Панядзелак, 12 Люты 2024 10:09

27 лютага 2024 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Расціслава Мацвеевіча Бензерука (1944), празаіка, паэта, журналіста, лаўрэата літаратурнай прэміі імя У. А. Калесніка (2008)

Расціслаў Мацвеевіч Бензярук нарадзіўся 27 лютага 1944 г. у в. Стрыганецкія Бусні Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям'і. Бацька загінуў на фронце пры вызваленні Польшчы, маці давялося самой гадаваць сыноў – Паўла і Расціслава.

Прага да літаратурнай творчасці ўзнікла ў Расціслава яшчэ ў школьныя гады. Таму ў 1961 г. пасля заканчэння Ракітніцкай сярэдняй школы паступіў на філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна. У студэнцкія гады напісаў невялікую аповесць на рускай мове «Судьба одинокой птицы», шэраг вершаў, некалькі апавяданняў для дзяцей. Пасля інстытута па размеркаванні працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Бастынскай сярэдняй школе Лунінецкага раёна.

Першыя крокі ў літаратуры дапамаглі зрабіць А. Пальчэўскі, В. Вітка, А. Васілевіч, М. Чарняўскі, У. Ліпскі. У 1970 г. у газеце «Зорька» было апублікавана апавяданне Расціслава Бензерука «Ленкин характер». З таго часу казкі, апавяданні, гумарэскі сталі часта з’яўляцца на старонках дзіцячых і дарослых перыядычных выданняў: «Вясёлка», «Бярозка», «Піянер Беларусі», «Работніца і сялянка», «Вожык», «Чырвоная змена». Расціслаў Бензярук тройчы браў удзел у рэспубліканскай нарадзе маладых літаратараў у Каралішчавічах, дзе ў яго ўмацавалася перакананне, што трэба пісаць па-беларуску.

Расціслаў Мацвеевіч у 1971 г. разам з сям’ёй вярнуўся ў Жабінкаўскі раён, настаўнічаў у Азяцкай сярэдняй школе, з 1974 г. стаў працаваць у рэдакцыі раённай газеты «Сельская праўда». Яго казка «Зайцаў кажушок» ўвайшла ў чытанку «Роднае слова» (1973) для першага класа. На сённяшні дзень больш за 15 казак пісьменніка змешчаны ў школьных падручніках.

Першая кніга апавяданняў і казак для дзяцей «Вавёрчына дзякуй» (1975) выйшла ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Р. М. Бензярук быў ужо прызнаны як малады таленавіты дзіцячы пісьменнік. У 1986 г. у часопісе «Бярозка» з’явілася яго аповесць «Цвёрды арэшак», у якой аўтар закрануў тэму дзіцячай злачыннасці, паказаў негатыў у паводзінах падлеткаў, жорсткасць у адносінах адзін да аднаго.

У 1991 г. некаторыя казкі пісьменніка былі ўключаны ў калектыўны зборнік «Птушка шчасця». Творчым стаў 1997 г.: выйшлі дзве кнігі: зборнік казак «Чаму сонца рана ўстала?» і для дарослых – зборнік вершаў «Тры свечкі», многія творы ў якім напоўнены не толькі ўспамінамі і любоўю да сваёй роднай Берасцейшчыны, але і трывогай за лёс усёй краіны. У 1998 г. Расціслаў Бензярук быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.

У зборніку «Зайцаў кажушок» (2004) казкі прывабліваюць чытачоў навізной задум і сюжэтаў, займальнасцю, гумарам, сапраўднай казачнасцю, сваёй змястоўнасцю, уменнем бачыць незвычайнае ў звычайным, сонечнай дабрынёй. Казкі «Брат і сястра» і «Хмарчын ручнік» былі перакладзены на чэшскую мову.

Аўтар зборніка вершаў і перакладаў «Вясёлка сяміколерная» (2005), кнігі апавяданняў і аповесцей «Добры звачай» (2005), дакументальнай аповесці «Колодец памяти» (2006, у сааўтарстве з А. Бензеруком), абразкоў пра В. Вітку «Жыў на свеце дзед Васіль» (2006, у сааўтарстве з В. Крысько), зборніка нарысаў «Сорак дарог» (2007, у сааўтарстве з А. Бензеруком).

Кніга «Аўтографы» (2008) – яркі летапіс літаратурнага жыцця Берасцейшчыны, пра пісьменнікаў і паэтаў А. Каско, І. Арабейку, І. Дацкевіча, В. Сахарчука, В. Гадульку, Н. Мацяш, Я. Янішчыц і інш. Кніга прозы «Дуб і жалуды» (2014) умоўна падзелена на дзве часткі: раман «Векавая груша за акном», другая – «Палескі “Дэкамерон”», якая складаецца з аповесці «Дуб і жалуды» і апавяданняў. Зборніку нарысаў Р. М. Бензярук даў трапную назву – «Прытулак для душы» (2016), бо гэта і прытулак уласна герояў, магчыма, самаго аўтара, і, дакладна, чытача.

У 2006 г. пісьменнік стаў пераможцам абласнога конкурсу сярод журналістаў на лепшы нарыс у намінацыі «Наш сучаснік». У 2008 г. стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі імя У. А. Калесніка ў намінацыі «Дзіцячая літаратура». У 2012 г. за актыўнае супрацоўніцтва з часопісам «Вясёлка» ўганараваны прэміяй імя Васіля Віткі.

З аўтабіяграфічным выданнем «Сустрэча ў зялёным жыце» (2020) Расціслаў Бензярук увайшоў у лік лаўрэатаў абласнога літаратурнага конкурсу «Духоўная веліч» у намінацыі «Мастацкая проза». У 2023 г. па выніках конкурсу апавяданняў на старонках рэспубліканскай газеты «Звязда» Расціслаў Бензярук з апавяданнем «Клоўн Кузёмка» атрымаў першае месца. Узнагароджаны дыпломам пераможцы краязнаўчага конкурсу «Берасцейскія пісьменнікі – летапісцы роднага краю» (2023) за артыкул, прысвечаны творчасці жабінкаўскага паэта Уладзіміра Кітаеўскага.

Пісьменнік выступае ў друку як празаік, паэт, эсэіст, шмат увагі надае перакладам на беларускую мову рускіх, украінскіх, польскіх паэтаў. Ягоныя вершы перакладзены на славацкую, украінскую, рускую мовы. Расціслаў Мацвеевіч часты госць на літаратурных мерапрыемствах у школах, бібліятэках.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г. Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Карпішчук Марына Віктараўна, бібліёграф

 

Творы Р. М. Бензерука

  1. Сустрэча ў зялёным жыце : ад аповесці да навелы / Расціслаў Бензярук. – Мінск : Чатыры чвэрці, 2020. – 206, [1] с. – (Дзеці вайны).
  2. Вішнёвая квецень : кніга паэзіі / Расціслаў Бензярук. – Брэст : Альтернатива, 2019. – 159 с.
  3. Лірычны поўдзень : з вытокаў «Плыні» – аб'яднання творчых людзей пры газеце «Сельская праўда» / Расціслаў Бензярук. – Брэст : Альтернатива, 2017. – 139, [1] с., [8] л. іл.
  4. Прытулак для душы : нарысы / Расціслаў Бензярук. – Брэст : Альтернатива, 2016. – 149 с., [4] л. іл.
  5. Дуб і жалуды : раман, аповесць, апавяданні / Расціслаў Бензярук ; [рэдактар А. Р. Бензярук]. – Брэст : Альтернатива, 2014. – 306, [1] с.
  6. Патапка і яго сябры : казкі : для дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту / Расціслаў Бензярук; [маст. С.А. Волкаў]. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2013. – 72 с. : іл.
  7. Аўтографы : эсэ, абразкі, вершы / Расціслаў Бензярук. – Брэст : Альтернатива, 2008. – 100 с., [2] л. фат.
  8. Азбука наадварот : гумар і сатыра / Расціслаў Бензярук. – Брэст : Альтернатива, 2008. – 60 с.
  9. Сорак дарог / Расціслаў Бензярук, Анатоль Бензярук. – Брэст : Альтернатива, 2007. – 152 с., [4] л. фат.
  10. Жыў на свеце дзед Васіль : кніга абразкоў пра В. Вітку, ягоны час і сяброў / Расціслаў Бензярук, Вісарыён Крысько. – Брэст : Академия, 2006. – 64 с., [4] л. фат.
  11. Бензерук, А. Колодец памяти : документальная повесть / Анатолий Бензерук, Ростислав Бензерук. – Брест: Академия, 2006. – 136 с., [4] л. фот.
  12. Добры звычай : апавяданні і аповесці / Расціслаў Бензярук. – Брэст : Академия, 2005. – 112 с. : іл.
  13. Вясёлка сяміколерная : вершы і пераклады / Расціслаў Бензярук ; [маст. В. Г. Бурдзін]. – Брэст : Академия, 2005. – 40 с.
  14. Зайцаў кажушок : казкі : [для малодшага школьнага ўзросту] / Расціслаў Бензярук ; [маст. Іван Семілетаў]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2004. – 80 с. : іл.
  15. Чаму сонца рана ўстала? : казкі : [для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту] / Расціслаў Бензярук; [маст. Таццяна Трус]. – Брэст, 
     1997. – 32 с., [2] л. іл.
  16. Тры свечкі : вершы / Расціслаў Бензярук. – Брэст, 1997. – 64 с.
  17. Вавёрчына дзякуй : апавяданні і казкі / Расціслаў Бензярук. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1975. – 38 с.: іл.

 

Аб жыцці і творчасці Р. М. Бензерука

  1. Бензярук Расціслаў Мацвеевіч // Творчы партрэт пісьменніцкай суполкі / [скл. Н. М. Парчук]. Брэст, 2018. С. 23–27.
  1. Бензерук Ростислав Матвеевич // Кто есть кто в Республике Беларусь. Минск : Энциклопедикс, 2004. С. 31.
  1. Расціслаў Бензярук // Ляшук, В. Я. Літаратурная Берасцейшчына : краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. Мінск, 2008. С. 254–255.
  2. Расціслаў Бензярук // Літаратурная карта Берасцейшчыны / [укл. А. Крэйзіч]. Брэст, 2008. С. 211–214.
  3. Расціслаў Бензярук // Памяць. Жабінкаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 474.
  4. Борсук, Н. М. Наталіцца святым і адвечным : традыцыі М. Багдановіча ў сучаснай берасцейскай паэзіі / Н. М. Борсук. – Брэст, 2002. – 264 с. – Са зместу: [Р. Бензерук]. С. 151, 152, 155, 159, 171, 172, 178.
  5. Зарэцкая, В. Расціслаў Бензярук / Вера Зарецкая // Зарунела літаратурная ніва… : «Літаратурныя старонкі» гісторыі Лунінеччыны / Вера Зарэцкая. Лунінец, 2008. С. 22–24.
  6. Шчастлівы зайцаў кажушок // Сустрэча з пісьменнікам, або Як зрабіць урок чытання любімым : дапаможнік-хрэстаматыя / [скл. І. Буторына]. Мінск, 2021. С. 37–43.
  7. Пазбаўленне ад адзіноты // Душа твая светлая : апавяданні / [уклад., аўтар уступ. артыкулаў А. М. Карлюкевіч]. Мінск : Аверсэв, 2023. С. 39–40.
  8. Крэйдзіч, А. Тандэм: бацька і сын : [пра Расціслава і Анатоля Бензерукоў] / Анатоль Крэйдзіч // Літаратура і мастацтва. 2024. 19 студзеня. С. 10.
  9. Бензярук, А. Урок першы для дзетак найменшых : [для выхаванцаў жабінкаўскіх дзіцячых садоў адбылася сустрэча з пісьменнікам 
     Р. Бензеруком] / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2023. 19 красавіка. С. 4.
  10. Зарэчная, Н. Зорная хвіліна ў «Звязде» : [твор пісьменніка Р. Бензерука заняў першае месца ў рэспубліканскім конкурсе апавяданняў] / Наталля Зарэчная // Сельская праўда. Жабінка, 2023. 29 сакавіка. С. 5.
  11. Берасток, А. Радасны дзень нараджэння : [Р. Бензярук – лаўрэат абласнога літаратурнага конкурсу «Духоўная веліч»] / Антон Берасток // Сельская праўда. Жабінка, 2023. 1 сакавіка. С. 4.
  12. Дземідовіч, Т. Масты памяці : [пра новую кнігу Р. Бензерука «Сустрэча ў зялёным жыце»] / Таццяна Дземідовіч // Заря. 2020. 30 мая. С. 19.
  13. Ростаў, А. «Сустрэча ў зялёным жыце» : [пра новую кнігу Р. Бензерука] / Анатоль Ростаў // Сельская праўда. Жабінка, 2020. 26 лютага. С. 8.
  14. Ростаў, А. «Жніво» на творчай ніве : [пра кнігу паэзіі Р. Бензерука «Вішнёвая квецень»] / Анатоль Ростаў // Сельская праўда. Жабінка, 2020. 1 лютага. С. 8.
  15. Дабравест, А. «Вішнёвая квецень» у падарунак : [сустрэча вучняў СШ № 1 г. Жабінка з пісьменнікам Р. Бензеруком] / Алеся Дабравест // Сельская праўда. Жабінка, 2020. 29 студзеня. С. 4.
  16. Лешніца, К. Сонечныя званы : [пра новы паэтычны зборнік Р. Бензерука «Вішнёвая квецень»] / Кастусь Лешніца // Літаратура і мастацтва. 2020. 17 студзеня. С. 11.
  17. Дземідовіч, Т. «Душа чалавека – дзіўная загадка» : пісьменніку Расціславу Бензеруку з Жабінкі споўнілася 75 год / Таццяна Дземідовіч // Заря. 2019. 16 марта. С. 14.
  18. Валошка, Н. Штрыхі да партрэта вядомага паэта : [пра вечар-партрэт да 75-годдзя пісьменніка Р. Бензерука ў Жабінкаўскай раённай бібліятэцы] / Наталля Валошка // Сельская праўда. Жабінка, 2019. 16 сакавіка. С. 3.
  19. Падліпская, З. «І колькі кніг яшчэ падорыць людзям!» : паэтычнае слова Расціслава Бензерука / Зоя Падліпская // Роднае слова. 2019. № 2. С. 74.
  20. Равяка, І. Лета з добрай кнігай – для чытачоў Брэста : [у кніжнай краме «Іскра» г. Бреста адбылася сустрэча з пісьменнікамі Р. Бензеруком і З. Дудзюк] / Іван Равяка // Сельская праўда. Жабінка, 2017. 10 чэрвеня. С. 3.
  21. Берасток, А. Прытулак для душы : [пра новую кнігу Р. Бенерука] // Сельская праўда. Жабінка, 2016. 14 снежня. С. 5.
  22. Бурдыка, В. Літаратурны дуэт: бацька і сын : [аб творчай дзейнасці Расціслава і Анатоля Бензерукоў] / Вячаслаў Бурдыка // Народная трыбуна. 2015. 27 лістапада. С. 11.
  23. Латышава, Д. Аднойчы ў палескім Маконда : [аб кнізе Р. Бензерука «Дуб і жалуды»] / Дар’я Латышава // Літаратура і мастацтва. 2015. 9 кастрычніка. С. 7.
  24. Шворан, Д. Расціславу Бензяруку : з цыклу «Навагодні калаўрот» : [верш] / Дзямід Шворан // Літаратура і мастацтва. 2014. 24 снежня. С. 4.
  25. Чарняўскі. М. «Жыву на зямлі недарма…» : [пра творчасць Р. Бензерука] / Мікола Чарняўскі // Настаўніцкая газета. 2014. 1 сакавіка. С. 15.
  26. «Раблю жыцця агледзіны…» : Расціславу Бензеруку – 70 // Сельская праўда. Жабінка, 2014. 26 лютага. С. 8.
  27. Галубовіч, Л. Памятаць свае імёны : [аб кнізе Р. Бензерука «Аўтографы»] / Леанід Галубовіч // Літаратура і мастацтва. 2009. 13 лютага. С. 6.
  28. Міршчына, М. Два аўтары – адна тэма : [пра кнігу «Жыў на свеце дзед Васіль»] / М. Міршчына // Літаратура і мастацтва. 2007. 6 красавіка. С. 6.
  29. Чарняўскі, М. Ключык да дзіцячых сэрцаў : [пра творчасць Р. Бензерука] / Мікола Чарняўскі // Літаратура і мастацтва. 2004. 30 красавіка.
  30. Каско, А. «Дзякуй Богу за тое, што маю…» : пісьменніку і журналісту Расціславу Бензеруку – 60 / Алесь Каско // Заря. 2004. 28 февраля.
  31. Чарняўскі, М. «Жыву на зямлі недарма» : [да 60-годдзя Р. Бензерука] / Мікола Чарняўскі // Сельская праўда. Жабінка, 2004. 25 лютага. С. 4.
  32. Каско, А. Расціслаў Бензярук: «Я і цяпер хвалююся, перажываю…» : пісьменніку і журналісту – 60 / Алесь Каско // Сельская праўда. Жабінка, 2004. 25 лютага. С. 4.

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 248 разоў