 321, 340, 664, 666, 704.
  16. Граник, С. Имя в памяти людской : [80 лет со дня гибели в бою на Днепровско-Бугском канале одного из организаторов партизанского движения Николая Шиша] / Сергей Граник // Драгічынскі веснік. 2022. 24 чэрвеня (№ 25). С. 19.
  17. Литвинович, Е. Оборона Днепробуга: архивы открывают имена / Евгений Литвинович // Заря. 2020. 18 апреля. С. 9.
  18. Шафран, Г. Партизанский фронт на Днепробуге / Галина Шафран // Драгічынскі веснік. 2019. 24 красавіка. С. 7 ; 27 красавіка. С. 15.
  19. Куценко, О. Непростая женская судьба : [воспоминания Нины Ивановны Кузнецовой об обороне Днепровско-Бугского канала] / Оксана Куценко // Драгічынскі веснік. 2018. 29 жніўня. С. 7.
  20. Павлюкович, А. Забытый дзот : [о боевых действиях партизан в южной части Брестской и Пинской областей в феврале – марте 1944 г.] / Александр Павлюкович // Драгічынскі веснік. 2016. 23 студзеня. С. 14.
  21. Котковец, А. Герои одного боя : [воспоминания Нины Кузнецовай об обороне Днепровско-Бугского канала] / Алла Котковец // Заря. 2013. 7 мая. С. 4.
  22. Митюков, А. Смертельная схватка : слава и трагедия обороны Днепробуга 1943–1944 гг. / Александр Митюков // Заря. 2009. 26 марта. С. 6.
  23. Днепро-Бугский канал : [воспоминания об участии в освобождении в 1944 г. начальника штаба Брестского партизанского соединения Павла Пронягина и командира партизанского отряда им. М. И. Калинина Петра Ковальского] // 7 дней. 2009. 5 марта (№ 10). С. 18.

 

Чытаць 784 разоў